Сёлета 29 верасня беларусы адзначаюць 200-годдзе з дня нараджэння знакамітага беларускага паэта Уладзіслава Сыракомлі.
Уладзіслаў Сыракомля – гэта псеўданім паэта, узяты ад радавога герба «Сыракомля». Яго сапраўднае прозвішча — Кандратовіч. Нарадзіўся ён 29 верасня 1823 года ў фальварку Смольгаў Бабруйскага павета Мінскай губерні і быў названы па каталіцкіх традыцыях трыма імёнамі – Людвік Францішак Уладзіслаў.
Продкі паэта належалі да старажытнай беларускай шляхты.
Тут, у фальварку Яскавічы, Кандратовіч правёў дзіцячыя гады, блізка датыкаючыся з вясковым людам, з дробнай шляхтай, мала адрознай ад сялянства. Вучыўся ў нясвіжскай школе дамініканаў, пра якую ў сваёй вядомай паэме «Радавіты шляхціч Ян Дэмбарог» успамінае з цёплым пачуццём. Калі яна была зачынена, Кандратовіч перайшоў у 1835 г. у наваградскую свецкую школу.
Вярнуўшыся да бацькоў, ён актыўна працаваў над сваёй адукацыяй, вывучаў мовы, перакладаў з французскай. У 1841 годзе ён атрымаў месца ўпраўляючага маёнткамі князя Вітгенштэйна і перасяліўся ў Нясвіж. Пачаў пісаць рана, яшчэ пятнаццацігадовым юнаком.
З 1841 года абвянчаўшыся з Паўлінай Мітрашэўскай, Кандратовіч жыў у Залуччы, пазней – у арандаваным ім фальварку Барэйкаўшчызне, каля Вільні, дзе і былі напісаны ўсе яго знакамітыя творы.
Ягоны літаратурны дэбют адбыўся ў 1844 годзе, калі ў віленскім часопісе «Атэнеум» быў надрукаваны яго верш на польскай мове «Паштальён».
Менавіта ён, перакладзены пазней на рускую мову Леанідам Трэфолевым, стала папулярнай рускай народнай песняй «Ямшчык».
Тут ён задумаў свае нарысы «Падарожжы па некалі маіх ваколіцах», у якіх падрабязна апісаны Нясвіж, Стоўбцы, Койданава (цяпер Дзяржынск) і многія іншыя родныя паэту мясціны Беларусі. Аўтар расказвае пра выдавецкую дзейнасць Сымона Буднага, пра пастаноўку ў нясвіжскім радзівілаўскім тэатры твораў Мальера, пра філосафа Саламона Маймана, які быў знаёмы з Кантам, Гётэ, Мендэльсонам, пра жыццё Мінскай губерні і самога горада Мінска, дзе ў яго было шмат сяброў.
Таленавіты паэт быў схільны да дэмакратыі. У сваіх творах ён актыўна адгукаўся на праявы ў жыцці, у тым ліку палітычныя. За сваю дзейнасць Сыракомля знаходзіўся пад негалосным наглядам уладаў.
Рэалізуючы свае патрыятычныя пачуцці ў шматграннай працы, паэт імкнуўся як мага паўней раскрыць вобраз роднага краю і паказаць яго свету. Вось чаму да яго апрацовак беларускіх народных песняў, запазычванняў матываў і сюжэтаў з вуснай паэзіі, мастацкіх інтэрпрэтацый паходжання народных выслоўяў у паэмах, гутарках і вершах дадалося яшчэ і «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі».
Гэтая работа абагульняла асабісты вопыт паэта ў спасціжэнні духоўнага жыцця беларускага народа.
Сваю ўвагу ён засяродзіў на рэгіянальных асаблівасцях, якія выявіліся як у мове жыхароў ваколіц Барысава, Наваградка, Мінска, Слуцка, Пінска, так і ў вуснапаэтычнай творчасці.
Нажаль, жыццё таленавітага паэта апынулася кароткім. У 38 гадоў 15 верасня 1862 года ён памёр ад туберкулёзу.
На пахаванне паэта ў Вільні сабраліся па розных звестках ад 6 да 20 тысяч чалавек. Сыракомля пахаваны на могілках Роса ў Вільні.
Янка Купала пасля напісаў:
— Будеш жыць! Будуць вякі ісці за вякамі, —
Не забудуцца дум тваіх слова,
Як і слоў беларускіх, жывучы паміж намі,
Не забыўся ты, лірнік вясковы.
На двухпавярховым доме, у якім памёр паэт, над варотамі ў 1897 годзе (па іншых звестках у пачатку XX стагоддзя) умуравана мемарыяльная табліца на польскай мове: «Tu zakonczył żywot Władysław Syrokomla 3/15 września 1862 r.». Дом, у якім памёр Сыракомля, уключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцяў Літоўскай Рэспублікі.
https://bel.24health.by/belaruskamounyya-knigi-zdolnyya-pavyalichyc-slounikavy-zapas-pa-versii-aleny-masla/