Старэнне для жанчыны – гэта не толькі змена знешняга выгляду. Адбываюцца значныя перабудовы ў арганізме, звязаныя са змяненнем гарманальнага фону, і, на думку многіх, надыходзіць зусім іншае жыццё. Гэта і прылівы жару ў самы непадыходзячы момант, і зніжэнне актыўнасці мозгу, і памяншэнне фізічнай сілы ды прывабнасці, нервовыя зрывы, незразумелы стан і новыя хваробы.
І калі са знешнімі ўзроставымі зменамі можна альбо змірыцца, альбо паспрабаваць схаваць іх з дапамогай касметычных сродкаў, дык унутраныя праблемы выклікаюць думкі пра зусім іншую якасць жыцця. Існуе меркаванне, што менапаўза – гэта заканчэнне жаноцкасці і пачатак старасці, гэта значыць – час стратаў. Гэта заўсёды палохае, і здаецца, што наперадзе больш нічога няма.
Гэта самая вялікая памылковая думка, сцвярджае галоўны пазаштатны герантолаг Міністэрства аховы здароўя, кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Людміла Жылевіч. На яе думку, постменапаўза – гэта толькі новы этап у жыцці жанчыны. І ад таго, як яна да гэтага ставіцца, шмат у чым залежыць яе эмацыянальны стан і самаадчуванне. Свой погляд на праблему эксперт прадставіла на Міжнароднай відэаканферэнцыі «Эндакрынныя аспекты рэпрадуктыўнага здароўя», якая прайшла ў снежні 2020 года.
Прыкладна праз год пасля менапаўзы надыходзіць перыяд постменапаўзы, які працягваецца да 65-70 гадоў альбо да заканчэння жыцця. Разам з тым, для здароўя жанчыны важныя не толькі яе сімптомы, але і аддаленыя наступствы ўздзеяння працяглай гарманальнай недастатковасці, у прыватнасці гіпаэстрагеніі (зніжэнне ўзроўню эстрагенаў), на розныя органы і сістэмы яе арганізма. Часцей за ўсё гэтыя парушэнні выяўляюцца ў выглядзе захворванняў сардэчна-сасудзістай і касцяной сістэмаў, якія з'яўляюцца вынікам гарманальнай перабудовы і непазбежных працэсаў старэння.
Паводле слоў Людмілы Жылевіч, лічыцца, што на ўзрост уступлення ў менапаўзу аказваюць уплыў як спадчынныя (узрост клімаксу маці, бабулі, цёткі), так і набытыя фактары.
⚡️ Што яшчэ карысна ведаць:
Клімакс: як падняцца ўверх па лесвіцы, што вядзе ўніз
Менапаўзальны пераход. Сімптомы і тэрапія. Погляд эндакрынолага
Немалаважнае значэнне мае ў гэты перыяд і «надвор'е ў доме» – стаўленне мужа да жонкі, яго падтрымка, дадае спецыяліст. Калі жанчына адчувае паталагічны ўплыў гармонаў, у яе адбываецца перабудова ўсяго арганізма, гэта не можа не адбіцца на яе эмацыянальным самаадчуванні (раздражняльнасць, перапады настрою). І ў гэты перыяд ёй як ніколі патрэбная падтрымка сям'і. Калі яна ёсць, дык постменапаўза набывае нармальны фізіялагічны характар, падкрэсліла Людміла Жылевіч.
Акрамя сацыяльных фактараў, на тое, як будзе працякаць постменапаўза, вялікі ўплыў аказвае той лад жыцця, які вяла жанчына ў мінулым. Так, вялікі індэкс масы цела, метабалічны сіндром, нерэгулярная фізічная нагрузка, курэнне больш за 10 цыгарэтаў у дзень будуць спрыяць паталагічнаму цячэнню менапаўзы. Да таго ж, да яе праяваў можа далучыцца велізарная колькасць «заробленых» на працягу жыцця саматычных захворванняў.
Практычна 45% жанчын ва ўзросце 60+ застаюцца адзінокімі. Гэта таксама фактар, які спрыяе постменапаўзальнаму паталагічнаму перыяду. Тым не менш, жыццёвыя каштоўнасці беларусак пазітыўныя. Прыкладна 85% з іх у першую чаргу думаюць пра здароўе, сям'ю і дзяцей. Аднак, добрым сваё самаадчуванне лічыць толькі невялікі працэнт беларусак.
З цягам часу з'яўляюцца змены ў арганізме, якія характэрныя толькі для сталага веку, – так званыя герыятрычныя сіндромы (усяго іх апісана 85):
Сімптомы клімаксу могуць хавацца пад маскай розных захворванняў (напрыклад, дэпрэсіўныя расстройствы, нервовасць, бяссонніца, раздражняльнасць і пагаршэнне памяці). І вялікай памылкай з'яўляецца меркаванне, што гэты перыяд трэба проста перажыць. У нас няма культуры звароту жанчын з гэтай нагоды да медыцынскіх спецыялістаў, лічыць Людміла Жылевіч.
Ніхто не задумваецца пра тое, што праявы менапаўзальнага перыяду можна скарэктаваць і тым самым пазбегнуць паталагічнага клімаксу ды тых захворванняў, якія ім правакуюцца. А гэта – сардэчна-сасудзістыя паталогіі, захворванні касцёва-мышачнай, эндакрыннай сістэмаў і многія іншыя.
Прытрымлівацца здаровай дыеты. Падчас менапаўзы рацыён павінен утрымліваць разнастайныя садавіну, гародніну, зерневыя. Тлустую, вострую, салёную ежу лепей выключыць. Акрамя таго, варта паменшыць спажыванне мяса, каўбасаў, вэнджаніны.
Прымаць дадатковыя вітамінныя комплексы можна толькі пасля кансультацыі ўрача, ён дапаможа падабраць правільную дазіроўку. Адмоўцеся ад шкодных звычак. Выконвайце пітны рэжым: каля 1,5-2 літраў вады ў дзень. Вада папаўняе страту вадкасці пры празмернай патлівасці падчас прыліваў і спрыяе памяншэнню іх частаты.
Абавязкова займайцеся фізічнымі практыкаваннямі (хаця б 30 хвілін у дзень). Гэта станоўча ўплывае на самаадчуванне падчас менапаўзы і з'яўляецца прафілактыкай астэапарозу. Шпацыруйце, хадзіце па лесвіцы, нават калі ёсць ліфт. Галоўнае, каб вам гэта прыносіла задавальненне!
Вопратку лепей насіць з натуральных тканінаў (бавоўна, віскоза, лён). Сінтэтыка дрэнна вентылюецца, парушае цеплааддачу, што можа стаць прычынай перагрэву і справакаваць больш частыя прыступы прыліваў. Акрамя таго, адзенне з сінтэтыкі горш паглынае вільгаць і паскарае з'яўленне непрыемнага паху поту.
Змяніце свой звычайны графік жыцця, не спрабуйце паспець усё і адразу, чаргуйце працу з адпачынкам, турбуйцеся пра сваё здароўе. Вялікае значэнне мае добры начны сон, ён зніжае ўзровень стрэсу і яго негатыўнае ўздзеянне на арганізм. Навучыцеся правільна расслабляцца, напрыклад, можна асвоіць ёгу альбо тэхнікі медытацыі.
Загружайце свой мозг новымі перспектывамі і жаданнямі. Наш мозг – гультай, калі яго не трэніраваць, ён пастараецца паменшыць энергетычныя затраты і створыць устойлівыя шаблоны паводзінаў, з якіх будзе цяжка выбрацца. Больш вандруйце, чытайце, вывучайце невядомыя мясціны і знаёмцеся з новымі людзьмі, адмоўцеся ад звыклых маршрутаў альбо стэрэатыпаў. Абавязкова стасуйцеся, не замыкайцеся ў сабе, раіць Людміла Жылевіч.
Навучыцеся самакантролю стану здароўя. Адзначце асноўныя параметры індэкса масы цела, аб'ёму таліі, узровень халестэрыну, артэрыяльнага ціску, глюкозы крыві і іншыя важныя паказчыкі і параўнайце іх з нормай. У выпадку адхіленняў парайцеся з урачом. Важна ўважліва аглядаць сваю скуру, звяртаць увагу на стан малочнай залозы, крывяністыя выдзяленні і іншыя змены ў працы свайго арганізма.
Новы этап жыцця патрабуе ад вас і новых падыходаў, і больш часу для сябе!
⚡️ Чытайце таксама:
Клімакс стройнасці не перашкода
Менапаўза – рызыка сардэчна-сасудзiстых катастрофаў? Меркаванне эксперта
«Больш не патрэбны». Чатыры міфы пра сэкс у перыяд менапаўзы
А ў гэтую нядзелю зноўку некалькі святаў разам сабраліся. Мабыць, каб зрабіць наш дзень больш цікавым і разнастайным. Напрыклад, кожны пры жаданні можа адсвяткаваць Дзень малявання сонца на снезе. Бо для гэтага, уласна кажучы, не трэба фарбаў, алоўкаў ды пэнзляў. Толькі снег. Ну, і галінку якую для зручнасці! 🙂
Калі ў вас ёсць знаёмыя вучоныя, даследчыкі, дык павіншуйце іх з Днём беларускай навукі, які традыцыйна адзначаецца ў апошнюю нядзелю студзеня. Сёння ж можна праводзіць і адмысловыя абрады, каб абараніцца ад нячыстай сілы, – Апанас Ламанос! Калі вы аматар(-ка) шакаладу як напою, самы час яго прыгатаваць, адсвяткаваўшы Дзень гарачага шакаладу.
А каб быў час усім гэтым заняцца, варта адзначыць... Міжнародны дзень без інтэрнэту! Толькі дачытайце да заканчэння – і гайда на кухню ці на вуліцу! 🙂
А пачну я больш падрабязна разважаць пра згаданае не з пачатку, а якраз-такі з «хваста»!
Думаю, практычна кожны за невялікім выключэннем у свой час прайшоў праз інтэрнэт-залежнасць. Быў такі перыяд і ў мяне. Якраз калі набыла ўласны камп’ютар ды зарэгістравалася ў адной папулярнай сацыяльнай сетцы. Ой, даўно…
Стасункі з даўнімі сябрамі, знаёмымі ды аднакласнікамі, часта адшуканымі сапраўды на краі свету! Як тады дзівілася мая мамачка, што я стасуюся ў рэальным часе з яе колішнім вучнем, які зараз знаходзіцца ў Амерыцы! Гэта вам не па тэлефоне паразмаўляць за шалёныя грошы і не папяровымі лістамі абменьвацца, якія месяцамі ідуць. Раз! – пытанне. Два! – адказ. Бывае, практычна імгненна, калі чалавек знаходзіцца ў сеціве.
Цікавыя знаёмствы, флірт… Куды ж без гэтага?! Ды ўсё такое новае і незвычайнае… Раніцай устаеш з ложка – і адразу ж кідаешся да камп’ютара, каб паглядзець, што табе напісалі, якія віртуальныя падарункі даслалі…
А шматлікія стасункі, калі маеш вялікую хутасць набору?! Я магла адначасова перапісвацца з 7 чалавекамі, а кожны думаў, што толькі з ім, бо паўзаў практычна не мелася! 🙂
Эх, быў час… Па шчырасці, сумую. Даўно ўжо згубілася тая навізна. І калі зараз з дапамогай усюдыісных месэнджараў можна ў любы момант зрабіць бясплатны відэазванок «на край свету»…
Зрэшты, усвядоміўшы ў той час сваю інтэрнэт-залежнасць, справілася з ёю даволі хутка. Галоўнае – зразумець і прызнаць, што яна маецца, не падманваючы саміх сябе. А для чалавека, які ўмее думаць галавой, ніякіх перашкодаў няма, я лічу. 🙂 Так што дзень без сеціва? Ды лёгка! Можна нават не адзін. Калі б не праца ў тым самым сеціве…
Што тычыцца гарачага шакаладу, па шчырасці, хацелася б пакаштаваць яго дзесьці ў кавярні. Бо шмат чытала пра тое, які ён смачны, асабліва за межамі. А так… Даводзілася задавольвацца прыгатаваннем яго з пакеціка. Ну што тут сказаць... А не кожны гатунак падабаўся! Вось са стэвіяй – так, цудоўна заходзіла. А некаторыя нагадвалі мне па смаку какаву, якую я не пераношу з дзяцінства… Па важкай прычыне. 🙂
А вы любіце гарачы шакалад? Гатуеце яго сабе?
