21.11.2023
21.11.2023

Адэліны падарожныя нататкі (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Атрымаўшы ад Адэлі свой дыктафон з дарожнымі нататкамі, я дапамагла ёй уладкавацца ў таксоўцы, памахала на развітанне і падалася дадому.

Больш ніякіх важных спраў на гэты дзень у мяне не планавалася, таму я ўладкавалася ў фатэлі і запусціла запіс з дыктафона. «БЭЭЭЭЭЭ» – зароў дыктафон найнепрыемнейшым Адэліным голасам і адразу перайшоў на звычайны. — Не пужайцеся. Гэта праверка сувязі. АДЗІН, ДВА, ТРЫ… Працуе? Так, працуе! Дык вось, спадарыня Наталля. Як і абяцала, буду расказваць пра падарожжа.

Дзень першы. Мы ўжо ў цягніку. Тут едуць некаторыя нашы знаёмыя – таксама на выставу. Купэ вельмі ўтульнае. Баранчык залез на верхнюю паліцу. А я пакуль што сяджу ўнізе, але мне таксама давядзецца спаць на «вышках», бо Малімонка з Даліктусяй баяцца вышыні. А я прывяжуся паяском – можа не звалюся… За акном шмат цікавага. У вагоне таксама. Перазнаёміліся амаль з усімі пасажырамі. Гаспадары едуць у суседнім купэ разам з пані Разаляй, Даліктусінай гаспадыняй. Мы ўжо пагулялі ў загадкі-адгадкі, у даміно. Надакучыла. А ехаць яшчэ доўга-доўга».

Адэля

Пстрык. Наступнае ўключэнне. «Паслухайце, мы прыдумалі такую вясёлую забаву! Выкінулі ўсё з Малімончынай валізкі на паліцу, а цяпер вызначаем, колькі нас можа зараз змясціцца ў валізе. Выходзіць, што дзве з чвэрцю асобіны авеча-казінага роду! Мы з Малімонкай спакаваліся, а Даліктусіна толькі галава ўлезла. Цікава, а калі б хтосьці з нас схаваўся ў валізцы калі пераязджаеш праз мяжу, гэта ўважалася б за кантрабанду ці не? Баранчык схаваўся, а тады наўмысна высунуўся, калі правадніца гарбату разносіла. Але ведаеце, у гэтай жанчыны моцныя нервы. Яна нават не спалохалася. Ой! Даліктуся, няўдаліца, палезла ў валізку і распарола яе рогам. А яшчэ Малімонка запэўнівала, што іхныя рогі нікому шкоды не чыняць. Ха! Будзе цяпер забава – дзірку лапіць. Пойдзем да правадніцы, можа, яна чым паможа».

Зноў пстрык. «Правадніца вельмі запаслівая. Яна дала нам супер-клей! Напісана, што клеіць усё. І праўда! Склеіў не толькі валізку, але і капыткі Даліктусіны і Баранчыкавы. Давялося выклікаць гаспадара з гаспадыняй з суседняга купэ. Яны доўга тузалі гэтых небарак, але не далі рады. Пан Пастарнак на бліжэйшай станцыі збегаў у магазін і набыў рассычальнік. Я яшчэ ніколі не бачыла, каб гаспадар так хутка бегаў. Зрэшты, не дзіва: цягнік стаяў там усяго пяць хвілін. Баранчыкавы і Даліктусіны капыткі нарэшце разляпілі, але цяпер яны мусяць нанова іх шліфаваць».

«Толькі што павячэралі. Гаспадыня малайчына, запаслівая. Не толькі яблыкаў ды груш набрала для нас у дарогу, а яшчэ і сенца прыхапіла. Малімонка нешта пачынае нервавацца. Кажа, што можа самлець на сцэне з перапуду. От дурнічка! А я нічога не баюся! Нават найсуровейшага журы! О! Здаецца, памежнікі зараз будуць правяраць нашы дакументы. Гэта так цікава!»

