Site icon Слушна

Аб’яднанне розуму і пачуццяў. Чым зацікаўлівае дзейнасць арт-студыі «АКВАВІР»

Аквавір

Погляд на свет, дзе зямны і нябесны аспекты быцця ўспрымаюцца як цэласная філасофская субстанцыя. Такую канцэпцыю выбрала творчае аб’яднанне ў сваёй дзейнасці арт-студыі «АКВАВІР».

Асноўную частку сяброў аб’яднання «АКВАВІР»  складаюць былыя выпускнікі і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Сярод якіх такія знакамітыя творцы, як Наталля Шапавалава, Ала Кушнер, Наталля Шабуневіч і іншыя. Кіраўнік арт-студыі — прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Уладзімір Рынкевіч, які з задавальненнем працуе з мастакамі і дапамагае ім рухацца ў творчасці.

Мастацкія творы

— Я пішу карціны і атрымліваю ад гэтага задавальненне, — расказвае Уладзімір Рынкевіч. — Мастакі, якія вучацца ў мяне, бачаць маё стаўленне да працэсу, таксама атрымліваюць ад гэтага станоўчыя эмоцыі. Я праводжу свайго роду майстар-класы. І ўпэўнены, што гэта найскладанейшы від дзейнасці. Дзякуючы ўрокам, многія мае навучэнцы дасягнулі поспеху. На нашай выстаўцы «Зямное і нябеснае» прадстаўлены аўтары, якія неаднаразова выігрывалі міжнародныя конкурсы. Іх творчы патэнцыял вельмі высокі. І гэта дзякуючы руплівасці і жаданню атрымліваць вынік.

Сябры творчага аб’яднання «АКВАВІР» працуюць у тэхніцы вадзянога жывапісу. Здаецца, што палотны мастакоў аб’яднаныя не толькі тэматычна, але ж і колеравым эфектам. Напаўпразрыстыя тоны быццам бы прыадчыняюць глыбіню твораў, яны акцэнтуюць увагу на духоўнасц і гармоніі.

— Наша аб'яднанне без перабольшання стварае разумнае мастацтва, — падкрэслівае Уладзімір Рынкевіч. — У маім разуменні разумнае — гэта творчасць, у якой сумешчаныя розум і ўнутранае пачуццё. Усе выдатна разумеюць, што мастацтва для масавага гледача існуе, але ж мы павінны змагацца за інтэлектуальнае. Мы абсалютна абстрагуемся ад масавага. Мне здаецца цяпер той самы час, калі мы можам вярнуць мастацтву паўнавартаснасць, каб розум і пачуцці не разыходзіліся, а былі заўсёды побач. Такі жывапіс чапляе, развівае ўяўленне, фантазію і фармуе густ.

Штогод сябры аб’яднання ладзяць выстаўкі, каб прадэманстраваць свае вынікі публіцы. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што «АКВАВІР» становіцца ў краіне брэндам, абсалютна самастойнай творчай структурай, якая дазваляе моладзі, нават без спецыяльнай адукацыі, атрымліваць прафесійныя навыкі. Сёння аб’яднанне налічвае амаль два дзясяткі акварэлістаў, кожны з якіх паспяхова працуе ў творчым кірунку.

— Удзельнікі аб'яднання «АКВАВІР» выдатна разумеюць, што такое мастацкі вобраз, яны ведаюць, чым мастацкі вобраз адрозніваецца ад адлюстравання прамога сэнса, — адзначае Уладзімір Рынкевіч. — І актыўна выкарыстоўваюць веды ў працэсе працы. Перад тым, як узяць у рукі пэндзаль, мы выбудоўваем канцэпцыю, а потым малюем. Я адчуваю, што маладым мастакам дапамагае гэтая падсілкоўванне. Ім цікава вучыцца і бачыць вынік працы.

Выстаўкі аб'яднання звычайна  аб’ядноўваюць творы розных жанраў, сюжэтаў і тэматычных напрамкаў. Але галоўнае, што кожны з удзельнікаў выстаўкі, падыходзіць да сваёй справы з душой. Працуючы над творамі, яны  з’яўляюцца не толькі мастакамі, але і філосафамі. Абуджаюць асацыятыўнае мысленне і даюць гледачу волю фантазіі.

Exit mobile version