…Нядзеля. 24 сакавіка. Мы прыехалі на ўласную сядзібу. Ветрана, але сонечна. А галоўнае – практычна суха. Усюды можна хадзіць – і не тапіцца. Нідзе не стаіць вада. Нават у барознах. Нават у традыцыйных лужынах на дарозе, па-за межамі ўчастка. І гэта проста фантастыка!
Вось такі сюрпрыз нам ад сёлетняй вясны. Мой першы дачны дзень-2019 – 24 сакавіка. Мора шчасця! Бо часцей за ўсё нават у красавіку на сядзібу яшчэ не ўлезці. Больш за тое! Нават на пачатку мая. Калі ідуць дажджы, да зямлі не падступіцца… І ледзь не кожны сусед лічыць сваім абавязкам «прайсціся» (на словах) па нашаму «вадасховішчу». А тут…
Па дарозе да сядзібы чуем песню жаўрука. Непадалёк ад павароту на вуліцу нам прыветна махаюць пушыстыя «коцікі» на дрэве. Якія яны ўжо вялікія! Вось-вось з’явіцца і жоўтае ўпрыгажэнне на іх.
То там, то тут на сядзібах красуюць напоўніцу першыя веснавыя кветкі. І заліваецца на суседскім участку, седзячы на жэрдачцы птушынага дамка, гарэзлівы шпак.
Свежае паветра… Не, у нашым Чэрвені яно і так досыць свежае, паколькі не дымяцца тут ніякія прамысловыя прадпрыемствы са шкоднымі выкідамі. Але на дачы… Стаіш і дыхаеш з задавальненнем! Гэта крыху пазней ужо паветра на некаторы час перастане быць прыемным. Калі многія дачнікі дружна пачнуць спальваць непатрэбнае, тое, што заляжалася з зімы ці нават з мінулай восені. Тады толькі і паспявай уварочвацца ад клубоў дыму з розных бакоў. А пакуль яшчэ досыць свежа.
Адчыняю цяпліцу, дзе пад восень высыпалі на зямлю рэшткі насення алейнай рэдзькі, каб аздаравіць глебу… І не магу ўтрымацца ад смеху! Рэдзька тая ёсць! І нават пахне даволі моцна ў цяпліцы… рэдзькай. Але пераважную большасць зямлі займае макрыца! Ды яшчэ і цвіце ўжо заваблівымі белымі зорачкамі!
Зрэшты, гэта, мабыць, адзінае пустазелле, якое я звычайна вырываю з задавальненнем. Увогуле ж, не зусім гэта і пустазелле, а… Так-так! Малайцы, хто здагадаўся з першай літары! Макрыца – расліна з лекавымі ўласцівасцямі. Праўда, адразу ж з удакладненнем: нельга ўжываць людзям з паніжаным ціскам і тым, у каго на макрыцу праяўляюцца алергічныя рэакцыі. Для іншых жа…
Можна рабіць гарбату, якая, па словах даследчыкаў, аказвае заспакаяльнае дзеянне на арганізм і ўмацоўвае яго. Для гэтага адну лыжку травы заліваем шклянкай кіпню, настойваем пад накрыўкай 5 хвілін і п’ём па палове шклянкі тры разы на дзень. Не ведаю, наколькі прыемны смак атрымліваецца… Трэба пакаштаваць!
Сок макрыцы раяць закапваць у вочы… Але мне здаецца, што без парады з урачом лепей не спрабаваць займацца такім самалячэннем. Усё ж – вочы… А вось як дачнік са стажам раю, асабліва ўлетку, карыстацца лекавымі ўласцівасцямі макрыцы, калі ногі баляць ці гудзяць ад стомы. Трэба яе, свежую, пакласці ў абутак замест вусцілак! Траўка ж сама па сабе прыемная, вільготная пастаянна, таму і атрымала такі назоў – макрыца…
Пры захворваннях скуры можна выкарыстоўваць прымочкі з адвару макрыцы. 4 лыжкі травы заліць 1 літрам вады, давесці да кіпення, паменшыць агонь і гатаваць 5 хвілін. Затым настаяць 2 гадзіны і працадзіць.
А яшчэ, да свайго здзіўлення, даведалася, што ёсць шмат рэцэптаў… страў з макрыцы! Тут і салаты, і яечня, і пельмені, і боршч…
Ну-у-у-у… Дзьмухавец спажывала, крапіву таксама… Дарэчы, першая страва з крапівы, з курыцай і смятанай – такая смаката! А карысці колькі! Але да першай ядомай крапівы яшчэ трэба пачакаць…
Што ж датычыцца макрыцы… Мабыць, не рызыкну пакаштаваць яе ў салаце… А вы?!