А ці чулі такое: «Хавай нос у Апанасаўскі мароз», «Прыйшоў Апанас Ламанос – хавай шчокі ды нос»?! Дык гэта якраз пра сёння. Звычайна раней у апошнія дні студзеня надараліся вялікія маразы, што і адзначылі ў народнай мудрасці нашыя продкі. У гэты дзень раілі праводзіць спецыяльныя абрады, каб абараніцца ад нячыстай сілы, а не раілі – рабіць хірургічныя аперацыі, узбуджаць судовыя іскі, пераязджаць, сварыцца.
Асабіста знаёмая я і з некаторымі даследчыкамі ды вучонымі. Падчас журналісцкай працы неаднойчы даводзілася пісаць як пра цікавых асобаў, так і пра сам Дзень беларускай навукі. Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца…
Думаю, што ў дзяцінстве кожны з нас любіў штосьці прыдумляць, а можа, нават марыў пра навуковыя адкрыцці сусветнага маштабу. Вынайсці калі не вечны рухавік, дык хаця б… кола! J А хтосьці да гэтага часу майструе разнастайныя прылады, патрэбныя ў побыце, штораз вынаходзячы няхай сабе і не дужа маштабнае, але ўсё ж значнае, бо новае…
Ну і нарэшце – пра самае прыемнае! Так, Дзень малявання сонца на снезе. Усё люблю: і снег, і сонейка, і маляванне! А вы?! Дык няхай сёння снежныя прасторы ў межах горада, вёскі, поля і г.д. напоўняцца малюнкамі сонейка. Бо без яго мы, вядома ж, не змаглі б жыць. Без яго не мелі б здароўя. А як мы чакаем, калі яно вызірне менавіта ў пахмурныя дні, у дні зімовыя!
Магчыма, сваімі малюнкамі мы ўсё ж прымусім яго зрабіць гэта ў самы найбліжэйшы час? Няхай палюбуецца на свае шматлікія адлюстраванні на снезе. Малюем сонейка, сябры! 🙂
Дыстрафія сятчаткі часта перадаецца ў спадчыну. Гэта небяспечная група захворванняў, якія могуць прывесці да слепаты нават тых, хто доўгі час добра бачыў. Калі ў блізкіх сваякоў былі істотныя праблемы са зрокам, пастаўцеся да гэтага сур'ёзна: не спісвайце ўсё на ўзрост, магчыма, гэта генетычныя захворванні. І тады вы ў зоне рызыкі. Лепей своечасова праверыцца – гэта адтэрмінуе цяжкія наступствы.
Уладзімір Лешчанка большую частку кар'еры прапрацаваў на кіруючых пасадах – быў начальнікам вытворчасці на буйных прадпрыемствах Мінска. Але ў 55 гадоў яму нечакана давялося звольніцца і кардынальна памяняць род дзейнасці – сёння ён збірае разеткі.
Прычына жыццёвага павароту – прыроджаная дыстрафія сятчаткі. Ад гэтага захворвання аслепла яго мама. Сын неаднаразова вазіў яе па ўрачах. Але не ведаў, што хвароба перадаецца ў спадчыну. І зараз вельмі шкадуе, што сам своечасова не звярнуўся па дапамогу, каб спыніць рэзкае падзенне зроку.
Гэтае захворванне моцна змяняе жыццё. Чалавек можа быць у выдатнай фізічнай форме, але пры гэтым за непрацяглы час стаць інвалідам 1-й групы па зроку.
– Да 40-42 гадоў зрок у мяне быў – як у сокала, – распавядае Уладзімір Міхайлавіч. – А потым пачалося пагаршэнне. Спачатку былі адчуванні, што штосьці не тое з вачыма. Чытаю – быццам бы ўсё бачу, рэзкасць добрая, а ўдалячынь зірнеш – штосьці не так. Праз гады тры я нарэшце прайшоў абследаванне ў медцэнтры. Урачы сказалі, што ў мяне прыроджаная дыстрафія сятчаткі, якую я набыў яшчэ ва ўлонні маці. Я тады спытаўся: «Што ж рабіць? Можа, абмежаваць шкодныя звычкі?» У адказ пачуў: «Наўрад ці гэта ўжо дапаможа». Працягваў працаваць, пакуль мог. Але тры гады таму давялося звольніцца, бо ўжо дрэнна бачыў. Мне паставілі трэцюю групу інваліднасці, праз год другую, яшчэ праз год – першую. Як сышоў з працы, пастарэў, напэўна, на 15 гадоў. Было вельмі цяжка.
– Я не бачу вашага твару, толькі контуры, – тлумачыць Уладзімір Міхайлавіч (хаця я сяджу за паўметра ад яго, насупраць. – Г.К.). – На руцэ адзін палец бачу, а суседні ўжо не. Калі гляджу на будынак, бачу толькі акно і ўсё, як у бінокль, – няма аб'ёмнага зроку. Кнігу чытаю – не бачу наступнага слова, здаецца, што сказ скончыўся. Калі выязджаем у вёску, радоў на градках не адрозніваю. Раней я не мог зразумець маму, якая не бачыла пратаптанай у снезе сцежкі – вось жа яна, акурат пад нагамі! А цяпер я яе добра разумею.
Ва Уладзіміра Лешчанкі дзве ўлюбёнасці: машыны і спорт. Але з-за захворвання ад іх давялося адмовіцца.
– Я гуляў у футбол, хакей, гандбол, не прапускаў ніводнага матча мінскага «Дынама». А зараз не магу ні гуляць, ні глядзець. Да прыкладу, ідзе футбол па тэлевізары. Я не магу прасачыць, куды мяч ляціць пасля пасу. Пакуль знойдзеш мяч на экране, увесь змучаешся. Хакей наогул не магу глядзець, бо там шайба лётае з яшчэ большай хуткасцю. Тэхніку, машыны, ваджэнне люблю з дзяцінства. Памятаю, са школы ўцякаў, каб у полі на трактары пакатацца (бацька быў трактарыстам). Але з-за хваробы машыну больш вадзіць не магу. За рулём не знаходзіўся ўжо 4 гады...
Калі Уладзіміру Лешчанку далі другую групу інваліднасці, ён адразу ж уладкаваўся на прадпрыемства «Святлопрыбор», дзе сёння збірае разеткі. Гэтая праца адрозніваецца ад папярэдніх. Але кантраст не бянтэжыць, бо праца адцягвае ўвагу:
– Умыўся, сабраўся, паехаў на працу, вярнуўся – ужо час патрачаны, і жыць весялей. Хочацца быць занятым.
Вядома, трэба ставіцца да такіх рэчаў па-філасофску, не страчваць прысутнасці духу. Але гэта складана, прызнаецца пацыент.
– Для мяне зусім аслепнуць – гэта самае страшнае. Гатовы быў бы, напэўна, ногі аддаць, каб толькі бачыць. У тых, хто нарадзіўся без зроку, хутчэй за ўсё, іншыя адчуванні. Я глядзеў перадачу, як цалкам сляпыя людзі нарадзілі дзіця, самастойна яго купаюць, спавіваюць, кормяць! Для мяне гэта дзіўна. Калі раней меў добры зрок і раптам слепнеш – гэта ў літаральным і пераносным сэнсе канец свету. Цяпер прашу Бога, каб засталося хаця б тое, што ёсць.
Уладзімір Лешчанка два разы на год ходзіць на ўколы, прымае медыкаменты. Гэта не паляпшае зрок, але, як кажуць медыкі, запавольвае паталагічны працэс.
Ці можна прадухіліць развіццё прыроджанай дыстрафіі сятчаткі, калі своечасова абследавацца? Што памяняць у ладзе жыцця для прафілактыкі гэтай спадчыннай паталогіі?
Каментар Вікторыі Красільнікавай, прафесара кафедры афтальмалогіі БелМАПА, доктара мед.навук:
– Дыстрафiя сятчаткі – гэта агульны дыягназ для вялікай групы захворванняў, якія могуць быць прыроджанымі і набытымі. Класіфікацыя прыроджаных дыстрафій даволі шырокая – у залежнасці ад таго, якая структура ў сятчатцы пашкоджаная. Адна з распаўсюджаных формаў з найбольш цяжкімі наступствамі – пігментная дыстрафія сятчаткі. Каварнасць захворвання ў тым, што яно не праяўляецца з моманту нараджэння, а пачынае маніфеставаць у 7-10-гадовым узросце з малаважных пагаршэнняў (спачатку пакутуюць перыферычныя, затым цэнтральныя аддзелы). Станоўчы момант захворвання ў тым, што яно развіваецца на працягу дзясяткаў гадоў, адмоўны – практычна заўсёды заканчваецца стратай зрокавых функцый, ажно да поўнай слепаты. Яшчэ адзін распаўсюджаны тып – дыстрафія Штаргардта з лакалізацыяй у макулярнай зоне сятчаткі, у выніку якой таксама адбываецца моцнае зніжэнне вастрыні зроку. Яркія клінічныя праявы гэтай дыстрафіі могуць пачынацца ў 7-14-гадовым узросце.
Некаторыя пацыенты могуць заўважыць змены нашмат пазней, напрыклад, у 40 гадоў. Але, хутчэй за ўсё, паталагічны працэс пачаўся нашмат раней, проста толькі ў 40 гадоў чалавек паспеў пайсці да афтальмолага і прайсці паглыбленае абследаванне, бо, мабыць, перастаў з чымсьці спраўляцца. На жаль, практыка паказвае, што пакуль чалавек больш-менш спраўляецца з працай і самаабслугоўваннем, ён адцягвае візіт да ўрача. А пры гэтай групе захворванняў час звароту прынцыповы.
Таксама важна ведаць сямейны анамнэз. Калі, да прыкладу, у прабабулі быў дрэнны зрок, верагоднасць з'яўлення гэтай жа праблемы праз пакаленне вялікая. Такая інфармацыя палегчыць працу і спецыялістам. Калі афтальмолаг ведае, што ў дарослых у сям'і ўжо ёсць спадчынныя вочныя захворванні сятчаткі, ён павінен паставіць дзіця пад дыспансерны нагляд і часцей яго абследаваць.
Гэта дазволіць выявіць захворванне на ранніх стадыях, своечасова пачаць курс дэдыстрафічнай тэрапіі, што можа значна адцягнуць цяжкія наступствы. Сёння таксама існуюць генетычныя даследаванні, якія дазваляюць даведацца пра перспектывы развіцця дыстрафіі сятчаткі ў канкрэтнага дзіцяці, выявіць захворванне ў раннім перыядзе.
Бо пры першасных наведваннях педыятра з паўгадовым/аднагадовым дзіцем бацькі павінны сказаць ўрачу пра тое, што ў іх альбо бліжэйшых сваякоў была альбо маецца генетычная дыстрафія сятчаткі.
Другі важны крок – растлумачыць дзіцяці з групы рызыкі, што яно павінна сачыць за зрокам і распавядаць дарослым, калі штосьці не так. Гэта значыць, дзіця само павінна быць насцярожаным і ведаць пра першыя прыкметы зніжэння зрокавых функцый.
Для дэгенерацыі сятчаткі характэрнае паступовае развіццё, таму складана заўважыць пачатак хваробы. Калі працэс ідзе павольна, чалавек прывыкае і ўспрымае свет у пашкоджаным фармаце як норму. І часта бацькі гэта позна заўважаюць, калі, да прыкладу, на сумеснай прагулцы дзіця просіць іх прачытаць назву фільма на афішы, бо само не бачыць.
У кожнага віду дыстрафіі сятчаткі свае сімптомы: ад пагаршэння начнога зроку і зніжэння рэзкасці да з'яўлення ністагму (міжвольныя вагальныя рухі вачэй высокай частаты) альбо касавокасці. Некаторыя віды дыстрафіі ніяк сябе не выяўляюць і знаходзяцца толькі пры паглыбленым аглядзе вочнага дна.
Сёння, на жаль, няма актыўных і эфектыўных хірургічных і кансерватыўных метадаў лячэння прыроджаных дыстрафій сятчаткі, бо не да канца вывучаны і зразумелы патагенэз захворвання.
Таму на дадзены момант прафілактыка і лячэнне гэтай групы захворванняў грунтуецца на трох кітах:
Элементы ЗЛЖ:
Калі выконваць гэтыя рэкамендацыі, прагрэс развіцця захворвання можна стрымаць і расцягнуць у часе.