«Нічога цікавага, выяўляецца. Паглядзелі на нас, на нашы здымкі, дакументы і пайшлі далей. Затое што было ў 9-м купэ! Там едзе вельмі пажылая Авечка ў акулярах. А на здымку яна без акуляраў! Памежнікаў гэта вельмі зацікавіла: а што, калі яна маскіруецца! Давялося тлумачыць, што акуляры ветдоктар ёй выпісаў ужо пасля афармлення дакументаў для выезду.. Карацей, у цэлым вагоне ніводнага парушальніка. Уяўляеце? А я на месцы памежнікаў лепш бы прыгледзелася да некаторых пасажыраў! Узяць хоць нашага Баранчыка. Чаго гэта ён круціўся, нібы ўюн на гарачай патэльні? Вось сядзіць зараз насупраць і запэўнівае, што я памыляюся. Але нешта тут не так! А яшчэ праз некалькі купэ едзе нейкая летуценная каза. Самастойна едзе, без гаспадароў. Калі да яе падышоў памежнік і папрасіў паказаць дакументы, яна так тарганула за ручкі торбы, што звешваліся з трэцяй паліцы, што торба – бах! — якраз памежніку па галаве. А летуценная каза замест таго, каб прабачэння папрасіць, як залямантуе: «Калі разбіўся мой крышталёвы амулет, дык гэта ВЫ вінаваты!!!» Памежнік так уразіўся, што нават забыўся дакументы паглядзець. Пэўна, падумаў: з глузду з’ехала. Падазроная асоба!»

Прыгоды Адэлі

Наступны запіс наогул быў вельмі дзіўны. «ХР-РРРРР-ХР-РР» даносілася са стужкі. «ХХХХ-РРРРРРРРРРРР», а пасля: «Хі-хі-хі, ха-ха» і зноў: «ХРРРРРРРР-ХР». Праз хвіліны тры гэтых хрыпаў і хіхікання пачуўся здушаны голас авечачкі: «Спадарыня Наталля! Вы чулі, як пажылая Авечка ў акулярах храпака дае? А сама запэўнівала, што ні на хвілінку ў цягніку не засне! І мулка ёй, і шумна, і паветра нестае. Скардзілася, што навокал такі храп стаіць, што яна трываць не можа. А насамрэч яна спіць, а ў суседніх купэ ніхто нават задрамаць не можа! Мы таксама з Малімонкай не спім. Узялі дыктафон і пайшлі запісваць гэты фенаменальны храп! А ў іх купэ дзверы прыадчыненыя. Нам відаць, што і авечкіна гаспадыня спіць, у яе вушы заторкнутыя бірушамі. Бач, спрактыкаваная! Баранчык і Даліктуся таксама спяць. Яны чыста змучыліся, пакуль вычысцілі свае капыткі ад клею і адшліфавалі іх. Хоць з гарматы каля іх страляй – нічога не чуюць!»

Пстрык. «Сёння больш нічога не паспею расказаць. Выглянула гаспадыня і загадала нам з Малімонкай ісці спаць».

«Дзень другі. Прачнуліся. Прыбіраемся. Гадзіны праз тры прыедзем. Хацела расказаць пра замежныя краявіды за акном, але не паспяваю – яны пралятаюць міма вельмі хутка».

«Урэшце прыехалі! З непрывычкі нас усіх хістае пасля цягніка. І ў вушах увесь час грукае: «Ду-ду-ду-дух». Як быццам мы яшчэ ў вагоне. Дарэчы, я забылася там свой плецачок. Пан Пастарнак пабег па яго, пакуль цягнік не адагналі на дадатковы шлях. Прыемна, што ў нашага гаспадара такая добрая спартовая падрыхтаванасць – хутка бегае. Мы зараз паедзем у гатэль, пакінем там рэчы, а тады пойдзем пагуляем па горадзе. На выставу нам толькі заўтра».

