Site icon Слушна

А віншаванні – самыя найлепшыя!

З надыходзячым Новым годам!

Традыцыйна снежань пакаціўся кумільгам з гары... Усё хутчэй, хутчэй і хутчэй. І зноўку мы не паспелі нават азірнуцца і задумацца, як сёння ўжо – 31 снежня. Пярэдадзень завабліва-таямнічага свята.

З самага ранку мы плануем свае шматлікія справы. І заадно ствараем святочны настрой. Хочацца пажадаць усім, каб дзень не праляцеў гэтак жа, як і ўвесь снежань... З гары... А запомніўся! Выдатным настроем, цікавымі справамі, нечаканымі сюрпрызамі ды рознымі іншымі прыемнасцямі.

Рэжаце салацікі?! Уключаем любімы фільм. Пераважна ён ідзе фонам, але раз-пораз атрымаецца і зірнуць адным вокам на экран тэлевізара ці манітор ноутбука. Але ж некаторыя фільмы можна слухаць – і выдатна ўяўляць сабе ўсё, што там адбываецца.

«Іронія лёсу, альбо З лёгкай парай», «Іронія лёсу-2», «Снежны анёл», «Сірата казанская», «Француз», «Прыходзь на мяне паглядзець», «Чарадзеі», «Бедная Саша», усе «Ёлкі» (абсалютнае захапленне!), « Навагоднія сваты», «Ноч зачыненых дзвярэй»...

Вось далёка не поўны пералік цудоўных экранізаваных святочных гісторый! І калі вы, зірнуўшы на гэты спіс, раптам прыгадаеце, што даўно ўжо хацелі перагледзець гэта, гэта і яшчэ вось гэта... Толькі не памяталі, што такія ёсць... Буду рада, калі хаця б крышачку паспрыяла вашаму добраму настрою!

А настрой абавязкова павінен быць добрым! Ну проста абавязкова! Таму даю ўсім устаноўку! Сёння ў нас свята, свята і толькі свята. Усе думкі – радасныя, натхнёныя, прыемныя, заваблівыя, чароўныя... І няхай яны пануюць сёння цэлы дзень, цэлую ноч... І каб на пачатак студзеня іх таксама хапіла!

Спадзяюся, вы не забыліся прыдумаць забаўлянкі для гасцей, калі яны ў вас будуць?! Ды і для сямейнікаў нядрэнна было б. Жарты, розыгрышы, загадкі з міні-прызамі, самымі нечаканымі і даволі смешнымі... Яшчэ ёсць час! Сеціва вам у дапамогу!

А ўвогуле, гэтыя святочныя суткі проста павінны быць удалымі. Ды што там павінны! Абавязаны! І няхай знойдзецца месца цуду, хаця б маленькаму. Але самаму сапраўднаму. Я шмат ужо гэтага жадала ўсім нам на працягу перадсвяточнага тыдня. І шчыра жадаю зноў, сёння, у дзень фактычна магічны. Няхай спраўджваецца! І Дзеда Мароза са Снягуркай вам у госці!

А калі срэбны перазвон званочкаў на конях Дзеда Мароза, гадзіннікавых стрэлак на вежы, келіхаў з шампанскім наблізіцца да  нас на адлегласць выцягнутай рукі, паспейце загадаць сваё самае таемнае жаданне! І ў нас будзе наперадзе цэлы год (!!!), каб верыць і спадзявацца, што яно спраўдзіцца.

З надыходзячым Новым годам вас, шаноўныя сябры! Здароўя і шчасця, радасці і ўдачы, кахання і шанцавання, дабрабыту, пяшчоты і пабольш нагод для радасці! Дзякуй усім, хто быў з намі, сайтам «Слушна»! І – да сустрэчы ў 2019!!!

Exit mobile version