Site icon Слушна

5 самых распаўсюджаных памылковых поглядаў на алкаголь

На самай справе міфаў і здагадак пра алкаголь ледзь не больш, чым яго разнавіднасцяў. І што дзіўна, з'яўленню большасці небыліц папярэднічалі цалкам рэальныя, часам нават навукова абгрунтаваныя факты. Але міфы на тое і міфы, што ў іх змяшалася ўсё: і праўда, і выдумка. Прыйшоў час аддзяліць збожжа ад пустазелля.

Міф 1. У малых дозах алкаголь карысны для здароўя

М.Жванецкі
«Алкаголь у малых дозах бясшкодны ў любой колькасці»

Пальцаў абедзвюх рук не хопіць, каб пералічыць усе цудадзейныя ўласцівасці, якія прыпісваюць штодзённаму ўжыванню алкаголю ў малых дозах. І ціск ён паніжае, і выдатна чысціць посуд... Ад піва валасы блішчаць, і скура чыстая, як у немаўля. Гарэлка – надзейны сродак ад прастуды. А выпрацоўку груднога малака ў кормячых мамаў, як ні дзіўна гучыць, стымулюе шампанскае…

малая доза

Паняцце «малых доз» пры гэтым не канкрэтызуецца. А мерка, як вядома, у кожнага свая.

Рэальнасць: Як ні парадаксальна гучыць, але лыжку карысці ў бочцы спірту знайсці ўсё-такі можна. Яшчэ ў бытнасць СССР праводзіліся даследаванні з удзелам людзей, дзе было даказана, што сутачная доза алкаголю аб'ёмам да 15 мл у пераразліку на 40-градусны спірт дабратворна ўплывае на дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. Інакш кажучы, рэгулярнае ўжыванне адной сталовай лыжкі гарэлкі ў суткі карысна для работы сэрца.

Сапраўды, лічыцца, што ў малых дозах алкаголь выступае як вазадылататар – пашырае сасуды і здымае павышаны крывяны ціск, стымулюе працу СКТ і паляпшае апетыт. А па некаторых дадзеных нават актывізуе разумовыя працэсы. Але навуковых доказаў, чым менавіта абумоўлены стымулюючы эфект – кропляй алкаголю або, скажам, індывідуальнай рэакцыяй на яго канкрэтнага чалавека, – няма.

Ды і ці шмат вы ведаеце людзей, якія п'юць алкаголь сталовымі лыжкамі?

Акрамя таго, нават гэтыя 15 мл алкаголю не безумоўна карысныя і могуць аказаць адмоўны ўплыў на арганізм чалавека. Любая колькасць спірту наносіць шкоду галаўному мозгу, забіваючы яго нейроны. Розніца толькі ў тым, што, выпіваючы на ноч спіртавыя кроплі сардэчніку або валяр'яны, чалавек развітваецца з сотняй-другой нейронаў. Гэтую страту арганізм нават не заўважыць і лёгка кампенсуе. Але калі нейроны знішчаюцца рэгулярна і вялікімі дозамі алкаголю, кожная выпітая чарка робіць чалавека на крок бліжэй да прыдуркаватасці.

Міф 2. Алкагалізм – не хвароба, а шкодная звычка, слабасць і распушчанасць

Штосьці падказвае, што гэты міф будзе жыць да таго часу, пакуль будуць алкаголь і тыя, хто яго п'е. Спрыяльную глебу для існавання гэтай памылкі забяспечылі ў большай ступені самі хворыя. Праславутае «Захачу – кіну» толькі падсілкоўвае перакананасць іншых назіральнікаў, што алкагалізм – не хвароба, а апраўданне бесхарактарнасці і слабасці. Інакш чаго ж не кідаюць?

Адказ на гэтае пытанне якраз і заключаецца ў сутнасці захворвання, пры якім развіваюцца хімічная і псіхалагічная залежнасць ад алкаголю, якія не маюць нічога агульнага са шкоднымі звычкамі.

Міф 3. Алкагалізм перадаецца ў спадчыну

Рэальнасць такая, што да 87% дзяцей алкаголікаў самі становяцца алкаголікамі. Як тут не паверыць, што алкагалізм можна «займець» у спадчыну?