Ферма

«Спадарыня Наталля! Як шкада, што вы не паехалі з намі! Тут так хораша, так цікава! Мы і пешкі ходзім, і на рачным трамвайчыку катаемся, і на роварах. Іх тут процьма. А машын зусім не відаць. Праваднік патлумачыў, што ў выхадныя дні машынам забаронены ўезд у цэнтр горада. Мы набылі паветраныя балёнікі, будзем запускаць іх у неба. Пані Гэлена дапамагае нам выбіраць сувеніры. Яна прапаноўвала заняцца гэтым перад ад’ездам, але нам надта ўжо карцела. Я вам лялечку ў нацыянальным адзенні набуду. А сабе – пацеркі і бранзалеты. Ой! Здаецца, наша Даліктуся згубілася. Пэўна,  заваронілася недзе. А пані Разаля толькі што агледзелася – кліпсу з сістэмай вызначэння месцазнаходжання Даліктуся ў яе ў сумачцы забылася. Вушка ёй, бач, муляе! Ну во, шукай яе замест таго, каб знаёміцца з мясцовай культурай і архітэктурай!»

«Набегаліся, але знайшлі! Бедная Даліктуся. І нічога яна не заваронілася, проста яе капыток захрас у кратах ліўнёўкі. Думала сама вызваліцца, а пакуль тузалася туды-сюды, мы адышліся далекавата. А яна ж ніводнай замежнай мовы не ведае. (Я, дарэчы, таксама. Трэба высветліць, хто тут з нас найадукаванейшы.) Дык яна з перапуду як замэкала дурным голасам! Я ў такім разе «SOS!» крычала б. Праўда, знайшліся добрыя людзі, вызвалілі нашу паланянку. Добра яшчэ, што праваднік ад самага пачатку раздаў нам аднолькавыя бейсболкі, каб лягчэй было нас з натоўпу вылучыць. Дзяўчына, якая заўважыла, куды пайшла наша група, памагла Даліктусі нас дагнаць. Цяпер сядзім усе разам у кавярні, ямо марозіва і п’ем сок. Мы запрашаем дзяўчыну наведаць выставу, на якую прыехалі, але яна нічога не разумее і толькі ўсміхаецца. Гаспадар знайшоў выйсце – падарыў ёй запрашальнік на адкрыццё выставы. А Даліктусю давялося валяр’янкай адпойваць. Добра, што яе гаспадыня аптэчку заўсёды з сабой носіць. І кліпсачку зачапілі зноў ёй на вушка».

Наступны запіс быў зроблены такім таямнічым шэптам, што я яго ледзь разабрала:

«Бывае ж такое, спадарыня Наталля! Баранчык сустрэў тут свайго знаёмага. Яго завуць Рахманчык. Яны некалі працавалі на адной ферме, а потым іх гаспадары ферму закрылі, праўда, уладкавалі сваіх гадаванцаў на іншыя месцы. Але тут нешта падазронае! Баранчык, калі назваў нам свайго знаёмага, хуценька адвёў яго ўбок, і цяпер яны ўжо хвілін дзесяць пра нешта шэпчуцца. Я ўжо разы тры прайшлася побач, але яны адразу сціхаюць, калі я набліжаюся. Папомніце маё слова: нешта тут не тое!»

Яблыка

Вось яшчэ некалькі запісаў: «А мы толькі што на атракцыёнах каталіся! Высветлілася, што я сапраўды найсмялейшая. Малімонка і Даліктуся толькі на кола агляду і аўтадром адважыліся пайсці. А я і Баранчык на чым толькі ні пакаталіся! Праўда, у Баранчыка ўсе паджылкі трэсліся ад страху. Але ён упарта даводзіў, што таксама нічога не баіцца. Прыедзем, абавязкова пакажу фоткі. Вячэралі ў рэстарацыі. З Малімонкай гаспадыня замучылася: «Тое не буду, гэтага не хачу, адно перасоленае, другое пераперчанае. Баранчык з Даліктусяй паспрачаліся, хто з’есць больш папкорну. Аб’еліся, цяпер ім дрэнна».

«Пра мясцовыя славутасці і архітэктуру я  нічога не буду казаць – пабачыце на фотках».

