Site icon Слушна

Адкуль узнікае страх захварэць на рак. Фактары канцэрафобіі

Канцэрафобія. Чаму мы баімся захварэць на рак?

Страх – адна з самых моцных эмоцый чалавека, прадыктаваная інстынктам самазахавання. Усе мы чагосьці баімся. І гэта нармальна. Але часам страх, з'яўляючыся быццам ніадкуль, выходзіць з-пад кантролю: снежным камяком нарастае ўнутры і выцясняе іншыя эмоцыі і пачуцці, перашкаджае нармальна жыць, працаваць, вучыцца. Так узнікаюць фобіі.

Сярод іншых фобій, уласцівых чалавеку, асобнай увагі заслугоўвае канцэрафобія (або карцынафобія) – страх захварэць на рак.

Якія фактары спрыяюць узнікненню страху даведацца пра анкалагічны дыягназ? Ці аказвае ўплыў шырокае асвятленне ў СМІ тэмы анкалогіі на развіццё канцэрафобіі? Хто больш схільны да адчування страху захварэць на анкалогію? Што выклікае большы страх: сама хвароба ці яе наступствы? Ці нармальна баяцца таго, што ў прынцыпе можа і не здарыцца?

Абмеркаванне важнай для большасці з нас тэмы ў анлайн-рэжыме ініцыявала эксперт у галіне анкапсіхалогіі, практычны псіхолаг, псіхолаг Цэнтра падтрымкі «У імя жыцця», кагнітыўна-паводніцкі кансультант, сааўтар курса «Анкапацыент, сям'я, соцыум» Іна Малаш. Падзяліцца сваім думкамі і вопытам яна запрасіла калегу, анкапсіхолага, прэзідэнта Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельніка Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку Ію Слабінскую.

Мы падрыхтавалі для нашых чытачоў ключавыя моманты абмеркавання.

 

Канцэрафобія.

Чаму ў адных людзей узнікае страх захварэць на рак, а ў іншых не? Хто больш схільны да канцэрафобіі?

Бо мы ўсе розныя. Гэта самы просты і відавочны адказ. Але ёсць шэраг фактараў, якія ўплываюць на ўзнікненне страху.

Якія фактары спрыяюць узнікненню страху даведацца пра анкалагічны дыягназ?

1. Сацыяльны фактар

Страх захварэць можа праявіцца ў чалавека, які апасродкавана сутыкнуўся з анкалогіяй. Напрыклад, захварэў хто-небудзь з сямейнікаў або блізкіх людзей. Усе наступныя падзеі разгортваюцца ў яго на вачах: цяжкае лячэнне, магчымыя ўскладненні і, не выключана, апошнія дні родзіча, які хварэе, перад сыходам.

Перажытыя падзеі і эмоцыі часцяком трансфармуюцца ў страх захварэць самому.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
У сувязі з гэтым можна выдзяліць катэгорыі людзей, якія схільныя да страху ў большай ступені, чым астатнія. Зусім нядаўна ў мяне была пацыентка якраз з праблемай такога страху. У яе аднакласніцы выявілі лімфому. У захварэлай жанчыны вялікая сям'я, якая аказала ёй каласальную дапамогу. На час лячэння сваякі забяспечылі яе матэрыяльнай і псіхалагічнай падтрымкай, узялі на сябе рашэнне ўсіх бытавых пытанняў, акружылі цяплом і клопатам. Мая ж пацыентка жыве адна – у яе няма бацькоў, братоў і сясцёр, блізкіх людзей. Апыніся яна на месцы аднакласніцы – яе чакала б зусім патавая сітуацыя, бо побач няма нікога, хто мог бы гэтак жа яе падтрымаць. Ці, напрыклад, выпадак з адзінокай мамай, у якой падазравалі анкалогію. На шчасце, пухліна аказалася дабраякаснай. Аднак пасля гэтага з'явіўся велізарны страх, бо жанчына адна выхоўвае дзіця, і ўсе яе думкі занятыя тым, што будзе з ім, калі яна захварэе.

Гэта значыць, да канцэрафобіі могуць быць схільныя адзінокія людзі, тыя, хто з-за абставінаў пазбаўлены падтрымкі сям'і і дапамогі блізкіх.

