Зацікавіліся? Задумаліся, што да чаго?! І я таксама! Проста сёння такія святы неафіцыйныя… У пераважнай большасці звязаныя з ежай і пітвом! І гэта ж яшчэ не ўсё пералічана ў загалоўку… Такім чынам, сёння, 15 студзеня, у нас: Дзень клубнічнага марожанага, Дзень абаранка, Дзень свежавыціснутага соку, Дзень чайнага грыба, Сільвестраў дзень…І, вядома ж, Дзень народзінаў Вікіпедыі – 20-годдзе!
Думаю, знаёміць з Вікіпедыяй нікога не трэба?! Усе мы час ад часу туды зазіраем. І нават калі не мэтанакіравана, дык пошукавыя сістэмы звычайна выдаюць артыкулы па запыце менавіта адтуль у першым дзясятку. Што тычыцца Вікіпедыі на беларускай мове, дык годам яе заснавання лічыцца 2004-ы. Так што нашае асабістае 20-годдзе яшчэ наперадзе…
А мы плаўна ўваходзім у Сільвестраў дзень, які да нас прыйшоў не проста так, а таксама са сваімі традыцыямі, звычаямі ды забабонамі! І мімаволі думаеш: штосьці ў гэтым ёсць… І ў гэтым… І ў тым – таксама…
У вас куратнікі – маюцца?! Сёння самы час пачысціць іх ды пра курак-пеўнікаў-куранятак сваіх паклапіцца, бо Сільвестр лічыцца іх апекуном. Так што сёння, так бы мовіць, курынае свята. А значыць – што?! Мяса свойскай птушкі, і асабліва – курыцы сёння не спажываюць. Пра яйкі, праўда, нічога не напісана. Але лепей і іх не спажываць – таксама. Бо раптам той Сільвестр раззлуецца?! 🙂
Нашыя продкі на Сільвестра назіралі за сваімі птушкамі ды складалі-запаміналі прыкметы: «Калі ў гэты дзень певень заспяваў раней, чым заўсёды, альбо гусі ды качкі пачалі корпацца ў снезе, значыць, у хуткім часе быць адлізе», «Калі куры раней звычайнага садзяцца на жэрдкі для сну, чакаецца сцюжа», «Калі ў Сільвестраў дзень сарока імкнецца бліжэй да хатаў у зацішак, чакай завіруху», «Калі певень заспяваў увечары, дык гэта ён перамену надвор’я прадбачыць». А як курыца зайшла ў хату, дык будуць нечаканыя навіны!
Так што слухаем таго пеўня, калі ён ёсць паблізу, ды ласуемся абаранкамі! Сёння можна і нават трэба!
Сцвярджаюць, што першыя абаранкі з’явіліся ў польскім Кракаве яшчэ ў 1610-ым годзе! А даследчыкі заўважаюць, што гэта абсалютна натуральны прадукт, без шкодных дадаткаў. У сэнсе, калі пячы іх самім.
А калі хочаце набыць, дык уважліва чытайце, што пазначана на ўпакоўцы. У ідэале там не павінны знаходзіцца разнастайныя харчовыя дабаўкі і ўзмацняльнікі смаку. Сярод асноўнага ж – мука, цукар, дрожджы, вада, маргарын, соль. А гэта значыць, што там ёсць вітаміны А, Е, Д, групы В, жалеза, магній, медзь, марганец… Вось табе і хлебабулачны выраб! Праўда, калорыі яшчэ ніхто не адмяняў… Таму не варта есці абаранкі дзясяткамі! 🙂
А ў Амерыцы і ўвогуле адзін з варыянтаў класічнага сняданку – гэта абаранак са сметанковым маслам і… ласосем. Хм… Цікава-цікава… Праўда?!
Ну, а большасць з нас ведае, што абаранкі смачна спажываць не толькі з гарбатай альбо кавай, малаком, але і з сокам. Асабліва, калі гэта не пакетаваны напой з мноствам тых жа шкодных дадаткаў, а выціснуты ўласнаручна. Пра гэта сёння і нагадвае Дзень свежавыціснутага соку – пра яго карысць.
Праўда, і тут варта памятаць пра некаторыя перасцярогі. Бо, па-першае, не ўсім свежавыціснутыя, а значыць, канцэнтраваныя сокі ідуць. Асабліва, калі ёсць захворванні страўнікава-кішэчнага тракту, цукровы дыябет і г.д. Некаторыя сокі спажываюць толькі разам з іншымі відамі альбо і ўвогуле разводзяць вадой.
Што тычыцца карысных уласцівасцяў, дык, напрыклад таматны сок – нізкакаларыйны, паляпшае страваванне. З лекавымі мэтамі варта выпіваць паўшклянкі таматнага соку за 30 хвілін да ежы. І ніякай солі!
Сок з морквы паляпшае зрок і стан скуры, яблычны – працу кішэчніка, вінаградны раяць піць пры ператамленні і фізічным знясіленні. Сок цытрусавых умацоўвае сасуды, дапамагае зняць стомленасць, бадзёрыць, гранатавы – паляпшае апетыт і павышае гемаглабін.
Ананасны сок большасць з нас ведае як напой для пахудзення. Але сярод негатыўнага ўздзеяння – станчэнне зубной эмалі. Таму яго раяць піць праз саломінку, а затым абавязкова прапаласкаць рот.
Калі ў сезон на уласных сотках вялікі ўраджай трускалак, можна зрабіць сок з іх. А можна – замарозіць. І прыгатаваць сабе сёння клубнічнае марожанае! Прычым менавіта гэты смак лічыцца адным з класічных. А два іншыя – ваніль і шакалад. Калі ж усе тры смакі аб’яднаць у адным (паклаўшы тры шарыкі), дык атрымаецца неапалітанскае марожанае (альбо марозіва – як каму больш падабаецца).
Ну, а калі ўжо пакаштавалі і таго, і другога, і трэцяга (альбо не пакаштавалі нічога), час перайсці да напою з чайнага грыба, бо сёння таксама яго Дзень!
Думаю, многія памятаюць такую «народную забаву», як вырошчванне грыбоў на розных заквасках. А пасля спажыванне напою з іх у лекавых мэтах. Галоўнае – не забыцца своечасова пакарміць той грыб, каб не загінуў! У вас яны жылі?! У нас – таксама. Бо пэўны час гэта было надзвычай папулярным.
Дык вось чайны грыб сапраўды сілкуецца чаем, слабым яго растворам. А дрожджы і бактэрыі (карысныя) ператвараюць яго ў своеасаблівы газаваны чайны квас, прыемны на смак.
Калі грыб даглядаць правільна (а рэцэпты, як і сам грыб, за савецкім часам перадаваліся з рук у рукі), дык ад яго можна атрымаць шмат карысці. У сэнсе – ад напою, які ён «перапрацоўвае».
Народная медыцына сцвярджае, што пры пастаянным спажыванні ён дапаможа пазбавіцца ад галаўнога болю, панізіць артэрыяльны ціск і ўзровень халестэрыну, палепшыць працу страўнікава-кішэчнага тракту (зразумела, калі няма супрацьпаказанняў)… Напой змяншае стомленасць, супакойвае і танізуе…
Так што выбіраем сёння самі, чым ласавацца і лячыцца, а што – не есці! Няхай будзе смачна і карысна!