Засталося зусім няшмат пачакаць – і да нас завітае Новы год! Урачыстасць, калі вакол пануе асаблівая чароўная атмасфера. Вітрыны крамаў ужо даўно ўпрыгожаныя навагоднімі дэкарацыямі, а гарадскія вуліцы цешаць мінчан і гасцей сталіцы арыгінальнымі ёлкамі і святочнай ілюмінацыяй.
У навагоднюю ноч маштабнае свята разгорнецца на Кастрычніцкай плошчы Мінска.
Канцэрт «Чароўная зорная ноч» пачнецца 31 снежня ў 23.30 і завершыцца 1 студзеня ў 04.00.
У праграме святочнага шоу – выступленне папулярных беларускіх артыстаў. Пра гэта распавёў журналістам у Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў.
Масавыя гулянні зладзяць таксама ва ўсіх раёнах горада. Усяго арганізавана больш за 20 пляцовак. Плануецца, што гулянні завершацца ў 3-4 гадзіны раніцы.
На пляцоўцы каля Палаца спорту 1 студзеня ў 1.30 стартуе лазерна-піратэхнічнае феерверк-шоу. Як абяцаюць арганізатары, гледачоў чакаюць незабыўныя спецэфекты і музычнае суправаджэнне.
У тыя два дні, што засталіся да Новага года, яшчэ ёсць час наведаць кірмашы і святочныя прадстаўленні. Некаторыя з іх будуць працягваць сваю працу і пасля свята. Так, па 5 студзеня ўключна на тэрыторыі Верхняга горада па вечарах будзе праходзіць прадстаўленне «Чароўная шкатулка Дзеда Мароза».
У гістарычным цэнтры горада нечакана з'явіўся цудоўны куфэрак. Хтосьці падумае, што гэта чарговы навагодні жарт, але на гэты раз усё сур'ёзна. Ён адчыняецца двойчы ў дзень (у 17.00 і ў 20.00), але толькі для тых, хто верыць у цуды і па-сапраўднаму чакае Новага года, папярэдзіў Аляксандр Шастакоў.
Да 5 студзеня можна атрымаць асалоду ад музычнай казкі «Навагодні зарапад». Прадстаўленне праходзіць два разы на дзень у 19.00 і ў 21.00 на Кастрычніцкай плошчы.
Традыцыйны «Калядны кірмаш» разгарнуўся каля Палаца спорту і на Кастрычніцкай плошчы.
Ён будзе працаваць да 15 студзеня. Напрыклад, на Кастрычніцкай плошчы можна пакаштаваць дранікі і блінцы з рознымі начынкамі, перакусіць бургерам ці хот-догам, паесці венскіх калачоў, шашлыкоў або пакаштаваць іншыя стравы, прычым не толькі беларускай кухні.
Каля Палаца спорту арганізаванае катанне на сабачых запрэжках і поні, праходзіць шоу самавараў, працуе фотазона. Самыя маленькія госці могуць адаслаць ліст Дзеду Марозу праз імправізаваную навагоднюю пошту.
Акрамя гэтага, у кожным раёне Мінска праходзяць розныя калядныя і навагоднія прадстаўленні, канцэртныя праграмы, творчыя праекты, фізкультурна-спартыўныя святы, спектаклі. Святочныя мерапрыемствы будуць радаваць жыхароў горада да Калядаў. Кожны зможа знайсці для сябе забаву.
Напрыклад, у Фрунзенскім раёне горада ў навагоднюю ноч запланаваныя адразу два феерверкі. Ля Мінскага лядовага палаца ён расквеціць неба ў гадзіну ночы, а ў парку Уга Чавеса – на паўгадзіны пазней. У парку 60-годдзя Кастрычніка 4 студзеня пройдзе фестываль снежных скульптур.
У Заводскім раёне на тэрыторыі заапарка да 31 снежня будзе працаваць казачны домік Дзеда Мароза. Масавыя гулянні «Няхай новы год будзе шчаслівым» пройдуць на пляцоўках каля «Мінск-арэны» і ўніверсама «Беларусь».
У Маскоўскім раёне святочнае гулянне «Прывітанне, Новы год!» запланаванае ў парку імя Паўлава. Тут жа мінчан чакаюць на святочную праграму «Светлае свята Ражства» 7 студзеня.
Падрабязна даведацца пра ўсе гарадскія святочныя мерапрыемствы і ўдакладніць іх дату і час можна тут.
Для тых, хто не паспеў набыць пушыстую прыгажуню, яшчэ ёсць такая магчымасць. Ёлачныя базары, для якіх было арганізавана 80 пляцовак, будуць працаваць да 31 снежня ўключна.
Дарэчы, сёлета для ўпрыгожвання горада, адзначыў галоўны інжынер «Мінгарсвятла» Аляксандр Варабцоў, было выкарыстана 107 км ілюмінацыі, 4 тысячы 685 штук гірляндаў, якія складаюцца з 117 тысяч 765 штук лямпачак.
Працаваць святочная ілюмінацыя будзе ў вячэрні час да Старога Новага года (13 студзеня). Прычым у Новы год, Каляды і на Стары Новы год яна будзе радаваць мінчан да самай раніцы.
Шчаслівага Новага года!
Нават не верыцца, што гэта – апошні мой запіс сёлета ў блогу «Думкі ўслых». Па традыцыі апошняга часу, год Свінні праляцеў, бы яна, тая жывёліна, пераўвасобілася ў крылатага Пегаса! 🙂 А паколькі (традыцыйна ж) часу на падсумоўванне зробленага, важнага, удалага і не вельмі 30-га і 31-га снежня ў большасці з нас звычайна не стае, давайце зробім гэта сёння.
І найперш шчыра падзякуем адно аднаму за тое, што мы былі цэлы год разам! Нашы журналісты стараліся даваць вам, шаноўныя сябры, максімум карыснай, праўдзівай, грунтоўнай інфармацыі ад паважаных экспертаў на самыя розныя тэмы, звязаныя з хваробамі, іх пераадоленнем і папярэджаннем.
На інфармацыйным партале з’яўляліся аповеды пра людзей, якія і ў інваліднай калясцы працягваюць жыць поўным жыццём, натхняючы сваім прыкладам і аптымізмам іншых.
Разам з пацыенцкімі арганізацыямі мы таксама наведвалі мерапрыемствы, дзе маглі пабачыцца і паразмаўляць з іх удзельнікамі. І гэта здорава – яднацца, каб жыццё зрабілася хаця б крышачку лягчэйшым і лепшым.
Як рэдактар беларускай версіі нашага інфармацыйнага партала і кіраўнік групаў у сацыяльных сетках я шчыра дзякую за нашую трывалую сувязь, якую ад вас адчуваю.
Дзякуй усім, хто не шкадуе свайго часу, каб не проста прачытаць напісанае, але і паставіць падабайку, пракаментаваць упадабанае, падзяліцца ім з іншымі. Вашая падтрымка і дапамога, сябры, проста неацэнная!
Вельмі прыемна, калі ў групы ў сацыяльных сетках і наўпрост на інфармацыйны партал прыходзяць новыя людзі і застаюцца з намі.
Мая асобная падзяка – даўнім сябрам, якіх пазнаю па прозвішчах, імёнах, ніках, фотаздымках. І штораз радуюся, калі бачу, што вы неабыякава ставіцеся да матэрыялаў. Бо яны напісаныя для вас. Спадзяюся, што нашае сяброўства працягнецца і ў годзе наступным.
А ў нас будуць размяшчацца новыя цікавыя і карысныя матэрыялы, ладзіцца традыцыйныя анлайн-канферэнцыі. Рэдактары будуць працаваць над іх афармленнем, каб вам прыемна, зручна, а дзесьці і захапляльна (напрыклад, у блогу) было б іх чытаць.А якія тэмы і пытанні здароўя, здаровага ладу жыцця хвалююць асабіста вас?
Тлумачэнні ад якіх спецыялістаў хацелі б пабачыць на Слушна? Пішыце, калі ласка! І мы абавязкова выканаем вашыя пажаданні.
Год, які ўжо хутка сыйдзе ад нас, быў… Ён быў розным! Вясёлым і сумным, турботным і цікавым, з адценнямі шкадавання і ўдзячнасці… У кагосьці – з самымі сапраўднымі прыгодамі, у кагосьці (на жаль) – са стратамі… Давайце проста падзякуем яму за тое, што ён БЫЎ у нашым жыцці. І папросім у года наступнага, каб атрымаўся лепшым. Я не ведаю, ці спрацоўвае гэтае, але штораз загадваю і такое жаданне.
Няхай у новым 2020-ым годзе ў кожнага будзе ўсё: здароўе, шчасце, каханне, любоў, дабрабыт, праца, родныя побач і прыемныя людзі вакол. Пабольш усім сонечных дзён у жыцці, прыемных нечаканасцяў, а таксама веры і надзеі. Бо, як гучыць на самым пачатку апошняга фільма з серыі «Ёлак» вельмі слушнае, «Вера патрэбная ўсім».
І дзе б кожны з нас ні сустракаў Новы год, жадаю адчуць тыя самыя радасць, захапленне, шчасце, якія бываюць у чалавека толькі ў дзяцінстве.
Беражыце сябе і адно аднаго, сябры!
З надыходзячым Новым годам вас усіх – шчыра, ад душы! І да хуткай сустрэчы – 1-га студзеня 2020-га года. Магчыма, нават пад ёлачкай! Галоўнае – не пад сталом! 🙂
Посттраўматычныя і апёкавыя рубцы, узроставую атрафію скуры ў свеце ўжо больш за 10 гадоў лечаць бяспечным і эфектыўным метадам: уласнымі клеткамі пацыента – фібрабластамі. Пасля іх трансплантацыі ў тканках запускаюцца рэгенератыўныя працэсы і адбываецца натуральнае аднаўленне і амаладжэнне скуры.
