Казкі ў шырокім сэнсе – гэта не толькі тыя літаратурныя творы альбо элементы вуснай народнай творчасці, якія нам напачатку чыталі ці пераказвалі ў маленстве, а потым мы самастойна вандравалі ў іх неабсяжны дзівосны свет. Многія кнігі зараз – таксама своеасаблівыя казкі. А як часта мы вымаўляем, экспрэсіўна звяртаючыся да субяседніка: «Не расказвай мне казкі!» І ўсё ж казкі – гэта добра, гэта своеасаблівыя лекі, псіхалагічная дапамога, падтрымка для здароўя, калі хочаце… Таму давайце прыгадаем сёння свае любімыя! А нагода – Дзень пераказвання казак.
Памятаючы сябе дзесьці з гадоў трох, прыгадваю, як пераказвала мне казкі бабуля Ксенія, маміна мама, якая пераехала да нас у вёску Клінок, што на Чэрвеньшчыне, са Смаленшчыны, беларускай яе часткі. Дзіцячая памяць у мяне была ўчэпістая. Зразумела, што многія казкі «з голасу» таксама былі ў хуткім часе вывучаныя на памяць.
Але аднойчы, калі я сама, малая, распавядала адну з казак сямейнікам, загаварылася. І з дзвюх атрымалася адна. Смеху было! Асабліва ад брата, старэйшага за мяне на чатыры гады. Той свой «промах» памятаю і да гэтага часу. Нават словы казак гучаць у вушах у маім дзіцячым выкананні…
Добра запомнілася кніга казак з нашай Кліноцкай бібліятэкі. Назву не памятаю. Але памятаю вокладку – шэрую, быццам з мешкавіны. І якімі цікавымі былі казкі адтуль! Ужо стаўшы дарослай, спрабавала адшукаць тую кнігу, толькі марна. Так і засталася яна прыемным дзіцячым успамінам.
І зараз перад вачыма вокладка дзіцячай кнігі пад назвай «Гаршчочак, вары!» А можа, нават і сама кніжачка яшчэ захавалася. Бо некаторыя дзіцячыя, вытрымаўшы пераезды, і цяпер ёсць у нашай хатняй бібліятэцы. Праўда, на самых верхніх паліцах. Але нават і думкі няма здаць іх у макулатуру ці проста выкінуць. Гэта ж такія ўспаміны маленства! Цэлы асабісты свет…
Думаю, усе чулі пра такі кірунак у псіхалогіі і педагогіцы, як казкатэрапія?! Магчыма, нават праходзілі тэсты, як я калісьці, дзе патрабавалася назваць свае любімыя казкі, а ў адказ распавядалі пра рысы характару і г.д.
Па шчырасці, стаўленне ў мяне да гэтага неадназначнае. З аднаго боку, вельмі добра, што псіхолагі дапамогуць дзецям, а то і дарослым, пазбавіцца ад пэўных страхаў, скарэктаваць паводзіны, разабрацца ў сабе, змяніцца ў чымсьці, развітацца з даўнімі праблемамі… А з іншага… Ну гэта ж нашы казкі! Нашы добрыя дзіцячыя казкі! Якія мы ў маленстве проста чулі, чыталі і пераказвалі, не ўнікаючы, наколькі яны ўплываюць на наша жыццё і на кожнага з нас як асобу…
Часцяком чытаю ў мастацкай літаратуры, асабліва замежных аўтараў, пра абавязковае наведванне псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў… Так, мы да гэтага не прывыклі… Нам гэта падаецца дзіўным. Зразумела, у сур’ёзных сітуацыях такая дапамога проста неабходная. Асабліва зараз, з-за шалёных перагрузак – інфармацыяй, эмоцыямі, стрэсам, дрэннымі навінамі… І тая псіхалагічная дапамога, пра якую ў нашым дзяцінстве і юнацтве мы нават і думаць не маглі, у многім зараз становіцца рэальнасцю і неабходнасцю.
А казкі… Лячэнне з дапамогай казак у параўнанні з тым жа медыкаментозным зараз падаецца цудоўнай прыдумкай, ці не так?! Хаця гэта, па ўсім відаць, не такая ўжо і лёгкая справа…
Але сёння я не прапаную вам лячыцца казкамі, не-не! Проста захапіцца імі як літаратурнымі творамі, творамі вуснай народнай творчасці. Прыгадаць свае любімыя. Пераказаць камусьці з сямейнікаў, сяброў, знаёмых. Бо я па-ранейшаму веру, што Сусвет нас чуе і бачыць. І акамулюе дабрыню ад усіх.
Асабіста я ганаруся знаёмствам (рэальным і завочным) з пісьменнікамі-казачнікамі (і казачніцамі!) Таццянай Сівец, Генадзем Аўласенкам, Аленай Масла, Наталляй Бучынскай… Людзі, якія пішуць для дзяцей, пішуць казкі, для мяне асаблівыя.
Больш добрыя, душэўныя, умеюць спачуваць і суперажываць, калі чалавеку дрэнна, умеюць разгледзець стан свайго субяседніка, зразумець яго… І так хочацца, каб такіх казачнікаў і казачніц у нас было пабольш! Бо яны сапраўды дапамагаюць зрабіць гэты свет лепшым.
Віват, казкі! Сёння – ваш выхад! І казачнікі-казачніцы – калі ласка, на паклон! 🙂