Эфектыўны і хуткі масаж для вачэй (карыснае відэа)
Пра набытыя захворванні сятчаткі, у прыватнасці, узроставую макуладыстрафію, чытайце тут і тут.
Відэа – Андрэй Васкрасенскі.
А ці любіце вы гарбуз так, як люблю яго я?! 🙂 Гэта ж колькі страў з яго можна прыгатаваць, смачных і карысных. А можа, і не зусім карысных, улічваючы пэўныя інгрэдыенты стравы, але ўсё роўна смачных. І гэта пераважае ўсё!
Таму распавяду я пра гарбуз, падораны мне яшчэ ўвосень. І пра любімы рэцэпт аладак з гарбуза, знойдзены некалькі гадоў таму ў сеціве. Ну дужа ўдалы! 🙂
Як не аднойчы распавядала ўжо, у мінулым дачным сезоне мы засталіся без ураджаю з-за страшэннага патопу даўжынёй у агульнай складанасці больш за месяц. А паколькі гэта быў год раптоўнай страты маёй горача любімай мамачкі… Дабіла, вядома ж…
На жаль, суседзі-дачнікі ўжо не тыя, не тыя… Раней, памятаю, калі ў кагосьці штосьці не ўзышло, не вырасла, мая мамачка адной з першых спяшалася на дапамогу. Падзеліцца расадай, гатовым ураджаем… А летась вакол нас толькі спачувальна цокалі языкамі, пазіраючы на возера на месцы ўчастка. Але нікому і ў галаву не прыйшло прапанаваць штосьці затым з вырашчанай гародніны.
І справа зусім не ў тым, што мы не маглі дазволіць сабе яе набыць. А ў тым, наколькі адрозніваецца вырашчанае на дачных участках па якасці ад набытага. Экалагічна чыстае, спрыяльна ўздзейнічае на арганізм… Эх!
І такія адносіны мы атрымалі ад усіх, апрача дачкі суседкі насупраць. Якая жыве ў іншым горадзе, таксама раптоўна страціла сваю маці, з якой мы стасаваліся шмат гадоў. А яна, наша суседка (светлая Вам памяць, Людміла Мікалаеўна!), заўсёды імкнулася нас пачаставаць. Першымі агуркамі-«кракадзіламі», памідорамі, экзотыкай…
Мне ж ад яе дачкі Ірыны дастаўся летась… гарбуз. Велізарны! Яго даставіў у хату муж Ірыны Аляксандр. Як ужо транспартавалі гарбузішча тата з братам, я не бачыла. Толькі вярнуўшыся аднойчы з працы з Мінска, застала гарбуз на ўласнай кухні. Дзе ён і… залёг.
Спачатку я хацела, каб ён выспеў. Тады – каб добра вылежаўся. Затым не вызвалялася месца ў лядоўні… Ну, вы зразумелі… Але вось днямі тата рашуча ўзяўся за нож.
Па шчырасці, думала, што давядзецца гарбуз рубіць сякерай! Але тата здолеў і нажом разрэзаць. Вось дзіва! І які ж прыемны па кватэры паплыў водар ад гарбуза! Такі свежы-свежы! І насенне не прарасло. Захаваўся як мае быць!
Калі ж тата, дастаўшы насенне, пачаў рэзаць гарбуз на кавалачкі, а я – развешваць на вагах у пакецікі па 400 грамаў, зрабілася зразумелым: столькі ў лядоўню ўсё роўна не ўлезе!
Прапанавала братавай жонцы. Яна ўзяла адзін пакецік. Старэйшая пляменніца, аказваецца, гарбуз не есць. Цяпер ідэя фікс – накарміць яе ўсё ж гарбузовымі аладкамі!
Яшчэ 4 пакецікі пайшло суседцы з чацвёртага паверха і яе дачцэ ў Мінск. Адзін пакінула на стале, каб напячы аладак адразу ж на абед… Свяжак! 🙂 У выніку ў лядоўню ўтрамбавалася 13 штук.
Ну, што ж, лічым жывую вагу гарбуза! 7 кілаграмаў 600 грамаў. Нічога так, праўда?! 🙂 Сапраўдны скарб узімку ў лядоўні! Дзякуючы пачастунку Ірыны і Аляксандра…
Мая мілая мамачка любіла гарбузы. Гатавала кашу з гарбузом і рознымі крупамі, запяканку, суп-пюрэ…
А калі ў мяне не атрымлівалася па часе, дык і аладкі па маім рэцэпце… Аладак ёй тады ўжо было нельга. Але калі гатавала я, яна абавязкова брала 1-2 штукі пакаштаваць і заўсёды мяне хваліла…
І вось абяцаны рэцэпт!
Інгрэдыенты:
Прыгатаванне:
Смачна есці!
Фота – Святлана Адамовіч.
Здавалася б, якая розніца, як прымаць таблеткі? Дзеючае рэчыва так ці інакш патрапіць унутр і акажа неабходны эфект. Між тым, розніца ўсё ж такі ёсць. У кожнай формы лекавых прэпаратаў (таблетак, спрэяў, суспензій, раствораў, парашкоў, мазяў, супазіторыяў і г.д.) свой спосаб увядзення. Але часам адна і тая ж форма можа быць уведзеная рознымі спосабамі. Напрыклад, таблеткі запіваюць, разжоўваюць альбо рассмоктваюць.
Чым адрозніваюцца таблеткі, чаму прынцыпова важна прымаць іх спосабам, названым у інструкцыі, і што будзе, калі яго ігнараваць? Спыталіся ва ўрача-клінічнага фармаколага Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Алега Кендзенкова.
Напэўна, кожны хаця б краем вуха чуў пра вялікае адкрыццё Аляксандра Флемінга, якое да гэтага часу ратуе мільёны жыццяў, – пеніцылін. Але першапачаткова праблема пеніцыліну была ў тым, што яго можна было ўводзіць толькі парэнтэральным спосабам. Пры пераральным выкарыстанні (праз рот) рэчыва разбуралася салянай кіслатой і рабілася бескарысным.
Такім чынам, каб выкарыстоўваць пеніцылін, патрэбны быў спецыяльна навучаны чалавек, які мог увесці прэпарат унутрывенна. Гэта накладала каласальныя абмежаванні на распаўсюджванне лекаў і іх прымяненне ў побыце. У свой час кампанія-вытворца лекавых прэпаратаў Sandoz здзейсніла каласальны прарыў у лекавых формах, прыдумаўшы пеніцылін менавіта ў таблетках, дзякуючы чаму ўжо не патрэбны быў медыцынскі работнік для лячэння кожнага інфекцыйнага хворага.
Сёння існуе мноства лекавых формаў, ужыванне якіх патрабуе строгага захавання метаду іх выкарыстання. Адрозненні ў спосабе прымянення абумоўленыя адрозненнем спосабаў дастаўкі дзеючага рэчыва ў арганізм, найбольш эфектыўных у дадзеным канкрэтным выпадку. Пры парэнтэральным спосабе лекі адразу трапляюць у кроў, і эфект выяўляецца ў разы хутчэй. Але дзеючае рэчыва можа таксама ўсмоктвацца ў кішэчніку, страўніку, праз слізістую ў роце і г.д.
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Зараз фармкампаніі спрабуюць палепшыць эфектыўнасць і павысіць бяспеку прэпаратаў, што вырабляюцца, прыдумляючы розныя абалонкі для таблетак і капсул. Ёсць, напрыклад, звычайныя абалонкі, якія раствараюцца пры судотыку з любой вадкасцю. Калі таблетку доўга патрымаць у роце, можна адчуць яе непрыемны смак. Большасць таблетак пакрытыя менавіта такімі абалонкамі. Яны простыя ў вытворчасці і служаць толькі для палягчэння праглынання і маскіроўкі непрыемнага смаку лекавага сродку. Таблеткі пачынаюць растварацца ўжо на шляху да страўніка, у страўніку канчаткова вызваляюцца ад абалонкі і па меры свайго прасоўвання ўсмоктваюцца.
Ёсць іншая разнавіднасць абалонак – кішэчнарастваральная. Яны раствараюцца толькі пры трапленні ў кішэчнік, пачынаючы з 12-перснай кішкі. Выкарыстанне такой абалонкі можа быць абумоўленае тым, што дзеючае рэчыва прэпарата не ўсмоктваецца ў страўніку, затое добра ўсмоктваецца з кішэчніка. Альбо ёсць мэта абараніць страўнік ад шкоднага ўздзеяння лекавага сродку.
Напрыклад, мноства людзей ва ўсім свеце п'е аспірын для прафілактыкі тромбаўтварэння. Як і любы прэпарат з групы нестэроідных супрацьзапаленчых сродкаў, аспірын валодае некалькімі механізмамі, якія пашкоджваюць страўнік, і адзін з іх – непасрэдны кантакт дзеючага рэчыва са слізістай страўніка. Каб ліквідаваць гэты механізм, некаторыя вытворцы пакрываюць аспірын кішэчнарастваральнай абалонкай, і лекі пачынаюць вызваляцца толькі пасля таго, як таблетка пакіне страўнік.
Існуюць таксама «хайтэкавыя» таблеткі з мадыфікаваным/пралангаваным вызваленнем, распавядае эксперт. Гэты эфект можа быць звязаны як з будовай абалонкі, так і з «носьбітам» дзеючага рэчыва ўнутры таблеткі.
Напрыклад, адным з паказанняў прэпарата ніфедыпін значыцца артэрыяльная гіпертэнзія. Плюсам лекаў з'яўляецца тое, што іх можна выкарыстоўваць для купіравання гіпертанічнага крызу, бо ўсмоктваецца ён даволі хутка і эфект надыходзіць таксама хутка. Аднак менавіта з-за гэтага яго не выкарыстоўваюць як асноўны прэпарат для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі: дзейнічае хутка, выклікае шэраг пабочных эфектаў, звязаных з рэзкім зніжэннем ціску, эфект працягваецца нядоўга.
Некаторыя фармкампаніі вырашылі гэтыя праблемы, стварыўшы ніфедыпін з мадыфікаваным вызваленнем. Колькасць дзеючага рэчыва ў таблетцы перавышае ўтрыманне ў старых формах, але яно паступова вызваляецца на працягу сутак і не мае такога негатыўнага эфекту. Таму сучасны прэпарат зараз шырока выкарыстоўваецца менавіта для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі. Але ёсць выпадкі, калі для палягчэння праглынання пацыенты раскусвалі таблеткі з мадыфікаваным вызваленнем. Гэта прыводзіла да таго, што ў кроў адразу трапляла вялікая колькасць дзеючага рэчыва і чалавек з-за рэзкага падзення ціску губляў прытомнасць альбо падаў, напрыклад, пры спробе ўстаць з ложка.
З мадыфікаваным вызваленнем ёсць і антыбіётыкі. У прыватнасці, да такіх адносіцца кларытраміцын. Хто прымаў яго хаця б раз, памятае пра гэта ўсё жыццё, бо праз 15-20 хвілін пасля прыёму таблеткі ў роце з'яўляецца адчуванне горычы, можа разбалецца жывот, узнікае праблема з пачашчаным стулам. Прымаць антыбіётык трэба мінімум 5 дзён, двойчы на дзень. Калі ж прымаць кларытраміцын з пралангаваным эфектам, дык піць трэба ўсяго адну таблетку ў дзень. Пры гэтым пабочныя эфекты ў выглядзе горычы і праблемаў са стулам практычна адсутнічаюць. Аднак, калі парушыць цэласнасць абалонкі (напрыклад, разламаць таблетку, каб прасцей было яе праглынуць), гэта прывядзе да таго, што пабочныя эфекты ўзмоцняцца, а лекавы, наадварот, аслабне.
