І я зусім не пра мімозы зараз. І не пра прымулы... Не пра цюльпаны ды архідэі з хрызантэмамі... Не пра куплёныя кветкі, якімі мужчыны на 8 Сакавіка і ў яго пярэдадзень парадавалі сваіх родных, каханых, каляжанак, сябровак, суседак, знаёмых. А пра... дзьмухаўцы! Яны расцвілі!
Не верыце?! Ды і я не паверыла сваім вачам! Яшчэ ніколі на 8 Сакавіка не бачыла квітнеючых сярод мінулагодняй травы то тут, то там жоўтых сонейкаў!
Праўда, ёсць для таго і падставы. Зацвілі яны не абы-дзе, а прама над цеплатрасай. На гэтай шырачэзнай паласе снег растаў найперш. І ўжо даўнавата. Як кажуць, а цяпер давайце вылічым, які маем тут працэнт страты цяпла... Што часцяком не даходзіць да нашых кватэр.
Зрэшты, гэта тэма для разважанняў на зусім іншым рэсурсе. А мы з вамі зараз захапляемся дзьмухаўцамі. Уяўляем, як у разгар вясны (прыемна, што гэта адбываецца штогод!) усё вакол будзе такім жоўтым-жоўтым! Вось тады і трэба шукаць лугі-паляны з дзьмухаўцамі падалей ад ажыўленых трас ды месца выпасу жывёл. Для чаго?! А для таго, каб сабраць іх... на лекі!
Бо гэта толькі ў маленстве з такой асалодай мы маглі паваляцца на казачнай сонечнай палянцы, зусім не думаючы, што ядавіты сок не адмыецца з вопраткі. Альбо зрывалі дзьмухаўцы, каб сплесці з іх вяночкі. А тады доўга не маглі адмыць рукі ад плямаў.
Мед з дзьмухаўцоў
А пасля... Ужо і не памятаю, калі ўпершыню прыйшла мода (менавіта мода, па-іншаму і не скажаш!) на варэнне з дзьмухаўцоў. І яшчэ ў пэўным сэнсе тут быў элемент... гульні. Звары варэнне з 400 дзьмухаўцоў, з 500 кветак... З лімонам, апельсінам ці яшчэ з чым... І мы так старанна лічылі тыя сарваныя кветачкі...
Не буду прыводзіць рэцэпты. У сеціве іх вельмі шмат, і кожны можа выбраць штосьці па густу. Проста хачу нагадаць, што, апрача адмысловага смаку, варэнне (ці мёд) з дзьмухаўцоў мае і лекавыя ўласцівасці.
Калі верыць шматлікім даследаванням, гэта гіпаалергенны прадукт, таму з поспехам можа замяніць сабой пчаліны мёд для тых, у каго на яго алергія.
Усяго лыжка варэння дапамагае супакоіць кашаль. А ў цэлым дзьмухаўцовай смакаце прыпісваюць здольнасць зніжаць цукар у крыві, нейтралізаваць павышаную кіслотнасць, паляпшаць абменныя працэсы, змагацца з вольнымі радыкаламі (а значыць, з анкалогіяй), выводзіць лішнюю ваду і таксіны з арганізма...
Зрэшты, усё гэта, вядома ж, можна асцярожна праверыць на практыцы. І ўвогуле: падыходзіць гэты прадукт для ўжывання канкрэтнаму чалавеку ці не. І, вядома ж, варэнне з дзьмухаўцоў цалкам не заменіць лекі, як бы мы ў гэта ні верылі.
А верыць у гаючую сілу раслін трэба. Інакш жа не падзейнічае. Такое глыбокае перакананне ў нашай сям’і здаўна. Мо, таму і сапраўды адчуваем эфект ад траў. І гэта не эфект плацэба.
А пацверджанне знайшлі, апрача іншага, каля 10 гадоў таму, пазнаёміўшыся са стаўленнем да сілы раслін вядомай траўніцы Валянціны Травінкі, чые кнігі зрабілі найвялікшае ўражанне і ўплыў.
У адной з іх сярод мноства карысных парад было і пра дзьмухаўцы. Ёю стараемся карыстацца штогод.
mПрыгатаванне
Трэба нарваць свежыя расліны, беручы ўсю наземную частку: сцябло, лісце, кветкі. Толькі не выдзіраць з коранем!
Прапусціць праз мясарубку, адціснуць праз марлю сок... Лепей рабіць гэта ў пальчатках, каб засцерагчы рукі ад плямаў, што цяжка адмываюцца.
Сок пераліваецца ў шкляную бутэльку альбо слоік. Захоўваецца ў халадзільніку. Можна нават цэлы тыдзень там трымаць – яго лекавыя ўласцівасці не зменшацца.
Прымаецца па адной сталовай лыжцы 2-3 разы на дзень перад ежай. Абяцаецца амаладжэнне печані і не толькі.
Не ведаю, як пасля гэтага пачуваецца печань, а колер твару сапраўды робіцца свяжэйшым. Ды і самаадчуванне лепшае – праверана, і не раз!
Таму чакаем масавага цвіцення маленькіх сонейкаў – і выпрабоўваем іх гаючую моц на сабе! Усім – здароўя!
А тым, хто засумняваўся, што на сёлетнім маім фота менавіта дзьмухавец, а не падбел... Чарговы доказ – будучыя парашуцікі!