Site icon Слушна

4 крокі, каб выйсці з панічнай атакі (+ВІДЭА)

Калі вас нечакана ахапіў стан моцнай трывогі, ажно да страху смерці, і вы страцілі арыентацыю ў прасторы – магчыма, здарыўся прыступ панічнай атакі.

Панічныя атакі могуць узнікаць пры посттраўматычным стрэсавым расстройстве (ПТСР), фобіях, дэпрэсіях, трывожным расстройстве, а таксама некаторых саматычных захворваннях.

Нягледзячы на адчуванні, што палохаюць, гэтыя прыступы мінаюць, і над імі можна аднавіць кантроль. Як гэта зрабіць, распавяла гештальт-тэрапеўт Васіліна Данілава.

Панические атаки (ПА). Симптомы и принципы самопомощи при панической атаке

– З медыцынскага пункту гледжання стан чалавека пры панічнай атацы можна растлумачыць адначасовым узнікненнем процілегла накіраваных сігналаў сімпатычнага (адказвае за рэакцыі «бі/бяжы») і парасімпатычнага (рэакцыі «замры») аддзелаў нервовай сістэмы, якія дэзарыентуюць арганізм. Хочацца бегчы, а не можаш, бо практычна паралізаваны, – тлумачыць Васіліна Данілава.

– Акрамя пачуцця страху і парушэння каардынацыі, пры прыступе можа прабіць на пот, дрыжыкі, з'явіцца трэмар, тахікардыя, задышка альбо затрымка дыхання, стан аглушанасці, сказіцца зрок – контуры прадметаў, прасторы зробяцца расплывістымі і далёкімі ці, наадварот, занадта блізкімі і рэзкімі. Можа тэрмінова спатрэбіцца ў прыбіральню, думкі блытаюцца і здаюцца некіравальнымі.

Калі ж разглядаць праблему з пункту гледжання псіхалогіі, дык пры панічных атаках адбываецца актуалізацыя ўнутранага канфлікту чалавека. І псіхолагі дапамагаюць яго вырашыць. Для гэтага спецыялісты аналізуюць сітуацыю і спрабуюць высветліць, што паслужыла сігналам да пачатку атакі.

Прыступ панічнай атакі людзям здаецца раптоўным і невытлумачальным. Але насамрэч месца, час і дэталі ўзнікнення могуць паказаць на яго паходжанне, упэўненая эксперт. Яна прыводзіць такі прыклад.

– Панічныя атакі – частае следства ПТСР. Прычым падзея, якая выклікала расстройства, можа адбыцца ў далёкім дзяцінстве, і чалавек нават пра яе не памятае.

Да прыкладу: бацькі пасварыліся, тата сыходзіць з кватэры, гучна ляскае дзвярыма. Для дзіцяці гэта ўдар: хтосьці значны сыходзіць, пакідае яго аднаго, што раўнасільна пагрозе жыцця для маленькага чалавека. Яго лімбічная сістэма запамінае малюнак цалкам: дзверы, якія ляскаюць, прадметы пярэдняга пакоя, пахі з кухні, выгляд маці, якая плача, кот, што прабягае міма, і г.д.

Гэтыя драбнюткія элементы архівуюцца ў яго нервовай сістэме і могуць стрэліць праз шмат гадоў у пэўны момант, калі чалавек аслаблены альбо знясілены. Любы з элементаў таго траўматычнага малюнка можа справакаваць прыступ панічнай атакі: кот міма прайшоў – і чалавек можа праваліцца ў дзяцінства (рэгрэс), у той стан бездапаможнасці, страху і панікі.

Псіхолаг можа разгадаць першапрычыну, распытаўшыся, што было ў момант нападу: што чалавек бачыў, чуў, адчуваў, дзе быў. Пасля дыягностыкі пачынаецца тэрапія. Спецыяліст дапамагае чалавеку прапрацаваць унутраны канфлікт, вярнуць яму пачуццё кантролю над рэальнасцю.

Як самастойна выйсці з панічнай атакі

Для таго, каб хутчэй выйсці з прыступу, трэба вярнуць кантроль над дыханнем, целам і мысленнем, кажа эксперт.

Крок 1. Аднавіце дыханне на лік. Напрыклад, удых на 5 лікаў, затрымка дыхання на 2 лікі, выдых на 5 лікаў.

Падчас прыступу чалавек можа як затрымліваць дыханне, так і пачашчана дыхаць. Адпаведна, трэба рабіць супрацьлеглае.

Калі не хапае паветра, спрабуйце праз намаганне ўдыхнуць. Але нават калі вам здаецца, што гэта не атрымліваецца, не хвалюйцеся: дыхальны цэнтр у прадаўгаватым мозгу зрэагуе на падзенне ўзроўню кіслароду і прымусіць арганізм зрабіць удых. Калі цела часта дыхае – запавольце дыханне.

Крок 2. Вярніце кантроль над целам праз адчуванне апоры: адчуйце прадмет, на якім сядзіце.

Крок 3. Вярніцеся ў рэальнасць праз зрок: знайдзіце вакол сябе пяць прадметаў і назавіце іх (пры атаках людзі часта забываюцца назвы паўсядзённых рэчаў).

Крок 4. Пасядзіце спакойна, уздыміце/апусціце рукі, сцісніце альбо рассуньце пальцы.

Панічная атака ў сярэднім доўжыцца 15-20 хвілін (але часам можа і да некалькіх гадзін). Нават калі не атрымалася выканаць гэтыя крокі, ведайце, што прыступ пройдзе сам. І ад яго не паміраюць.

З кожным разам самастойнага выхаду з атакі прыступы будуць праходзіць усе лягчэй.

Што рабіць блізкім?

Калі родныя, сябры ведаюць пра панічныя атакі блізкага і пры гэтым самі псіхічна ўстойлівыя, у момант прыступу можна падысці да чалавека, сесці побач, узяць яго за руку і сказаць: «Я тут, усё добра, дыхай, мы справімся».

Відэа Андрэй Васкрасенскі.

Exit mobile version