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Ёсць лекавыя формы, якія лепей за ўсё дзейнічаюць пры рассмоктванні. Па-першае, гэта могуць быць прэпараты з мясцовым эфектам, напрыклад, пасцілкі «ад болю ў горле», у састаў якіх уваходзіць мясцовы анестэтык, які зніжае боль, і антысептык, які забівае хваробатворныя бактэрыі. Калі такую пасцілку проста праглынуць, не рассмактаўшы, дык эфект будзе нулявы. Таксама ў ротавай поласці, у прыватнасці, пад языком, праходзіць вельмі шмат сасудаў, якія патрэбныя для харчавання слінных залозаў. І адпаведна ўсё тое, што можа ўсмактацца ў кроў праз слізістую, лепей за ўсё ўсмоктваецца менавіта ў тых месцах, дзе слізістая забяспечваецца крывёй больш актыўна. Менавіта таму прэпаратам №1 для неадкладнай дапамогі пры падазрэнні на востры інфаркт міякарда з'яўляецца нітрагліцэрын. Праз слізістую рота ён усмоктваецца вельмі хутка, і эфект пачынаецца практычна з моманту траплення таблеткі пад язык. Тое ж самае тычыцца, напрыклад, і каптапрылу, які выкарыстоўваюць пры гіпертанічным крызе, калі трэба хутка знізіць ціск у хатніх умовах. Калі гэтыя таблеткі праглынуць, дык, у адрозненне ад прэпаратаў з мясцовым эфектам, лекавы эфект усё ж надыдзе, але не так хутка, як гэта неабходна.
Разам з тым, няправільна думаць, што, рассмактаўшы любую таблетку, можна паскорыць тэрапеўтычны эфект. Наадварот, ёсць прэпараты, якія непажадана ці нават катэгарычна нельга рассмоктваць. Да такіх, напрыклад, адносяцца лекавыя сродкі для купіравання алергічнай рэакцыі, напрыклад, крапіўніцы. Супрацьалергічныя прэпараты першага пакалення валодаюць мясцова-анестэзуючым эфектам, таму іх не рассмоктваюць, а праглынаюць, запіваючы вялікай колькасцю вады. У адваротным выпадку, можна забяспечыць сабе на некалькі гадзін эфект «замарозкі» (пачуццё здранцвення ў роце). У інструкцыях да некаторых антыгістамінных прэпаратаў канкрэтна напісана – не разжоўваць.
Што тычыцца жавальных таблетак, дык яны, як правіла, прызначаныя для людзей, у якіх ёсць праблемы з глытаннем, і толькі ў больш рэдкіх выпадках дзеючае рэчыва пры разжоўванні лепей усмоктваецца. Але тут таксама трэба быць асцярожным, уважліва чытаць інструкцыю, слухаць урача і пры неабходнасці задаваць пытанні.
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Напрыклад, антыбактэрыяльныя прэпараты ў аднолькавай дазіроўцы і нават ад аднаго вытворцы могуць быць у выглядзе звычайных таблетак, якія людзям цяжка глытаць, але ламаць іх непажадана. А могуць быць у выглядзе растваральных таблетак. Іх можна растварыць у вадзе, разламаць ці нават разжаваць і запіць. То бок, у жавальных таблетак ёсць бясспрэчная перавага: нават калі на ўпакоўцы напісана «жавальныя таблеткі», гэта не значыць, што іх абавязкова трэба жаваць. Іх можна піць як звычайныя лекі. Таму калі ў вас праблемы з глытаннем, пры прызначэнні лекаў папярэдзьце ўрача пра гэта. Магчыма, тое, што здавалася праблемай, і не праблема зусім.
Пераважную большасць лекаў трэба запіваць вадой, калі іншае не прапісана ў інструкцыі альбо пра асаблівасці прыёму ўрач не папярэдзіў загадзя. Вада – нейтральны кампанент у адносінах да рэчываў, якія ўваходзяць у састаў лекавых прэпаратаў.
Сокі, мінеральная вада, чай, кава і алкаголь могуць так ці інакш узаемадзейнічаць з лекавым сродкам, аслабляючы альбо ўзмацняючы яго эфект (падрабязней пра ўзаемадзеянне лекаў і алкаголю можна прачытаць у гэтым артыкуле).
Алег Кендзенкоў, урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска:
– Нават адны і тыя ж, на першы погляд, лекі могуць па-рознаму ўзаемадзейнічаць з вадкасцю, якой мы запіваем іх. Напрыклад, прэпараты двухвалентнага жалеза, якія прызначаюць для лячэння жалезадэфіцытнай анеміі, лепей засвойваюцца пры запіванні чымсьці кісленькім, і горш засвойваюцца, калі запіваць іх чаем ці мінералкай. Калі ж жалеза трохвалентнае ў полімальтозным комплексе, дык няма ніякай розніцы, чым менавіта яго запіваць. Але пацыент не абавязаны ведаць усе тонкасці пра валентнасць жалеза, нерастваральныя солі ды іншае. Таму прасцей і бяспечней запіць таблетку вадой.
Прыгадаў доктар і выпадак, які быў у яго практыцы некалькі гадоў таму. На прыём прыйшла пацыентка, якая хварэла на цыстыт і для палягчэння пакутаў піла хатні журавінавы морс. У той жа час у жанчыны быў устаноўлены штучны клапан сэрца, і яна ўвесь час прымала варфарын.
На фоне адначасовага прыёму лекаў і ўжывання журавінавага морсу ў жанчыны развіўся ўнутраны крывацёк. На шчасце, пацыентку ўдалося выратаваць, яна паправілася. Гэтая гісторыя паказальная тым, што ў інструкцыі да варфарыну прапісана: журавінавы сок узмацняе дзеянне прэпарата і павялічвае рызыку крывацёкаў, таму варта строга абмежаваць яго ўжыванне альбо адмовіцца зусім.
Асаблівая перасцярога з нагоды запівання лекаў сокамі. Напэўна, шмат хто ведае пра тое, што лекавыя прэпараты катэгарычна нельга запіваць грейпфрутавым сокам. А ведаеце, чаму? Па-першае, грэйпфрутавы сок шматкроць паскарае ўсмоктванне лекаў, тлумачыць Алег Кендзенкоў. Калі ў выпадку з антыбіётыкам гэта і не адыграе асаблівай ролі, дык для чалавека, які прымае транквілізатары, такое спалучэнне можа стаць літаральна «страшэнным»: ад рэзкага зніжэння ціску магчымая нават страта прытомнасці.
Па-другое, грэйпфрутавы сок цесна звязаны з ферментатыўнай сістэмай печані і можа зводзіць на нішто дзеянне такіх жыццёва важных прэпаратаў, як сардэчныя гліказіды, якія дапамагаюць аслабленаму сэрцу біцца.
А вось запіваць лекі чаем, кавай і газіроўкай нельга таму, што танін, які ў іх змяшчаецца, мае ўласцівасць «звязваць» дзеючыя рэчывы, перашкаджаючы іх усмоктванню. Па той жа прычыне не варта запіваць таблеткі малаком.
Насамрэч няма неабходнасці запамінаць, якія лекі чым запіваць не варта. Прасцей прытрымлівацца базавых правілаў па прыёме лекаў. Іх усяго два:
З надыходам менапаўзы ў жанчын значна ўзрастае рызыка кардыяваскулярнай паталогіі. Змены, якія адбываюцца ў арганізме ў гэты перыяд, робяцца прычынай развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі, павышэння ўзроўню «дрэннага» халестэрыну і, як следства, гіперліпідэміі, а таксама парушэнняў вугляводнага абмену і развіцця цукровага дыябету 2-га тыпу. Усё гэта асобна і ў сукупнасці прыводзіць да сардэчна-сасудзістых захворванняў і іх ускладненняў.
Што ж уплывае на верагоднасць развіцця кардыяваскулярных паталогій у менапаўзальным перыядзе? Сваім пунктам гледжання падзяліўся на Міжнароднай відэаканферэнцыі «Эндакрынныя аспекты рэпрадуктыўнага здароўя», якая прайшла ў снежні 2020 года, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук, начальнік навукова-адукацыйнага цэнтра ЦКБ Расійскай акадэміі навук, дырэктар адукацыйнага цэнтра Paulmik GmbH (Германія, Берлін) Яўген Аверын. Мы сабралі самыя цікавыя факты.
Па словах эксперта, спецыялісты Амерыканскага таварыства сэрца і Амерыканскай асацыяцыі кардыёлагаў выдзяляюць чатыры асноўныя праблемы, з якімі сутыкаецца жанчына падчас менапаўзы і якія правакуюць развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў.
Па-першае, часта ў гэты перыяд жанчыны пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі. Прычым гэта можа быць альбо стан, які развіўся зноў, альбо значнае пагаршэнне таго, што было. Па-другое, парушэнне вугляводнага абмену і развіццё цукровага дыябету 2-га тыпу. Гіперліпідэмія (павышаны ўзровень ліпідаў і/альбо ліпапратэінаў) – трэцяя праблема, якая пачынае ярка праяўляцца і маніфеставаць менавіта ў гэтым перыядзе, чацвёртая – абумоўлены гэтымі фактарамі метабалічны сіндром.
Паводле даследаванняў Амерыканскага таварыства сэрца, якія былі апублікаваныя ў 2020 годзе, сярэдні ўзрост натуральнай менапаўзы ў жанчын – 50 гадоў. Натуральная менапаўза лічыцца заўчаснай, калі яна надыходзіць да 40 гадоў, і ранняй – калі надыходзіць ва ўзросце ад 40 да 45 гадоў.
Тыя ж палажэнні Амерыканскага таварыства сэрца кажуць, што вазаматорныя сімптомы менапаўзы (прылівы, патлівасць, перапады ціску, дрыжыкі, пачашчанае сэрцабіцце, парушэнні сну, слабасць, неспакой і г.д.) з'яўляюцца паказчыкам высокай рызыкі сардэчна-сасудзiстых захворванняў і развіцця субклінічнага атэрасклерозу (пачатковай схаванай формы хранічнага прагрэсуючага запаленчага захворвання артэрый, якое небяспечнае перш за ўсё адсутнасцю клінічных праяў).
Дарэчы, павышэнне ўзроўню ліпапратэідаў нізкай шчыльнасці, рызыка метабалічнага сіндрому і рэмадэлявання сасудаў (змена іх структуры і функцый) у сярэднім узросце больш абумоўленыя менапаўзай, чым старэннем. Павышэнне артэрыяльнага ціску, інсуліну і глюкозы ў большай ступені залежыць ад храналагічнага старэння.
Як распавёў Яўген Аверын, парушэнне сну падчас менапаўзы цесна звязанае з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзiстых захворванняў і пагаршэннем паказчыкаў стану сэрца і сасудаў у жанчын сярэдняга ўзросту. Даказана, што калі жанчына дрэнна спіць, дык павялічваецца колькасць ежы, якую яна спажывае, павялічваецца ўтрыманне цукру ў гэтай ежы, зніжаецца спажыванне ненасычаных тлушчаў. Гэта, у сваю чаргу, спрыяе парушэнню вугляводнага і ліпіднага абмену, прыводзіць да метабалічнага сіндрому, падкрэсліў спікер.
Цікавы факт. З дапамогай аптычнай кагерэнтнай тамаграфіі і ўнутрысасудзістага ультрагуку былі даследаваныя каранарныя артэрыі мужчын і жанчын у залежнасці ад таго, колькі яны спяць. Аказалася, што аптымальная працягласць сну – 6-7 гадзін.
Але ёсць і іншы бок. Калі разглядаць залежнасць рызыкі развіцця інфаркту міякарда ад працягласці сну, вучоныя высветлілі наступную заканамернасць: сон працягласцю меней за 6 гадзін павялічвае рызыку інфарктаў на 20%, звыш 9 гадзін – на 34%.
Павелічэнне цэнтральнага/вісцаральнага тлушчу і памяншэнне мышачнай масы больш выяўленае падчас менапаўзы. Прычым, павышанае цэнтральнае атлусценне звязанае з больш высокой рызыкай смерці нават сярод людзей з нармальным індэксам масы цела. У цэлым, вісцаральнае атлусценне – гэта наймагутнейшы негатыўны фактар, які павялічвае рызыку смерці, лічыць эксперт.
У Швецыі на працягу 4 гадоў сярод 23 тысяч чалавек, якія перанеслі інфаркт міякарда, даследавалі залежнасць паўторных выпадкаў сардэчна-сасудзiстых катастрофаў ад аб'ёму таліі. Аказалася, што чым большая талія ў мужчын, тым вышэйшыя гэтыя рызыкі. Калі талія ў жанчын складае 90-97 см, дык верагоднасць развіцця сардэчна-сасудзістай катастрофы ніжэйшая. Разам з тым, калі аб'ём таліі перавышае 98 см, дык такая рызыка значна ўзрастае.
Парушэнне вугляводнага абмену (павышаны ўзровень глюкозы ў крыві) таксама часта ўзнікае ў жанчын у перыяд менапаўзы. Прычым, як толькі надыходзіць менапаўза, гэты працэс рэзка паскараецца.