Каб гэты метад зрабіўся даступным для беларусаў, неабходная наяўнасць двух складнікаў: біямедыцынскага клеткавага прадукту (культуры фібрабластаў дэрмы чалавека) і інструкцыі па ўжыванні метаду. Біямедыцынскі клеткавы прадукт (БМКП) у нашай краіне ўжо ёсць. Некалькі гадоў таму яго распрацаваў і зарэгістраваў Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі.
Нядаўна ў нас завяршылася навуковае даследаванне па выкарыстанні аўталагічных фібрабластаў, у выніку якога павінен з'явіцца і другі складнік – інструкцыя па ўжыванні. Пра падрабязнасці даследавання журналісту «Слушна» распавёў Вячаслаў Басалай, пластычны хірург Мінскай абласной клінічнай бальніцы.
У адпаведнасці з задачамі ў даследаванні ўзялі ўдзел дзве групы пацыентаў з дадзенымі паталогіямі – усяго 10 чалавек.
Праблема пасляапёкавых рубцоў заключаецца ў тым, што яны схільныя да парываў, утварэнняў язваў, фарміравання кантрактур. Лячэнне фібрабластамі дазваляе звесці гэтыя наступствы да мінімуму.
Добрыя вынікі паказалі аўталагічныя фібрабласты і ў барацьбе з атрафічнымі зменамі скуры.
Гэта не філеры, не ботакс і не іншыя касметалагічныя прадукты, а прынцыпова іншы – персаніфікаваны – прадукт: уласныя клеткі чалавека з большай функцыянальнай актыўнасцю, якія не карэктуюць, а лечаць узроставыя змены скуры, падкрэслівае эксперт.
З завушнай вобласці пацыента ажыццяўляюць забор невялікага біяптату скуры адмысловым дэрмапанчам для біяпсіі дыяметрам тры міліметры. Атрыманы матэрыял змяшчаецца ў спецраствор і транспартуецца ў спецыялізаваную лабараторыю для культывацыі патрэбнай колькасці фібрабластаў. На гэта сыходзіць 3-4 тыдні. Затым выгадаваныя клеткі ўводзяцца пацыенту ў праблемную зону вельмі тонкай іголкай пад мясцовай анестэзіяй.
Супрацьпаказаннямі да дадзенай рэгенератыўнай тэрапіі з'яўляюцца мясцовыя запаленчыя працэсы, цяжарнасць (бо пакуль няма даследаванняў пра ўплыў трансплантаваных фібрабластаў на развіццё плоду) і інфекцыйныя захворванні (гепатыт B, С, ВІЧ), бо такія ўзоры не могуць быць выкарыстаныя ў лабараторыі для выключэння заражэння іншых клеткавых культур.
Вытворчасць БМКП – дарагі працэс, у цэлым кошт лячэння залежыць ад колькасці клетак, увядзення і плошчы паражэння. Згодна з прэйскурантам Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі, кошт БМКП (культуры фібрабластаў дэрмы чалавека (10 млн клетак) – каля 1,7 тысячы рублёў. Такім чынам, курс (двухразовае ўвядзенне) будзе каштаваць каля 3,5 тысячы рублёў. Гэта значна меней за кошт расійскага і еўрапейскага аналагічных прадуктаў.
Зацвярджэнне інструкцыі і ўкараненне ў практыку гэтага рэгенератыўнага метаду дасць надзею на іншую якасць жыцця апёкавым пацыентам, паслужыць развіццю актуальнай медыцыны антыстарэння.
Дзень 27 снежня належыць Філімону. І даўней адзначалі яго не застоллем, а хатняй працай. І найперш прыбіралі павуцінне, падмяталі і мылі падлогу, наводзілі парадак. Бо лічылася, што ў адзін з самых цёмных дзён у годзе актывізуецца ўсялякая нечысць!
Калі на зямлі ўжо ляжыць снег, дык чакай ад яе віхураў ці бураў. А калі штосьці ляпае па дахах ды вокнах хатаў, дык гэта таксама кікімары, ваўкалакі ды падобныя людзей пужаюць. Але не чапаюць тых, у каго кожная рэч ляжыць на сваім месцы, а ў хаце чыста. Так што прыбіраемся, прыбіраемся, сябры! 🙂
Вядома ж, мы як людзі сучасныя ва ўсё гэта не верым, праўда? Ва ўсялякія прымхі, прыкметы да нечысць. Але калі раптам штосьці такое ўсё ж прымроіцца… Лепей папярэдзіць!
А яшчэ нячыстая сіла ў Філімонаў дзень баіцца вады! Таму нашы продкі стараліся часцей умывацца, а то і пырскаць на сябе святой вадой. Праўда, гісторыя не захавала да нашага часу пэўныя сцверджанні, што гэта дапамагае. Але ж чысціня яшчэ нікому не шкодзіла, ці не так?!
Да таго ж, умывацца можна (і нават карысна!) не толькі простай вадой, а і мінералкай! Памятаю, неяк улетку практыкавала раз-пораз. Вельмі падабалася! Трэба зноўку ўвесці ў практыку.
Бо спецыялісты сцвярджаюць, што мінеральная вада тыпу «Баржомі» вельмі карысная пры тлустай скуры. І абяцаюць бачны вынік літаральна праз месяц. Маўляў, скура зробіцца больш пругкай, тлусты бляск знікне, а поры звузяцца.
Таксама можна змяшаць адвары рамонку ці календулы з мінералкай і замарозіць у формачках. Праціранне твару кубікамі лёду, калі няма супрацьпаказанняў, яшчэ больш карыснае для скуры. Таксама калісьці гэтым займалася.
Прычым адвары рамонку абяцаюць змяншэнне мімічных маршчынаў, мята зробіць твар свежым, а крываўнік скуру – аксамітнай. Бяром на ўзбраенне!
Дарэчы, калі вы збіраецеся ўзяць для ўмывання газаваную мінералку, дык яе трэба патрымаць 30-40 хвілін адчыненай. Мінералкай можна замяніць і спрэі з тэрмальнай вадой, якія прадаюцца ў крамах. Дастаткова пераліць яе ў бутэлечку з насадкай і на працягу дня ўвільгатняць скуру.
Прычым карысна гэта рабіць не толькі ўлетку, але і ўзімку. Бо падчас ацяпляльнага сезону паветра ў памяшканнях робіцца вельмі сухім. Адпаведна і са скуры знікае вільгаць. А насычаць яе вадой трэба не толькі знутры, але і звонку.
Зрэшты, адпаведнай інфармацыі ў сеціве мора. А мы вяртаемся да Філімона.
Нашы продкі заўважалі: калі напярэдадні ўвечары з’явіцца шэрань, дык на наступны дзень, 28 снежня, пойдзе снег. Ну-у-у-уу… Мы не супраць і таго, і другога! Абы з’явілася! J А то тая шэрань, якая была ўжо не так даўно, тоненькая якаясьці і кволенькая атрымалася. Асабліва не палюбуешся…
Сёння яшчэ трэба паназіраць за паводзінамі варонаў ды хатніх гусей! Калі першыя каркаюць, а другія махаюць крыламі і падціскаюць лапы, значыць, чакае нас (і іх!) наперадзе мароз.
Асабліва цікава было б параўнаць даўнія прыкметы з прагнозамі сіноптыкаў. Цікава, хто будзе бліжэй да ісціны?! 🙂
Знаёмячыся з разнастайнымі народнымі прыкметамі на розныя дні, усё часцей задумваюся вось пра што. Не было ў нашых продкаў ні гаджэтаў, ні інтэрнэтаў… А інфармацыі ў галаве трымалася, кажучы сучаснай мовай, – на гігабайты і тэрабайты! Гэта столькі трэба было памятаць! Перадаваць з пакалення ў пакаленне. А галоўнае – столькі выконваць!
Няўжо сапраўды былі такія людзі, якія выконвалі ўсё-ўсё-ўсё ў кожны з адметных у народным календары дзён?! Нават не магу сабе ўявіць… На Мацвееў дзень – хадзіць у госці і прымаць гасцей… На Фядота – прасці ды ткаць, але не вязаць… У Харытонаў дзень – не выходзіць з хаты, не есці ягад… І падгледзець жа не было дзе напярэдадні, як трэба, як правільна…
А сапраўды, як правільна? Ігнараваць тую духоўную спадчыну, што назапасілі нашыя продкі, бо зараз час зусім іншы? Ці ўсё ж часцей прыслухоўвацца да народнай мудрасці? І будзе нам шчасце?
Нягледзячы на тое, што сучасныя бацькі больш не хочуць заставацца толькі ў ролі здабытчыкаў у сем'ях, індэкс уцягнутасці іх у выхаванне дзяцей па-ранейшаму нізкі – толькі каля 4%.
Змяніць сітуацыю ў Беларусі спадзяюцца актывісты новага грамадскага аб'яднання «Савет бацькоў». Яно зарэгістраванае ў Беларусі сёлета ў чэрвені. Але падрыхтоўчая праца вялася ўжо некалькі гадоў.
Зараз «Савет бацькоў» уключае каля 40 чалавек, але чакаецца, што іх будзе нашмат больш. Гэта мужчыны, якім не абыякава, на якім прыкладзе будуць выхоўвацца іх дзеці.
Яны хочуць прыцягнуць увагу да традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і вярнуць у беларускія сем'і простыя, але часткова згубленыя традыцыі: гуляць разам, размаўляць пра ўсё на свеце, праводзіць з дзіцем вольны час, паказваць прыклад здаровых сямейных адносінаў. Важная місія!
А галоўнае – унесці ўклад у яе ажыццяўленне можа кожны неабыякавы. У залежнасці ад захапленняў татаў, мужчыны праводзяць самыя розныя мерапрыемствы, дзе ўдзельнічаць могуць таты і дзеці разам.
