Незалежна ад полу і ўзросту ўсім людзям жыццёва неабходная рэгулярная фізічная актыўнасць. Сістэматычныя заняткі не толькі ўмацоўваюць мышцы, трымаюць у тонусе цела, але і дапамагаюць супрацьстаяць стрэсам. Тыя, хто рэгулярна займаецца фізічнымі практыкаваннямі, маюць добрую памяць, высокую працаздольнасць і моцны імунітэт.
Гіпадынамія з'яўляецца адным са значных фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў, нароўні з курэннем і злоўжываннем алкаголем. Недахоп фізічнай актыўнасці – адна з найбольш вострых праблем у сучасным свеце, своеасаблівы пабочны эфект тэхнічнага прагрэсу. І няхай сёння ў медыцынскім даведніку няма хваробы, якая б называлася такім тэрмінам, як гіпадынамія, разам з тым, гэты стан можа прывесці да сур'ёзных парушэнняў функцыі ўсіх органаў і сістэм чалавечага арганізма.
Пра тое, чаму гэтак важная рэгулярная фізічная актыўнасць, прычым у любым узросце, распавялі:
- Наталля Грэкава, загадчыца лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў Навукова-практычнага цэнтра гігіены;
- Вольга Сінякова, навуковы супрацоўнік клінічнай лабараторыі прафілактычнай медыцыны Навукова-практычнага цэнтра гігіены;
- Людміла Жылевіч, намеснік галоўнага ўрача – кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра (актыўнага даўгалецця) Рэспубліканскага клінічнага шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя П.М.Машэрава.
Некалі адпачываць? Адкладзі планшэт
Як распавяла Наталля Грэкава, рэаліі такія, што большую частку часу дзеці і падлеткі праводзяць за рознымі электроннымі гаджэтамі. У якасці прыкладу яна прывяла дадзеныя праведзенага ў Навукова-практычным цэнтры гігіены даследавання. Усяго было апытана 430 чалавек – вучняў 3,7,9-х і 10-11 класаў. Вынік зусім несуцяшальны:
- больш за трэць вучняў праседжваюць за камп'ютарамі або смартфонамі больш за 3 гадзіны ў дзень;
- столькі ж рэспандэнтаў адзначылі, што адразу пасля школы дома яны садзяцца за электронныя прылады;
- 70% старшакласнікаў распавялі, што ў іх няма часу гуляць, і гэта не заўсёды звязана з тым, што задаюць вялікі аб'ём хатніх заданняў.
Спецыяліст упэўненая, што фарміраванне ў дзіцяці асноў здаровага ладу жыцця адбываецца перш за ўсё ў сям'і. Як бы ні старалася школа, колькі б ні развівалася сетка спартыўна-аздараўленчых устаноў, калі бацькі аддаюць перавагу баўленню часу за камп'ютарам, а не актыўнаму адпачынку, дзіця будзе рабіць тое ж самае, рэзюмавала Наталля Грэкава.
Трэба перадаць дакументы ў іншы кабінет? Устань з крэсла ды ідзі
Па словах Вольгі Сіняковай, праблема нізкай фізічнай актыўнасці актуальная перш за ўсё для офісных работнікаў. Больш за паўгода спецыялісты лабараторыі праводзілі даследаванне стану здароўя супрацоўнікаў аднаго з банкаў, а гэта амаль 640 чалавек. Вынік такі:
- 61% сярод рэспандэнтаў мае недастатковую фізічную актыўнасць;
- і толькі ў 3% была выяўлена высокая фізічная актыўнасць.
Згодна з крытэрыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, нізкай фізічнай актыўнасцю лічыцца менш за 30 хвілін хады ў дзень, умераная актыўнасць – хада на працягу 150 хвілін на тыдзень, высокая – бег, аэробіка або язда на ровары пад гару прыкладна 75 хвілін на тыдзень.
Дарэчы, у 77% апытаных офісных работнікаў быў парушаны баланс артэрыяльнага ціску на 4 канечнасцях. Прычына гэтаму – доўгае знаходжанне ў статычнай позе і маларухомы лад жыцця.
Эксперт распавяла таксама, што недастатковая фізічная актыўнасць аказвае ўплыў і на псіхаэмацыянальны стан чалавека.
Пачынаць можна з малога, упэўненая Вольга Сінякова. Не варта адразу бегчы ў спартзалу і ставіць перад сабой цяжкадасягальныя мэты. Трэба перадаць інфармацыю ў іншы кабінет? Не тэлефануйце. Лепей схадзіце. Трэба прынесці дакументы на іншы паверх? Скарыстайцеся лесвіцай, а не ліфтам. Размаўляючы па тэлефоне, не сядзіце, пахадзіце па кабінеце. Па шляху на працу ці дадому прайдзіце пару прыпынкаў, параіла навуковы супрацоўнік.
Узрост – руху не перашкода
Кіраўнік Рэспубліканскага геранталагічнага цэнтра Людміла Жылевіч упэўненая, што ў сталым узросце нагрузка павінна быць у абавязковым парадку. Вядома, іншая, з улікам ужо наяўных захворванняў і магчымасцяў чалавека. Напрыклад, жанчынам, якія ўваходзяць у перыяд менапаўзы, фізічная актыўнасць дазваляе захаваць моцнай касцяную сістэму.
Напэўна, калі спытацца ў кожнага з нас, усе упэўнена адкажуць, што кожны дзень выконваюць сваю норму ў 10 тыс.крокаў. Праведзенае ў Беларусі STEPS-даследаванне паказала, што сітуацыя далёкая ад ідэалу, адзначыла Людміла Жылевіч. Паводле падлікаў, сярод дарослага насельніцтва толькі каля 20% выконваюць сярэднестатыстычную нагрузку.
Гіпадынамія прыводзіць да павелічэння масы цела, уплывае на метабалізм, павышае рызыку цукровага дыябету 2 тыпу, артэрыяльнай гіпертэнзіі. Гэта ўсё фактары рызыкі неінфекцыйных захворванняў. Дарэчы, 10% выпадкаў смяротнасці ў выніку сардэчна-сасудзiстых захворванняў ляжыць менавіта ў фокусе гіпадынаміі.