Многія да гэтага часу лічаць, што працягласць жыцця «перадаецца ў спадчыну» і ўсё вырашае генетыка: калі ў родзе суцэльныя доўгажыхары, значыць, турбавацца няма пра што.
Аднак вучоныя даўно даказалі, што гены адыгрываюць значна меншую ролю ў параўнанні з такімі знешнімі фактарамі, як харчаванне і лад жыцця.
Паглядзіце, прыхільнасць да якіх звычак гарантавана падоўжыць жыццё на гады.
- Пазбягайце пераядання
Сувязь паміж спажываннем калорый і даўгалеццем – прадмет нязгаслай навуковай цікавасці. Пры гэтым асноўныя высновы даўно вядомыя: мера і стрыманасць у ежы – залог доўгага і здаровага жыцця. Напрыклад, даследаванне на пацуках паказала, што грызуны, якім скарацілі звыклы сутачны калараж на 10-50%, меней хварэлі і жылі даўжэй у параўнанні з суродзічамі з кантрольнай групы. Тыя ж высновы пацвярджалі і даследаванні з удзелам людзей: хто меней есць, той радзей хварэе і даўжэй жыве.
Умеранасць у ежы дапамагае кантраляваць вагу і перашкаджаць назапашванню вісцаральнага тлушчу, што наўпрост уплывае на развіццё сардэчна-сасудзістых, эндакрынных захворванняў і адпаведна на працягласць жыцця.
Аднак, да ўсяго трэба падыходзіць з розумам. Нават урэзаны сутачны рацыён павінен быць збалансаваным і разнастайным. Пры гэтым умеранасць у ежы не павінна стаць сінонімам голаду.
- Выкарыстоўвайце карысць арэхаў
Арэхі багатыя на бялок, клятчатку, антыаксіданты і карысныя раслінныя злучэнні, служаць крыніцай такіх вітамінаў і мінералаў, як медзь, магній, калій, фалійная кіслата, вітаміны B6 і E. Адпаведна, ужыванне арэхаў дабратворна адбіваецца на працы ўсяго арганізма.
Паводле даследавання, праведзенага з удзелам больш за 7 тысяч чалавек ва ўзросце ад 55 да 80 гадоў, ужыванне арэхаў хаця б тры разы на тыдзень зніжае рызыку заўчаснай смерці амаль на 40%!
Ёсць і больш маштабныя даследаванні, дзе колькасць удзельнікаў налічвае сотні тысяч чалавек. Высновы таксама сведчаць пра зніжэнне смяротных рызыкаў ад неінфекцыйных захворванняў сярод аматараў арэхаў. Прычым даўжэй за ўсіх жывуць тыя, хто есць арэхі штодня.
- Раслінная ежа – залог здароўя і даўгалецця
Ужыванне садавіны, гародніны, суцэльназерневых і бабовых таксама зніжае рызыку захворванняў і спрыяе павелічэнню працягласці жыцця. Вучоныя тлумачаць гэта тым, што раслінная ежа надзвычай багатая на вітаміны, антыаксіданты, карысныя мінеральныя рэчывы. Яны забяспечваюць нармальную працу ўсіх сістэмаў арганізма, аказваюць дабратворны ўплыў на функцыі органаў. Як следства, у людзей, чый рацыён багаты на гародніну і садавіну, ніжэйшая рызыка развіцця хваробаў сэрца, нырак, гарманальных парушэнняў, анкалагічных паталогій, дэпрэсіі і расстройстваў функцый мозгу.
- Заставайцеся фізічна актыўнымі
Ці ведаеце вы, што штодзённая 15-хвілінная зарадка сумарна дадае тры гады жыцця? Але калі вы займаецеся даўжэй, ёсць яшчэ адна выдатная навіна: за кожныя дадатковыя 15 хвілін фізічных практыкаванняў на 4% зніжаецца рызыка заўчаснай смерці. Так што выраз «рух – гэта жыццё» набывае самае літаральнае значэнне.