Напрыклад, палюбіліся ўжо мінчанам валейбольныя і футбольныя турніры, а таксама спаборніцтвы па шахматах і шашках, дзе бацька і дзіця гуляюць у адной камандзе. Практыкуюць таты веласіпедныя туры з дзецьмі, сумеснае навучанне танцам.
Яшчэ адна сфера дзейнасці – экскурсіі. Іх ужо праводзілі на Мінскім гадзіннікавым заводзе, кандытарскай фабрыцы «Камунарка». А ўлетку плануюць зладзіць у Мінску вялікі Дзень бацькі.
Адметна, што ў мерапрыемствах «Савета бацькоў» могуць паўдзельнічаць і дзеці з няпоўных сем'яў. Дзецям, якія растуць без таты, асабліва важныя сяброўскія мужчынскія стасункі і падтрымка.
Кірыл Будкевіч, псіхолаг, сябра праўлення ГА «Савет бацькоў», тата траіх дзяцей:
– Для нас важна фарміраваць адэкватны і пазітыўны вобраз бацькі ў нашым грамадстве. Мы выступаем за актыўнае бацькоўства. І самі падаем асабісты прыклад. Тата – не проста здабытчык, які абыякавы да іншых сфераў жыцця сям'і. Гэта не той чалавек, які ўвечары «завісае» ў камп'ютарных гульнях. Дзіцяці неабходна бачыць тату дакладна гэтак жа, як і маму. І размаўляць з абаімі. Як псіхолаг магу сказаць, што дзеці выхоўваюцца незалежна ад таго, бяром мы ўдзел у гэтым працэсе ці не. Дык вось я лічу, што лепей у гэтым удзельнічаць. І пачаць перш за ўсё з сябе.
Разабрацца са сваімі каштоўнасцямі і ладам жыцця. Бо яны і будуць для нашых дзяцей арыенцірам. Неяк у школе выявілі хлопчыка, які тэрарызаваў і крыўдзіў усіх вакол. Калі пачалі з ім размаўляць, аказалася, што ён з добрай забяспечанай сям'і. Тата пастаянна знікае на працы, каб забяспечыць годны ўзровень жыцця. А дзіцяці банальна не хапае звычайнай бацькоўскай увагі і цяпла. Ёсць у нас ідэя – вярнуць назад дваровыя гульні, якія могуць згуртаваць і «выгнаць» дзяцей і дарослых на вуліцу, падалей ад гаджэтаў.
Напрыклад, я шукаў і не мог знайсці простую гульню ў «гарадкі». Тады ўзяў і сам зрабіў бярвенцы. Разам з намі пачаў гуляць увесь двор! Усім дзецям было цікава, што гэта такое. Наш «Савет бацькоў» адкрыты для любога супрацоўніцтва. Мы чытаем лекцыі ў школах, у жаночых кансультацыях (для будучых бацькоў), у Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення, аказваем мужчынам псіхалагічную дапамогу. Рады новым актывістам з цікавымі ідэямі.
Аляксандр Пруднікаў, малады бацька, сябра праўлення арганізацыі «Савет бацькоў»:
– Мы арганізавалі для бацькоў групу падтрымкі «50 звычак». Яна атрымала педагагічную апрабацыю ў БДПУ імя М.Танка. Сустракаемся штомесяц на працягу года. Мужчыны могуць у сваім коле падзяліцца пытаннямі, якія іх хвалююць. Як з нагоды выхавання дзяцей, так і адносінаў у сям'і. Пасля гэтых сустрэчаў пачынаеш па-іншаму ставіцца да сваёй ролі.
Я, напрыклад, пасля адной з іх паспяшаўся парадаваць жонку кнігай, хтосьці плінтус нарэшце прыбіў, іншы выказаўся пра перажыванні нам і пазбег сямейнага скандалу. Некалькі разоў на працягу года запрашаем на нашы сустрэчы і жонак, каб яны маглі зразумець, чым жа мы займаемся, разабраць пэўныя сямейныя моманты. Магу сказаць, што тэма бацькоўства робіцца цікавай для мужчын. У школе на лекцыі прыходзілі і па 150 чалавек. У тым ліку і жанчыны.
Васіль Малашанкаў, шматдзетны бацька 5 дзяцей, журналіст, сябра праўлення ГА «Савет бацькоў»:
– Цікавасць у стварэнні «Савета бацькоў» для нас, вядома, асабістая. Бо нашы дзеці будуць жыць у тым грамадстве, якое мы зараз фарміруем. І для іх вельмі важна мець узор паводзінаў мужчыны ў сям'і. У многіх з нас яго, на жаль, не было. Мы хочам выправіць гэтую сітуацыю. Яна пагоршылася ў тым ліку залежнасцю ад гаджэтаў у многіх дарослых.
Адна з нашых ініцыятыў – пераклад кнігі «Лічбавы какаін».
Камп'ютар «крадзе» ў дзяцей бацькоў не меней, чым згубныя звычкі і працагалізм. Можа быць, я і кансерватар, але лічу, што тэлефон у дзяцей таксама павінен быць толькі кнопкавы, каб мог патэлефанаваць. А перавагу лепей аддаць жывым стасункам. Яшчэ мяне як шматдзетнага бацьку хвалюе тэма адносінаў да шматдзетных сем'яў. На жаль, часта даводзіцца сутыкацца з негатывам. Хацелася б, каб гэтая пазіцыя таксама змянілася.
Больш падрабязную інфармацыю аб працы «Савета бацькоў» можна даведацца на сайце https://fathers.by/. Там жа можна пакінуць сваю заяўку на ўступленне ў каманду актыўных бацькоў. У якасці валанцёраў удзельнічаць у праектах могуць і жанчыны. Выдатнае пачынанне! Вельмі сугучнае з праектам сайта Слушна і парталам "Заровыя людзі" «Пра што маўчаць мужчыны».
Фота з прэс-цэнтра – Святлана Стахоўская.
У той момант, калі дзіця пачынае ўжо самастойна сядзець, поўзаць ці хадзіць, для яго адкрываецца новы і цікавы свет, які абавязкова трэба вывучыць, а лепей – пакаштаваць «на зуб».
Як засцерагчы дзіця ад выпадковага «паглынання» розных прадметаў і што трэба рабіць, калі бяда ўжо здарылася?
Напэўна, няма такога хлопчыка ці дзяўчынкі, якія б штосьці ды не праглыналі, пачынаючы ад вялікай цукеркі. А далей гэты спіс можа расці ў геаметрычнай прагрэсіі.
Яркія прадметы часцей выклікаюць дзіцячую цікавасць. Але вялікую небяспеку для арганізма ўяўляюць батарэйкі, магніты і колюча-рэжучыя прадметы.
Да моманту ўводу ў абарачэнне манетаў выпадкаў хірургічнага ўмяшання па даставанні іншародных целаў было 26 у год. А ў 2017 -м годзе гэтыя лічбы выраслі да 155.
За 2019 год толькі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі было праведзена 106 аперацый.
Праведзены дактарамі эксперымент з кавалкам мяса і новай батарэйкай паказаў, як ужо праз паўтары хвіліны добра зараджаная батарэйка пачала сваё дзеянне. А праз паўтары гадзіны ўсе ўбачылі выразнае паражэнне мяса на палову сантыметра ад бакоў батарэйкі.
Не менш небяспечны прадмет пры праглынанні – магніт. Асабліва, калі гэта дэталі ад магнітнага канструктара.
Калі дзіця праглынула батарэйку, дык яе ўжо не вытрасеш. Таму, калі ёсць хаця б пэўнае падазрэнне на гэты конт, дык тэрмінова трэба збірацца і ехаць у любы дзіцячы хірургічны стацыянар. Ці хаця б знайсці, дзе можна хутка зрабіць рэнтген.
Калі ў дзіцяці не назіраецца прыкметаў удушша, дык забяспечце яму максімальны спакой і прасачыце за тым, каб ён знаходзіўся ў камфортным становішчы, робячы мінімум рухаў.
Любыя дзеянні ў гэтым выпадку не толькі недарэчныя, але і небяспечныя: можна выпадкова перамясціць праглынуты прадмет так, што ён перакрые дыхальныя шляхі ці выкліча востры боль.
Калі вы не медык і навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі ў вас няма, дык лепей не рызыкуйце жыццём дзіцяці, а хутка імчыцеся ў хірургічнае аддзяленне найбліжэйшай бальніцы, асабліва калі прадмет трапіў у дыхальныя шляхі ці, на вашу думку, уяўляе пагрозу для жыцця.
Шаноўныя дарослыя! Менавіта вашыя клопат і пільнасць змогуць не толькі зрабіць свет дзіцяці лепшымі, але і прадухіліць бяду!
Фота – Аксана Жураўлёва.
Ціхі гук серабрыстых званочкаў нараджаецца дзесьці высока ў небе… Анёльскія галасы спяваюць мелодыю, якая адгукаецца ў сэрцы кожнага… І светлае пачуццё яднае людзей. Свята Божага Нараджэння надышло. А сённяшняя таемная ноч адгукнулася ў душы вернікаў каталіцкай канфесіі і не толькі вялікай радасцю і шчасцем.
Я люблю слухаць каталіцкія прамовы з касцёлаў, разглядаць іх унутранае і знешняе ўбранства. Адчуваю, што ў душы, магчыма, больш хінуся менавіта да іх. Прыгожа, душэўна і настолькі светла і хораша… Здаецца, калі пільна прыгледзецца, можна пабачыць празрыстыя сонечныя прамяні нават у дажджлівы дзень.
Ды што з таго, што няма снегу і марозу ў свята Божага Нараджэння?! Ці варта звяртаць увагу на гэтыя знешнія праявы, калі ўсё – у душы?! І гэтым усім каталікі так шчодра дзеляцца з навакольнымі, што і ты мімаволі адчуваеш далучанасць да такой вялікай урачыстасці, якую – не абхапіць абдымкамі.