Нават калі яшчэ няма дыягназу «цукровы дыябет», але ўжо з'явіліся сімптомы парушэння вугляводнага абмену і спецыялісты ставяць пацыентцы «пераддыябет», рызыка ішэмічнай хваробы сэрца, інсульту павялічваецца ў разы. Пасля пастаноўкі дыягназу «цукровы дыябет» 2-га тыпу з-за сардэчна-сасудзістых катастрофаў жанчыны губляюць 13,9 года жыцця, мужчыны – 13,2 года.
Напрыклад, маларухомы лад жыцця цесна звязаны з павышанай рызыкай шпіталізацыі з нагоды сардэчнай недастатковасці ў жанчын у постменапаўзе.
Менапаўза – гэта перыяд значных змяненняў у некалькіх фактарах кардыяметабалічнай рызыкі (узровень ліпідаў, здароўе сасудаў, метабалічны сіндром, вісцаральнае атлусценне), адзначыў Яўген Аверын. І немалаважнае значэнне мае прафілактыка гэтых станаў (змяненне ладу жыцця, зніжэнне масы цела і фізічная актыўнасць) для жанчын на гэтым этапе іх жыцця для памяншэння верагоднасці ўзнікнення сардэчна-сасудзiстых захворванняў у будучым.
Дарэчы, як паказвае практыка, 90,3% асобаў з метабалічным сіндромам не выконваюць рэкамендацыі ўрачоў. Разам з тым, часам усе намаганні могуць быць неэфектыўнымі. І адна з прычынаў гэтага – нізкая ўпэўненасць жанчын, што ўсё атрымаецца. Таму, параіў доктар, варта часцей гаварыць прыгожай палове чалавецтва, што яе прадстаўніц любяць. І ўсё атрымаецца!
А ці чулі вы пра такі цуд?! А можа, нават бачылі на свае вочы? Знешне – ну бурак бураком. Толькі сцябліны ярка-чырвоныя, тоўстыя, гонкія і так нізка сядзяць у зямлі, што мімаволі думаеш: а як жа там караняплод той вырасце?! А караняплод у гэтым выпадку і не трэба. Бо ў мангольда спажываюць якраз-такі наземную частку. І гэта, так бы мовіць, ліставы бурак.
Вы запытаецеся: а чаго гэта я ўзімку пра мангольд прыгадала? Ну, па-першае, час назапашваць да вясны насенне, а то разбяруць! А па-другое… Только во апошнюю порцыю мангольда, якая ляжала ў лядоўні, прыгатавала як першую страву. Смачна! І карысна… Вось і вырашыла распавесці. Тым больш… А раптам і зараз дзесьці ён прадаецца? Гэта ж фактычна салата… А можа, яго варта вырошчаць на падваконні?! Але аб усім (як я люблю) – па парадку.
У мінулы дачны сезон, калі мы з-за страшэннага патопу засталіся без ураджаю, мімаволі прыглядалася, праходзячы міма ўчасткаў іншых: а ў каго што расце?! І вось на ўчастку ўрачоў (!) згледзела гэтую незвычайную расліну, якая сядзела непадалёк ад дарогі.
У гутарцы з уладальнікамі ўчастка тата высветліў, што бурак той – ліставы, з яго можна рабіць салату. А затым яму і ўручылі цэлы ахапак – пакаштаваць.
Адразу прызнаюся: нават такі прыгожы, але ж – бурак! – крышыць у салату не рызыкнула. Вырашыла выкарыстаць замест звычайнага бацвіння. І паколькі спраў было шмат, а вольнага часу не назіралася… Праз некалькі дзён я той ахапак прамыла пад струменем праточнай вады (па адной сцябліне), прасушыла і… парэзала на дробныя кавалачкі. А затым расклала на невялікія порцыі ды змясціла ў лядоўню.
Натуральна, што прыгатаваць вырашыла ўзімку. Дадала да капусты белакачаннай, зварыла першую страву з фрыкадэлькамі. Першую лыжку каштавала асцярожна. М-м-м-м-м, якая ж смаката! І не зусім бацвінне па смаку. Не магу ні з чым параўнаць. Проста арыгінальна і смачна. І нават крыху шкада, што запасы ўжо закончыліся…
А які прыемны мангольд навобмацак, калі яго дастаеш з лядоўні! Лёгкі, сухі, шамаціць… Рэлакс! 🙂 Раю ўсім… Між іншым, ён можа быць не толькі з чырвоным сцяблом, але і з белым, і нават… ледзь не ва ўсе колеры вясёлкі афарбаваным! Будзем даследаваць… 🙂
У ім ёсць вітаміны А, С, К, жалеза, кальцый, лёгказасваяльны бялок, фоліевая кіслата, клятчатка, антыаксіданты… А паколькі маецца яшчэ і біятын, значыць, рэгулярнае спажыванне мангольда паляпшае структуру валасоў, надае ім бляск. І на скуру таксама ўздзейнічае самым найлепшым чынам.
Але, як кажуць, мангольд спажывай – ды меру ведай!
Бо вялікая колькасць спажытага на карысць не пойдзе, хутчэй наадварот. А вось пахудзець з яго дапамогай можна, бо ён, апроч іншага, спрыяе добраму абмену рэчываў. Таксама цуда-гародніна паляпшае працаздольнасць мозгу і дапамагае падтрымліваць у норме зрок.
Ну і, вядома ж, з дапамогай мангольда можна падтрымаць імунітэт.
Як людзі дасведчаныя раяць яго спажываць у гэтым выпадку?
Дадаць да 250 грамаў расліны 2 зубкі часнаку і 1 ст.л. алею (мангольд і часнок здрабніць).
Кажуць, што ў прахалоднае надвор’е такая своеасаблівая салата – самае тое…
А сок мангольда выкарыстоўваюць як для ачышчэння крыві, так і… для яе спынення. Практычна як трыпутнік! Толькі варта змачыць у соку марлю і прыкласці да раны.
Што тычыцца супрацьпаказанняў для ўжывання ўнутр, дык гэта найперш гастрыт, жоўцекамянёвая хвароба, а таксама не раяць есці пры павышанай згусальнасці крыві, камянях у нырках, індывідуальнай непераноснасці.
Да сваёй радасці, прачытала, што ўзімку на падваконні мангольд таксама можна вырошчваць! І ў агародзе расліна да ўмоў непатрабавальная. Нават устойлівая да нізкай тэмпературы. Так што будзем з мангольдам! 🙂
З таго часу, як былі заснаваныя-прыдуманыя гэтыя святы, так шмат усяго змянілася… І сёння вельмі многія могуць сказаць: маўляў, святы – не нашыя. Ды хіба ў тым справа, чые яны?! Гэта адметныя дні, якія аб’ядноўваюць многіх і многіх. І хіба гэта дрэнна?! Павіншаваць знаёмую Таццяну ці Таццян з імянінамі, зрабіць падарунак, няхай сабе і віртуальны, у сацыяльнай сетцы, даслаць кветкі ў месэнджары… А ў каго ёсць такая магчымасць ды жаданне – у рэале… Складана?! Зусім не…
Цікавую інфармацыю таксама пабачыла. Толькі не ведаю, гэта жартам ці ўсур’ёз?! Маўляў, Таццянаў у Таццянін дзень асыпаюць не толькі падарункамі, але і… снегам! Сцеражыцеся, Таццяны! Снег за каўнер – гэта ух! 🙂
Сёння таксама варта павітаць знаёмых студэнтаў альбо прыгадаць сваё студэнцкае мінулае… Бо хто сказаў, што Дзень студэнтаў павінен адзначацца, як дзень народзінаў, – раз на год?! Для студэнтаў – чым больш, тым лепш! 🙂 Смешашкі смешачкамі, але штосьці ў гэтым ёсць… Зярнятка дабрыні, увага да іншага – дык абавязкова…
Пра гісторыю ўзнікнення Таццянінага дня ў розных яе варыяцыях, думаю, няма сэнсу ўзгадваць?! Давайце лепей звернемся бліжэй да народнага складніка. І найперш – да назіранняў за надвор’ем.
Нашыя продкі прыкмячалі: «Калі ў гэты дзень сонечна – рана прыляцяць птушкі ўвесну». Та-а-а-к, што нам на сёння абяцае прагноз надвор’я? Нуль-плюс 2, суцэльную воблачнасць ды туман. І зверху – аранжавы ўзровень! З-за туману. Але раптам сонца і выблісне?! А тады і засвеціць?! Назіраем!
Наступная прыкмета з даўніны: «Снегапад на Таццяну – дажджлівае лета». Што бачым мы ў прагнозе?! Доо-о-о-о-оождж!!! Ну, пацерпім. Не трэба нам дажджлівага лета. Але і засушліваму не ўзрадуемся. І калі ўжо прырода знойдзе сабе залатую сярэдзіну?!
«На Таццяну марозна ды ясна – да ўраджаю». Ну не выясніцца ў нас. Дык што ж – не вырошчаць нічога?! А мы прыкмету паа-а-а-адманем! 🙂 І ўраджай – вырасцім! Праўда?! Нам без ураджаю – ніяк. Мы прывыклі спажываць карыснае для здароўя, экалагічна чыстае, без усялякай хіміі…
А яшчэ па сённяшнім дні меркавалі, якое надвор’е будзе ў снежні. У сэнсе, якое 25 студзеня – такое і ў снежні. Не-не-не, мы так не дамаўляліся! Чаму такой прыкметай было не скарыстацца, калі мы мелі «мароз і сонца – дзень цудоўны»?! А зрэшты, вядома ж, пажывем – пабачым. Снежань – ён жа яшчэ не хутка…
Думаю, многія дзяўчаты і жанчыны былі б не супраць мець такі свой дзень, каб пра яго ведалі літаральна ўсе. Але ж… Хаця ёсць, ёсць у народных святкаваннях і іншыя жаночыя дні… Аксіння, Агата, Алена, Арына… Ды і мужчыны таксама не забытыя… Юр’я, Язэп, Мікола, Зміцер… Сочым за календаром і нашымі публікацыямі!
А вы былі студэнтам (студэнткай)?! Вучыліся на стацыянары, на вячэрнім ці завочным аддзяленнях?! На стацыянары яно, вядома ж, весялей… Але і іншыя формы навучання нічым не горшыя. Усё роўна ж – студэнты. Той, хто свядома паступаў, каб атрымаць веды, можа і самастойна іх здабываць.
Для кагосьці пара студэнцтва засталася ў мінулым. Хтосьці і зараз вучыцца. А хтосьці – толькі рыхтуецца стаць студэнтам… Справа патрэбная. Веды ж за плячыма не насіць…
А ў вас шмат знаёмых Таццянаў?! Я паспрабавала палічыць тых, хто ў рэале, тады дадала з трох сацыяльных сетак і месэнджара… На трэцім дзясятку збілася з ліку! 🙂 Спадзяюся, што нікога сёння не згублю, усіх павіншую.
Што тычыцца нашага калектыву… Напачатку Таццянаў было чатыры. Затым засталося дзве. Зараз стала тры… Я нікога не забылася?!
Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік» Таццяна Сівец, спецыяліст па пошукавым прасоўванні сайта Таццяна Марозава, фотакарэспандэнт Таццяна Сталярова… З імянінамі вас, шаноўныя! З Таццяніным днём! Няхай шчасціць!
З прыгожым святам усіх нашых чытачак, якіх завуць Таццяна! Асобна хачу павіншаваць адну са сваіх самых адданых – Таццяну Шчарбакову з Мінска. Танюш, дзякуй табе за заўсёдную цікавасць да «Думак услых», за адмысловыя каментары! Вельмі прыемна іх чытаць. Гэта так сагравае…
Здароўя ўсім нашым Таццянам, шчасця, кахання, дабрабыту! А яшчэ – пабольш падарункаў і кветак. І не толькі ў Таццянін дзень…
Шчытападобная залоза – орган эндакрыннай сістэмы, які адказвае за гарманальны баланс у нашым арганізме. Іх яна і прадукуе сама ў неабходнай колькасці. Калі шчытавідка здаровая, дык працуе яна без перапынку, але як толькі пачынае «барахліць» – гэта адчуваецца ва ўсім арганізме адразу. З-за гэтага са шчытападобнай залозай звязаная вялікая колькасць памылковых думак і здагадак. Журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі сабрала самыя папулярныя міфы пра шчытавідку.
