Site icon Слушна

Сусветны дзень гармоніі. Імкнемся да дасканаласці?

Гармонія

Жыць у згодзе з самім сабой… Атрымліваць задавальненне ад добрых спраў, любімых заняткаў… Прымаць каханага чалавека такім, які ён ёсць, і не напружвацца з-за праяўлення ім не самых лепшых якасцяў… Спіс можна працягваць бясконца. І ўсё гэта ў пэўным сэнсе будуць пошукі гармоніі. У наш хуткаплынны няпросты час над такімі высокімі матэрыямі часцяком ужо нават не задумваешся – выжыць бы хоць як. А дарэмна. Прапаную паразважаць пра гэта сёння, у Сусветны дзень гармоніі.

У гармоніі з прыродай.

Так, гэта чарговае неафіцыйнае свята. Як бы каго гэтае слова не раздражняла. Вядома ж, яго не святкуюць за накрытым сталом з чаркай у руцэ. Але калі мы хаця б на некалькі хвілін спынімся і проста пабудзем у спакоі ў тым зачараваным коле, па якім вавёркамі імчым без перапынку ўжо шмат гадоў, дзень пры дні… Хто ведае… Магчыма, і ў Сусвеце паболее гармоніі ад нашых спакойных думак і ўсведамлення таго, што калі мы штосьці не можам змяніць, дык варта змяніць да гэтага адносіны.

Наконт апошняга… Розумам я гэта прымаю. Магу параіць іншым. А вось самой прымяніць на практыцы… Атрымлівалася ўсяго лічаныя разы. І, на жаль, пачуццё дысгармоніі ўсё часцей прысутнічае ў душы. І над гэтым нават не задумваешся, а проста жывеш. Ці існуеш. Як у каго атрымліваецца.

Дык што ж гэта за таямнічая гармонія, якую мы, часцяком несвядома, стараемся дагнаць, ухапіць за хвост, як чароўную Жар-птушку, затрымаць у душы? У пэўным сэнсе, гэта баланс паміж нашым унутраным станам і тым, што адбываецца вакол. Разумею, што гаварыць пра гэта сёння асабліва не выпадае… І ўсё ж…

Давайце паспрабуем апісаць стан гармоніі як задаволенасць. Тым, што атрымалася калі і не перамагчы хваробу, дык адчуць сябе значна лепей. Задаволенасць добра напісаным матэрыялам у журналіста, радасцю ад магчымасці бачыць сваю творчасць надрукаванай, апублікаванай, а галоўнае – запатрабаванай. Задаволенасць ад знаёмства з блізкім па духу чалавекам і ад сяброўскіх стасунках з ім… І тут прыклады будуць у кожнага свае.

Вядома ж, ідэальна, прыняўшы позу лотаса, перамясціцца духам у свет вышэйшых матэрый, паспрабаваць вызваліць сваю свядомасць ад усяго негатыўнага і дасягнуць стану душэўнай раўнавагі, гармоніі. Але не ўсім дадзена авалодаць такім практыкаваннем. А вось расслабіцца пад музыку-рэлакс… Чаму б і не?

І нават калі вы не адчуеце, што якімісьці сваімі дзеяннямі дасягнулі стану гармоніі, дык зробіце вялікі крок наперад ужо імкненнем да яе дасягнення. Калі захочаце стаць лепшымі, больш добрымі, міласэрнымі… Паспачуваеце шчыра камусьці, зробіце дабрадзейны ўчынак, няхай самы невялічкі…

Проста трэба ў гэтай шалёнай кругаверці навучыцца спыняцца, заміраць хаця б на колькі хвілін, каб паслухаць сябе. Так, на жаль, часцяком мы не можам паўплываць на тое, што адбываецца вакол нас. І не можам прыняць. Але так мы саміх сябе заганяем яшчэ глыбей у самотны стан, ад якога і да дэпрэсіі недалёка. Ведаю гэта па сабе, сваіх блізкіх, сябрах…

Для высвятлення прычынаў дысгармоніі, незадаволенасці сабой спецыялісты раяць ацаніць уласны стан у розных аспектах па шкале ад 1 да 10. Духоўныя запатрабаванні, матэрыяльная сфера… Самаадчуванне, стасункі з блізкімі, адносіны ў пары, праца… Прааналізаваць можна ўсё. Каб пасля зрабіць адпаведныя высновы, чым варта заняцца ў першую чаргу, што змяніць.

Вы можаце запытацца: а навошта мне гэта? Уся гэтая філасофія? Калі я і без яе нядрэнна жыву… Нядрэнна? Значыць, у пэўнай (калі і не ў поўнай) гармоніі? Дык гэта ж выдатна! Значыць, сёння Сусветны дзень гармоніі вы адзначаеце з поўным правам, як уласнае свята! А вось калі не… Як кажуць, чытайце вышэй.

І – не бойцеся рабіць памылкі! На іх сапраўды вучацца. Так, кажуць, што лепей на чужых. Але пакуль уласныя граблі не ляснулі па ілбе… Гармоніі вам, шаноўныя сябры! Згоды са сваім унутраным «я» і з колам блізкіх людзей!

Exit mobile version