Менавіта ў гэтыя святочныя дні… Не, не здаецца – сапраўды адчуваецца, што вакол пабольшала дабрыні, а абліччы тых, хто святкуе, зрабіліся асабліва адухоўленымі і прасветленымі. І гэта цудоўна, калі ты ў штодзённай мітусні раптам апынаешся ў дзівосным коле святла.
Спачатку застываеш у збянтэжанасці, а пасля здаецца, быццам хтосьці шэпча табе на вуха: «Спыніся, азірніся… Зрабі камплімент незнаёмаму чалавеку. Пакармі бяздомную жывёлінку. Дапамажы таму, каму горш за цябе. І проста парадуйся гэтаму дню і гэтаму жыццю».
Вы адчувалі калі-небудзь падобнае?! У мяне здараліся такія моманты. І менавіта ў гэтыя святочныя для многіх дні.
Памятаю, як заўсёды ўражвалі мяне тыя ўпрыгожаныя замежныя гарады, дзе большасць жыхароў святкуюць Божае Нараджэнне 25 снежня. Асабліва захапляла, як адмыслова выглядаюць дамы прыватныя. І заўсёды хацелася ў гэты час наведацца туды, каб на свае вочы пабачыць тую святочнасць і адчуць непаўторны дух урачыста-ўзнёслага свята.
Колькі гадоў таму са старэйшай пляменніцай мы наведалі Львоў. Праўда, напачатку з надвор’ем таксама не пашанцавала. Снег быў, але мокры… І чаргаваўся з даволі адчувальным марозам. Зрэшты, старадаўнія вулачкі, адмысловая архітэктура, ёлкі-ёлкі-ёлкі, калядныя кірмашы прымусілі забыцца на хібы надвор’я.
Гэта была сапраўды казка! І сфармуляванае тады «Калядны Львоў – мая любоў!» да гэтага часу ў сэрцы.
У рамках вандроўкі, арганізаванай турыстычнай фірмай, у нас было шмат тэматычных экскурсій па горадзе. Настолькі захапляльных! Праўда, у касцёл зайсці ўвечары 24 снежня пасаромеліся, але трохі паслухалі трансляцыю службы. Прыгожа!
А ў дзень ад’езду, 25 снежня, надарыўся сапраўдны калядны цуд! Львоў літаральна заваліла снегам! І гэта, мабыць, сталася адным з самых запамінальных падарункаў…
Дык няхай у кожнага з вас, шаноўныя сябры, сённяшні святочны дзень адзначыцца самым сапраўдным цудам! Шчыра віншуем усіх, хто святкуе Божае Нараджэнне! Любові і любасці, дабра і дабрыні, здароўя моцнага, дабрабыту, кахання і веры ў лепшае. Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!
Пра тое, што ў Кацярыны (імя змененае па просьбе гераіні) рассеяны склероз, яна даведалася ў 21 год. Страх, бездапаможнасць, адчай і бясконцае «Чаму менавіта я?», адчуванне, што жыццё скончылася... Сёння Кацярына распавядае пра сваё захворванне стрымана і спакойна. Гэтая хвароба будзе з ёй заўсёды.
З 2007-га года ў медыцынскай картцы дзяўчыны значылася: «дэміялінізаванае захворванне» (група паталогій нервовай сістэмы, пры якіх пашкоджваецца міелінавая абалонка нейронаў, што прыводзіць да парушэння перадачы імпульсаў паміж нервовымі клеткамі). Канчатковы дыягназ «рассеяны склероз» Кацярыне паставілі праз 9 гадоў – у 2016-м.
Рассеяны склероз мае мноства праяў. У захворвання няма пэўнага набору класічных сімптомаў. Нават пасля дэбюту хваробы нельга з упэўненасцю сказаць, гэта рассеяны склероз ці не, што значна ўскладняе дыягностыку.
– Захворванне ў мяне пачалося са знямення скуры, – прыгадвае Кацярына. – Напрыклад, я не адчувала тэмпературу. Стаіш у душы, вада цёплая, а здаецца, што халодная. Да цябе дакранаюцца, але ты не адчуваеш, палец гэта ці штосьці вострае. Сёння здранцвенне ў якой-небудзь частцы цела – гэта практычна норма. Бывае так званы трэмар стомленасці, калі дрыжаць рукі і ногі. Дарэчы, хуткая стамляльнасць – гэта характэрная рыса для ўсіх, хто хворы на рассеяны склероз. Калі я рана ўстаю, дык гадзіны ў чатыры дня магу ўжо стаміцца. Але да гэтага прывыкаеш.
Выпісалі са стацыянара з дыягназам «дэміліенізуючае захворванне» і далі толькі агульныя рэкамендацыі, якія заключаліся ў тым, каб пазбягаць рэзкіх перападаў тэмпературы, не перагравацца, не мяняць гадзіннікавыя паясы і месца жыхарства, не паліць, пазбягаць стрэсаў і пракураных памяшканняў. Увогуле, усё будзе добра, але вы трымайцеся. Лёгка сказаць...
Але на той момант практычна адзінай крыніцай інфармацыі пра хваробу быў інтэрнэт. Я начыталася самай разнастайнай інфармацыі і вырашыла, што жыццё скончылася. Зараз разумею, што тады мне вельмі патрэбная была кансультацыя спецыяліста або проста гутарка з тым, хто таксама хворы. Бо чалавеку заўсёды патрэбная надзея.
Не магу сказаць, што я прайшла ўсе стадыі прыняцця свайго захворвання. Было шкадаванне. Шкадаванне сябе, адчай, спробы знайсці адказ на пытанне, чаму гэта здарылася са мной. Было вельмі страшна. Тры гады я штомесяц хацела вярнуцца да мамы ў родны горад, каб там чакаць сваёй інваліднасці. Урачы не давалі ніякіх прагнозаў, спасылаючыся на тое, што рассеяны склероз – хвароба непрадказальная. І да гэтага часу, нягледзячы на тое, што большасць маіх сімптомаў здымаецца пульс-тэрапіяй (гарманальная тэрапія - заўв. аўтара), ад урачоў чуеш толькі спачуванне. Але я не чакаю шкадавання, а хачу ведаць рэальную сітуацыю.
Нават калі я чакала дзіця, урачы адгаворвалі і раілі перапыніць цяжарнасць. Мне 24. Я цяжарная, і мяне адпраўляюць на аборт. Эмоцыі, якія я тады адчувала, не перадаць словамі. Як потым з гэтым жыць? Можа, гэта мой апошні шанц перажыць тыя пачуцці, якія зведваеш, калі бярэш дзіця на рукі, бачыш яго ўсмешку, радуешся першым крокам і словам?
Сёння ўжо даказана, што цяжарнасць пры рассеяным склерозе магчымая. Так, пасля родаў можа быць абвастрэнне захворвання, але ў маім выпадку ўсё скончылася добра. Цяпер у мяне цудоўнае дзіця.
Калі толькі паставілі дыягназ, не магу сказаць, што была дэпрэсія, але было вельмі дрэнна. Мне тады ніхто не параіў звярнуцца да псіхатэрапеўта, які вельмі патрэбны ў такой сітуацыі. Па сутнасці, здароваму чалавеку раптам кажуць, што ён у любы момант можа стаць інвалідам. І самае страшнае – гэта жыць, не ведаючы, што будзе наперадзе. Але за 10 гадоў хваробы прыйшло разуменне, што ты практычна такі ж, як усе, проста трохі адрозніваешся. А штосьці нядобрае здарыцца можа з кожным. Але я кажу толькі за сябе, бо, з аднаго боку, мне пашанцавала, што ў мяне не самае цяжкае цячэнне захворвання.
Шкадаванне сябе – не самае лепшае выйсце з сітуацыі. Можна бясконца пакутаваць, тым самым апраўдваючы «нічоганерабленне», свой страх і слабасць. Але ж штораз, калі, здавалася б, ужо страчаная функцыя аднаўляецца, – гэта як другі шанц. Магчыма, раней я б не адважылася на тыя рэчы, якія раблю цяпер. Пасля чарговага абвастрэння звольнілася з нелюбімай працы. Пачала сваю справу. Хвароба мяне падганяе жыць хутчэй. Не хочацца губляць час і доўга разгойдвацца, каб прыняць пэўнае рашэнне. Калі не цяпер, дык калі? Бо «пасля» можа і не наступіць. Лепей зрабіць і шкадаваць, чым не зрабіць і шкадаваць.
Я не мару, а стаўлю мэты. І дасягаю іх. У асноўным, яны звязаныя з тым, як я хачу жыць, з маёй сям'ёй і працай. Мары – гэта штосьці эфемернае. Я не люблю марыць пра тое, што недасягальна. Калі дасягальна – гэта ўжо мэта. Дарэчы, я раней нават і не думала, што рэаліст. Ведаеце, пра такіх, як я, часта кажуць – «лунаюць у аблоках». З хваробай усё памянялася. Магчыма, з-за таго, што можна ў любы момант усё страціць, ужо не баішся рызыкаваць.
Самы мой вялікі страх – рэзкае пагаршэнне або абвастрэнне, якое паўплывае на вельмі неабходнае: зрок, рукі, ногі, маўленне. Я не ўяўляю, што будзе са мной, калі, напрыклад, адмовяць ногі. У 2016-м годзе падчас абвастрэння адмовіла рука. Я зусім не была да гэтага гатовая. Ды і падрыхтавацца да такога немагчыма. Гэта быў шок. Напэўна, калі б усё не аднавілася, давялося б наноў вучыцца жыць.
