Падрабязнасцямі правядзення акцыі на прэс-канферэнцыі ў Мінску з журналістамі падзяліліся:
- намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Аляксандр Барауля;
- першы намеснік генеральнага дырэктара кампаніі velcom | A1 Мікалай Юшкевіч;
- старшыня грамадскага аб’яднання «Паралімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь» Алег Шэпель;
- начальнік упраўлення фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Аляксей Багдановіч.
Гэты год стаўся юбілейным для праекта #velcombegom. За 5 гадоў яго існавання каля 40 тыс.беларусаў прабеглі больш за 290 тыс.кіламетраў. Дабрачынны фонд, зароблены ўдзельнікамі праекта, склаў звыш 500 тыс.рублёў, якія былі пералічаныя 16 дзіцячым медыцынскім установам з усіх рэгіёнаў нашай краіны. У 2018 годзе, дзякуючы агульнарэспубліканскай акцыі «Бягучыя горада», праекту #velcombegom атрымалася аказаць дапамогу адразу 6 дзіцячым рэабілітацыйным цэнтрам.
Старт пятага сезона дабрачыннага праекта #velcombegom «Еўрапейскія забегі» будзе дадзены 12 мая ў Брэсце – у дзень, калі ў Беларусі пачне сваё падарожжа эстафета «Полымя міру».«Еўрапейскія забегі» пройдуць у два этапы. Першы завершыцца 20 чэрвеня, а другі будзе праходзіць непасрэдна падчас II Еўрапейскіх гульняў.
Аляксандр Барауля: «Праект #velcombegom – выдатны прыклад дзяржаўнага і прыватнага партнёрства. Гэта прапаганда здаровага ладу жыцця. Але самае галоўнае – гэта дапамога бліжнім, тым, хто не можа пра сябе паклапаціцца, хто патрабуе нашай падтрымкі. Усе сродкі, якія будуць сабраныя ў выніку акцыі, накіруюць нашым паралімпійцам, якія штодня пераадольваюць сябе, але ідуць да сваёй мэты».
Мікалай Юшкевіч: «Нам дадзена ўнікальная магчымасць сумясціць правядзенне праекта і II Еўрапейскія гульні. Удзел у «Еўрапейскіх забегах» змогуць прыняць не толькі беларусы, але і непасрэдна ўдзельнікі спаборніцтваў, госці сталіцы. Сёлета мы ставім перад сабой даволі амбіцыйныя планы – прабегчы 200 тыс.кіламетраў. Сума, якую плануем выдзеліць, а гэта 200 тыс.рублёў, будзе падзелена паміж двума бенефіцыярамі».
Для таго, каб стаць удзельнікам акцыі, неабходна ў любы зручны для сябе час выходзіць на прабежкі, фіксаваць свае вынікі пры дапамозе фітнэс-прыкладанняў і размяшчаць іх на сваёй старонцы ў любой з сацыяльных сетак з хэштэгамі #velcombegom, #A1 і #brightteam.
Далучыцца да акцыі і зрабіць свой унёсак у дапамогу дзецям запрашаюцца ўсе жадаючыя: жыхары нашай краіны, замежныя госці, якія прыедуць пахварэць за сваіх спартсменаў, а таксама непасрэдна ўдзельнікі II Еўрапейскіх гульняў.
Аляксей Багдановіч: «Падчас правядзення афіцыйных спаборніцтваў лёгкаатлетычных праграм Еўрапейскіх гульняў (і я думаю, што такога яшчэ нідзе не было) дыстанцыі, якія пераадолеюць спартсмены, пойдуць у агульны залік «Еўрапейскіх забегаў».
У «скарбонку» праекта будзе таксама ўключана дыстанцыя, якую пераадолеюць факеланосцы эстафеты «Полымя міру». А гэта ажно 5 тыс.кіламетраў.
II Еўрапейскія гульні не прадугледжваюць правядзення паралімпійскіх спаборніцтваў. Але арганізатары міжнароднай дабрачыннай акцыі «Еўрапейскія забегі» ўпэўненыя, што яна стане своеасаблівым пара-складнікам гульняў.
Удзельнікі акцыі будуць бегчы ў дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, якія актыўна займаюцца спортам, а ў будучым змогуць праявіць сябе на міжнародных спаборніцтвах. Бенефіцыярамі акцыі «Еўрапейскія забегі» стануць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту і Гомельскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па паралімпійскіх і дэфлімпійскіх відах спорту.
Алег Шэпель: «Мы прынялі рашэнне дапамагчы менавіта гэтым цэнтрам, бо дзіцячы спорт у нас пакуль, на жаль, у стадыі развіцця. А гэта будучыня паралімпійскага руху. І няхай сабе дзеці з абмежаванымі магчымасцямі не стануць вялікімі спартсменамі, але ў іх ёсць шанц прыйсці паплаваць, пазаймацца тым ці іншым відам спорту. Атрыманае фінансаванне будзе спрыяць таму, што мы ўмацуем матэрыяльна-тэхнічную базу заяўленых цэнтраў».
Першым горадам, які прыме ўдзельнікаў «Еўрапейскіх забегаў», стане Брэст (12 мая), затым – Гродна (18 мая). У Віцебскай вобласці ўдзельнікі праекта стартуюць 24 мая, у Магілёўскай – 30 мая, у Гомельскай – 5 чэрвеня. Заключным акордам першага этапу праекта стане масавы забег у Мінску, які пройдзе напярэдадні пачатку II Еўрапейскіх гульняў – 20 чэрвеня. Узяць удзел у мерапрыемстве змогуць найбольш актыўныя ўдзельнікі забегу – тыя, хто пераадолеў самую вялікую колькасць кіламетраў або часцей за ўсіх выходзіў на прабежку.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!