«Дзень трэці. Учора так змарыліся, што да свайго гатэля ледзь датэпалі. Нават не было сілаў разгледзецца. Кульнуліся кожны ў сваім загончыку і спалі як пшаніцу прадаўшы. А падымацца давялося раненька-раненька. Прыводзілі сябе ў належны выгляд. Трэба было ўчора раней легчы спаць, бо пачуваюся не вельмі добра – галава круціцца. Гаспадары, глянуўшы на нас, ледзь не пасварыліся, бо мы падобныя да восеньскіх мух – такія самыя млявыя і злосныя. Пані Разаля прапанавала завесці нас хоць на паўгадзінкі на які лужок – папасвіцца. Думае, што гэта хутчэй верне бадзёрасць, чым нават кубачак кавы. Можа, і так. Толькі дзе тут лужка шукаць? Гаспадыня кажа, можна хоць бы ў парк зазірнуць». – Адэля соладка пазяхнула.

Баранчык

«Мы пагулялі ў прыгожым парку. Там была такая сакавітая траўка,  мяккая і шаўкавістая, што я нібы нанова на свет нарадзілася. Малімонка ўжо нават усміхаецца – знайшла ў парку маліннік і добра з Даліктусяй паласавалася. Баранчык таксама выглядае задаволеным. Гаспадары ўрэшце супакоіліся, кажуць, цяпер не сорамна з намі на людзях паказацца. Зараз едзем на выставу».

У наступным запісе Адэля проста сычэла ад абурэння: «Я вам гэтулькі разоў казала: каб стаць знакамітай, трэба за модай сачыць! Бачылі б, што тут робіцца! Усе авечачкі завітыя не на бігудзі, а на папільёткі, таму іх воўна ляжыць дробненькімі-дробненькімі кудзеркамі, а ў нас з Баранчыкам – шырокімі завіткамі. Ну, спадарыня Наталля, я вам гэта прыпомню! І наогул, няма калі з вамі лапатаць. Буду тэрмінова мяняць прычоску!»

«Сперажывалася чыста! Кінулася шукаць стыліста – пані Гэлена не пусціла. Кажа: «Я лічу, што твая воўначка тут найхарашэйшая. Толькі не глядзі на ўсіх ваўком. Бо праз цябе людзі будуць баяцца наблізіцца да нашага стэнда». Я люстэрка схапіла, зірк на сябе – і сама спужалася. Да Баранчыка кажу: «Трымайся. Рабі выгляд, быццам мы тут заканадаўцы моды, а на астатніх глядзім крыху паблажліва». Ведаеце, выйшла. Мы з Баранчыкам зрабілі самы незалежны і ўпэўнены выгляд і праходжваемся па стэндзе. Колькі ні запэўнівалі Малімонку далучыцца, яна толькі разгублена мэкае і хаваецца за Даліктусю».

Прыгоды Адэлі

«Пані Гэлена развесіла на стэндзе швэдры і сукенкі, шалі і шалікі, пледы. Гаспадар расставіў валёнкі. У гладышы налілі малако Малімончына і Даліктусіна. Частуюць ахвотных. А пані Разаля праводзіць майстар-клас: вучыць наведнікаў рабіць у хатніх умовах аздобы з лямцу. Яна наваляла прыгожых капелюшоў і нават пацерак з воўначкі. Ад модніц адбою няма. Усе хочуць пазнаёміцца з намі асабіста. Намагаюцца дакрануцца да воўны, пагладзіць. Праўда, мы не разумеем, што яны гавораць, а яны не разумеюць нас. Толькі зычліва ківаюць і смяюцца. Гаспадары задаволеныя, кажуць, атрымалі гэтулькі заказаў, што працаваць давядзецца не пакладаючы рук усю зіму».

Наступны запіс Адэля душылася ад смеху. Побач чуўся гоман і крыкі. «Вы толькі паслухайце, што робіцца! Падышоў да нашага стэнда хлапчук гадоў чатырох з дзедам. І давай прасіцца: «Дзеду, пакатай мяне на гэтым коніку», — і на Баранчыка паказвае. Дзед яму тлумачыць: «Гэта не конік, а баран». «Ну, дык пакатай на баране! Яшчэ лепш, бо за рожкі можна трымацца. Так я не звалюся!» І — цоп Баранчыка за рожкі. Той спужаўся, бо не зразумеў нічога. Забылася вам сказаць – хлопчык па-наску не гаворыць. Толькі дзед. Ён нам пераклаў, што казаў яго ўнук і вызваліў Баранчыка з рук малога агрэсара. Дык гэты хлопчык ад расчаравання роў так, што да нашага стэнда ахоўнікі збегліся. Думалі – сірэна ўключылася».

