Такое ўражанне, што яны ўжо… размнажаюцца. Практычна як аматары цыгарэтнага дыму. Калі выходжу з метро і іду па вуліцы, здаецца, што паліць кожны другі. Калі не ўсе запар. І за пару дзён да заканчэння гэтага працоўнага тыдня пабачыла не адзін сюжэт на тэму «П’яныя ў горадзе». Найбольш здзівіў чацвер! Яшчэ ж не апошні працоўны на тыдні, а столькі людзей нападпітку.
... Выходжу з універсама «Кунцаўшчына» – і бачу, што камусьці ўжо добра. Ці блага. Не разабрацца. Мужчына бамжаватага (даруйце за штамп!) выгляду зручна (зручна???!!!) усеўся на кветачніцу. На вялікую, зробленую з цэменту, засыпаную зямлёй і з раслінамі. Побач, пад нагамі, празрысты пакет з пустой бутэлькай. А сам мужчына, звесіўшы голаў, спіць.
Відаць, яго крыху раней згледзела ў «Кунцаўшчыне» мая каляжанка. Але не ён яе ўразіў, а жанчына, што была побач. Тусавалася. Мужчына ж –памятаем?! – бамжаватага выгляду. А яна – свежая, дагледжаная. Толькі не відавочныя яшчэ, а ледзь улоўныя сляды злоўжывання лёгкім воблачкам… на абліччы. І што тут будзеш рабіць?! Калі кожны, як у песні, «выбірае па сабе».
… Іду ўвечары таго ж дня па Кунцаўшчыне ў накірунку метро. І бачу, як мужчына вядзе пад руку высокага хлопца. І той так хістаецца, што ўтрымаць яго зусім няпроста. Ды яшчэ час ад часу прысядае на газон, каб пакорпацца ў сваім заплечніку. А яго спадарожнік, трохі счакаўшы, цягне хлопца ўверх і зноў вядзе. Як мне падалося, ён цвярозы.
Апранутая гэтая часовая, па ўсім відаць, пАра таксама класічна. Хлопец – у чорным, мужчына – у белым. Ну, і што можна падумаць, гледзячы на іх?!
Вось яны запавольваюць хаду. Мужчына паціскае руку другому, які падышоў да іх. Абганяю і чую толькі ўрывак дыялогу:
– Ой, я яго ведаю! – эмацыянальна кажа той, што падышоў. – Такі, такі і такі… Ды кінь ты яго! Пасядзіць на газоне ды пойдзе…
– Не, ну я хачу яго во давесці дадому, – неяк сарамліва (сарамліва???!!!), але цвёрда кажа той, у белым.
Заканчэння размовы не чую і не азіраюся. Толькі думаю: «Ну вось жа які адказны чалавек! Улічыўшы, што вядзе зусім незнаёмага, а той на добрым такім падпітку». А што б зрабіла я?! У такой сітуацыі (сядзіць п’яны на газоне, яму не блага, проста сядзіць) – прайшла б міма.
… Згледзець п’яных у нашым невялікім правінцыйным Чэрвені – гэта зусім няцяжка. На жаль. Штовечар, і па некалькі штук. Такое ўсё звыклае, што нават апісваць не хочацца. Ну, не валяюцца сёння пад плотам ці ўпоперак дарогі – і тое добра. А што на «душэўныя» размовы з сустрэчнымі цягне, дык гэта дробязі жыцця…
Не трэба выклікаць міліцыю ці «хуткую» (найчасцей звяртаюся да знаёмых, якія там працуюць). А пасля даведвацца ад медработнікаў, як «той, праспаўшыся, аблаяў і біцца кідаўся». Ага. «Дзякуй» у такой сітуацыі дакладна не пачуеш. Усе «алкагольныя» выклікі заканчваюцца аднолькава.
Бо даўным-даўно ўжо дамок у Чэрвені за рэчкай Ігуменкай прымае штодня дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў, а не п’яніц. І пра тое, што там калісьці змяшчаўся выцвярэзнік, памятае не так ужо і шмат чэрвеньцаў. І яшчэ меней – што за ўтрыманне там людзям даводзілася плаціць, што іх «прабіралі» затым у калектывах. І трапіць туды сапраўды было сорамна і ганебна. А зараз і на пачуцці такія забыліся.
… Дзень наступны. Выходжу па абедзе. І акурат непадалёк ад нашага офіса сядзіць на траўцы маладзён, падпірае парэнчы. Таксама бачна, што не проста так сядзіць, а нападпітку. Ну, сядзіць і сядзіць. На зваротным шляху ўбачыла яго ўжо на нагах: лавіў рэчы, якія літаральна разбягаліся з яго заплечніка. Ці сам дадому дабярэцца, ці і для яго знойдзецца ў «павадыры» хтосьці неабыякавы?
А вось як вы лічыце: што трэба рабіць у такіх сітуацыях? Як правільна? Абыякава праходзіць міма, калі больш-менш бачна, што пагрозы жыццю чалавека няма, проста ён не ў адэкваце… Ці паспрабаваць «прычыніць дабро», рызыкуючы быць накіраваным па вядомым адрасе і не толькі?! Асабліва, калі вы – жанчына, а перад вамі – прадстаўнік супрацьлеглага полу. Хаця жанчыны, як вядома, больш жаласлівыя. І калі яшчэ ёсць такое няшчасце ў сям’і… Дапаможа і паспачувае незнаёмцу.
І размова, заўважце, не пра зіму, калі снежна, марозна, а п’яны ляжыць на зямлі... Як кажуць, праходзілі, ведаем! А пра цяперашні, хаця і не самы гарачы, летні час. І не пра тое, каб праверыць: раптам чалавек не п’яны, а яму дрэнна стала, прытомнасць страціў. А пра тое, дзе ўсё зразумела з першага позірку.
... Штосьці дзіўнае адбываецца. Аматары шкодных звычак сапраўды прырастаюць колькасна з кожным днём?! І што таму прычынай? Жаданне схавацца ад праблем, іх вырашэння?! «Расквеціць» (а насамрэч – наадварот) сваё жыццё?! Адзінае і непаўторнае?! У мяне няма адказу. А ў вас?!