Як ні дзіўна, больш за іншых схільныя да страху захварэць і медыцынскія работнікі, студэнты медыцынскіх ВНУ. Разам з вопытам работы, здабытымі ведамі прыходзіць і выразнае ўсведамленне, што ўрачы – таксама людзі, адпаведна, захварэць могуць і яны, як і іншыя. Ніхто не адмяняў і вядомы сіндром 3-га курса, калі студэнтам уласціва сімптомы ўсіх хваробаў, уключаючы анкалагічныя, «знаходзіць» у сябе.

Яшчэ адна «група рызыкі»: псіхолагі і псіхатэрапеўты, якія працуюць у анкалагічных клініках. Сваіх пацыентаў яны ведаюць, як ніхто іншы. Бо ім давяраюць схаванае, не ўтойваючы пачуццяў і эмоцый. За доўгі час працы з пацыентам яны робяцца практычна роднымі людзьмі. І ў выпадку трагічнага зыходу цяжка перажываюць страту.

У псіхалогіі ёсць тэрмін – вікарная траўматызацыя, да якой схільныя прафесіяналы, якія дапамагаюць людзям з цяжкай псіхалагічнай траўмай. Літаральна прапускаючы праз сябе эмоцыі і перажыванні пацыента, яны самі ў зоне рызыкі эмацыянальнага выгарання і псіхалагічных праблемаў.

2. Псіхалагічны фактар

У трывожных і недаверлівых ад прыроды людзей рызыка ўзнікнення канцэрафобіі таксама вышэйшая ў параўнанні з астатнімі.

Людзі, якія дрэнна пераносяць нявызначанасць, паколькі пазбаўленыя магчымасці кантраляваць тое, што адбываецца, таксама ўваходзяць у лік патэнцыяльных ахвяраў канцэрафобіі.

Павялічваюць верагоднасць узнікнення неабгрунтаванага страху захварэць на рак і спадарожныя расстройствы: абсесіўна-кампульсіўнае расстройства (немагчымасць пазбавіцца ад дакучлівых думак і кампульсіўных дзеянняў) і іпахондрыя.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
Але і ў абсалютна здаровага нармальнага чалавека таксама можа раптам развіцца страх. Штуршком можа служыць вестка пра хваробу блізкага чалавека – калегі або лепшага сябра. Ці раптам з'явіўся пэўны невытлумачальны сімптом, якога ніколі раней не заўважалі. Адным з першых узнікае страх: а раптам гэта анкалогія?

3. Міфы і стэрэатыпы, звязаныя з ракам

У большасці людзей да гэтага часу прысутнічае ўстойлівае перакананне: рак – роўна смерць.

Насамрэч яшчэ 10 гадоў таму не было такіх лекаў, дыягностыкі, методык лячэння анкалагічных захворванняў, якія ёсць цяпер. Многія віды раку, ад якіх раней сапраўды паміралі, сёння альбо вылечныя цалкам, альбо пераходзяць у хранічную форму, і людзі жывуць з імі, як, напрыклад, з цукровым дыябетам: прымаюць лекі і працягваюць жыць актыўным жыццём.

Яшчэ адзін міф: пра заразнасць захворвання. Гэта здаецца неверагодным, але и па сёння некаторыя людзі лічаць, што рак заразны, і ў рэальнасці іх дзеянні набываюць вычварныя формы.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
Я ведаю пра выпадак, калі жанчына захварэла на рак. І пакуль знаходзілася на лячэнні, калегі, надзеўшы пальчаткі, сабралі ўсе яе рэчы, вынеслі і выкінулі ў смеццевыя бакі. Нярэдка людзі абрываюць усе сувязі з захварэлым: перастаюць хадзіць у госці, мець стасункі, не дазваляюць сваім дзецям гуляць з тымі, у каго ў сям'і ёсць анкалагічны пацыент. Гэтая сацыяльная стыгма, стаўленне да анкапацыента, як да пракажонага, у 21-м стагоддзі пры абсалютнай даступнасці інфармацыі пра анкалагічныя захворванні, мякка кажучы, выклікае здзіўленне. Але, на жаль, гэты міф не так ужо рэдкі.

