Неўролаг Мэрыэн Вулф (Maryanne Wolf), дырэктар Цэнтра па вывучэнні дыслексіі Каліфарнійскага ўніверсітэта, аўтар папулярнай кнігі «Мозг, які чытае, у лічбавым свеце» сцвярджае, што чалавецтву пара думаць пра орган новага тыпу – мозг «двайной пісьменнасці», здольны глыбока думаць пры чытанні лічбавых носьбітаў і традыцыйных кніг.
Яна ўпэўненая: калі мозг зробіцца «аднабокім» – адаптаваным толькі пад лічбавыя носьбіты, мы згубім навыкі ўдумлівага чытання, крытычнага мыслення і эмпатыі. І гэта не адзіны цікавы факт пра ўплыў кніг і чытання на нашыя развіццё і здароўе. Вось яшчэ пяцёрачка.
1. Чытанне лепей за ўсё дапамагае зняць стрэс.
Такую выснову зрабілі вучоныя Універсітэта Сасекса на чале з нейрафізіёлагам Дэвідам Льюісам (David Lewis), тым самым, што ўвёў у навуку тэрмін «сіндром інфармацыйнай стомленасці». Даследчыкі даводзілі добраахвотнікаў да стану стрэсу, а затым прапаноўвалі ім рэлаксаваць пры дапамозе музыкі, кубка кавы і гарбаты, відэагульняў, прагулкі і чытання.
Высветлілася, што лепей за ўсё памяншае ўзровень стрэсу чытанне – на 68%. Прычым для нармалізацыі пульса і расслаблення мышцаў дастаткова было 6 хвілін за кнігай. Музыка зніжала ўзровень стрэсу на 61%, кубак гарбаты ці кавы – на 54%, шпацыр – на 42%, відэагульні – на 21%.
2. Кнігі дапамагаюць змагацца з атлусценнем.
Гэта высветлілі напрыканцы 2000-х даследчыкі Універсітэта Дзюка. Вучоныя абследавалі дзяўчынак 9-13 гадоў, што цярпелі ад атлусцення. Адной групе падыспытных яны прапанавалі прачытаць раман «Выратавальнае возера» («Lake Rescue», Annie Bryant) пра дзяўчынку з лішкам вагі і нізкай самаацэнкай. Другая група чытала кнігу без такога персанажу, а трэцяя не чытала нічога.
У выніку ў першай групе ў 2 разы часцей было зафіксаванае зніжэнне індэкса масы цела, чым у другой і трэцяй. Вучоныя патлумачылі гэта матывацыйным патэнцыялам мастацкіх кніг.
3. Кнігі захоўваюць памяць і ўплываюць на даўгалецце.
Такія вынікі 6-гадовага даследавання амерыканскіх вучоных з Чыкагскага ўніверсітэта на чале з прафесарам Робертам Уілсанам (Robert Wilson). На працягу некалькіх гадоў яны вывучалі тры сотні чалавек у сярэднім ва ўзросце каля 90 гадоў і іх мозг пасля смерці на наяўнасць паталогіі.
Высветлілася, што людзі, якія на працягу жыцця чыталі больш за сярэдняе, на 32% меней былі схільныя да кагнітыўных праблемаў, у прыватнасці, з памяццю. А людзі, якія зусім не чыталі, губляюць памяць на 48% хутчэй за тых, хто чытаў сярэднюю колькасць часу.
«Чытанне – гэта актыўны занятак, які патрабуе разнастайных інтэлектуальных здольнасцяў і актывізуе рабочую памяць», – тлумачыў вучоны гэтыя дадзеныя.
Найбольш цікавы вынік даследавання быў у тым, што ў 40% людзей, у якіх на момант смерці не было відавочных праблемаў з памяццю або мысленнем, пасля ўскрыцця ў мозгу былі выяўленыя прыкметы хваробы Альцгеймера. Роберт Уілсан лічыць, што інтэлектуальная дзейнасць на працягу ўсяго жыцця, у прыватнасці, чытанне, дапамаглі затрымаць праяву хваробы ў гэтых людзей.
Даследаванне Ельскага ўніверсітэта выявіла сувязь паміж чытаннем і працягласцю жыцця ў людзей, старэйшых за 50 гадоў. Вучоныя зрабілі выснову: каб падоўжыць даўгалецце, трэба чытаць кніжкі больш за тры з паловай гадзіны ў тыдзень.
4. Чытанне паляпшае страваванне.
Гэта пацверджана даследаваннямі італьянскіх вучоных універсітэта Тулузы. Яны высветлілі, што ў людзей, якія чытаюць падчас ежы, яна засвойваецца нашмат лепей, чым у тых, хто глядзіць падчас трапезы тэлевізар. Гэта патлумачылі тым, што падчас чытання чалавек перажоўвае ежу павольней, а значыць, ежа трапляе ў страўнік у больш здробненым выглядзе, што і паляпшае ператраўліванне.
5. Чытанне – добры сродак для лячэння неўрозаў.
Гэты тэзіс выліўся нават у асобны метад псіхатэрапіі – бібліятэрапію, альбо лячэнне кнігай.
Механізм гэтага метаду ў тым, што чалавек:
- атрымлівае падтрымку ад герояў кнігі (ён такі не адзін);
- бачыць новыя магчымасці і варыянты вырашэння праблемы;
- выпрацоўвае на аснове атрыманай інфармацыі стаўленне да сваёй сітуацыі;
- атрымлівае псіхаэмацыянальную разрадку ў выглядзе катарсісу ад прачытанага;
- задавальняе запыт аб сэнсе жыцця.
У СССР яшчэ ў 1967 годзе ў санаторыі «Бярозаўскія мінеральныя воды» быў адкрыты першы ў краіне кабінет бібліятэрапіі, якім загадвала Агнэса Мілер.
Сёння псіхатэрапеўты падбіраюць спецыяльныя кнігі пад канкрэтнага пацыента пасля індывідуальнага кансультавання.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!