- Не паліце
Гэта не модна, не смачна і не здорава. Курэнне напрамую звязанае з развіццём цэлага шэрагу захворванняў і рызыкай заўчаснай смерці.
У цэлым, тыя, хто паліць, губляюць да 10 гадоў жыцця і ў 3 разы часцей паміраюць заўчасна, у параўнанні з тымі, хто ніколі не браў у рукі цыгарэту. Гэта важкі аргумент, каб не пачынаць паліць. Але калі дрэнная звычка ўжо сфармавалася, майце на ўвазе: адмовіцца ад тытуню ніколі не позна.
Так, амерыканскія даследчыкі заяўляюць, што людзі, якія кінулі паліць да 35 гадоў, могуць падоўжыць сваё жыццё да 8,5 года. Адмова ад курэння да 60-гадовага ўзросту падаўжае жыццё амаль да 4 гадоў. Нават калі кінуць паліць у шаноўныя 80 гадоў, гэта ўсё яшчэ можа прынесці карысць і дадатковыя гады жыцця.
- Турбуйцеся пра сваё шчасце
У шчаслівых людзей жыццё не толькі поўнае і насычанае, але яшчэ і доўгае. Так сцвярджаюць вучоныя з Вялікабрытаніі, якія прааналізавалі ўзаемасувязь паміж эмацыянальнымі адчуваннямі і працягласцю жыцця мужчын і жанчын. Аказалася, што шчаслівыя людзі не толькі меней схільныя да рызыкі заўчаснай смерці, але і працягласць жыцця ў іх у сярэднім на 18% даўжэйшая, чым у ныцікаў і няўдачнікаў.
Засталося толькі нагадаць, што шчасце – паняцце вельмі асабістае і завязанае на псіхаэмацыянальных адчуваннях па-за залежнасці ад ступені матэрыяльнага дабрабыту і стану фізічнага здароўя.
- Пазбягайце хранічнага стрэсу і трывогі
Трывога і стрэс у процівагу папярэдняму пункту гады жыцця не дадаюць, а забіраюць.
Напрыклад, устаноўлена, што жанчыны, якія пакутуюць ад стрэсу ці трывогі, у два разы часцей паміраюць ад хваробаў сэрца і сасудаў. Мужчыны – у 3 разы часцей.
Даследаванні паказваюць, што ў песімістычна настроеных людзей рызыка ранняй смерці на 42% вышэйшая, чым у непапраўных аптымістаў.
- Спіце ў меру
Сон мае вырашальнае значэнне для рэгулявання функцый клетак і дапамагае арганізму аднаўляцца. Даследаванне, якое было праведзенае з удзелам маладых (ад 20 да 30 гадоў) і сталых (старэйшыя за 60 гадоў) людзей, устанавіла прамую сувязь паміж рэгулярным рэжымам сну і даўгалеццем. Працягласць сну –таксама важны фактар. Дэфіцыт і лішак сну негатыўна адбіваюцца на стане здароўя і самаадчуванні.
Напрыклад, сон менш за 5-7 гадзін у суткі павялічвае рызыку ранняй смерці на 12%. У той жа час рэгулярны сон працягласцю больш за 9 гадзін у суткі для дарослага чалавека не дадае жыцця, а скарачае яго.
Хранічны недахоп сну таксама павышае рызыку развіцця цукровага дыябету, хваробаў сэрца і атлусцення. З іншага боку, празмерны сон пагражае дэпрэсіяй, гіпадынаміяй і недыягнаставанымі станамі здароўя, якія могуць негатыўна паўплываць на вашую працягласць жыцця.
Аптымальная працягласць начнога сну для дарослага чалавека – 7-8 гадзін.
Часам мы памыляемся, калі думаем, што не можам уплываць на працягласць свайго жыцця. Але праўда ў тым, што ў сукупнасці такія простыя звычкі, як здаровы сон, 15-хвілінная ранішняя зарадка, рэгулярнае ўжыванне гародніны і садавіны, уменне пазбаўляцца ад стрэсу і атрымліваць шчасце з дробязяў сапраўды служаць залогам здаровага даўгалецця.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!