«Дзень чацвёрты. Каб вы ведалі, як я хвалююся! Сёння закрыццё выставы. Цэлы дзень будзе па стэндах хадзіць журы, вызначаць пераможцаў. Сярод нас пярэпалах: нехта пусціў чутку, што яшчэ нейкія іспыты будуць праводзіць. А перад закрыццём выставы адбудзецца ўручэнне дыпломаў і ўзнагароджванне. Яны мусяць прысудзіць мне залатую стужачку! Я намагаюся з усіх сілаў: воўначка ляжыць шарсцінка да шарсцінкі, усміхаюся так, што ўжо сківіцы зводзіць, вушкі натапыраныя, вочкі блішчаць! Верыце ці не, але я тут сапраўды самая прыгожая авечачка! Хай толькі паспрабуюць гэтага не заўважыць!»

Даліктуся

«Я самая шчаслівая авечачка ў свеце! І самая прыгожая! У журы ўсё ж трапляе не абы-хто, а дасведчаныя людзі! Каб вы бачылі, як мне пасуе залатая стужка! А яшчэ я атрымала процьму розных падарункаў. Толькі разгледзець іх не паспела. Абвясцілі, што ўсіх пераможцаў запрашаюць на прэс-канферэнцыю! Ах! Залатыя імгненні! Хутчэй дапісвайце кнігу – лепшага моманту для яе выхаду нават прыдумаць цяжка. Забылася сказаць: гаспадары таксама атрымалі розныя дыпломы і ўзнагароды. І Малімонка, і Даліктуся, і Баранчык – толькі ў іншых намінацыях. Усё, я пабегла даваць інтэрв’ю».

«Спадарыня Наталля! Вы толькі цяпер паглядзелі навіны? Мы атрымалі  смс-ку. Не надта вы спяшаліся з віншаваннямі. У нас, дарэчы, ужо ноч, так што вы збудзілі пані Гэлену!»

«Дзень пяты. Я як у казцы! Ад гэтага неверагоднага адчування нават доўга заснуць не магла. Ведалі б вы, як цікава праходзіла цырымонія ўзнагароджвання! Нейкая нервовая асоба ўсё ж самлела на сцэне. Добра, што Рахманчык (помніце, я казала, што гэта знаёмы нашага Баранчыка) побач стаяў, падхапіў. Інакш кульнулася б са сцэны тэлеаператару на галаву. А я расказала журы, што належу да «зялёных» і паказала пасведчанне. Так што я атрымала спецыяльны прыз «За крэатыўнасць». Адзін спадар з журы, наш зямляк, вельмі мной зацікавіўся, папрасіў гаспадароў пакінуць яму рэкламны праспект фермы і паабяцаў, што пра мяне зніме асобны сюжэт. Ах, спадарыня Наталля, я стану знакамітай! Я прадчуваю гэта».

«Без прыгод не абышлося! Сёння ў нас планаваўся вольны дзень. Пані Разаля з Даліктусяй паехалі адведаць нейкую сваю знаёмую. Дамовіліся сустрэцца на пероне. А мы надумалі схадзіць у аквапарк. Выселіліся з гатэля, рэчы ўзялі з сабой, бо меліся пасля аквапарку адразу ехаць на вакзал. У аквапарку нейкая пані з маленькай козачкай падышла да нас і сказала: «Вітаю вас. Бачу, вы таксама з гадаванцамі. Ці не маглі б вы за маёй Аліскай паўгадзінкі прыгледзець? Мне трэба адысціся – забыла ў камеры захоўвання лекі, а галава баліць так, што не вытрываць». Яна так умольна глядзела на маіх гаспадароў, што яны згадзіліся. Пані Клёся (так яе завуць), запэўніла, маўляў, неўзабаве вернецца і пабегла. Аліска выявілася кампанейскай козачкай, але такой няўрымслівай. Яна лезла на самыя стромыя і небяспечныя горкі, скакала з самых высокіх вышак, лезла на такую глыбіню! Гаспадары не ведалі ні хвіліны спакою, бегаючы за ёй па ўсім аквапарку. Гадзіны праз дзве гаспадар апамятаўся: «Куды ж падзелася наша новая знаёмая? Можа, здарылася што? Аліска, — гаспадар вылавіў козачку з басейна, — падкажы нумар тваёй гаспадыні! Трэба ж яе шукаць недзе». Аліска адмоўна пакруціла галавой: «Не трэба яе шукаць. Сама знойдзецца. А нумару тэлефона я не ведаю. Я ж маленькая», – і зноў скок у басейн. Гаспадары параіліся і надумалі пачакаць яшчэ. Беганіна за Аліскай зноў усчалася. А яшчэ праз колькі гадзін гаспадары наважыліся выклікаць паліцыю, бо да цягніка заставалася не так шмат часу. І тады Аліска, апусціўшы вочкі, паведаміла, што яна дакладна ведае, дзе знаходзіцца пані Клёся.