І так, і не. Справа ў тым, што сімптомы захворванняў шчытападобнай залозы, звязаныя з парушэннем яе функцыі, даволі неспецыфічныя. Часам на некаторыя паталогіі могуць паказваць каля 30 скаргаў. Таму лічыцца, што калі ёсць тры і больш скаргаў з усяго комплексу сімптомаў, верагоднасць паталогіі шчытападобнай залозы вялікая, і гэта падстава яе абследаваць. Разам з тым, спісваць стомленасць альбо бяссонніцу толькі на збой у працы шчытападобнай залозы будзе няправільным. Напрыклад, пачуццё стомленасці і адсутнасці сіл можа паказваць на цукровы дыябет, наяўнасць сардэчнай недастатковасці, арытміі, хваробы печані і анемію.
Насамрэч не. Для таго, каб высветліць, ці ёсць парушэнні ў працы шчытавідкі, досыць здаць аналізы на тырэатропны гармон (ТТГ), які з'яўляецца самым дакладным паказчыкам функцыі шчытападобнай залозы. Калі вынікі аналізу ў норме, гэта сведчыць пра тое, што шчытападобная залоза працуе ідэальна.
Вузлавыя ўтварэнні маюць 75% насельніцтва пасля 40 гадоў. Прычым у жанчын пасля 50 гадоў гэта даволі распаўсюджаная сітуацыя. У некаторых папуляцыях вузлавыя ўтварэнні шчытападобнай залозы маюць да 80% насельніцтва, і толькі 5% выпадкаў з іх з'яўляюцца злаякаснымі.
Калі вузлы не выклікаюць падазрэнні ў доктара, як правіла, за імі назіраюць (раз на год неабходна наведваць урача і рабіць УГД шчытавідкі). Пры неабходнасці ўрач прызначыць біяпсію.
Гэта падманнае меркаванне. Такія прэпараты варта прымаць толькі ў тым выпадку, калі іх прызначыў урач. Як правіла, захворванні шчытападобнай залозы часцей дыягнастуюцца ў жанчын пасля 40 гадоў. А ў гэтым узросце ўзрастае рызыка развіцця аўтаімунных захворванняў шчытападобнай залозы. Прыём прэпаратаў, якія ўтрымліваюць ёд, можа справакаваць гэты працэс. Таму самастойна прызначаць сабе ці сваім блізкім прэпараты ёду не варта.
Наша краіна адносіцца да краінаў з адэкватным спажываннем ёду, гэта значыць, што мы атрымліваем дастатковую колькасць гэтага мікраэлемента з прадуктамі харчавання. Бо ў пераважнай большасці выпадкаў яны ўтрымліваюць ёдаваную соль.
Дарэчы, для нармальнай працы шчытападобнай залозы неабходныя таксама такія мікраэлементы, як медзь, селен, кобальт (яны ўдзельнічаюць у працэсах сінтэзу гармонаў) і бялок.
Нярэдкія сітуацыі, калі пры глытанні чалавек адчувае камяк у горле. Многія адразу ж пачынаюць падазраваць у сябе сур'ёзныя паталогіі з боку эндакрыннай сістэмы. Аднак гэта далёка не заўсёды так. Часцяком праблема хаваецца ў банальным хваляванні, з-за якога мышцы схопліваюцца спазмам. Прычынай могуць быць і іншыя захворванні.
Разам з тым, пазбягаць наведвання доктара (урача агульнай практыкі альбо эндакрынолага) не варта. І абавязкова трэба звярнуцца па кансультацыю, калі акрамя адчування камяка ў горле ў вобласці шчытавідкі вызначаецца хваравітасць, візуальна можна разгледзець якія-небудзь змены (напрыклад, прыпухласць альбо павелічэнне шчытападобнай залозы ў памерах).
Калі вам хочацца хаця б крыху адысціся ад суровай будзённасці, расслабіцца, усміхнуцца і такім чынам адчуць сябе лепей, дык сёння самы дзень для гэтага. Па-першае, пятніца, у многіх – заканчэнне працоўнага тыдня. А па-другое, зноўку некалькі лёгкіх адмысловых святаў сышлося. Падчас знаёмства з імі няхай прыходзяць у галаву адны прыемнасці і станоўчыя эмоцыі!
Па шчырасці, тых, так бы мовіць, святаў сёння столькі, што ўсе і не абхопіш. Таму прапаную сканцэнтравацца на трох.
І нумар першы (па лёгкасці) – Дзень адказаў на пытанні вашай коткі! 🙂 У вас ёсць котка? Тады вы патрапілі! Давядзецца нарэшце адказаць на ўсе-ўсе яе пытанні, асабліва калі да гэтага іх ігнаравалі.... На кацінай мове, вядома ж! А як вы думалі? Не, коцік не падыдзе. Чамусьці толькі котка сёння мае права голасу.
Коткі няма?! Тады давядзецца адказаць на пытанні дваровай. Прылашчыўшы ды падкарміўшы напачатку, вядома ж. А то, баюся, неразгаворлівая будзе…
Спадзяюся, што сёння і нашыя вылезуць нарэшце з падвала, куды зашыліся падчас моцнага марозу. А там ёсць як мінімум дзве аматаркі пазадаваць пытанні! Адна – чорная з белым, а другая – шэранькая. Ужо не першы год пры нашым пад’ездзе жывуць. Бо ёсць тут каму іх карміць, рэгулярна і смачна. Згадвала раней ужо пра добрую жанчыну, суседку па пад’ездзе…
А ўвогуле, пашанцавала, вядома ж, таму, у каго дома ёсць свой хвастаты антыстрэс. І проста прыемна, і для здароўя карысна. У нас калісьці дзве коткі жылі, маці і дачка, Маша і… Маша. Прыгадваю іх час ад часу і зараз. Таксама любілі пазадаваць пытанні, асабліва Маша-старэйшая…
Так што нават калі кацінай моваю вы і не валодаеце, а котку маеце, давядзецца сёння ўнікаць! Такі ж дзень цікавы…
А ці любіце вы бібліятэкі так, як люблю іх я?! 🙂 Не-не, вы ўсё правільна памятаеце: Дзень бібліятэк у нас у верасні. І ўсё ж сёння таксама ёсць добрая нагода туды завітаць. Нават калі не збіраліся памяняць кнігі. Бо сёння (відаць, услед за Днём музейнага сэлфі) прыйшоў Дзень сэлфі ў бібліятэцы!
Можна – з кнігамі, можна – з бібліятэкарамі… Толькі пра маскі памятаем, так?! Асабліва, калі блізка да іншых… Усё ж каранавірус не спіць…
А бібліятэкі я люблю з самага маленства. Відаць, з таго часу, як палюбіла і кнігі. Нягледзячы на тое, што дома была вялікая ўласная бібліятэка, якую рупліва і мэтанакіравана збіралі бацькі, прачытала я шмат дзіцячых кніг даволі хутка. Некаторыя і зараз беражліва захоўваю з таго часу. Напрыклад, «Сярэбраны капыток» аўтарства Паўла Бажова.
Маёй самай першай бібліятэкай натуральна сталася Кліноцкая – у вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з бацькамі і братам да сваіх 9 гадоў. Затым, пасля пераезду ў Чэрвень, былі Чэрвеньскія – дзіцячая і дарослая. Школьныя бібліятэкі, натуральна ж, іншых навучальных устаноў і проста гарадскія ў Магілёве і Мінску… Вернасць жа Чэрвеньскай захоўваю з 1990-га года.
Падчас працы журналістам неаднаразова наведвала бібліятэкі свайго раёна, а таксама Узды, Старых Дарог і тамтэйшых раёнаў. І ўсюды сустракала людзей цікавых і цікаўных, неабыякавых, адданых сваёй справе. З некаторымі супрацоўнікамі бібліятэк мы падтрымліваем стасункі і зараз.
А паколькі звычайна думкі нанізваюцца адна на адну, як пацеркі, я зноўку з вялікім сумам прыгадваю старажытны будынак у Чэрвені, дзе месціліся бібліятэка і музей, і якога нас пазбавілі…
А перад вачыма і зараз тая чытальная зала і найцікавейшыя мерапрыемствы, сустрэчы з выбітнымі людзьмі… І супрацоўнікі, якіх ужо няма сярод нас. Светлая ім памяць.
Вось дзе атрымліваліся б шыкоўныя сэлфі! А зараз… Зараз дарослая і дзіцячая бібліятэкі месцяцца разам у невялікім драўляным будынку… Мімаволі параўноваючы з тымі вялізнымі светлымі памяшканнямі, якія мае Уздзенская бібліятэка ў шыкоўным Палацы культуры… Эх…
Ну, і цікавае свята, а дакладней – дзеянне, якое прапануюць зрабіць сёння, мне як журналісту таксама даспадобы. Бо сёння – Дзень праветрывання блакнотных запісаў!
Да эпохі камп’ютараў ды ноўтбукаў чым карыстаўся звычайна журналіст?! Правільна, блакнотам! Асабіста ў мяне іх – больш за 10, пачынаючы ад самага першага, з 2001-га года. Не, толькі што прыгадала, што не зусім дакладна – ад 2000-га года, калі я пачала актыўна супрацоўнічаць з раённай газетай, яшчэ не працуючы там. Бо тагачасны рэдактар хаця і добра ведаў мяне як няштатніка, лічыў, што права працаваць у яго калектыве трэба заслужыць. Вось я і старалася. Нават асобны блакнот завяла.
А ў ім адны з першых запісаў – гэта пытанні да… слыннага беларускага паэта Рыгора Барадуліна, які збіраўся наведаць Чэрвень разам з бардам Алесем Камоцкім! І мне даручылі правесці з ім інтэрв’ю. Шырокага распаўсюджвання сеціва тады яшчэ не было, да набыцця прыватнага камп’ютара заставалася цэлых 6 гадоў. Таму куды па інфу было пайсці ў 2000-м? Правільна, у Чэрвеньскую цэнтральную раённую бібліятэку.
Больш за 20 гадоў прайшло, а я і зараз памятаю нашую сустрэчу, цудоўны канцэрт, падчас якога выступалі Рыгор Барадулін і Алесь Камоцкі… І нават не інтэрв’ю – шчырыя сяброўскія гутаркі! І тое, як проста Рыгор Іванавіч са мной трымаўся… Як пацалаваў руку пры знаёмстве, якое забяспечыў яго зямляк, а цяпер ужо даўно чэрвенец, сябра пісьменніцкага Саюза Генадзь Аўласенка.
У тым блакноце быў і аўтограф шаноўнага паэта, і адрас, напісаны яго рукой, на які я затым адаслала экзэмпляры газеты з інтэрв’ю. Толькі лісточкі тыя даўно вырваныя з блакнота і беражліва захоўваюцца асобна.
А колькі яшчэ ў тых блакнотах карыснай інфармацыі, прозвішчаў-адрасоў-тэлефонаў! Колькі лёсаў людскіх занатавана! Трэба прагледзець-прагартаць. Заадно запісы і праветрацца…
Вось колькі спраў на сёння! А ў вас? Выбралі штосьці для сябе? Абудзілі ўласныя думкі ўслых і ўспаміны? А сэлфі ў бібліятэцы рабіць будзеце?! Дзяліцеся! 🙂
Часам, каб ацаніць сучаснае, дастаткова зазірнуць у мінулае. Сёння ўсе супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы: ад ізаляцыі хворых і апрацоўкі памяшканняў да вакцынацыі – лічацца, як штосьці звыклае і натуральнае.
Але быў час, калі ўрачам даводзілася літаральна навобмацак, метадам спробаў і памылак шукаць дакладныя рашэнні ў супрацьстаянні шматлікім эпідэміям. І гэта ў вельмі складаных умовах тэрытарыяльнага і палітычнага пераўладкавання свету, бесперапынных войнаў і абмежаваных навуковых медыцынскіх ведаў. У маштабах гісторыі чалавецтва для Беларусі такі час быў практычна «ўчора».
Выступаючы на II Форуме па пытаннях грамадскага здароўя, прафесар кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА, д.м.н. Эдуард Вальчук прадставіў гістарычны экскурс на тэрыторыю Беларусі 19 стагоддзя. У ім ярка адлюстраваная спецыфіка хваробаў таго часу і намаганні ўрачоў па прадухіленні распаўсюджвання эпідэмій.
Заканчэнне 18 стагоддзя-першая палова 19-га былі для Беларусі часам раскладання феадальных і развіцця капіталістычных адносінаў. Неўраджаі, якія перыядычна паўтараюцца, голад, вайна 1812 года ў значнай меры паўплывалі на эканамічнае становішча насельніцтва і стан здароўя. Цяжка працякалі і шмат разоў паўтараліся эпідэміі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі, воспы і інш. (асабліва ў перыяд напалеонаўскіх войнаў 1807 і 1812 гг.).
