Site icon Слушна

9 крокаў псіхалагічнай дапамогі дарослым з дыслексіяй

Вядомая англійская бізнэсвумэн Вікторыя Бэкхэм прызналася, што пакутуе ад дыслексіі. Па словах Вікторыі, з гэтай жа праблемай сутыкнуліся і чацвёра яе дзяцей. Гісторыя ведае мноства таленавітых дыслексікаў: Леанарда да Вінчы, Агата Крысці, Ганс Хрысціян Андэрсан... Аднак у звычайным жыцці дарослы чалавек, якому цяжка чытаць тэксты, пісаць, абагульняць інфармацыю, часта адчувае сорам і непаразуменне.

Сапраўднай праблемай робіцца, напрыклад, любое запаўненне дакументаў. Як прыняць сваю праблему і жыць без страху абняславіцца? Пра гэта распавяла кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй» Наталля Аўсянік.

Наталля Аўсянік.

Жыць з дыслексіяй можна шчасліва

Спецыялісты адзначаюць, што ў адносінах да праблемы дыслексіі ёсць дзве найбольш частыя тэндэнцыі. І абедзве яны правальныя. Першая – займацца чытаннем і пісьмом «да пасінення», падганяючы сябе і не ў сілах спыніцца. Другая – прылічыць сябе да ліку геніяў (іх сярод дыслексікаў шмат). У першым выпадку вялікая верагоднасць загнаць сябе ў пастку, але так і не дамагчыся выніку. А ў другім – прапусціць сензітыўны перыяд, калі дыслексію яшчэ можна было скарэктаваць. Для дарослага чалавека важны псіхалагічны складнік.

Дыслексія – не хвароба. Гэта асаблівая з'ява, якая патрабуе свядомых адносінаў. Што можна зрабіць дыслексіку для найбольш камфортнага жыцця?

Крок 1. Быць максімальна інфармаваным.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Каб скласці план дзеянняў, як спраўляцца са сваёй праблемай, трэба перш за ўсё сабраць пра яе інфармацыю. Зараз ёсць мноства семінараў, трэнінгаў. Існуюць таксама дадаткі, якія дазваляюць даведацца, на колькі і ў якой ступені ў чалавека ёсць той ці іншы тып дыслексіі (усяго вылучаюць 5 тыпаў). Ёсць людзі, якія шчасна ўсё жыццё жывуць і могуць у дзень прачытаць максімум два абзацы. Яны і не думаюць, што ў іх пэўныя праблемы. Ці людзі, якія кажуць пра тое, што ім даводзілася зубрыць літаратуру або гісторыю. Літаральна цэлы параграф чалавек вучыў на памяць, не ўмеючы здабываць галоўную думку. Калі вы высвятляеце, у якой ступені ў вас прысутнічае дыслексія, лягчэй зразумець, з чым можна пражыць без умяшанняў, а што патрабуецца карэктаваць або мець пэўныя тэхнічныя сродкі для дапамогі.

Крок 2. Пасябраваць з чалавекам з падобнымі цяжкасцямі.

Нягледзячы на тое, што свае складанасці заўсёды падаюцца ўнікальнымі і свой шлях кожны праходзіць сам, вялікай палёгкай бывае даведацца, што ты ўсё ж не адзін.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
У клубах і супольнасцях людзей з падобнымі праблемамі можна падзяліцца сваімі цяжкасцямі, перажываннямі.

Крок 3. Зняць груз з плячэй.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Для таго, каб рухацца далей, трэба прыняць сваю праблему. Тэрапія неабходная і павінна прысутнічаць у жыцці кожнага дыслексіка. Наколькі чалавек баіцца пісьмовых работ, публічных выступленняў, чытання, пытанняў у стылі «падсумуй і абагульні»... Гэта прапрацоўваецца з псіхолагам, каб справіцца з грузам раз і назаўжды.

Крок 4. Спакойна прасіць аб дапамозе.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Многія дарослыя дыслексікі саромеюцца сваёй праблемы. Я неаднаразова бачыла, як людзі, запаўняючы дакументы ў розных пашпартных сталах, чырванеюць, бляднеюць, пацеюць над фармулярам для таго, каб здаць той жа пашпарт на праверку або перарэгістрацыю. Калі чалавек прапрацаваў праблему, ён разумее, што яго цяжкасці – гэта не ганьба, а з'ява. І далей ён кажа: «Я не магу, дапамажыце, калі ласка». Як толькі чалавек пачынае прасіць без сарамлівасці, без згрызоты, без бясконцых апраўданняў, дык яму вельмі многія людзі ідуць насустрач.