Жыць з захворваннем можна. Стомленасць хутка праходзіць. Я хаджу ў фітнэс-залу, захоўваю дыету. Стараюся берагчы сябе, не перапрацоўвацца. Заўсёды ёсць пэўныя нюансы, іх трэба ўлічваць. У прынцыпе, у мяне паўнавартаснае жыццё, але з абмежаваннямі.
У маім выпадку рассеяны склероз – гэта пара абвастрэнняў, якія здараюцца пару разоў на год. З пастаянных праяў хваробы – пры рэзкім руху магу страціць раўнавагу ці пры стомленасці могуць несвоечасова падварочвацца ногі.
У ідэале, калі няма абвастрэнняў захворвання, якія, напрыклад, могуць выявіцца слепатой або стратай магчымасці перасоўвацца, трэба раз у год праходзіць МРТ-даследаванне. Але ў чым складаецца праблема. Пры абвастрэнні, якое можа праявіцца ўзмацненнем слабасці, вяртаннем ранейшых сімптомаў або з'яўленнем новых, трэба тэрмінова ісці да ўрача. Чым хутчэй ты пачнеш тэрапію, тым лепшы прагноз. Для таго, каб высветліць, ці ёсць новыя ачагі, трэба выканаць МРТ галаўнога і спіннога мозгу з кантраставаннем, а яго робяць толькі ва ўмовах стацыянара. Як правіла, даводзіцца чакаць. Але ў мяне, як і ў іншых людзей з рассеяным склерозам, няма гэтага часу. Своечасова пачатае лячэнне або змена тэрапіі ў выпадку яе неэфектыўнасці дае абнадзейлівы прагноз майго жыцця. Зараз, праўда, ужо ў дзвюх бальніцах пры звароце можна адразу ж зрабіць МРТ з кантраставаннем, не стоячы ў чарзе на шпіталізацыю. Але гэтага мала.
Ёсць пэўныя цяжкасці з незапланаваным наведваннем неўролага ў выпадку абвастрэння. З'явілася вялікая колькасць новых лекавых сродкаў, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу (ПІТРС). Разам з тым, не хапае пра іх інфармацыі: наколькі эфектыўныя гэтыя прэпараты, ці ёсць пабочныя эфекты, як і калі можна іх атрымаць, каму яны паказаныя. Чула, што некаторыя сучасныя прэпараты ўжо ёсць у Беларусі, але яны яшчэ не даступныя для ўсіх, каму патрэбныя.
Магу падзяліцца тым, што дапамагло менавіта мне па першым часе пасля пастаноўкі дыягназу. Магчыма, хтосьці і для сябе знойдзе карыснае.
Я не магу загадваць нашмат наперад, але працягваю жыць...
Інфармацыя пра рассеяны склероз для пацыентаў даступная таксама на сайце арганізацыі дапамогі людзям з РС (тэлефон +375 17 3967558).
Дадатковую інфармацыю для спецыялістаў аховы здароўя можна атрымаць на сайце roche.by.
Усё фота ілюстрацыйныя, узятыя з адкрытых інтэрнэт-крыніц і не маюць дачынення да гераіні аповеду.
Чаму нават пры прыёме статынаў працягвае развівацца атэрасклероз? Якія аналізы трэба здаваць, калі пачынаецца варыкоз? Што трэба рабіць, каб не адбыўся інсульт? Як вызначыць, што з сасудамі не ўсё ў парадку? Працягваем адказваць на пытанні.
Эксперт – галоўны пазаштатны сасудзісты хірург камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, загадчык аддзялення сасудзістай хірургіі 4-й гарадской бальніцы г.Мінска імя М.Я.Саўчанкі, к.м.н. Іван Пятровіч Клімчук.
Два гады таму перанёс стэнтаванне каранарных сасудаў. Прымаю статыны (10-15 мг) па прызначэнні кардыёлага. Захоўваю дыету, стараюся весці актыўны лад жыцця (45 гадоў). У БЦА ёсць бляшкі. За апошнія паўтара года вырас узровень стэнозу прыкладна на 10% і складае 50-55%. Пры гэтым узровень халестэрыну (агульны) стабільна не перавышае норму. Як такое можа быць, што бляшкі растуць і стэноз павялічваецца, нягледзячы на статыны? Ці варта павышаць іх дозу? Ці ўпадзе пры гэтым халестэрын? Што параіце? Калі справа дойдзе да аперацыі, што меней рызыкоўна?
Іван Клімчук: Ваша сітуацыя сведчыць пра тое, што ў вас мультыфакальнае паражэнне артэрыяльных басейнаў у маладым узросце. Гэта сведчыць пра злаякаснасць атэрасклератычнага працэсу і значную рызыку яго прагрэсавання. Сёлета ў 4-й ГКБ у Гарадскім сасудзістым цэнтры сумесна з кафедрай агульнай хірургіі БДМУ стартаваў навуковы праект пад кіраўніцтвам прафесара Вячаслава Янушкі па вывучэнні і карэкцыі мультыфакальнага атэрасклерозу. І зараз мы дэталёва займаемся гэтай праблемай. Статыны не выключаюць прагрэсаванне атэрасклератычнага працэсу, а толькі запавольваюць яго ход і зніжаюць верагоднасць развіцця ўскладненняў, такіх, як інфаркт, інсульт і гангрэна ніжніх канечнасцяў.
Статыны зніжаюць узровень халестэрыну, як агульнага, так і «дрэннага», паляпшаюць профіль ліпідаграмы. Акрамя таго, статыны валодаюць яшчэ і супрацьзапаленчым уздзеяннем на бляшку. Яна робіцца больш стабільнай і інэртнай у плане развіцця на ёй трамбозу, зніжаецца верагоднасць разрыву, надрыву і іншых сасудзістых катастрофаў. Паляпшаецца стан самой сасудзістай сценкі, павялічваецца яе эластычнасць. Статыны блакуюць перакіснае акісленне ліпідаў, якое з'яўляецца індуцыруючым фактарам развіцця атэрасклерозу. Ёсць даследаванні, якія паказалі, што прыём статынаў у значных дазіроўках прыводзіць нават да рэгрэсу атэрасклератычных бляшак.
Для вырашэння пытання пра карэкцыю дозы прэпарата варта здаць разгорнуты аналіз крыві на ўтрыманне ліпідаў (халестэрыну) – ліпідаграму – і звярнуцца да сасудзістага хірурга 4-й ГКБ.
Калі справа дойдзе да аперацыі (стэнтаванне альбо адкрытая хірургічная аперацыя), рашэнне будзе прымацца індывідуальна і грунтавацца на дадзеных абследавання: УГД БЦА (брахіяцэфальныя артэрыі), і пры неабходнасці КТ – ангіяграфія БЦА.
У мамы моцны варыкоз. У мяне таксама на нагах з'яўляюцца сетачкі з венаў, адна вена ўжо візуальна выступае. Падкажыце «дарожную карту»: да якога ўрача ісці, якія аналізы здаваць? Ці можна прыбраць праявы нехірургічным шляхам? Ганна, 40 гадоў
Іван Клімчук: Калі вы жыхарка Мінска, дык неабходна звярнуцца да хірурга ў сваю паліклініку. Ён пры неабходнасці накіруе на кансультацыю ў Гарадскі сасудзісты цэнтр (4-я бальніца) да сасудзістага хірурга. Якія аналізы здаваць? Да кансультацыі неабходна выканаць УГД венаў ніжніх канечнасцяў. Магчымасць выдалення сетачак венаў нехірургічным шляхам існуе і называецца склератэрапіяй.
Як аднавіць вены пасля хіміятэрапіі? Людміла, 42 гады
Іван Клімчук: Неабходна спачатку выканаць УГД венаў канечнасцяў. Пасля правядзення даследаванняў звярнуцца ў Гарадскі сасудзісты цэнтр у 4-ую бальніцу.
Ці можна выдаліць атэрасклератычную бляшку, каб спакойна спаць? І што мне трэба рабіць, каб не зарабіць інсульт (мне 49 гадоў і яшчэ маленькія дзеці). Ці ёсць якія прэпараты альбо народныя сродкі, якія чысцяць сасуды?
Іван Клімчук: Акрэсленая вамі сітуацыя пакуль не з'яўляецца паказаннем да якойсці хірургічнай карэкцыі. Акрамя немедыкаментозных метадаў прафілактыкі атэрасклерозу і зніжэння ўзроўню халестэрыну (дыета, падтрыманне масы цела, фізічная актыўнасць, адсутнасць шкодных звычак), неабходная лекавая тэрапія, у тым ліку антыагрэганты і статыны. Акрамя гэтага, неабходны ўльтрагукавы кантроль 1 раз у два гады. І абавязковы кантроль артэрыяльнага ціску.
У маёй дачкі (34 гады, сярэдняга целаскладу) высокі халестэрын ЛПНШ. Калі прымае статыны, дык пагаршаюцца паказчыкі АСТ, АЛТ, білірубін. Альфа-амілаза перавышаная ў 4 разы. Дапамажыце, што рабіць? Валянціна Аляксееўна
Іван Клімчук: У сувязі з тым, што ў дадзенай сітуацыі ўзровень атэрагеннага («дрэннага») халестэрыну павышаны, неабходна прытрымлівацца ўсіх немедыкаментозных рэкамендацый (пра іх мы гаварылі вышэй), а таксама разгледзець магчымасць прымянення іншых груп прэпаратаў, якія таксама прыводзяць да зніжэння ўзроўню халестэрыну. Яны меней эфектыўныя, але ў выпадку непераноснасці статынаў і адсутнасці эфекту ад немедыкаментознай карэкцыі могуць прызначацца. Гэта неабходна абмеркаваць з вашым урачом.
Маме 77 гадоў. Аблітэрацыйны атэрасклероз артэрый ніжніх канечнасцяў (ампутацыя левай нагі). Як захаваць правую нагу? Ад «Пентаксіфіліну» і «Ксантыналу нікатынату» баліць сэрца. Якія сасудзістыя прэпараты можна пракалоць? «Эмаксіпін» для ног можна? «Актавегін» дапаможа? (Розныя меркаванні пра яго эфектыўнасць).