«Не турбуйцеся, яна заўсёды доўга па крамах ходзіць. Пакуль не накупіць вялізнай торбы абновак, не супакоіцца».

«Што? Якія крамы? Што ты вярзеш? – ад абурэння мы гаварылі ўсе разам.

«Ну, гаспадыня заўсёды скардзіцца, што я не даю ёй ні хвілінкі спакою. Яна не паспявае за мной ні адпачыць, ні на куплі схадзіць, таму прыстройвае мяне да каго-кольвек, хто ў яе выклікае давер, а сама ідзе ў краму. Ці адсыпаецца ў гатэлі», — Аліска крутанула рожкамі і зноў памчалася на горкі. За ёй кінуліся Малімонка і Баранчык – была іх чарга цацкацца з няўрымслівай козачкай. А гаспадары пачалі раіцца, што рабіць далей.

Гаспадар казаў, варта было б правучыць такую нахабную асобу. Ён прапанаваў забраць Аліску з сабой на вакзал, а для нядбайнай гаспадыні пакінуць цыдулку і пазначыць нумар цягніка і час адпраўлення. «Хай пабегае, калі такая хітранькая!» – нерваваўся гаспадар. «Што ты, — пераконвала яго пані Гэлена. – А раптам яна не паспее? Што тады рабіць з гэтай дурасліўкай Аліскай? Яшчэ гаспадыня заявіць у паліцыю, што мы ўкралі яе гадаванку. Лепш давай дамо абвестку праз гучную сувязь, што нам тэрмінова трэба на цягнік і Аліска застаецца без нагляду. Калі праз 15 хвілін пані Клёся не з’явіцца, адвядзем козачку ў паліцэйскае аддзяленне».

Гаспадар згадзіўся, што гэта слушная прапанова. Ён памчаўся ў бюро даведак, патлумачыў сітуацыю дзяўчыне, якая там працуе, і яму дазволілі зрабіць абвестку.

Мы былі такія знерваваныя і злосныя, што нават Аліска перастала насіцца і сцішылася каля пані Гэлены. Пані Клёся з’явілася хвілін праз дзесяць. Яна няспешна цягнула за сабой цэлы вазок пакункаў і выглядала вельмі задаволенай.

«Паслухайце, ВЫ, — гаспадара аж трэсла ад абурэння, ён не зважаў на тое, што пані Гэлена цягне яго за рукаво, каб паспяшаўся, — такога нахабства я яшчэ ў сваім жыцці не бачыў! Вы дрэнная гаспадыня, пані Клёся, калі дазваляеце сабе так абыходзіцца з людзьмі і з гадаванцамі!»

Адэля

Прыемную ўсмешку пані Клёсі як карова языком злізала.

«Сам вы нахабнік! – перайшла яна ў наступ. – Гэтак па-панібрацку звяртацца да амаль незнаёмай асобы! Мяне, дарэчы, завуць Клеапатра. А Клёсяй – толькі найбліжэйшя сябры!»

«Дык вы ж самі так назваліся», — аслупянеў гаспадар.

«Бо вы мне падаліся людзьмі прыстойнымі, а цяпер я бачу, памылілася. Ах, хто хочаш можа падмануць даверлівую асобу. Можа, вы тут і з козачкі маёй здзекваліся? Аліска, кажы, яны крыўдзілі цябе?»