Крок 5. Выявіць моцны бок.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Трэба выявіць той самы моцны бок, за кошт якога чалавек можа жыць далей. Калі няма стрыжня, цікавасці, дык жыццё ператвараецца проста ў пагоню за цягніком, які бясконца з'язджае. Для дзяцей ёсць дыягностыка на выяўленне здольнасцяў чалавека. Часцей за ўсё яе выконваюць у прафарыентацыйны перыяд, з 13 гадоў. Хаця, напрыклад, вядомы псіхолаг Адлер лічыў, што ўжо ў 4 гады мы можам вызначыць калідор здольнасцяў. У дарослых людзей мы выбіраем са спісу наяўных рэсурсаў і магчымасцяў. У дапамогу – прафарыентолагі, трэнінгі. Як толькі мы знайшлі свой рэсурс, мы накіроўваем туды максімум сіл, а астатняе робім у рэшткавым рэжыме. Чаму гэта важна? Мозг у прынцыпе мае абмежаваныя рэсурсы. Калі мы бясконца выцягваем іх у розных напрамках (і хакей, і басейн, і 4 замежныя мовы, і каліграфія), дык праз пэўны час іх не застаецца, няма жадання нічым займацца. У дзяцей гэта часцей за ўсё бывае ў 6-7 класе. У гэтым узросце многія ўжо нічога не хочуць, бо рэсурсаў няма. А далей з'яўляюцца ўжо дарослыя, якія таксама чагосьці не хочуць па пэўных прычынах. Таму так важна выявіць свой інтарэс. Гэта ніколі не позна. Ёсць людзі, якія лепшыя свае творы напісалі ў 90 гадоў.

Крок 6. Засцерагчы сябе на працоўным (вучэбным) месцы.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Людзям з дыслексіяй патрэбны вельмі строгі графік выканання работы. Тэрміновыя заданні, змены ў рэжыме працы – усё гэта для іх велізарны стрэс. Напрыклад, вучні ці студэнты-дыслексікі, якім мяняюць расклад, на занятках не могуць сабрацца, паколькі рыхтаваліся зусім да іншага прадмета. Лепей засцерагчы сябе на вучобе і працы і паведаміць, што вам трэба ведаць інфармацыю загадзя, і гэта ніяк не адаб'ецца на працоўным працэсе. Для людзей з дыслексіяй вельмі карысныя камунікатыўныя трэнінгі, дзе іх вучаць, не ўступаючы ў канфлікт, казаць пра свае патрэбы, абараняць межы і граматна адбудоўваць сваю рабочую прастору.

Крок 7. Замяніць негатыўныя характарыстыкі на станоўчыя.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Часта заўважаю ў працы з дыслексікамі такія фразы ў адносінах да сябе: «Я дурны, я тупы, у мяне нічога не атрымліваецца». Трэба замяніць негатыўныя або крытыкуючыя характарыстыкі на станоўчыя. Ёсць цэлая стратэгія, калі мы вучымся замест такіх фраз казаць: «Я не справіўся, бо... Якім чынам мне трэба гэта зрабіць? Што мне трэба, каб гэтага дасягнуць?» Гэта асобны спецыяльны трэнінг, у якім дыслексікі маюць патрэбу. Дыслексія – гэта не толькі пра трэніроўку чытання і пісьма. Трэба падняць вельмі шмат пластоў, каб чалавек сябе адчуваў добра. У прыватнасці, камунікатыўныя навыкі.

Крок 8. Выкарыстоўваць бібліятэрапію.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Чытанне кніг пра людзей з падобнымі праблемамі і пра тое, як яны іх пераадольвалі, важна як для дзяцей, так і для дарослых дыслексікаў на працягу ўсяго жыцця. Напрыклад, у «Ганне Карэнінай» Леў Талстой як вялікі педагог таксама апісаў дыслексіка – сына Ганны Сярожаньку.

Крок 9. Выкарыстоўваць сродкі тэхнічнай дапамогі.

Веданне таго, што такія сродкі існуюць і сапраўды дапамагаюць, здымаюць псіхалагічную напружанасць.

 
Наталля Аўсянік
Кандыдат псіхалагічных навук, удзельніца праекта «dyslexia.pro» і «100 кніг для дзяцей з дыслексіяй»
Калі ў мяне дрэнны зрок, я выкарыстоўваю акуляры для дапамогі сабе. Калі я жыву з дыслексіяй, дык таксама выкарыстоўваю тэхнічную дапамогу і марную меней сіл на барацьбу з бясконцымі складанасцямі.

Дыслексія – сітуацыя, калі ад дарослага чалавека патрабуецца, перш за ўсё, спакойнае прыняцце сваёй сітуацыі і пошук варыянтаў дапамогі. Пра тое, якую літаратуру рэкамендуюць спецыялісты для дарослых і дзяцей з такімі праблемамі і якія тэхнічныя сродкі дапамогі існуюць для палягчэння жыцця дыслексікаў, – у нашых наступных матэрыялах.

 

Exit mobile version