Іван Клімчук: Вам неабходныя кансультацыя кардыёлага і базавая тэрапія (ацэтылсаліцылавая кіслата і статыны). Магчымасць прымянення названых у пытанні прэпаратаў неабходна ацаніць пасля кансультацыі ў кардыёлага выяўлення рызыкаў з боку сэрца (ацаніць суадносіны «рызыка-карысць»).
Падкажыце, калі ласка, ці трэба рабіць МРТ сасудаў пры высокім халестэрыне? Акрамя халестэрыну ўсе аналізы ў норме, УГД унутраных органаў у норме. Якія яшчэ могуць быць прычыны высокага халестэрыну? Колькі памятаю, халестэрын заўсёды быў высокім – з моманту, як зрабілі агульны аналіз гадоў 10 таму. Цяпер мне 42 гады.
Іван Клімчук: З абследаванняў: пажадана зрабіць УГД брахіяцэфальных артэрый для таго, каб выключыць наяўнасць атэрасклерозу, здаць аналіз крыві – ліпідаграму – і параіцца з вашым урачом альбо з нашым сасудзістым хірургам 4-й ГКБ.
Мяне хвалюе нізкі паказчык халестэрыну ў маёй унучкі, 14,5 года, асабліва паказчык ЛПВШ (ліпапратэіны высокай шчыльнасці). Я ведаю, што нізкі халестэрын – таксама не вельмі добра, як і высокі. Што вы можаце сказаць па гэтым пытанні?
Іван Клімчук: Трэба звярнуцца да педыятра (падлеткавага ўрача), які пры неабходнасці прызначыць праграму абследавання і дасць патрэбныя рэкамендацыі.
Мне 50 гадоў. Халестэрын павышаны пастаянна. Артэрыяльная гіпертэнзія 1 ст. Як зразумець па стане сасудаў, ці трэба прымаць статыны? УГД БЦА?
Іван Клімчук: Неабходна зрабіць УГД БЦА, ліпідаграму і параіцца з вашым урачом альбо з сасудзістым хірургам 4-й ГКБ. УГД БЦА будзе карысна выканаць для ацэнкі рызыкі сасудзістых катастрофаў у будучым.
Ці можна перамагчы спадчыннасць сардэчна-сасудзiстых захворванняў? І як канкрэтна гэта зрабіць?
Іван Клімчук: Здароўе, па дадзеных СААЗ, на 50% залежыць ад ладу жыцця, на 20% – ад спадчыннасці, на 20% – ад стану навакольнага асяроддзя і на 10% – ад развіцця сістэмы аховы здароўя. Рабіце выснову самі. Нават пры наяўнасці абцяжаранай генетыкі мы можам паўплываць на сітуацыю, прытрымліваючыся правільнага ладу жыцця, сочачы за станам свайго здароўя, выконваючы рэкамендацыі ўрачоў.
Ці шкоднае сала? Канстанцін, Мінск
Іван Клімчук: Сала пры рэгулярным ужыванні ў невялікай колькасці (прыкладна 30 гр у дзень) аказвае дабратворны ўплыў на ліпідны профіль крыві, на стан валасоў і пазногцяў, скуры, на настрой. Пажадана есці не вэнджанае і не смажанае сала.
Ці заўсёды захворванні сасудаў звязаныя з ладам жыцця? Якія хваробы могуць справакаваць паталогіі сасудаў?
Іван Клімчук: Не заўсёды. Паражэнні сасудаў могуць узнікаць пры іншых захворваннях, такіх, як цукровы дыябет, хранічныя захворванні нырак, падагра, артэрыяльная гіпертэнзія. Разам з тым, часцей за ўсё, гэтыя прычыны ўзаемазвязаныя.
У мяне агульны халестэрын – 8,2, ЛНП – 5,26, ЛПВ – 2,19. Трыгліцэрыдаў 1,14. Ціск 110/70. Атлусцення і цукровага дыябету няма. УГД сасудаў добрае. Ці трэба мне прымаць статыны?
Іван Клімчук: Сітуацыя па ліпіднаму профілю неспрыяльная. Але мы не ведаем ні ўзросту, ні спадарожных паталогій, не ведаем сямейны анамнэз і ці выконваюцца тыя рэкамендацыі немедыкаментознай карэкцыі гіперхалестэрынаміі (павышанае ўтрыманне халестэрыну ў крыві). У выпадку, калі немедыкаментозная тэрапія не дапамагае, дык абавязковы прыём статынаў.
Стэноз соннай артэрыі – 80%. Пры дадзеным дыягназе можа быць толькі аперацыя? Які перыяд рэабілітацыі пасля гэтай аперацыі?
Іван Клімчук: Пры дадзеным дыягназе дапаможа толькі аперацыя. У нашым сасудзістым цэнтры, які размешчаны ў 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя М.Я.Саўчанкі, выконваюцца як адкрытыя аперацыі, так і эндаваскулярныя ўмяшанні – стэнтаванне соннай артэрыі. Выгляд аперацыі вызначаецца індывідуальна ў залежнасці ад анатамічнага характару размяшчэння атэрасклератычнай бляшкі, спадарожнай паталогіі, узросту пацыента. У выпадку адкрытай аперацыі звычайна мы выпісваем на 6-7 суткі пасля ўмяшання, пасля эндаваскулярнай – на 2-3 суткі.
На ніжніх павеках з'яўляюцца жоўтыя бляшкі. Урачы агульнай практыкі кажуць: гэта халестэрынавыя бляшкі. У ліпідаграме ўзровень халестэрыну ў норме. Адзін раз выдаляў хірургічным спосабам. Але яны зноў пачалі з'яўляцца. Мужчына, 40 гадоў. Здаровы, без шкодных звычак. Вага ў норме. Што парэкамендуеце?
Іван Клімчук: Калі ўзровень халестэрыну і ліпідаграма ў норме, варта звярнуцца да пластычных хірургаў.
Пасля выдалення жоўцевага пузыра, флебэктаміі і з сіндромам WPW як правільна пачысціць сасуды?
Іван Клімчук: Сасуды не чысцяцца. Няма нават такога паняцця, як чыстка сасудаў.
І напрыканцы хацелася б дадаць, што праблема сасудзістых захворванняў і смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых праблемаў надзвычай актуальная для нашага грамадства. Згодна з міжнароднымі стандартамі, мы знаходзімся ў зоне высокай рызыкі, «чырвонай» зоне. Многімі нашымі суграмадзянамі парады ўрачоў успрымаюцца як страшылкі і запалохванні, размова пра здаровы лад жыцця наводзіць на думку пра творчасць вядомага расейскага гурта. І амаль у кожнага з нас ёсць гісторыя пра дзеда, які жыў у вёсцы, піў моцныя напоі, еў удосталь сала і бульбы, курыў і памёр у 95 гадоў у адрыне. На жаль, дадзеныя пра сярэднюю працягласць жыцця, асабліва сярод мужчын у нашай краіне, у параўнанні з іншымі краінамі кажуць пра адваротнае. Зусім нядаўна мы пахавалі нашага сябра, аднакурсніка і калегу, 46 гадоў, які ўсяго толькі з іроніяй ставіўся да фактараў прафілактыкі сардэчна-сасудзістых рызыкаў. Высновы кожны робіць сам. Беражыце сябе!
Не ведаю, сядзем мы на тыя санкі ды лядзянкі гэтаю зімой ці не, а вось што само свята цікавае, дык гэта дакладна. Такім чынам, сёння, 22 снежня, – Ганны, Ганкі, Ганна Зімняя, альбо (увага!!!) Ганна Цёмная! 🙂 Усіх Ганнаў – з імянінамі!
А чаму Ганна Цёмная?! Ды таму, што адзначаецца ў самы кароткі дзень у годзе, з якога надыходзяць самыя цёмныя ночы. А ў чым яшчэ цікавасць?! Ды 22 снежня адзначаецца Дзень энергетыка! Так што ўсіх, хто мае да яго дачынненне, – з прафесійным святам!
І як тут ні прыгадаць верш паэта Уладзіміра Пецюкевіча, з якім не раз сустракалася асабіста і пра якога распавядала?! Гэта і яго свята, бо ў свой час Уладзімір Генрыхавіч браў непасрэдны ўдзел у электрыфікацыі нашай краіны! Во дзе рамантыка!
Электрастанцыі – сонцы зямныя,
Электралініі – промні святла.
Будзь прамяністай навекі, Айчына,
Болей не вернецца цемра-імгла!
Хай нам нялёгка сягоння жывецца,
Цешыць святло, што ў дамы падаём,
Свецяцца вокны, як нашыя сэрцы, –
Мора агню, дзе ні глянеш, кругом!
Болей не вернуцца страхі начныя
З дымнай лучынай далёкіх вякоў.
Людзі, прыміце агні залатыя:
Ласку сардэчную – нашу любоў!
Па праўдзе, гэтае свята ўзнікла яшчэ ў часы СССР. І не мела адносінаў да самага кароткага дня ў годзе. А прымеркаванае было выключна да… зацвярджэння плана (па-руску, каб было пазнавальна) ГОЭЛРО. У Беларусі афіцыйна замацаванае за гэтым днём у 1995 годзе.
У праваслаўных 22 снежня ўшаноўваюць памяць праведнай Ганны, маці Багародзіцы. Ну, а ў народзе, як кажуць, свая Ганна. На якую назіралі за надвор’ем і меркавалі па ім… пра будучае лета! Так-так! Не паспелі мы яшчэ адсвяткаваць Новы год і Каляды, як пра лета ўжо задумваемся! 🙂 А нашы продкі меркавалі: «Па зіме і лета». Маючы на ўвазе надвор’е праз паўгода, 22 чэрвеня.
