Site icon Слушна

1 кастрычніка ў Беларусі пачынаецца масавая вакцынацыя супраць грыпу

Не за гарамі сезон прастуд, АРВІ і грыпу. Таму вельмі важна падрыхтаваць сябе і сваіх родных да таго, каб перажыць гэты перыяд без сур'ёзных праблем са здароўем.

Па словах намесніка начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іны Карабан, звычайна з кастрычніка колькасць выпадкаў АРВІ пачынае расці: у структуры агульнага захворвання на долю вострых рэспіраторных вірусаў прыходзіцца 97%. Прычым 50-60% хворых – гэта дзеці.

Не захварэць альбо перанесці хваробу ў лёгкай форме, асабліва такую сур'ёзную як грып, дапамагае прышчэпка. І з 1 кастрычніка ў рэспубліцы стартуе кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу.

З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак.  

У першую чаргу бясплатна будуць рабіць прышчэпку:

  • малым ад 6 месяцаў да 3 гадоў;
  • дзецям ад 3-х гадоў і дарослым, якія маюць хранічныя захворванні;
  • людзям, старэйшым за 65 гадоў;
  • людзям, чыя прафесія звязана з высокай рызыкай «падчапіць» інфекцыю: медыцынскіх работнікаў, фармацэўтаў, педагогаў, а таксама спецыялістаў у сферы абслугоўвання і інш;
  • людзям з імунасупрэсіяй;
  • дзецям, якія наведваюць садкі, школы, установы з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама навучэнцам і студэнтам.

У апошнія гады прыкладна 40% жыхароў Беларусі зрабілі прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу. Дзякуючы чаму ў рэспубліцы не рэгіструюцца эпідэміі. Сярод вакцынаваных хварэюць на грып толькі 2-3%, астатнія – гэта тыя, хто прышчэпку не зрабіў. Разам з тым, падкрэсліла Іна Карабан, вакцынацыя супраць грыпу накіравана ў першую чаргу на прадухіленне развіцця цяжкіх ускладненняў. 

Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Сяргей Жаваранак упэўнены, што з грыпам можа сутыкнуцца кожны. Пытанне ў тым, як ён перанясе такую «сустрэчу». Імунітэт пасля прышчэпкі выпрацоўваецца ўжо праз 2-3 тыдні і працуе на працягу паўгода. Менавіта таму рабіць прышчэпку варта штогод.

Ну, і вядома, не варта забываць пра простыя меры прафілактыкі:

  • падчас сезона АРВІ пажадана пазбягаць месцаў вялікага збору людзей;
  • рэгулярна праветрываць жылое памяшканне. Пажадана, каб тэмпература паветра ў пакоях не перавышала 22 ° С, вільготнасць – 40-70%;
  • не забываць пра вільготную прыборку;
  • мыць рукі. Калі няма магчымасці памыць рукі, карыстайцеся вільготнымі сурвэткамі альбо адмысловымі спіртазмяшчальнымі гелямі;
  • у грамадскім транспарце трымацца за поручань лепш у пальчатках;
  • у вашай сям'і хтосьці захварэў? Паспрабуйце вылучыць яму асобны пакой і посуд. Калі такой магчымасці няма, выкарыстоўвайце медыцынскую маску. Перыядычна мяняйце яе.

Памятаеце, што калі хворы чалавек чхае, вірус распаўсюджваецца на адлегласць да 5 метраў, пры кашлі – да 2-х метраў.

Exit mobile version