Павышаны артэрыяльны ціск уяўляе сур'ёзную рызыку для здароўя. Каварства артэрыяльнай гіпертэнзіі – захворвання, пры якім павышаецца артэрыяльны ціск, у тым, што каля 50% людзей нават не падазраюць пра гэта. А прыкладна палова тых, хто ведае, практычна нічога не робяць для яго нармалізацыі. Але ж гэта пагражае развіццём цяжкіх ускладненняў (інсульт, інфаркт міякарда, вострая сардэчная і нырачная недастатковасць), многія з якіх цягнуць за сабой выхад на інваліднасць і смяротны зыход.
Акрамя рэгулярнага прыёму гіпатэнзіўных прэпаратаў, якія нармалізуюць артэрыяльны ціск, існуе шэраг мераў, выкананне якіх значна паляпшае прагноз цячэння хваробы, а значыць, і якасць жыцця, зніжае рызыку ўскладненняў.
Экспертам нашага матэрыялу выступіў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.
Чаму высокі ціск небяспечны
Па дадзеных СААЗ, мужчыны ва ўзросце, старэйшым за 35 гадоў, з артэрыяльным ціскам, вышэйшым за 150/100 мм рт.сл., жывуць на 16 гадоў меней за тых, у каго ён у норме.
Пры сістэматычным павышэнні сісталічнага (верхняга) ціску на 20 мм рт.сл., а дыясталічнага – на 10 адз. рызыка заўчаснай смерці павялічваецца ў 2 разы. Калі павышаны ціск не карэктуецца на працягу доўгага часу, дык рызыка смяротнага зыходу вышэйшая ўжо ў 4 разы.
У людзей з павышаным ціскам у 7 разоў часцей узнікае інсульт, у 4 разы інфаркт міякарду і ў 2 разы – паражэнне артэрый ніжніх канечнасцяў.
Пры доўга існуючым павышаным артэрыяльным ціску чалавек можа не адчуваць змены ў сваім самаадчуванні. Сімптомы могуць быць настолькі слаба выяўленыя, што іх можна «спісаць» на звычайную стомленасць, недасыпанне. Сярод непрыемных адчуванняў часцей за ўсё могуць быць галаўны боль (як правіла, у вобласці патыліцы), задышка, боль у грудзях або крывацёк з носа.
Крытэрыем артэрыяльнай гіпертэнзіі з'яўляецца павышэнне значэнняў артэрыяльнага ціску – вышэй за 140/90 мл рт.сл. Тэрапія неабходная перш за ўсё для зніжэння рызыкі развіцця ўскладненняў.
6 прынцыпаў для нармалізацыі артэрыяльнага ціску
Калі вы ўжо прымаеце лекі, змена ладу жыцця дасць магчымасць палепшыць іх эфектыўнасць, можа прывесці да зніжэння дазіроўкі або нават звядзе да нуля неабходнасць прыёму прэпарата. Напрыклад, вядома, што памяншэнне залішняй вагі на 2 кг можа знізіць сісталічны (верхні) артэрыяльны ціск на 1-2 адзінкі мм рт.сл. А зніжэнне сісталічнага ціску ўсяго на 2 мм рт.сл. зніжае верагоднасць смяротнага зыходу ў выніку інсульту на 6%, ад хваробы каранарных артэрый – на 4%.
Каб артэрыяльны ціск стабілізаваўся, неабходна:
- паменшыць спажыванне солі;
- збалансаваць свой рацыён харчавання;
- адмовіцца ад ужывання алкаголю;
- рэгулярна выдзяляць час для фізічнай актыўнасці;
- падтрымліваць нармальную масу цела;
- кінуць паліць.
Меней солі
Залішняе спажыванне солі прыводзіць да таго, што вадкасць затрымліваецца ў арганізме, а гэта прымушае сэрца працаваць больш інтэнсіўна, неспрыяльна ўздзейнічае на ныркі, і, як вынік, прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску. Нормай спажывання солі, па крытэрыях СААЗ, лічыцца 4-5 г у дзень, або 1 ч.л.
Як скараціць спажыванне солі? Вывучайце этыкетку, у прыватнасці, варта звяртаць увагу на ўтрыманне натрыю ў прадуктах. Калі гэты паказчык меншы за 0,1 г на 100 г, гэта сведчыць пра нізкае ўтрыманне натрыю. Утрыманне 0,2 г натрыю на 100 г лічыцца высокім. Як правіла, шмат солі ў каўбасе, вэнджанай рыбе, таматным соусе, соках, сырах і кансерваваных аліўках. Дарэчы, больш за ўсё мы спажываем солі з хлеба. Варта ўлічваць, што некаторыя прадукты могуць утрымліваць натрый у выглядзе іншых соляў (напрыклад, бензаат або глутамат натрыю).
Паспрабуйце дыету
Для нармалізацыі артэрыяльнага ціску добра дапамагае DASH-дыета, якая першапачаткова была распрацаваная для тых, хто хворы на артэрыяльную гіпертэнзію. Прытрымліваючыся рацыёну дыеты, можна знізіць паказчык сісталічнага ціску ад 8 да 14 мм рт.сл.
Былі таксама атрыманыя доказы таго, што DASH-дыета дапамагае стабілізаваць узровень цукру ў крыві, халестэрыну, зніжае верагоднасць развіцця інсульту. Яшчэ адным яе «пабочным» эфектам з'яўляецца нармалізацыя метабалізму і зніжэнне масы цела, асабліва пры павелічэнні фізічнай нагрузкі.
