Люты 2004 года.
1 лютага — я не сплю 20 дзён, трамадол не надта дапамагае, усё наўкола як у трызненні, баюся ночы, ноччу невыносна. Метадонавы адхадняк — гэта асаблівыя пакуты.
2 лютага — рыхтуюся паехаць у рэабілітацыйны цэнтр з дзіўнай назвай «Фенікс», моцная цяга, хочацца ўжыць апошні раз, баюся... Баюся, што не спынюся. Увечары выпіваю апошнія 2 таблеткі трамадолу і засынаю на 2 гадзіны. Гэта проста шчасце — паспаць 2 гадзіны.
3 лютага — у кампаніі кіроўцы і нейкага Валеры еду на заднім сядзенні старэнькага фольксвагена ў глыбіні Пухавіцкага раёна насустрач свайму новаму жыццю. Страшна, самотна, балюча і безвыходна.
4 лютага — калі б не краты на вокнах і ахова за дзвярыма, мяне б тут не было. Сон зноў кудысьці знік (хоць ён асабліва і не прыходзіў). Размаўляць ні з кім нельга 3 дні. Не разумею, дзе я і што тут раблю, хачу дадому, хачу калоцца.
5 лютага — пасажыр за сцяной бесіць, ён устае а 6-й раніцы і ў той момант, калі я магу хоць крыху падрамаць хвілін 30-40, пачынае ляпаць нечым у сцяну і напяваць песенькі. Да яго хтосьці прыходзіць з персаналу і яму можна размаўляць. У мяне другі дзень рэжыму, пры якім нельга размаўляць. Унутры безвыходнасць.
6 лютага — дзікае пачуццё голаду, жыву ад сняданку да абеду, ад абеду да вячэры. Ежы не хапае. Чалавек, які прыносіць пайку, сам загаварыў са мной, я кіўнуў, гаварыць з ім не стаў. Незразумелыя матывацыйны лозунгі на сцяне палохаюць, асабліва “Вера без дзеянняў мёртвая”. Што такое вера, не разумею.
7 лютага — мне можна размаўляць, можна паліць і для чагось далі ручку з паперай. Цэлы дзень заходзілі розныя людзі, называлі сябе псіхолагамі, кансультантамі, распавядалі дзіўныя і непраўдзівыя гісторыі, нечага ад мяне хацелі, прыкідваліся неабыякавымі да мяне і рабілі выгляд, што суперажываюць. Упершыню пачуў такія словы, як цвярозасць, 12 крокаў, бяссілле і Ананімныя наркаманы. Дзеля чаго гэты цырк?! Дзе я?! Хто я?! Хачу калоцца. Выпусціце мяне адсюль! Страх, паніка, безвыходнасць.
Люты 2017 года.
3 лютага — я прачнуўся раніцай у рэабілітацыйным цэнтры "Фенікс"... Выспаўся выдатна. Пацыенты сталі збірацца на зарадку. Іду зрабіць сабе кавы. Я — праграмны кіраўнік рэабілітацыі, псіхолаг, псіхатэрапеўт, спецыяліст па залежнасцях.
Куча спраў сёння. Як усё паспець?!
Спыняюся, раблю глыбокі ўдых і дзякую.
Мне 36 гадоў.
Маё жыццё належыць мне.
Я займаюся любімай справай.
У мяне шмат сяброў наўкола і блізкіх людзей.
У маім жыцці ёсць АН.
У мяне выдатная сям'я.
Я паспяховы.
Я чысты 13 гадоў!
Дзякуй!