Каланаскапія – гэта даследаванне ўнутранай паверхні тоўстай кішкі пры дапамозе эндаскопа. Працэдура неабходная, але малапрыемная, таму ўсё больш людзей пытаюцца, ці можна прайсці яе пад наркозам. Разбіраемся разам з анестэзіёлагамі.
Сёння каланаскапію з анестэзіяй можна зрабіць у розных установах аховы здароўя платна і бясплатна. На бюджэтнай аснове даследаванне робіцца не ўсюды і не ўсім. Гэтае пытанне рэгулюецца на месцах загадамі абласных упраўленняў аховы здароўя і Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
У дакументах зацвярджаюцца ўстановы аховы здароўя, дзе праводзіцца каланаскапія з анестэзіялагічнай дапамогай, паказанні і супрацьпаказанні, парадак пераразмеркавання месцаў у выпадку паломкі абсталявання і іншых форс-мажорных абставінаў.
У пэўных клініках каланаскапію з анестэзіяй ужо робяць практычна ўсім пацыентам, у іншых – па пэўных паказаннях. Усё залежыць ад магчымасці ўстановы, паколькі правядзенне агульнай анестэзіі патрабуе пэўных умоў і наяўнасці неабходнай колькасці анестэзіёлагаў.
Каму, дзе і як
Напрыклад, у Брэсцкай вобласці каланаскапію з анестэзіялагічнай дапамогай праводзяць у Цэнтрах калектыўнага карыстання Брэсцкай абласной бальніцы, Брэсцкага абласнога анкалагічнага дыспансэра, Брэсцкай цэнтральнай гарадской бальніцы, Баранавіцкай гарадской бальніцы і Пінскай цэнтральнай бальніцы. За кожнай з гэтых устаноў замацаваны пацыенты з пэўных раёнаў вобласці.
Для шпіталізацыі пацыентаў, якім плануецца дадзенае эндаскапічнае даследаванне, прадугледжана выдзяленне аперацыйных і ложкаў па тэхналогіі «хірургія аднаго дня». Але працэдура праводзіцца не ўсім.
Як распавёў галоўны пазаштатны анестэзіёлаг-рэаніматолаг упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Ігар Лобан, у вобласці каланаскапія з анестэзіялагічнай дапамогай праводзіцца дзецям, малодшым за 12 гадоў, пацыентам са спаечнай хваробай брушной поласці (пры немагчымасці выканання ірыгаскапіі), з дэструктыўнымі працэсамі ў кішэчніку, якія абцяжарваюць бязбольнае абследаванне, з нізкім парогам болевай адчувальнасці.
Сярод супрацьпаказанняў: перытаніт, вострыя захворванні лёгачнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы, хранічныя захворванні лёгачнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы ў фазе дэкампенсацыі, парушэнне згусальнай сістэмы крыві, індывідуальная непераноснасць лекавага сродку для анестэзіі.
У Мінску дадзенае пытанне рэгулюецца загадамі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Згодна з загадам №378 ад 28.05 2018 г., «анестэзіялагічная дапамога праводзіцца па паказаннях, якія вызначае ўрач, што лечыць, пры накіраванні пацыента на даследаванне». Гэта можа быць участковы тэрапеўт, педыятр, хірург, урач стацыянара або кансіліум. Накірунак афармляецца на спецыяльным бланку або ў гісторыі хваробы. У дакуменце таксама ўказана, што анестэзія пры каланаскапіі не з'яўляецца абавязковай.
Напрыклад, у бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі паводле мадэлі канчатковых вынікаў 75% пацыентаў павінны праходзіць каланаскапію з анестэзіяй.
Выкарыстоўваюцца некалькі відаў анестэзіі.