Санітарнай службай г.Мінска прынята рашэнне аб забароне выкарыстання вады ў пітных мэтах, паведаміла падчас брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА намеснік міністра аховы здароўя – галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Рэспублікі Беларусь Наталля Жукава.
Пакуль лепей не піць ваду з-пад крана
Наталля Жукава парэкамендавала ўстрымацца ад спажывання вады ў пітных мэтах, а таксама для падрыхтоўкі ежы да таго часу, пакуль не будуць атрыманыя канчатковыя вынікі і не стане вядома, што яна адпавядае ўсім крытэрам. Кантроль за якасцю вады і яе бяспекай працягваецца. І не толькі ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах, але і ў разводзячай сетцы ў Ленінскім, Цэнтральным, Маскоўскім і Кастрычніцкім раёнах, каб дакладна разумець, што вада ў зонах пагранічнага водазабору адпавядае ўсім патрабаванням, адзначыла Наталля Жукава.
Лабараторыя Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працуе ў кругласутачным рэжыме. Даследаванні праводзяцца ў тры этапы. Спачатку аператыўна разглядаюцца пытанні адпаведнасці вады арганалептычным уласцівасцям, пасля – фізіка-хімічным, якія патрабуюць пэўнага часу. А затым праводзяцца даследаванні па мікрабіялагічных і вірусалагічных паказчыках.
Галоўны ўрач Гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Аляксандр Жынко распавёў, што ў сераду, 24 чэрвеня, па дапамогу да медыкаў звярнуліся 15 чалавек, якія звязвалі пагаршэнне самаадчування з ужываннем вады. Чатырох з іх шпіталізавалі ў стацыянар. У адной пацыенткі быў дыягнаставаны апендыцыт. Астатнія знаходзяцца ў здавальняючым стане, сёння плануецца іх выпіска. Па словах Аляксандра Жынко, дыягназы ў тых, хто звярнуўся, былі наступныя: абвастрэнне хранічнага гастрыту, востры гастрыт, востры энтэракаліт.
Аварый, якія маглі справакаваць гэтую сітуацыю, не было
Як паведаміў дырэктар «Мінскводаканала» Алег Аўруцін, створана рабочая група для «аб'ектыўнага і ўсебаковага» расследавання таго, што адбылося.
Ён паведаміў таксама, што пасля прамывання магістральных сетак ужо раніцай 25 чэрвеня частка дамоў Фрунзенскага раёна мела халодную ваду нарматыўнай якасці, а да абеду – і гарачую.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч распавёў, што для забеспячэння жыхароў пацярпелых раёнаў пітной вадой выстаўлена 21 цыстэрна з ёй. Іх колькасць можа мяняцца з-за таго, што машыны ад'язджаюць, каб задаволіць патрэбы медустаноў, дзіцячых садкоў. Сур'ёзную дапамогу аказала Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
Развозяць ваду, а таксама прадаюць яе «Малочны гасцінец», «Мінсккрышталь», «Мінскі холадакамбінат № 2», Coca Cola, «Мінскі завод безалкагольных напояў,«Дарыда».
Усяго ў Мінску з-за няякаснай вады пацярпелі 1 тысяча 400 дамоў у Фрунзенскім раёне і 860 – у Маскоўскім. Гэта прыкладна 570 тысяч жыхароў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!