Ад стыхійных бедстваў і эпідэмій больш за ўсё пакутавалі найбяднейшыя слаі насельніцтва. Як адзначалася ў справаздачах, «класам, найбольш знішчаным, у першую чаргу былі сяляне, за імі ішла гарадская бяднота». Так, з 1803 па 1810 гг. насельніцтва Гродзенскай губерні зменшылася на 0,7%, альбо на 4.224 чалавекі, з 1810 г. па 1816 г. – на 9,4%, альбо на 50.637 чалавек.
Прычыны хваробаў трактаваліся з пазіцый стану навуковых медыцынскіх ведаў таго часу.
Павятовы лідскі ўрач Р.Садоўскі лічыў, напрыклад, што прычынай цынгі з'яўляецца «месцазнаходжанне нізкае, багністае і спажыванне стаялай вады». Прычынай «гарачкі тыфаідальнай» называлася «прастуда ўвосень і ўзімку і неасцярожнае ўжыванне ежы». Крывавы панос, на думку тагачасных урачоў, узнікаў «ад сапсаванага стрававання моцнай гарачкай,... ужывання няспелых ягад, гародніны, грыбоў, ад недахопу добрага хлеба, ужывання ў гарачыя дні халоднай вады, квасу, халадцу».
Хуткае распаўсюджванне эпідэмій, якія суправаджаліся высокай смяротнасцю, патрабавала рашучых і дзейсных мераў. Асабліва высокая смяротнасць была пры эпідэміях халеры.
Першыя звесткі пра з'яўленне халеры ў Расіі адносяцца да пачатку 30-х гадоў 19 стагоддзя. Але яшчэ да гэтага ў 1830 г. была апублікаваная «Аб'ява Міністэрства Унутраных спраў аб прыкметах халеры, спосабах засцярогі ад яе і яе лекавання». У дакуменце былі выкладзеныя асноўныя прыкметы халеры, а таксама ахоўныя меры: апранацца цяплей, не ўжываць сырой гародніны, не піць піва, кіслага малака, расстаўляць парашок альбо раствор «хларынавай вапны» і інш. А вось ужыванне лазняў не шкодна.
У Беларусь халера была занесеная з Царства Польскага ў 1831 г. У Гродзенскай губерні яна з'явілася 1 красавіка 1831 г. i працягвалася да 1 кастрычніка, захварэлі 1942 чалавекі, лятальнасць склала 48,7%. У 1831 годзе прафесар Віленскага ўніверсітэта Ф.Рымкевіч апублікаваў адну з першых манаграфій «Аб халеры і мерах барацьбы з ёй».
У Гродзенскай губерні і паветах былі створаныя халерныя камітэты, «заснаваныя былі прыватныя ачапленні», МУС «устанаўлівала асаблівыя шпіталі і каранцін». У абавязкі павятовых урачоў уваходзіла правядзенне «медыка-паліцэйскіх мераў для спынення эпідэміі».
Так, у 1831 г. у Лідскім павеце быў створаны халерны камітэт, павятовы ўрач, доктар медыцыны К.Гнаінскі прыняў меры па найхутчэйшай ліквідацыі эпідэміі. «За стараннасць у аказанні дапамогі і лячэння хворых падчас бушавання халеры» яму была аб'яўленая «ўдзячнасць штаб-доктара Міністэрства Унутраных спраў» імперыі.
Другая эпідэмія халеры з'явілася ў другой палове 1848 г. Трэба адзначыць, што да гэтага большасць урачоў не лічылі халеру заразнай. У другую эпідэмію погляды на заразнасць халеры пачалі мяняцца. Так, з'явіліся сцвярджэнні, «што халера заразлівая, і заражаюцца ёю альбо праз паветра, альбо ад судотыку з хворым», а таксама, што «падобна да адзёру і воспы, неабходная пры гэтым індывідуальная схільнасць». Некаторыя ўрачы прама паказвалі «на заразлівасць спаражненняў хворых на халеру».
У мэтах папярэджання распаўсюджвання халеры ў губерні і паветах былі створаныя камітэты грамадскага здароўя, якія складаліся са старшыні (павятовага маршалка дваранства) і членаў (мясцовага дабрачыннага, спраўніка, гарадскога галавы, павятовага і гарадавога ўрачоў). Камітэты разам з паліцыяй і гарадской думай павінны былі займацца папярэджаннем развіцця хваробы і «паляпшэннем санітарных умоваў». Паветы былі падзеленыя на халерныя ўчасткі, на кожны з іх прызначаны фельчары альбо цырульнікі.
Асабліва цяжка працякала халера ў сельскай мясцовасці. Захворванне ў губерні складала 17,4 на 1000 насельніцтва, лятальнасць – 35%.
У эпідэмію 1853 г. у Гродзенскай губерні было зарэгістравана 727 хворых на халеру, лятальнасць перавысіла 32%. У кастрычніку-лістападзе гэтага ж года халера з'явілася ў Лідзе на рэкрутах з Царства Польскага. З 15 тых, хто захварэў, 7 памерлі.
З 1853 г. для лячэння хворых на халеру адкрываліся часовыя бальнічныя аддзяленні за кошт сродкаў Загаду грамадскага догляду з бясплатным лячэннем. Падчас эпідэміі халеры ў 1856 г. у Лідскай ваенна-часовай бальніцы было адкрытае халернае аддзяленне.
Халерныя эпідэміі перыядычна з'яўляліся на землях Беларусі ў 1866-1867 гг., у 1871 г. i 1893-1894 гг. Гэтыя эпідэміі былі таксама вельмі цяжкімі. Напрыклад, падчас эпідэміі халеры ў 1871 г. смяротнасць склала 43,1%. У ліку тых, хто памёр, былі 4 фельчары.
Спарадычныя выпадкі халеры ў гэтыя ж гады рэгістраваліся пастаянна.
Падчас эпідэмій ажыўлялася праца грамадскіх аб'яднанняў. У 1893 годзе Лідскі камітэт грамадскага здароўя прыняў пастанову «Аб утрыманні сельскімі абывацелямі двароў, вуліц і жылых памяшканняў чыста і аб даследаванні вады ў студнях». У павеце былі створаныя 24 санітарна-выканаўчыя камісіі, якія складаліся з участковых папячыцеляў, валасных старшыняў і іншых прадстаўнікоў самакіравання.
Камісіямі агледжана 13449 дамоў, «зроблена 2595 санітарных паляпшэнняў», даследаваная вада ў 5203 студнях, для догляду хворых навучана 12 санітараў. Пры гэтым грамадскія аб'яднанні валодалі вельмі абмежаванымі сродкамі. У тым жа 1893 г. «на санітарныя паляпшэнні выдаткавана ўсяго 320 руб., на выпраўленне студняў 75 руб., на навучанне санітараў 225 руб. За невыкананне «санітарна-паліцэйскіх патрабаванняў» аштрафавана міравымі суддзямі 168 асобаў ад 1 да 15 рублёў».
Між тым, нават у спакойныя ад эпідэмій гады вельмі высокай заставалася колькасць выпадкаў, якія рэгістраваліся, такіх захворванняў, як тыф, дызентэрыя, воспа, коклюш, дыфтэрыя. Шырока былі распаўсюджаныя сухоты, венерычныя хваробы, трахома, каўтун да інш.
Цікава, што пра хваробы, якія з'явіліся ў павеце, станавыя прыставы, мясцовыя святары ды іншыя афіцыйныя асобы паведамлялі па інстанцыі знізу ўверх непасрэдна ў канцылярыю губернатара. Адтуль паведамленне накіроўвалася ў губернскую ўрачэбную ўправу. І толькі потым, нарэшце, інфармацыя трапляла да павятовага ўрача.
У выніку дапамога аказвалася са значным спазненнем. Напрыклад, у адной са справаздачаў паказана, што да моманту прыезду павятовага ўрача з тых 46 чалавек, хто захварэў на сыпны тыф, «паправілася 20, памерла 10». Для спынення далейшага распаўсюджвання «хворыя былі сабраныя ў асаблівыя добрыя хаты, дастаўлена прыслуга, прапісаныя патрэбныя лекі», а для «бліжэйшага надгляду... і выканання абавязку фельчарскага пакінуты на месцы прышчапляльнік воспы Іван Клышэйка».
Як вынікае з архіўных дадзеных, эпідэмічная захваральнасць рэгістравалася пастаянна. Напрыклад, у 1845 годзе, адным з найбольш спакойных па захваральнасці, у Лідскім павеце адзначаліся: гарачка тыфаідальная 156 выпадкаў (памерла 6 чалавек); гарачка нервовая 30 выпадкаў (памерла 3); крывавы панос – 253 выпадкі (памерла 30); хвароба венерычная – 35 выпадкаў ды інш.
Шырокае распаўсюджванне атрымалі венерычныя захворванні. Выяўленнем іх займаліся павятовыя ўрачы сумесна з чынамі паліцыі. «Знойдзеныя заражанымі любастраснай хваробай (пранцамі)», адпраўляліся ў г.Вільна для лячэння ў шпіталі святога Якава.
Пранцы выяўляліся пастаянна, распаўсюджванне іх звязанае з пастоямі ваенных камандаў, паўстаннямі ды інш. У асобныя гады бальніцы выкарыстоўваліся выключна для бясплатнага лячэння сіфілітыкаў. У 80-90-х гг. 19 стагоддзя захворванне на пранцы павялічылася да такой ступені, што ў бальніцы ажыццяўлялася толькі шпіталізацыя «сіфілітыкаў грамадзянскага ведамства», на сяле адкрываліся прыёмныя пакоі на 4 ложкі для лячэння гэтых хворых.
У 1897 г. урач С.К.Завадскі 1-га сельскага ўрачэбнага ўчастка Лідскага павета прыняў меры па актыўным выяўленні кантактаў хворых на пранцы. Ён задаўся мэтай абследаваць кожны выпадак пранцаў, каб выявіць усіх заражаных. Ён аб'язджаў вёскі, пры выяўленні пранцаў праводзіў пагалоўны агляд насельніцтва. Так, у перыяд з 20.10.1897 г. па 01.01.1898 г. ўрач накіраваў на лячэнне ў Лідскую бальніцу 91 пацыента з пранцамі. Характэрна, што насельніцтва з разуменнем ставілася да аглядаў, а эфектыўнасць такога падыходу была пацверджаная медыцынскай супольнасцю.
Апроч іншага, у гэты перыяд паўсюль была распаўсюджаная і воспа. Неабходна адзначыць ролю Віленскага ўніверсітэта і медыка-хірургічнага факультэта ў папулярызацыі і ўкараненні новых навуковых дасягненняў у барацьбе з эпідэміямі. Так, распрацаваны Э.Джэнерам (1798 г.) метад вакцынацыі воспы пачаў хутка распаўсюджвацца ў Беларусі.
У 1801 г. І.А.Бернанд, інспектар Мінскай урачэбнай управы, першым у Літоўскай губерні ўвёў ва ўжыванне прышчэпкі каровінай воспы. Пра пачатак прышчэплівання воспы ў Гродзенскай губерні было паведамлена 24 жніўня 1803 г. Па распараджэнні ўрачэбнай управы «прышчэпліванне ахоўнай воспы ставіцца ў абавязак усіх без выключэння штатных медыцынскіх чыноўнікаў, аднак некаторыя са штатных урачоў абмяжоўваюцца прызначэннем для гэтай патрэбы воспапрышчапляльнікаў».
У паветах засноўваюцца воспапрышчапляльныя камітэты. Вакцынацыяй займаюцца павятовыя ўрачы, лекарскія памочнікі, спецыяльна падрыхтаваныя воспапрышчапляльнікі. Воспапрышчапляльны камітэт «кожнаму з воспапрышчапляльнікаў, якія пражываюць у павеце, прызначаў маёнткі і паселішчы, у якіх ён абавязаны вырабляць ахоўную воспу дзецям і ў прызначаныя тэрміны прадстаўляць акуратна ведамасці з пасведчаннем дваровых начальстваў ці чыноўнікаў земскай паліцыі».