Што там пляла Аліска, мы ўжо не чулі. Гаспадар махнуў рукой на пакрыўджаную Клеапатру і кінуўся па рэчы. На вакзал мы паспелі ў апошнюю хвіліну. І толькі дзякуючы таму, што пані Разаля, не дачакаўшыся нас, збегала да начальніка вакзала і папрасіла затрымаць адпраўленне цягніка. Нас чакалі цэлых дзесяць хвілін! Во такая прыгода, спадарыня Наталля. Мы стаміліся ад гэтай беганіны і перажыванняў, зачыніліся па сваіх купэ і нават носа нікуды не выторкваем. Да пабачэння, неўзабаве сустрэнемся».

На гэтым Адэліны запісы скончыліся. Я глянула на гадзіннік: гэта ж трэба, як позна ўжо! Трэба зазначыць, што Адэля займальна расказвае – я літаральна не заўважыла, як час праляцеў. Але ж як ім не пашанцавала ў апошні дзень: гэтая гісторыя з пані Клеапатрай сапсавала-такі небаракам настрой.

Прыгоды Адэлі. Рэпартаж з вяршыні славы (казка) + аўдыё

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Нарадзілася 24 лютага 1970 г. у в. Ідолта на Міёршчыне ў сям’і настаўнікаў. У 1985 г. скончыла Мілашоўскую васьмігодку, у 1987 г. Міёрскую СШ № 2. У 1993 годзе скончыла філалагічны факультэт БДУ, аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры. Рэалістка з аптымістычным ухілам. Ці аптымістка з рэалістычным светаўспрыняццем. Бывае, жыццё ўносіць свае карэктывы. Працую і жыву ў Мінску. Першая казка была надрукаваная ў газеце «Сцяг працы» (Міёрскі раён) ў 1986 г. Казкі гучалі ў радыёперадачы «Рамантыкі», друкаваліся ў дзіцячых часопісах «Вясёлка», «Островок», «Городской газете», зборніках серыі «Беларуская аўтарская казка»: «Чароўныя пацеркі», «Вежа міру», «Залаты талер» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборніку «Блакітная кніга ў творах беларускіх пісьменнікаў» (выдавецтва «Літаратура і Мастацтва»), у зборніках серыі «Школьная Бібліятэка» – у «Зборніку апавяданняў для пазакласнага чытання вучняў пачатковай школы» і «Пакліч у госці сонца». У серыі «Казкі ХХI стагоддзя» ў 2008 г. выйшла кніга «Прыгоды маленькай Машынкі», у 2012г. – аўтарскі пераклад на рускую мову; у 2013 г. (у выдавецтве «Мастацкая літаратура») – казачная аповесць «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй, або adeljastar@tut.by»; у 2015г. – «Атракцыёны для Вадзянікоў» – былі і небыліцы пра жыццё надводнае і падводнае». У 2016 г. яна намінаваная на прэмію Цёткі, увайшла ў шорт-ліст. 2016-2017г. – актыўны ўдзел у рэспубліканскім сацыяльным праекце «Чытаем па-беларуску з Velcom». Казкі і апавяданні друкуюцца ў часопісе «Верасень», «Бярозка», «Вясёлка», «Буся», «Качели», гучаць на радыёканале «Культура» ў перадачы «ДНК» (Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя.). Асобныя казкі ўключаныя ў склад зборнікаў «Беларуская зіма», «Беларуская вясна», «Беларускае лета», «Беларуская восень» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), у зборнікі з серыі «Нашы сімвалы» – «Зубры-гаспадары», «Буслава айчына», «Валошка і васілёк» – працяг гісторый пра авечку Адэлю. У 2019 г. у выдавецтве «Беларусь» пабачыла свет кніга «Прынцэса Алівія і «жабіны вочкі», у 2020 – «Рыцар Квых і «жабіны вочкі». https://www.youtube.com/watch?v=ibBUfMLrMIU Дыяблог. Пра літаратуру. Госць – Наталля Бучынская
Глядзіце таксама