77 гадоў Вялікай Перамозе. Дзень Перамогі Савецкага Саюза над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне быў і застаецца адным з самых ушанаваных свят у краінах СНД. Штогод мы сустракаем яго з вялікай радасцю, гонарам і шчасцем. Менавіта гэты дзень з’яўляецца сімвалам нашай свабоды.
Сёлета святкаванні адбудуцца ў розных гарадах Беларусі. Большасць мерапрыемстваў пройдзе ў Мінску.
9 мая ў 11 гадзін у межах акцыі «Беларусь памятае» пачнецца патрыятычнае «Шэсце пакаленняў». Устаць у строй у гонар мужнасці і гераізму зможа абсалютна кожны. На чале калоны будзе новае пакаленне. Выстраяцца дзясяткі шэрагаў.
Ветэраны ж будуць чакаць удзельнікаў шэсця ля Вечнага агню. Затым жывыя кветкі лягуць да манумента. І тут жа ўсё спыніцца на хвіліну маўчання, а пасля — звон адзначыць пачатак падзеі.
Усяго ў Мінску будуць дзейнічаць больш за 150 канцэртных, тэатральных, кірмашовых, конкурсных, музычных і спартыўных праграм. Самыя масавыя народныя гулянні па традыцыі — на праспекце Пераможцаў. Агульнагарадская лакацыя з шоу і гандлёвымі радамі — ля Палаца спорту.
У парку Перамогі выступяць аркестры, прагучаць патрыятычныя песні, разгорнецца выстаўка ваеннай тэхнікі. Для аматараў мастацтва і знатакоў памяці будзе прадастаўлены бясплатны ўваход у дзяржаўныя музеі.
А на плошчы Перамогі абяцаюць яркую вячэрнюю праграму — гала-канцэрт «Памяць пакаленняў».
Фінальным акордам стане яркі феерверк.
У 23 гадзіны салют расфарбуе неба з 5 лакацый — паркаў Янкі Купалы, Паўлава і Уга Чавеса, таксама залпы будуць з пляцоўкі каля «Чыжоўка-Арэны», набярэжнай вадасховішча Дразды і ля Нацыянальнай бібліятэкі.
У цэнтры горада, напэўна, збярэцца больш за ўсё гледачоў, але арганізатары запэўніваюць: убачыць маляўнічае неба можна будзе ў любым кутку сталіцы.
Прыйсці на свята трэба загадзя, рух у цэнтры абмяжуюць з 6.30 раніцы і да гадзіны дня. Потым транспарт пусцяць, але ў шэсць вечара і да поўначы ён зноў пойдзе ў абход. На некаторых маршрутах павялічыцца колькасць грамадскага транспарту, але самым хуткім і надзейным будзе метро.
Свята чуваць і відаць на кожнай станцыі і ў кожным вагоне. Яны аформлены ў пераможным стылі. Гэтымі днямі графік руху падземкі аптымізаваны для зручнасці пасажыраў.