Site icon Слушна

7 крыніц Беларусі, у якіх цячэ гаючая вада

7 дзён у тыдні, 7 нотаў, 7 колераў вясёлкі, 7 бачных планет… Да магічнай лічбы «7» далучаная і адна з сакральных мясцінаў Бярэзіншчыны, што знаходзіцца на мяжы з Чэрвеньскім раёнам, добра вядомая пад назвай «7 крыніц».

Тут пабудаваная капліца з купеллю, над якой апякуецца храм Свяціцеля Мікалая Цудатворцы горада Беразіно. А набраць цудадзейнай (па меркаванні вернікаў і не толькі) вады можа кожны.

7 крыніц. Сакральнае месца Беларусі.

Менавіта таму, распрацоўваючы разам з Інстытутам лесу Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь вандроўкі па экалагічных сцежках, Чэрвеньскі лясгас уключыў «7 крыніц» у свой маршрут. А аўтар гэтых радкоў разам з супрацоўнікамі лясгаса праехаўся па ім.

… Тое, што месца сапраўды знакавае, «ловіш» адразу ж – на пачуццёвым узроўні. Нават калі ты няверуючы… І скептык… І матэрыяліст-рэаліст, якога свет не бачыў.

Як сцвярджаюць жыхары вёскі Крупа Бярэзінскага раёна, непадалёк ад якой размешчаныя 7 крыніц, месца гэтае – старажытнае і намоленае. Існуюць легенды, што вада дапамагла многім пазбавіцца ад хваробаў вачэй, хваробаў страўніка, вылечвала дзяцей.

У свой час, калі яшчэ існаваў панскі маёнтак, мясціну  таксама называлі Панскай. А за яе ўладкаванне-абсталяванне ўзяліся, як ні дзіўна, усяго толькі ў 2010-ым годзе.

І зараз на таблічцы, што размешчаная на адным з валуноў, можна прачытаць (па-беларуску, між іншым!): «Капліца з купеллю на сямі крыніцах абсталяваная ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Узведзеная на ахвяраванні грамадзян, прыватных і дзяржаўных арганізацый. Асвечаная Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усёй Беларусі 24.08.2014 года. Мае прыродную і рэлігійна-культурную каштоўнасць, ахоўваецца дзяржавай».

Паколькі месца асвечанае, паводзіны тут таксама павінны быць адпаведнымі, пра што нагадвае памятка пры ўваходзе.

Нетаропка шпацыруем па тэрыторыі, разглядаючы, што тут ёсць. Вось драўляны крыж.

– А туі ля яго растуць нашы, – зазначае намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец. – Гэта наш унёсак у добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Адзін з валуноў, кажуць, важыць 7 тон! Вось і яшчэ адна, але ўсё тая ж магічная лічба…

І нарэшце перад вачыма панарама! Вось яны, тыя самыя 7 крыніц! Зрабіць агульны здымак замінаюць дрэвы, таму фатаграфую па частках, самае адмысловае…

Дарэчы, ужо бачыла на фотаздымках іншых, што над крыніцамі ўзвялі арыгінальныя драўляныя надбудовы, якіх не было падчас нашай вандроўкі. Так што гэта фактычна кадры не тое каб рэдкія… Але ўжо гістарычныя.

… Першае, што робім, спусціўшыся да бліжэйшай крыніцы, – каштуем ваду. О-о-о-о-о-о, якая прыемная яна смак! Мяккая-мяккая! Асабліва ў параўнанні з нашай чэрвеньскай – такой ужо «жалезнай»… Адзінае, што ледзяная настолькі – сківіцы зводзіць і зубы ломіць! Таму п’ем маленькімі глыткамі.

А затым набіраем з сабой у бутэлькі. Кожны – з аблюбаванай крыніцы. І – трэба ж паспрабаваць, а раптам?! – асцярожна прамываем вочы, умываемся. І тут жа (хочаце – верце, хочаце – не) наведвае адчуванне такой лёгкасці!

Здаецца, лекавай вады не павінна быць шмат. Інакш якая ж яна гаючая, калі аб’ём – акіян?! Максімальная тара ў нас – шасцілітровая бутэлька (забягаючы наперад: мае сямейнікі яе спажывалі ці не месяц). А вось тыя, хто ўжо, відавочна, не першы раз прыязджае сюды на ўласных аўто, набіраюць з размахам: 10-літровымі вёдрамі! А хтосьці яшчэ іх злівае ў… бочкі, што стаяць у багажніку!

Дык вось што мелі на ўвазе мясцовыя, калі казалі, што ў тутэйшай вадзе – уся «табліца Мендзялеева»! Чытаем пра яе склад:

А заадно – і кімсьці напісаны верш…

Відавочна, вершы тут любяць! Бо воддаль – яшчэ адзін, пра каплічку. Нават не верш – песня! І вельмі цікавая панарама адкрываецца за ім. Уяўляю сабе, як жа прыгожа тут улетку, калі ўсё зелянее і квітнее! Ды і ўзімку так і цягне пабыць на адзіноце, падумаць пра штосьці сваё, прыватнае альбо агульнае, вечнае…

Зверху бачна, што сама мясцовасць забалочаная. Але там, дзе цячэ вада, – пясок. А гэта і ёсць своеасаблівы прыродны фільтр. Таму многія ўласцівасці вады насамрэч можна патлумачыць рэальным станам спраў… А пра інфармацыю, якую яна здольная запамінаць, ды ўласцівасці вады каляровай можна прачытаць тут.

Таксама з вялікай цікавасцю зазіраем у саму каплічку. А там – абразы і купель.

Апошняя вельмі папулярная, асабліва на Вадохрышча. Нават жыхары Чэрвеньшчыны, аказваецца, сюды ездзяць – акунуцца 18-19 студзеня!

З аднаго боку, памяшканне ўсё ж такі… Павінна быць цяплей. Але ж пакуль пастаіш у чарзе… А з іншага і ўвогуле… Крыніцы!!! 7 крыніц, якія зліваюцца ў адзін ручай! Тут-то і ўлетку вада ледзяная…

Але, вядома ж, кожнаму – сваё. Каму – даць нырца, каму – проста побач пастаяць… А пра вандроўку да «7-мі крыніц» асабіста я прыгадваю з задавальненнем! Трэба было б яшчэ раз з’ездзіць ды набраць вады. Вось верыцца ў яе гаючую сілу і ў саму магічную мясціну на Бярэзіншчыне. Хаця я і ёсць той самы згаданы на пачатку матэрыяліст-рэаліст…

Фота – Святлана Адамовіч.

Exit mobile version