А адкуль санкі ўзяліся? Ды проста на Варвару (17 снежня) ці на Міколу (19 снежня) часам селянін не ведаў яшчэ, на чым ездзіць – на санях ці калёсах, бо на дарозе была то гразь, то снег… А вось 22 снежня даўней (ужо нават не верыцца!) звычайна ўсталёўваўся трывалы санны шлях.
Звычайна да Ганны звяртаюцца тыя жанчыны, якія не могуць зацяжараць. А цяжарныя 22 снежня даўней стараліся нават з дому не выходзіць і не рабіць ніякай працы. Прыкмета такая. Для іх дзень лічыўся самым небяспечным у годзе.
Па іншай жа прыкмеце, калі ў гэты дзень вялікія сумёты і шэрань на дрэвах, дык наступны год будзе ўраджайным. Эх! Зноўку снежань усё пераблытаў! Напрыклад, у нас у Чэрвені шэрань была… Толькі 20 снежня. Зрэшты, яшчэ ж не вечар?! 🙂
А вось цікавая прыкмета на Новы год! Калі на Ганну сонейка, дык і 31 снежня дзень будзе ясным. Ну, галоўнае, каб не дажджлівым! А сонейка было б неблагім бонусам! Калі раптам мы ўжо нічога не дачакаемся на Новы год: ні снегу, ні шэрані…
Нашы продкі менавіта з 22 снежня, з дня, за якім ідуць цёмныя ночы, асцерагаліся без патрэбы выходзіць у вечаровы ды начны час з дому, асабліва па адным. Бо лічылася, што ваўкі пачынаюць хадзіць статкамі. І ў вёсках, асабліва аддаленых, гэта вельмі небяспечная справа – выходзіць нават у двор у цёмны час сутак... Так што беражыце сябе, сябры!
Па дадзеных GLOBOCAN за 2018 год, Беларусь займае першае месца ў свеце па захворваннях на рак цела маткі сярод 185 краін. З кожным годам гэты паказчык расце: у 2016 г. было 2063 выпадкі, у 2018 г. – больш за 2500. Па смяротнасці ад гэтага раку наша краіна на 21-м месцы, тым не менш, гэты паказчык у 2 разы вышэйшы, чым у свеце.
Чаму гэта адбываецца? Што робяць анколагі для зніжэння захворвання? Як не дапусціць рак самім пацыентам? Сваім меркаваннем падзялілася анколаг з 40-гадовым стажам, доктар медыцынскіх навук Ірына Касенка.
Ірына Касенка:
– Існавала гіпотэза, што ў росце захворвання на злаякасныя пухліны цела маткі (ЗПЦМ), магчыма, вінаватая катастрофа на ЧАЭС. Мы правялі даследаванні эпідэміялагічных паказчыкаў за 30 гадоў – выразнай залежнасці выявіць не ўдалося. Я шмат ездзіла па рэгіёнах пасля аварыі і адзначала ў жанчын шматлікія гарманальныя парушэнні, але звязаць гэта з развіццём ЗПЦМ немагчыма, такой доказнай залежнасці, як, напрыклад, з ракам шчытападобнай залозы, няма.
Відавочна, што да гэтай анкапаталогіі ёсць спадчынная схільнасць. Узнікненне ЗПЦМ звязанае з гіперэстрагеніяй – парушэннем гарманальнага балансу, пры якім павышаецца сінтэз жаночых палавых гармонаў. Гармоназалежны рак цела маткі часцей сустракаецца ў пацыентак з атлусценнем, гіпертанічнай хваробай, цукровым дыябетам, неаднаразовымі абортамі, бясплоддзем, з абцяжаранай спадчыннасцю па раку яечнікаў, эндаметрыю, малочнай залозы, тоўстай кішкі. Маюць значэнне інфекцыі, запаленчыя захворванні ў целе маткі. Гэта ўсё – фактары рызыкі.
Чаму ж расце захворванне?
На мой погляд, вялікую ролю адыгрывае няправільнае харчаванне.
Цяпер усё больш поўных людзей. Да мяне на днях прыязджала пацыентка, якую я аперыравала ў 2006 годзе якраз у сувязі з ракам цела маткі. Яна ўжо тады была паўнаватая, але за гэтыя 13 гадоў набрала яшчэ 35 кг. На жаль, мне даводзілася назіраць, як вылечаныя ад раку жанчыны паміралі ад атлусцення, кажучы простай мовай, іх «задушыў» тлушч.
Адкуль жа гэта атлусценне?
Ежа зрабілася даступнай, і людзі ядуць шмат мяса, тлушчаў, здобы і цукру. Лішняя вага наядаецца таксама транстлушчамі, якія ўтрымліваюцца ў гатовых прадуктах (паўфабрыкатах, фаст-фудзе). Значная іх частка не выводзіцца з арганізма, а адкладваецца ў тлушчавых тканках. З-за некаторых кансервантаў, якія таксама дадаюць у гатовыя прадукты, ежа не засвойваецца. Таму пасля быццам бы вялікага кавалка каўбасы чалавек працягвае хацець есці.
Людзі адыходзяць ад натуральных прадуктаў, а трэба наадварот – імкнуцца гатаваць простую натуральную ежу, есці пабольш гародніны і садавіны.
Яшчэ адна прычына – стрэс, які дае збой у імуннай сістэме.
Даказана, што імунадэпрэсія – адна з галоўных прычын анказахворванняў. У сваіх кандыдацкай і доктарскай дысертацыі я прысвяціла гэтаму пытанню асобныя раздзелы, паказваючы прамую залежнасць імунадэпрэсіі з гінекалагічным ракам.
Стрэсавую сітуацыю можна палічыць канцом свету, а можна прыняць як жыццёвы ўрок, які трэба прайсці і зрабіцца мацнейшым. Стаўленне да жыцця, духоўныя каштоўнасці ўплываюць на развіццё і цячэнне хваробы, на выжывальнасць. Шматгадовы вопыт у анкалогіі мяне ў гэтым пераканаў.
На ўзнікненне і прагрэсаванне раку ўплывае лад жыцця жанчын.
Ён істотна змяніўся: мы мала нараджаем, адмаўляемся ад нармальнага палавога жыцця з-за занятасці. А гэта вельмі важна, бо ўплывае на гарманальны баланс. Магу пацвердзіць на ўласным прыкладзе: я нарадзіла першае дзіця толькі ў 32 гады. Да гэтага часу ў мяне ўжо з'явілася сівізна. Пасля родаў яна знікла і не з'яўлялася яшчэ 15 гадоў.
У цэлым, рак маладзее. Калі раней на ЗПЦМ хварэлі ў асноўным жанчыны пасля менапаўзы, старэйшыя за 50 гадоў, дык сёння ўжо не рэдкасць 40-гадовыя пацыенткі, бываюць і маладзейшыя, жанчыны з менструацыяй.
Адзначаецца і рост полінеаплазіі – адначасовае або пачарговае ўтварэнне ачагоў злаякаснага росту. 20 гадоў таму гэта было б казуістыкай, а зараз мы назіраем да 4 ракаў, якія ўзнікаюць адзін за адным.
Рак цела маткі – гармоназалежнае захворванне. А паколькі ўсе гармоны ў арганізме звязаныя, калі ў пацыенткі ёсць рак шчытападобнай залозы, тоўстай кішкі, яечнікаў, малочнай залозы, ёй трэба вельмі ўважліва глядзець за станам маткі.
Што мяняць у дыягностыцы, каб спыніць рост захворвання?
– Мая вучаніца, гінеколаг-анколаг Галіна Касцевіч, абараніла кандыдацкую дысертацыю, у якой даследавала гэтае пытанне. Для своечасовай дыягностыкі жанчынам з групаў рызыкі пасля 45 гадоў рэкамендуецца зрабіць УГД органаў малога таза з выкарыстаннем вагінальнага датчыка, пры выяўленні паталогій слізістай гінеколаг павінен узяць аспірацыйную біяпсію з поласці маткі. Лічу, што гэта дзейсная мера.
У краіне ўжо шмат зроблена па раннім выяўленні ЗПЦМ: амаль у 85% выпадкаў рак дыягнастуецца на I (72%) і II (12%) стадыях.
Да таго ж, людзі з групаў рызыкі не кінутыя. Пацыенткі з гіперплазіяй і паліпамі эндаметрыю знаходзяцца на дыспансерным назіранні ў гінеколагаў, а пацыенты з парушэннем тлушчавага абмену, цукровым дыябетам – у эндакрынолагаў.
Чаму ў астатніх 15% выпадкаў рак заўважаюць толькі на III і IV стадыях?
– Асноўная прычына – пацыенты не звяртаюцца да ўрача. Часцей за ўсё гэта пажылыя жанчыны, якія думаюць, што пры менапаўзе ніякай хваробы быць не можа, маўляў, «адкуль там рак, калі я 10-20 гадоў жыву без месячных і сэксу». Яны не звязваюць пастаяннае недамаганне з анкалогіяй, а дзіўныя кровамазанні ці вылучэнні абмяркоўваюць з суседкай, а не ўрачом. Бываюць асобныя формы раку – саркомы, калі пухліна расце на мышачнай абалонцы маткі. У такіх выпадках магчымыя медыцынскія памылкі, бо саркомы доўга сябе ніяк не праяўляюць.
Якія новыя метады лячэння ЗПЦМ сёння развіваюцца?
– Сёлета абароненая доктарская дысертацыя па лячэнні раку цела маткі. Аўтар – загадчык лабараторыі анкагінекалогіі нашага РНПЦ Сяргей Маўрычаў. Дзякуючы новаму падыходу да групаў рызыкі па ступені прагрэсавання раку, які распрацаваў аўтар, лячэнне зрабілася больш індывідуалізаваным і менш траўматычным. Раней пры абмежаваных дыягнастычных магчымасцях усім пацыенткам з ЗПЦМ рабілася стандартнае лячэнне: апраменьванне-аперацыя-выбарачнае апраменьванне.