Як і прадузятасць, што з'яўленне злаякасных новаўтварэнняў – гэта пакаранне за дрэнныя думкі і ўчынкі. Або вынік сурокаў, псуты, крыўдаў... Тут варта нагадаць, што на сёння большасць якасных доўгачасовых даследаванняў не пацвярджаюць сувязь розных псіхалагічных фактараў з узнікненнем злаякасных новаўтварэнняў. Разам з тым, жывучасць міфаў падсілкоўвае страх. І, шчыра кажучы, гэта палохае больш, чым сама верагоднасць хваробы.

Ці можа шырокае асвятленне тэмы анкалогіі ў СМІ правакаваць узнікненне страху?

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
Сапраўды, зараз мы маем вялікую даступнасць інфармацыі пра анкалагічныя захворванні. Не так даўно пацыенту нават не паведамлялі пра тое, што ў яго рак. У памяці і той час, калі тэма свядома замоўчвалася ў СМІ, каб не нагнятаць абстаноўку. Затое цяпер, калі інфармацыя даступная і яе шмат, назіраецца адваротны эфект: уражанне, што анкалогія – усюды і што гэта прадукт цывілізацыі. Гэта гісторыя з катэгорыі: няма тэмы – няма праблемы. Цяпер тэма ёсць. Таму здаецца, што праблема катастрафічная.

Насамрэч, кажа Ія Слабінская, ёсць усе падставы меркаваць, што анкалагічныя захворванні маюць вельмі старажытную гісторыю. Зараз актыўна развіваецца такая навука, як палеяанкалогія. Астанкі людзей, знойдзеныя пры раскопках, прапускаюць праз розныя віды дыягнастычных даследаванняў (МРТ, КТ). І ўжо не раз вучоныя выяўлялі ў касцях сляды злаякасных новаўтварэнняў.

Праблема ў тым, лічыць эксперт, што пры абсалютнай даступнасці інфармацыі зараз у СМІ бачнае двухполюснае асвятленне тэмы, і гэта не можа не распальваць вогнішча. З аднаго боку, шмат распавядаецца пра людзей, якія перамаглі хваробу. З іншага – пра тых, хто памёр, падкрэсліваючы цяжар і незваротнасць хваробы. Але значна больш людзей, якія жывуць з хваробай тут і цяпер, актыўна лечацца. Бо жыццё не заканчваецца разам з дыягназам. Яно проста пераходзіць на новы ўзровень. І вось пра гэта пішуць і расказваюць вельмі мала.

Баяцца захварэць на рак – гэта нармальна?

Баяцца – нармальна, упэўненая Ія Слабінская.

 
Ія Слабінская
Анкапсіхолаг, прэзідэнт Украінскай псіхаанкалагічнай асацыяцыі, удзельнік Міжнароднай псіхаанкалагічнай супольнасці (IPOS) і спецыяльнай міжнароднай групы па праблеме страху рэцыдыву раку
Калі вы баіцеся, гэта не значыць, што вы – панікёр і баязлівец. У нас прыродай закладзены інстынкт самазахавання, мы ўсе хочам жыць. Дзве асноўныя патрэбы чалавека: выжыць і быць шчаслівым. Калі агучваецца анкалагічны дыягназ, гэтыя патрэбы апрыёры ставяцца пад пагрозу: выжыву я, ці буду шчаслівым. Хаця шчасце – паняцце асабістае, але ёсць агульныя крытэрыі: жыць з сям'ёй, бачыць, як растуць дзеці, працаваць, вандраваць... І калі разабрацца, дык не так палохае страх смерці, колькі страх апынуцца прыкаваным да ложка, правесці рэшту жыцця ў пакутах, зрабіцца цяжарам для блізкіх.

Ці можна вымераць свой асабісты ўзровень страху захварэць на анкалогію? Як знізіць верагоднасць узнікнення ірацыянальнай боязі? Што рабіць, калі канцэрафобія перашкаджае жыць паўнавартасна і з задавальненнем? Пра гэта мы распавядзём у наступным матэрыяле.

Як справіцца з канцэрафобіяй. Вымяраем узровень страху

Exit mobile version