Сапраўды, у 9 выпадках з 10 алкагалізм бацькоў адбіваецца на здароўе дзяцей. Двое з трох малых нараджаюцца раней за тэрмін. Да 90% нованароджаных адстаюць у фізічным развіцці і маюць неўралагічныя парушэнні. У 84-88 выпадках са 100 у дзяцей пітушчых бацькоў фіксуецца мікрацэфалія, практычна ў кожнага другога – прыроджаны парок сэрца… Але сам па сабе алкагалізм з генамі не перадаецца. У спадчыну перадаецца схільнасць да алкагалізму, як да хваробы. Гэта значыць, у дзіцяці з нараджэння зменена рэакцыя на алкаголь. Алкагольдэгідрагеназа (фермент, які расшчапляе спірт да ацэтальдэгіду) у людзей з генетычнай схільнасцю да алкагалізму першапачаткова больш актыўная. Адпаведна, калі яны пачынаюць ужываць алкаголь, яго разбуральны эфект выяўляецца паскоранымі тэмпамі, залежнасць надыходзіць у разы хутчэй, і хвароба, як правіла, працякае больш злаякасна.

Ёсць яшчэ адно тлумачэнне, чаму большасць дзяцей алкаголікаў, вырастаючы, самі трапляюць у залежнасць. П'янства – адзіная мадэль жыццёвага ўладкавання, якую яны назіралі з нараджэння. Якія б брыдкія формы не прымала алкагольная залежнасць у асобна ўзятай сям'і, колькі б абяцанняў ні давала сабе дзіця ніколі і ні за што не паўтарыць жыццёвы сцэнар сваіх бацькоў, у большасці выпадкаў абставіны аднойчы штурхаюць яго да бутэлькі. У ёй ён бачыць рашэнне ўсіх праблем, магчымасць самавыявіцца і самасцвердзіцца, перамагчы страх і няўпэўненасць. Альтэрнатыўных прыкладаў «іншага жыцця» ў дзіцяці з пітушчай сям'і проста не было.

Міф 4. Мужчынскі, жаночы, падлеткавы, піўны алкагалізм – гэта розныя хваробы

Абсалютная няпраўда. Алкагалізм – гэта фізічная і псіхічная залежнасць ад этылавага спірту. Таму зусім няважна, хто хворы: мужчына, жанчына ці падлетак. Як усё роўна, на фоне ўжывання якога алкагольнага напою развілася хвароба: піва, гарэлкі, віна ці каньяку... Для алкагалізму ў прынцыпе няма ніякіх рамак і межаў. Не маюць значэння ні пол, ні ўзрост, ні сацыяльнае становішча, ні ўзровень адукацыі і матэрыяльнага дастатку…

Затое абсалютная праўда, што залежнасць у жанчын і падлеткаў развіваецца значна хутчэй і яе складаней лячыць. Калі мужчыну ў сярэднім патрабуецца 10-15 гадоў, каб спіцца, дык шлях жанчыны і падлетка ад першай чаркі да канчатковай стадыі захворвання ўдвая карацей.

Што тычыцца алкагалізму, які развіўся на фоне ўжывання піва, дык яго адзінае прынцыповае адрозненне – у асаблівасцях развіцця і цячэння хваробы. У першую чаргу, з-за прадузятасці, што піва – слабаалкагольны напой, а значыць, спіцца нельга. Гэта і паслужыла глебай для ўзнікнення наступнага міфа.

Міф 5. Чым ніжэй градус алкагольнага напою, тым ён бяспечней

Уявіце на хвілінку сваю рэакцыю, калі калега па працы, сябар ці далёкі сваяк прызнаецца: «Я кожны дзень выпіваю шклянку гарэлкі». О, жах, ці не так?

А цяпер тая ж сітуацыя, але словы іншыя: «Я дазваляю сабе дзве-тры бутэлечкі піва ў дзень». Падумаеш, глупства якое. Здаровы мужчына вып'е і не заўважыць…

На жаль, да гэтага часу прынята лічыць, што алкаголь – гэта выключна моцныя спіртныя напоі, такія, як віно, гарэлка, каньяк, віскі... Пагроза алкагалізму зыходзіць толькі ад іх. Піва і іншыя слабаалкагольныя напоі ў гэты пералік не трапляюць. А дарэмна.

Калі ўдумацца, у бутэльцы напою з утрыманнем спірту 4,5-5% (самы хадавы, між іншым, градус сярод слабаалкагольных напояў) растворана прыкладна 50 грамаў гарэлкі. Вышэй градус – больш гарэлкі. А па факце «бяскрыўдныя» тры бутэлечкі піва – практычна тая ж шклянка 40-градуснай.

Небяспека слабаалкагольных напояў у тым і заключаецца, што выпіць іх можна больш, а ап'яненне надыходзіць павольней. Адсюль і адчуванне іх уяўнай бяспекі.

Exit mobile version