Site icon Слушна

Адэльчын кулінарны талент (казка) + аўдыё

Адэлька ў хатцы

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/04/Adelka.mp3?_=1

 

Наталля Бучынская:

Вітаю, дружа! Я хачу пазнаёміць цябе з вясёлай і кемлівай авечкай Адэляй, якая стала галоўнай гераіняй маёй кнігі «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй». Яна жыве і працуе на ферме «Каляроўка». Кім працуе? Вядома ж, авечкай! У яе абавязках – гадаваць шаўкавістую воўначку на прыгожыя швэдры, сукенкі і цёплыя валёнкі. Адэля вельмі абаяльная, але няўрымслівая і ўпартая асоба, упэўненая ў сваёй выключнасці. Яна нястомна адкрывае ў сабе ўсё новыя і новыя таленты».

Адэля нецярпліва ёрзала на канапцы, пільна назіраючы за тым, як Малімонка разразае торт. Козачка вельмі старалася, каб кавалачкі атрымліваліся аднолькавыя і ўсім гасцям пароўну дасталося прыгожых цукровых кветачак. Ды Адэля была ўпэўненая, што яна справілася б спрытней і хутчэй. Але гаспадыня гэтай гасціны – Малімонка, таму трэба чакаць… Трэба, ды што рабіць, калі Адэльчына цярпенне лопнула, як мыльная бурбалка яшчэ хвіліну таму. Адэля падхапілася з канапкі.

Авечка "Адэлька"

– Малімоначка, кідай завіхацца! Давай дапамагу. Ты, пэўна, чыста капыткі збіла, пакуль з крамы такі вялізны торт прынесла!

– Дзякуй, Адэлька. Я ўжо амаль скончыла. Падавай талеркі, буду накладваць торт. Перш для Даліктусі, тады для Рахманчыка, для Баранчыка, ну і для нас з табою.

Адэля ўрэшце атрымала свой кавалак торта і з задавальненнем схапілася яго есці. Дарэчы, як і астатнія Малімончыны госці.

– Смаката! Ну і торцік! За вушы не адцягнеш ад такога смакоцця! – наперабой хвалілі яны. – Як называецца? У якой краме набывала?

Малімонка сціпла прызналася:

– Я сама яго спякла.

Усе ўхвальна заківалі галовамі.

– Малайчына, Малімоначка!

Толькі Адэля незадаволена засапла:

– Нешта не верыцца! Калі гэта ты паспела?

– Сёння пасля працы… – пачала Малімонка, але Адэля перапыніла:

– Але ж ты і хвалько, Малімонка! Падумаеш, торт спякла. І нават не торт, а так, булку нейкую!

– Адэля, ці ж так можна? Малімонка старалася! Вунь як смачна і прыгожа атрымалася! – наперабой загаварылі ўсе.

Адэля сядзела з незадаволеным выглядам і барабаніла капытком па стале.

– Проста ты забылася, Адэлька, – прымірэнча сказала козачка. – У мяне ж кулінарны талент.

– Што?! – падскочыла Адэля. – Кулінарны талент? Дык ён, пэўна, і ў мяне ёсць! Трэба тэрмінова праверыць!

– Ты лепш пі гарбату, пакуль яна цёплая, ды торцікам заядай.

Адэля крышку супакоілася.

– Добра, але пасля праверу спіс сваіх талентаў!

Уяўляеце, у Адэлі сапраўды ёсць такі спіс! У ім пазначана, што Адэлька выдатная танцорка, спявачка, модны дызайнер, арганізатар… Яна вельмі любіла папаўняць гэты спіс, і быў ён ужо дастаткова доўгім, але кулінарны талент ў спісе не значыўся. Адэля ў гэтым упэўнілася адразу, як толькі дабралася да свайго пакойчыка і прабегла вачамі паперку, што вісела на сцяне ў прыгожай рамачцы.

– Што за несправядлівы свет! – зноў насупілася авечачка. – У козачкі ёсць кулінарны талент, а ў мяне – не! Быць такога не можа! – нервавалася Адэлька.

Але раптоўная здагадка імгненна палепшыла яе настрой.

– Проста я гэты талент яшчэ не адкрыла!

Адэля рашуча накіравалася на гаспадарскую кухню, зачыніла дзверы, дастала муку, масла, цукаровую пудру, соль. Вялікая міса і міксер таксама падаліся ёй неабходнымі.

Што там рабілася, што дзеелася – ніхто не бачыў. З кухні чулася бразгатанне посуду і Адэльчына незадаволеная буркатня. Гадзіны праз дзве Адэля вытыркнулася з кухні, агледзела калідор і, не заўважыўшы нічога падазронага, шмыгнула за дзверы на вуліцу. Яна трымала невялікі пакуначак і накіроўвалася ў кандытарскі цэх, што знаходіўся непадалёк ад фермы «Каляроўка».

Раніцай, калі ўсе гадаванцы фермы сабраліся на сняданак, Адэля з загадкавым выглядам паставіла на стол вялізную місу, поўную прыгожых жоўценькіх ражончыкаў.

– Вось, частуйцеся, – гасцінна прапанавала яна сябрам.

– Што гэта, Адэлька? – загаманілі ўсе і пацягнуліся да ласунку.

– Гэта – кукурузныя палачкі «Адэлька». Смачныя, салодкія і лёгкія.

– Смачненька! – пахваліў Баранчык, які адразу адправіў у рот цэлую жменю хрумсткіх ражончыкаў.

– Дзіва што! Сама зрабіла, – Адэля салодка пацягнулася. – Паўночы валэндалася!

Колькі хвілін Адэлька ўсцешана назірала, як сябры частуюцца кукурузнымі палачкамі ды задаволена слухала ўхвальнае прыцмокванне.

– Як бачыце, не толькі ў Малімонкі ёсць кулінарны талент! – пераможным тонам заявіла яна. – Вы ласуйцеся, а я пайду. Новы талент трэба занесці ў спіс!

Таксама чытайце іншыя казкі Натталлі Бучынскай: 
Сонечная казачка
Зорны карагод над возерам
Дрэва

Exit mobile version