Падчас нашых школьных гадоў, якія прыпалі на заканчэнне 1970-х-1980-я, чамусьці прынята было шырока святкаваць і адзначаць парадамі, шэсцямі ды мітынгамі, у асноўным, 9 Мая. Пра трэцяга ліпеня як дзень вызвалення Беларусі тады прыгадвалі мала. З цягам часу гэтая дата таксама трывала ўвайшла ў людскую свядомасць як дзень знакавы і адметны. Хаця калі як журналіст прасіла сведкаў прыгадаць штосьці адметнае… Практычна ўсе паціскалі плячыма. Маўляў, дзень як дзень. Усвядомілі радасць вызвалення і вольнага жыцця значна пазней.
А вось сумнаму дню 22 чэрвеня, здаецца, увагі і не надавалі даволі доўга. Хіба падчас вывучэння гісторыі. І толькі адносна нядаўна, у апошнія дзесяцігоддзі, пачалі лічыць, колькі гадоў таму пачалася вайна. І таксама распытвацца ў сведкаў тых падзей, як яны даведаліся пра пачатак, што адчулі, калі ўбачылі першых немцаў, якім запомнілася 22 чэрвеня 1941 года… Але нават сведкаў з кожным годам застаецца ўсё меней і меней…
Што ўжо казаць пра ветэранаў! Як балюча глядзець на пустыя крэслы, пастаўленыя для іх падчас мерапрыемстваў на плошчах гарадоў. Дзе замест хаця б 30 чалавек у нашым, напрыклад, Чэрвені добра калі зараз набярэцца тры…
Крылатыя словы «А заўтра была вайна…» цяпер усё часцей усплываюць у памяці напярэдадні 22 чэрвеня. І хаця мы не можам уявіць увесь жах таго летняга ранку, усё ж досыць яскрава разумеем, як гэта было.
І ваенныя фільмы ніколі не перастануць прыцягваць да сябе. Толькі таксама з цягам часу ўсё часцей на вочы наварочваюцца слёзы падчас прагляду. Нават тых, дзе ёсць і аптымізм… «Афіцэры», «У бой ідуць адны старыя»… Цяпер пераглядаю іх усё радзей, бо дужа шчыміць сэрца. Што ўжо казаць пра дакументальныя кадры ваеннай хронікі!
Падчас падрыхтоўкі і абмеркавання відэароліка да 100-годдзя аховы здароўя Беларусі ў нашай рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік» мяне вельмі ўразіла інфармацыя ваенных часоў: «На акупаванай тэрыторыі БССР у складзе ўсіх партызанскіх брыгад разгортваюцца эвакашпіталі, дзе вяртаюць у строй да 92% параненых, якія туды паступаюць». Так, падчас вайны медыкі сапраўды рабілі цуды, вяртаючы жыццё ў самых безнадзейных сітуацыях. Часцяком – з вельмі невялікім наборам хірургічных інструментаў, з мінімумам медыкаментаў, без анестэзіі…
Але, зразумела, ніякіх размоў там не ішло на той момант пра поўнае выздараўленне ці пра аднаўленне здароўя. Можаш трымаць зброю ў руках – на фронт. Наколькі апраўданым было такое стаўленне, мы не можам зараз меркаваць. Толькі тыя, хто знаходзіўся там і тады. Проста па сённяшніх мерках… Цяжка сабе ўявіць. Калі нават просты галаўны боль настолькі выбівае з каляіны, што, здаецца, горшага самаадчування і не можа быць…
Толькі і ў ваенны час на цуды вяртання да жыцця таксама быў своеасаблівы «ліміт». На жаль… Я не ведаю, што здарылася 29 кастрычніка 1944 года ў адным з ваенных шпіталёў на тэрыторыі Літвы, але менавіта там памёр ад ран мой дзед Іван. Бацька мамы, які так і не ўбачыў сваю дачушку. Толькі ведаў, што яна нарадзілася.
Што там адбылося – несумяшчальныя з жыццём раны, адсутнасць медыкаментаў, урачоў, блізкасць ваенных дзеянняў? Цяпер ужо не даведаешся. Проста не стала дарагога сэрцу чалавека… А яго ж, як расказвала бабуля Ксенія, не бралі на фронт па стану здароўя. Добраахвотнікам пайшоў у 1942-ім…
Гляджу на звесткі, якія захоўваюцца ў АБД Мемарыял (данясенне аб незваротных стратах і дакументы медсанбата), але бачу не напісанае, а асобы. За кожным радком – чыёсьці аблічча. Сапраўды, бессмяротны полк. Агромністы.
…Пакуль у сем’ях загінуўшых і памерлых будуць пра іх памятаць, датуль не страціцца журботнае ўспрыманне дня 22 чэрвеня 1941 года. «А заўтра была вайна…» – раз-пораз прыгадваю сёння. І ўсё яшчэ дрыжыкі па спіне. І адзінае фота дзеда Івана ваенных часоў – перад вачыма…
Фота – з адкрытых інтэрнэт-крыніц.