Мы яшчэ паспелі пра ўсё пагаварыць, пакуль яна была ў прытомнасці. Пакуль нясцерпны боль ні прыглушыў свядомасць. Але балюча… Як жа ёй было балюча!!! Калі ўколы не дзейнічалі. Мацнешых нам чамусьці не выпісалі. І тыя пакуты я не забудуся да канца свайго жыцця! Гэтае маё бяссілле. Маё асабістае пекла на зямлі… Хаця я вельмі старалася штосьці зрабіць і ў нашых умовах. І дзякуй усім, хто пранікся нашым горам і дапамагаў, як мог!
Медсястра Надзенька аказалася мамінай вучаніцай. Не лічачыся з уласным часам, прыбягала рабіць уколы. Дапамагала і ў іншым. Увечары, позна ўвечары. Падтрымлівала, як магла. Прыйшла развітацца. Надзенька, калі б не Вы, было б нашмат горш. Дзякуй за чулае сардэчка! Але ж як балюча, што не атрымалася ўратаваць…
Я шчыра дзякую ўсім, хто стараўся нам дапамагчы. І ў першую чаргу – маёй непасрэднай начальніцы Вользе Іванаўне Святліцкай, дзякуючы якой жыццё маёй мамачкі хаця б крыху працягнулася. А мы так спадзяваліся, што ўсё страшнае засталося ззаду. Дзякуй Вам, Вольга Іванаўна! Мама так марыла сказаць гэта Вам асабіста… Перадаю яе ўдзячныя словы… Шчыра дзякую нашаму галоўнаму рэдактару Таццяне Мікалаеўне Сівец за разуменне і падтрымку. Дзякуй за ўсё, што Вы для нас рабілі, за разуменне і спагаду, за чалавечнасць.
Дзякуй урачам, медыцынскаму персаналу адной вядомай рэспубліканскай установы, якія спрычыніліся да паліятыўнай аперацыі і прафесійнага догляду пасля яе. Цяпер, ва ўмовах пандэміі і каранціну, не атрымалася б нічога…
Мая мамачка так любіла жыццё! І я не магу пакуль глядзець на квецень навокал, бо яна яе ніколі не ўбачыць… Сэрца заходзіцца штораз, калі прыгадваю нашы вечаровыя прагулкі. Ну як жа так?! Жыццё працягваецца, а мамачкі няма?!
У нас была такая сувязь… Неверагодная! Мы часта гаварылі ўслых хорам цэлыя сказы! І я ўвесь час адчувала тыя нябачныя ніткі ад сэрца да сэрца…
– Мама, мамачка, ты ж будзеш да мяне прыходзіць?! – з такой надзеяй запыталася я ў яе, калі мы ўжо ўсё ўсведамлялі, але ніяк не маглі паверыць.
Яна заплакала і сказала:
– Так!
Кажуць, што гэта нядобра, калі чалавек з іншага свету прыходзіць у гэты. Але ж гэта мая МАМАЧКА!!!! Хіба можа ад яе сыходзіць штосьці дрэннае?! Няхай і з іншага свету??? Ды ніколі!
Але… Але пакуль яна так ні разу да мяне не прыйшла… Хаця ўначы я, бывае, прачынаюся ад незразумелых гукаў у мамінай спальні. І па-ранейшаму так яе чакаю!!! Я так хачу даведацца, што ў яе ўсё ў парадку. Што больш няма таго нясцерпнага болю… Можа, трэба счакаць 40 дзён?! Я чакаю… Я так чакаю сустрэчы… Хаця б у сне.
Мая мамачка так мяне шкадавала… Так ганарылася тым, што я працую на гэтым інфармацыйным партале і задаволена сваёй працай. Яна была маім самым адданым чытачом. Вельмі любіла чытаць мой блог. Абодва блогі. На іншым рэсурсе – таксама.
У нядзелю, калі было ўжо ёй блага, спыталася ў мяне, які дзень і чысло. Я сказала, што нядзеля, 12 красавіка.
– Ідзі, зайчык, не сядзі ля мяне. Ідзі пішы пра касманаўтаў…
На што я, зарыдаўшы, прызналася, што больш не магу пісаць блог…
Мама, мамачка, мая дарагая! Цяпер усё, што напішу, буду прысвячаць табе. І пра цябе напішу яшчэ не раз. Бо такія людзі сапраўды вельмі рэдка з’яўляюцца на Зямлі. І гэта не толькі маё суб’ектыўнае меркаванне, як дачкі. Столькі добрых слоў пра маю маму сказалі на пахаванні і жалобным стале яе калегі, колішнія вучні, суседка па дачы, мае сяброўкі…
Яно і не дзіўна. Колькім вучням за дзесяцігоддзі сваёй працы яна аддала часцінку сваіх душы і сэрца! Як перажывала за кожнага, як за сваё дзіця… І недарэмна многія ў адзін голас прыгадваюць менавіта мамачкіны дабрыню і душэўнасць супольна з высокім прафесіяналізмам…
А якую цудоўную сям’ю мы з братам мелі! Дзякуй маме і тату за нашыя сапраўды шчаслівыя дзяцінства і юнацтва! А як наша мамачка ганарылася намі, яе дзецьмі, і сваімі ўнучкамі! Яна так любіла нашых дзяўчат! І яны яе – таксама… Жонка брата на кожным сямейным свяце адзначала, як ёй пашанцавала са свекрывёй…
Банальнае «Час лечыць» пакуль нічым не дапамагае. Я не магу сказаць, колькі часу трэба, каб хаця б крыху зрабілася лягчэй. Бо я ўсё сваё жыццё жыла разам з мамачкай, усе свае 48 гадоў… Побач. У цеснай сувязі.
Вядома ж, у кожнага сваё гора. Але адна справа, калі ў чалавека ёсць уласная сям’я, а мама ці мама і тата жывуць даўно дзесьці асобна. І зусім іншая – калі вось так… Усё жыццё з бацькамі. І тату цяпер трэба падтрымліваць, дзесьці забываючыся на ўласнае гора…
Дзякуй усім, хто прыйшоў развітацца з нашай мамачкай, хто падтрымаў і падтрымлівае нас. Сапраўды, сілу слова альбо падтрымкі маўклівай яскрава адчуваеш, калі маеш уласнае гора…
У гэтым сумным допісе не будзе фота, апрача аднаго, самага любімага, зробленага мной падчас святкавання рубінавага вяселля бацькоў. А разам пражылі яны 53 гады. Залатое вяселле таксама святкавалі. Унучкі мамачкі, мае пляменніцы, такі сцэнар падрыхтавалі!
– Запомні мяне не такой, а поўнай сіл, – прасіла мяне мама.
– Мамачка, я люблю цябе любой! – быў мой адказ.
І я сапраўды была гатова даглядаць яе, трацячы на гэта амаль цэлыя суткі, і 10, і 20 гадоў… Толькі б яна жыла…
І не пішыце мне, калі ласка, у каментах вядомыя царкоўныя догмы, якія быццам бы павінны мяне заспакоіць. У мяне ўсё гэта праходзіць міма. Я ўжо нацярпелася падчас Вялікадня ад гэтага ў сацыяльных сетках… Дрэнна гэта ці добра, але нас выхавалі атэістамі. Проста разам са мной прыгадайце маю мамачку, Адамовіч (Кавалёву) Ніну Іванаўну. І ў думках пажадайце ёй супакою…