DASH-дыета ўключае ў сябе садавіну і гародніну, абястлушчаныя малочныя прадукты, суцэльназерневыя прадукты, птушку, рыбу і арэхі. Такі рацыён харчавання прадугледжвае ўжыванне ў абмежаванай колькасці чырвонага мяса, ласункаў і напояў, што ўтрымліваюць цукар, а таксама солі. У цэлым, DASH-дыета змяшчае меншую колькасць агульнага і насычанага тлушчу і халестэрыну, але больш калію, кальцыю, магнію, харчовых валокнаў і бялку, чым любая іншая тыповая дыета.
Асноўныя прынцыпы DASH-дыеты:
- Збалансаванае харчаванне, у якім прысутнічаюць у дастатковай колькасці бялкі, тлушчы, вугляводы і вітаміны. Пад забаронай – фастфуд, тлустыя, салёныя, вэнджаныя прадукты, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, салодкія напоі і алкаголь.
- Штодзённы рацыён павінен утрымліваць дастатковую колькасць тлушчаў, пераважна раслінных (аліўкавы, ільняны і да т.п.). Але імі таксама не варта злоўжываць, паколькі ўсе тлушчы маюць высокую каларыйнасць.
- Варта паступова зніжаць спажыванне солі, абмяжоўваючы прадукты, дзе яе ўтрымліваецца шмат.
- Пажадана ўжываць у ежу нятлустае мяса. Гатаваць яго лепей на грылі, на пары або адварваць.
- Прымаць ежу трэба некалькі разоў на дзень. Плюс абавязковыя перакусы: жменя сухафруктаў, арэхаў, фрукт ці натуральны ёгурт.
- Вострыя спецыі – прыбраць.
- З малочных прадуктаў лепей выкарыстоўваць нізкатлустыя.
- Рацыён варта папоўніць рыбай, гароднінай, бабовымі, зелянінай і садавінай (за дзень рэкамендуецца з'ядаць па 200 г садавіны (фруктаў) і столькі ж гародніны), а таксама суцэльназерневымі.
Асноўная крыніца энергіі для сэрца – гэта тлустыя кіслоты. Разам з тым, акцэнт трэба рабіць на поліненасычаныя тлушчы. Для папаўнення неабходнай колькасці карысных тлушчаў досыць есці 1-2 разы на тыдзень 100-150 г марской рыбы тлустых гатункаў (скумбрыя, фарэль, сёмга, селядзец). Крыніцай карысных тлушчаў могуць быць і арэхі.
Выдзеліце гадзіну ў дзень для практыкаванняў
Займацца варта штодня прыкладна па 30-60 хвілін. Дарэчы, калі выконваць гэтую ўмову кожны дзень, дык можна «страціць» яшчэ 4-9 мм рт.сл. сісталічнага ціску. Будзьце акуратныя і не дапускайце ператамлення, адчування дыскамфорту і задышкі. Нагрузку трэба павялічваць паступова і абавязкова звяртаць увагу на сваё самаадчуванне, а таксама на перыяд аднаўлення пасля практыкаванняў. Калі пасля трэніроўкі на працягу 5 хвілін пульс не нармалізаваўся, варта займацца з меншай нагрузкай і інтэнсіўнасцю.
Дарэчы, тым, хто на працягу доўгага часу сядзіць за маніторам камп'ютара, варта ўлічваць той факт, што гэта можа справакаваць павышэнне артэрыяльнага ціску. Таму абавязкова варта рабіць перапынкі на адпачынак.
Фізічная нагрузка – добрая падтрымка для зніжэння масы цела. Спецыялісты падлічылі, што кожныя 10 кг лішняй вагі, ад якіх вы пазбавіцеся, могуць знізіць узровень сісталічнага ціску на 5-20 мм рт.сл.
Банальна, але эфектыўна: адмоўцеся ад шкодных звычак
Рэгулярнае курэнне выклікае негатыўныя змены ў арганізме, якія прыводзяць да ўстойлівага павышэння артэрыяльнага ціску. Да таго ж, тытунёвы дым, які ўдыхае курэц, пашкоджвае сценкі крывяносных сасудаў і паскарае склеразаванне артэрый. Сёння даказана, што курэнне электронных цыгарэт валодае практычна тымі ж неспрыяльнымі эфектамі, што і курэнне тытуню. Адмова ад алкагольных напояў таксама прывядзе да зніжэння сісталічнага ціску.
Калій, кальцый і магній
Калій паляпшае дзейнасць сардэчнай мышцы. Норма – 5-6 г калію ў дзень. Напрыклад, 0,5 г калію на 100 г прадукту змяшчае ўрук, фасоля, марская капуста, чарнасліў, разынкі, гарох, бульба (запечаная «ў мундзіры»). Акрамя гэтага, калій ёсць у такіх прадуктах, як ялавічына, свініна, траска, хек, скумбрыя, кальмары, аўсянка, зялёны гарошак, таматы, буракі, радыска, зялёная цыбуля, парэчкі, абрыкосы і персікі (свежыя можна замяніць на сухафрукты).
Магній валодае сасудапашыральным і мачагонным дзеяннем, а таксама здольны прадухіліць спазм сасудаў. На магній багатыя жытні і пшанічны хлеб з вотруб'ем, кашы (аўсяная, прасяная, грачаная), гародніна (бурак, морква, зялёная салата, пятрушка), чорныя парэчкі, арэхі (міндаль і грэцкія).
Ужыванне малочных прадуктаў (малака, тварагу, сыру) забяспечыць арганізм кальцыем.
Калі доктар прызначыў вам гіпатэнзіўныя прэпараты, прымаць іх варта пастаянна, а не ад выпадку да выпадку. Зніжаць дозу, адмяняць лекі самастойна, нават калі ўзровень артэрыяльнага ціску не перавышае 120/80 мм рт.сл., нельга катэгарычна! Ад таго, як вы будзеце выконваць рэкамендацыі, залежаць вашыя здароўе і жыццё!