Актыўным прапагандыстам воспапрышчаплення быў ураджэнец Гродна, прафесар Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі Аўгуст Бекю. Ён напісаў манаграфію «Аб вакцынацыі, альбо так званай каровінай воспе» (Вільня, 1803 г.). Па ініцыятыве прафесараў І.Франка і А.Бекю ў Вільні з'явіўся Інстытут вакцынацыі, які быў ліквідаваны ў 1831 г. пасля разгрому польска-літоўскага паўстання. У 1831 г. у Лідскім павеце «прышчэпленая ахоўная воспа 915 дзецям, па Гродзенскай губерні 1661 дзіцяці, у 1832 г. па павеце 1614, па губерні 14.765 дзецям».
Эпідэмія воспы 40-х гадоў, якая доўжылася каля 10 гадоў, мела важныя наступствы для ўсяго паўночна-заходняга краю. Урачы адзначалі, што «за адсутнасцю дабраякаснага матэрыялу для прышчэпак ні першасная, ні другасная прышчэпкі не ўплывалі прыкметным чынам на памяншэнне жахаў натуральнай воспы». Нарыхтоўка матэрыялу для прышчэпак была «прадстаўлена без урачэбнага кантролю неадукаваным воспрапрышчапляльнікам».
Урачы, збянтэжаныя і расчараваныя «бяссіллем прышчэпак, якія праводзяцца», перасталі займацца вакцынацыяй. Нарыхтоўка матэрыялу для прышчэпак была прадстаўлена без усялякага ўрачэбнага кантролю клопату неадукаваных воспеннікаў.
Улады, добра ўсведамляючы ненармальнасць і няправільнасць воспавай справы ў краі, стараліся дапамагчы ў бядзе. У 1872 г. «пры садзейнічанні казны» ў Вільні быў адкрыты інстытут анімальнай медыцыны, які праіснаваў каля года. Нарэшце, у 1886 г. быў арганізаваны Віленскі губернскі воспапрышчапляльны цялятнік, які забяспечваў заходнія губерні вакцынай да 1914 года.
Толькі пасля гэтага вакцынацыя дала адчувальныя вынікі, натуральная воспа выяўлялася вельмі рэдка «і тое больш спарадычным,... а не эпідэмічным чынам».
На тэрыторыі Беларусі напрыканцы 19 стагоддзя здараліся таксама эпідэміі сібірскай язвы. Аб адной з іх на пасяджэнні імператарскага Віленскага ўрачэбнага грамадства далажыў Лідскі павятовы лекар А.Я.Садоўскі. У сваім дакладзе «Нататкі аб сібірскай язве на людзях у Лідскім павеце ў 1885-1886 гг.» ён выклаў асаблівасці праходжання эпідэміі ў павеце і меры барацьбы з ёй.
Эпідэмія з'явілася ў летнія месяцы ў разгар эпізаатыі на жывёлах. Захварэлі 50 чалавек, у бальніцах знаходзіліся 32 хворыя. Сібірская язва працякала ў форме язваў на вонкавым покрыве, за выключэннем аднаго выпадку кішэчнай формы, які скончыўся смяротным зыходам.
Самым небяспечным месцам язвы была шыя: з трох выпадкаў 2 скончыліся смяротна. Па ступені цяжкасці працэс працякаў у мяккай форме ў 7 чалавек, сярэдняй цяжкасці ў 18, цяжкай у 12, безліхаманкавых выпадкаў было 13.
З асаблівасцяў лячэння варта адзначыць, што разам з традыцыйнымі ўмяшаннямі шляхам глыбокіх разрэзаў ва ўсю тоўшчу некратычнай тканкі язвы, у 9 выпадках сельскім павятовым урачом Яноўскім было ўжытае не выразанне, а выпальванне язвавага фокусу, для чаго на пачатку ўжывалася калёнае жалеза, затым тэрмакаўтэр Пакелена. Крытэрыем, што «прыпальванне зробленае на дастатковай глыбіні, служаць моцныя рэфлекторныя рухі і моцны крык». Сярэдняя працягласць хваробы пры выразанні складала 22 дні, пры выпальванні – 17.
Эпідэмічная захваральнасць заўсёды павялічвалася пры правядзенні вялікіх будаўнічых работ. Так, падчас будаўніцтва Балагое-Седлецкай чыгункі ў Лідскім павеце ў 1902-1903 гг. сабралася больш за 8000 рабочых і датыкальных да іх сялян. Дрэнныя санітарныя ўмовы прывялі да буйной эпідэміі тыфу, барацьба з якой «наяўнымі ўрачэбнымі сіламі станавілася непасільнай». Віленскім урачэбным аддзяленнем «у дапамогу медыкам павета» быў накіраваны лятучы санітарны атрад у складзе ўрача, двух фельчараў, двух сясцёр міласэрнасці.
Імі была аказаная дапамога 1177 хворым на сыпны тыф, 409 – на брушны тыф, 749 – на крывавы панос. Лятальнасць ад сыпнога тыфу складала 7%, пры брушным тыфе – 11%, крывавым паносе – 15%. Было агледжана каля 8 тысяч амбулаторных хворых з незаразнымі формамі хваробаў, праведзеная дэзінфекцыя 797 жылых памяшканняў у 19 воласцях і інш.
Адной з першых ахвяраў сыпнога тыфу стаў павятовы ўрач Аляксей Якаўлевіч Савіцкі, перахварэлі на брушны тыф урач і фельчар лятучага санітарнага атрада.
Неабходна адзначыць, што ў гэты перыяд у барацьбе з масавымі хваробамі мелі месца і некаторыя новаўвядзенні. У 1894 г. з'явілася паведамленне аб адкрыцці супрацьдыфтэрыйнай сыроваткі. У 1895 г. яна была з поспехам прымененая лідскім павятовым урачом Р.Р.Гузе і гарадавым Э.М.Рэнертам. Па іх дадзеных, з 42 хворых дзяцей пасля ўвядзення сыроваткі памерлі «толькі трое, дастаўленыя ў безнадзейным стане». Выпадкі, «ускладненыя стэназаваннем гартані», пасля ўвядзення сыроваткі заканчваліся лячэннем і «вясковых дзяцей адразу адвозілі дадому».
У Памятных кніжках губерні прыводзяцца дадзеныя пра стан эпідэмічнай захваральнасці напрыканцы 19 стагоддзя. Так, у 1886 г. «з павальных заразных хваробаў назіралася»:
«З усіх захворванняў з заразнымі формамі, уключаючы венерычныя хваробы, было 5006 выпадкаў», памерла ад іх 711 чалавек (14,2%).
Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі 19 стагоддзя ў барацьбе з масавымі эпідэмічнымі хваробамі адпрацоўваліся мерапрыемствы першаснай медыка-санітарнай дапамогі, ствараліся грамадскія аб'яднанні з удзелам штатных медыцынскіх чыноўнікаў, праводзіліся прышчэпкі, ізаляцыя заразных хворых, дэзінфекцыя жылля, прадметаў ужытку ды інш. Для лячэння і назірання за хворымі прыцягваліся вольнапрактыкуючыя ўрачы, фельчары, цырульнікі, прышчапляльнікі воспы.
У асноўным барацьба з эпідэміямі абмяжоўвалася рамкамі медыка-паліцэйскіх мераў, аб'ём іх быў недастатковым, часта праводзіўся з вялікім спазненнем, адчуваўся недахоп медыцынскіх кадраў ды інш. Гэтыя меры не маглі істотна паўплываць на эпідэмічную захваральнасць, узровень і смяротнасць пры якой доўгі час заставаліся высокімі.
20 студзеня – Прывадохрышча, Малая Вясельніца і Зімовы дзень сагравання свету.
«Іван Прыцік узяў куццю да й уцік»…Такімі словамі нашыя продкі падкрэслівалі, што святы нарэшце заканчваюцца. Мы кажам – навагоднія, а даўней казалі – калядныя.
Падрыхтаваўшы тры куцці і паваражыўшы на бліжэйшы сельскагаспадарчы год, пакалядаваўшы, наведаўшы царкву на Вадохрышча, беларусы вярталіся да будзённых гаспадарчых спраў. Жанчыны зноўку маглі прасці, ткаць, вязаць ды вышываць. А незамужнія дзяўчаты пачыналі хвалявацца. Бо з гэтага дня надыходзіла Малая Вясельніца, калі ў хаты сватоў засылалі, а пасля і вяселлі гулялі.
А ўвогуле, 20 студзеня – Прывадохрышча (Лянівы дзень, Прысеча, Іван Хрысціцель). У некаторых мясцовасцях таксама яшчэ не працавалі, а святкавалі.
У традыцыях нашых продкаў было да сняданку папіць вады, асвечанай на Вадохрышча, каб здароўе цэлы год не падводзіла. А калі хтосьці хварэў, дык ёю ўмываўся. Хатнім жывёлам на Івана Прысечу давалі хлеб і соль альбо бліны. Верылі, што гэта дапаможа мець у далейшым добры прыплод.
Назіралі 20 студзеня і за надвор’ем. Так, калі ішоў снег, дык лічылася, што ісці яму ажно да Масленіцы. А калі надвор’е было ясным, лета чакалася гарачае і сухое.
А яшчэ сёння ўважліва назірайце, ці не прабяжыць міма якая жывёліна, ці не праляціць птушка. Бо лічылася, што пабачыць у гэты дзень мышку – да хуткага папаўнення ў сямействе, а згледзець лебедзя ці дзікага гуся – да выканання жадання.
Гэта што тычыцца даўнейшых народных прыкметаў. А вяртаючыся ў сучаснасць… Хтосьці калісьці прызначыў дзень 20 студзеня… Зімовым днём сагравання свету! Вось так!
Так што грэем сёння старанна ўсё і ўсіх вакол сябе! Цеплынёй душы і сэрца, прамяністымі агеньчыкамі з вачэй, добрым словам, добрай справай, дабрачыннасцю… Дабром і дабрынёй!
Магчыма, нам пашчасціць сёння пагрэцца ў промнях сонца. Бо яго ў прагнозах надвор’я – абяцалі. Калі і не на вуліцы пагрэцца, дзе мароз павінен паменшыцца напалову, дык хаця б за шклом. І калі гэта вокны ПВХ, а ваш працоўны кабінет альбо любімы пакой знаходзяцца з сонечнага боку, дык прыемныя адчуванні гарантаваныя! А там можна і астатніх ужо сагрэць...
Як вядома, на полымя можна глядзець бясконца, і ніколі не надакучыць. І гэта сапраўды так. Асабіста я вельмі люблю жывы агонь, у печцы альбо каміне… Вогнішча таксама падыходзіць… Ад яго сапраўды саграваешся не толькі целам, але і душой.
Саграваць жа іншых – нашмат складаней. Не ў кожнага гэта атрымаецца. Не кожны на гэта здольны. І нават калі хтосьці корміць бадзяжных катоў альбо сабак, гэта не значыць, ён такі ж міласэрны да людзей. Чаму? Бо жывёлаў шкадаваць лягчэй. Вы згодныя?!
… Ужо колькі месяцаў бачу на прыступках аднаго з выхадаў станцыі метро «Магілёўская» чалавека без пэўнага месца жыхарства. У яго таблічка з просьбай аб дапамозе… Старэнькі радыёпрыемнік, яшчэ такія-сякія рэчы. Побач найчасцей кладуць ежу, грошай даюць меней.
Апошні раз бачыла яго там якраз перад вялікімі марозамі. Часцяком ён проста ляжыць на стылых прыступках. І я нават не магу сабе ўявіць, што магло здарыцца з чалавекам, каб ён апынуўся ў такім становішчы...
І няўжо якая-небудзь дабрачынная арганізацыя не ў сілах яму дапамагчы?! Бо што могуць асобныя людзі? Толькі разава падтрымаць. А ці дастаткова гэтага? Не, вядома ж… Сумна…
А мне ў сувязі з гэтым прыгадваюцца словы слыннага драматурга Аляксея Дударава: «Зямля халодная, і неба халоднае, космас яшчэ халаднейшы... Даў нам Бог жыццё, каб мы ўсё гэта сагрэлі... Душамі сваімі сагрэлі! І зямлю, і неба, і адзін аднаго...»
Вядома ж, вакол заўсёды хапае тых, каму патрэбныя нашыя ўвага, спагада, дабрыня і цеплыня. Не ў прыгожых словах, а ў канкрэтных справах. І сёння – самы час задумацца пра тое, каго мы можам сагрэць. Бо дзень такі… незвычайны… Зімовы дзень сагравання свету… Грэеемся і грэем!
One fine body…