Сёння тым, у каго нізкі ўзровень верагоднасці прагрэсавання захворвання, рэкамендуецца толькі аперацыя, без апраменьвання. Прычым часцяком аперацыі праводзяцца лапараскапічна, пасля яе пацыенты могуць быць выпісаныя са стацыянара на другі дзень.
Гэтыя аперацыі з поспехам выконваюць хірургі Алег Акінфееў, Сяргей Тараненка, Андрэй Плятнёў. У каго высокая рызыка прагрэсавання хваробы або ёсць супрацьпаказанні да лапараскапіі, таму паказаная адкрытая аперацыя, пасля даследавання аддаленых тканак – дыстанцыйнае альбо эндавагінальнае апраменьванне. Апошняе можна зрабіць амбулаторна.
Раней была абароненая іншая доктарская дысертацыя – «Камбінаванае і комплекснае лячэнне хворых на рак цела маткі з выкарыстаннем лазернай гематэрапіі». Аўтар – прафесар Таццяна Літвінава.
Яна даказала, што лячэнне ЗПЦМ павінна праводзіцца толькі ў анкалагічных клініках, а не ў гінекалагічных. Для гэтага ўрач вывучыла вынікі лячэння 10 тысяч пацыентак з ракам цела маткі за 15 гадоў у залежнасці ад таго, дзе была зробленая аперацыя: у анкалагічнай установе або ў бальніцы агульнага профілю.
Аказалася, што лячэнне хворых у першым выпадку было ў 2 разы вышэйшым. Гэта якраз тлумачыцца тым, што розныя метады: аператыўны, прамянёвы, хімія-і гармонатэрапеўтычны – у патрэбнай паслядоўнасці і ў адпаведнасці са стандартамі можна рэалізаваць менавіта ў анкалагічнай клініцы.
Галоўныя сімптомы, якія павінны насцярожыць?
– Любое крывяністае выдзяленне па-за месячнымі, кровамазанні пасля палавога акта.
Якія фонавыя захворванні папярэднічаюць ЗПЦМ?
– Гіперплазія эндаметрыю і паліпы маткі.
Эндаметрыёз яечнікаў – сімптом ЗПЦМ?
– Пацыенткі з эндаметрыёзам яечнікаў – у групе рызыкі, паколькі дадзенае захворванне кажа пра гарманальны дысбаланс. А ЗПЦМ – гармоназалежная паталогія.
Ці ўплывае на развіццё ЗПЦМ вірус папіломы чалавека, як пры раку шыйкі маткі?
– Сувязь ВПЧ і раку цела маткі не даказаная. Але гэты вірус, як і іншыя інфекцыі, можа спрыяць паталагічным працэсам.
На якой стадыі раку можна захаваць матку?
– Пры раку in situ (пачатковая стадыя). Тады магчымая аблацыя – выдаленне хворага ўчастка слізістай, гарманальная тэрапія (для маладых жанчын, якія не нараджалі), прамянёвая тэрапія. У іншых выпадках рэкамендаванае выдаленне маткі.
У рэдкіх выпадках магчымая сітуацыя, калі пацыенткам хворая матка выдаляецца пасля родаў. Гэта індывідуальны падыход з удзелам некалькіх спецыялістаў.
Таксама магчыма выдаліць матку, але пакінуць яечнікі – пры нізкім узроўні небяспекі прагрэсавання раку, з улікам узросту пацыента.
Ці можна зацяжараць пасля лячэння ЗПЦМ, калі матка не выдаленая?
– Калі была праведзеная прамянёвая тэрапія, пры якой таксама апраменьваецца зона яечнікаў, – не. Калі была толькі ўнутрыпаласная аперацыя, – шанцы ёсць.
Ці можна жыць палавым жыццём пасля выдалення маткі?
– Можна і трэба, пасля кансультацыі ўрача, калі няма ўскладненняў.
Пасля выдалення маткі і яечнікаў жаночыя палавыя гармоны перастануць выпрацоўвацца?
– Не. За выпрацоўку жаночых гармонаў адказныя не толькі яечнікі, гэтую функцыю бяруць на сябе наднырачнікі і іншыя органы. Але гарманальны статус, вядома, пацерпіць.
Якія ўскладненні могуць быць пасля выдалення маткі і яечнікаў?
– Пасляаперацыйных ускладненняў мала, бо нашы ўрачы ўмеюць працаваць. Але можа быць сур'ёзна парушаны псіхалагічны камфорт. Пасля аперацыі жанчыны баяцца палавога жыцця, з-за чаго парушаецца эмацыянальная сувязь з мужам, агульны клімат у сям'і. Пасля выдалення маткі па-ранейшаму можна адчуваць аргазм. Трэба жыць, як раней.
Можа быць пачашчэнне мочаспускання, але часам гэта таксама больш псіхалагічная праблема, чым наступствы аперацыі. Гэта абарачальна.
Калі органы выдаленыя да менапаўзы, тады наступіць дачасны клімакс.
1985 год | 2006 год | 2016 год | |
Колькасць тых, хто захварэў | 653 | 1347 | 2063 |
Колькасць тых, хто памёр ад ЗПЦМ | 203 | 341 | 361 |
Фота Яўгена Крэча і з адкрытых інтэрнэт-крыніц.
Хаця надвор’е і не дае нам сёлета шанцу настроіцца на падрыхтоўку да навагодніх святаў, затое каляндар безапеляцыйна нагадвае, колькі дзён у нас засталося. Але, як звычайна, усе намеры зрабіць тое, тое і яшчэ тое зараней пераважна намерамі і застаюцца…
А так хочацца ўсё паспець і проста хаця б крыху адпачыць. Ды дзе там… Заканчэнне года. І ўсё ж калі-нікалі вока выхапіць штосьці ў сеціве, перадасць мозгу… І вось ужо круціцца ў галаве якая-небудзь думка, настойліва распіхваючы астатнія.
Вы прыдумалі ўжо, якімі адмысловымі стравамі ўпрыгожыце навагодні стол? Альбо ў ноч на 31-га снежня, альбо ўдзень 1-га?! Ці такім нават не замарочваецеся? Наступны год па ўсходнім календары – Пацука… Але мне даспадобы, вядома ж, больш мяккія прадстаўнікі гэтага сямейства. Таму ў мяне будзе год Мышкі!
«Што за дзіцячы сад?!» – абурана ўсклікне хтосьці. Ну, а чаму б і не?! Я так часта ўзгадваю пра тое, што ў душы большасць з нас усё роўна застаецца дзецьмі. Дык чаму б і не пагуляцца?! Нікому ж ад гэтага не блага. Мы ў сваёй сям’і – гуляемся! 🙂
Амаль год таму я пісала ўжо тут, як штосьці з усходніх традыцый перайначыла пад сябе. І што сабрала калекцыю з 12-ці невялікіх мяккіх цацак, якія па чарзе з’яўляюцца «гаспадарамі года» і сустракаюць свой прыход… за пачастункам.
Так, Малпу мы «частавалі» бананамі, Пеўня – зернем. А Мышку збіраемся частаваць, вядома ж, сырам! Тым больш, што якраз ідэю адной «стравы» падгледзела ўжо ў сеціве! Толькі задумалася. Вушкі ў мышак – з радыскі. Не думаю, што ўзімку ў нашым невялікім гарадку яе набуду без праблем.
А зараз задала тых мышак у пошуку… Ого! Яшчэ лягчэй! Вушкі з морквы, з кансерваванага агурка, з таго ж самага сыру, з каўбасы… Во, гартайце слайдэр!
А ўвогуле, у нашай сям’і адна з любімых страў на любым святочным стале, не толькі на навагоднім, – сыр з часнаком і маянэзам! Так, шкодна… Але ж ніхто яго не есць лыжкамі штодня. А хто любіць вастрыню і можа спажываць без шкоды для страўніка… Смаката!
І вось як толькі гэтая ідэя (сыру на стале) пасялілася ў галаве, я адразу пачала шукаць інфармацыю пра карысць і шкоду прадукта. Маю на ўвазе звычайны, тыпу «Расійскага». Розныя экзатычныя там, вострыя, з плесняю… Не, гэта для мяне, гэта – міма. 🙂
Дык што ж карыснага ў сыры? Дзякуючы ўтрыманню кальцыю, ён незаменны для зубоў. І нават пры пераломах касцей раяць есці пабольш сыру! Паляпшае дзейнасць нервовай сістэмы (!!!). Во! Якраз тое, што трэба падчас шалёнай беганіны ў апошнія дні года старога.
Яшчэ – стымулюе выпрацоўку калагену. Ну здорава! Яго «любяць» шчытападобная залоза, пазногці, валасы і «баіцца» астэапароз. Сыр рэгулюе абмен рэчываў, добра ўплывае на зрок… Карацей, во колькі ўсяго станоўчага! І сапраўдная «бомба» (пры ўмове, што гэта праўда) – сыр засвойваецца арганізмам на 99%.
Але, на жаль, есці можна не ўсім. Альбо спажываць толькі па мале-е-е-енечкаму кавалачку. Калі ў вас – атэрасклероз, павышаны халестэрын, язва страўніка, гастрыт, павышаны артэрыяльны ціск альбо сардэчныя захворванні. І штосьці мне падказвае, што гэты спіс далёка не поўны… Плюс многае залежыць і ад віду сыру.
І – спажываць па адчуваннях, вядома. Прыслухоўвацца да свайго арганізма – гэтая ўніверсальная парада сапраўды заслугоўвае ўвагі. І рэальна працуе.
А вы будзеце частаваць Мышку сырам?! 🙂
One fine body…