У кожнага з нас свая кропка адліку часу да надыходу Новага года. На адным з парталаў гэта – першага снежня, у маёй знаёмай – ад першага снегу, у дачкі сяброўкі – з таго часу, як яна напісала ліст Дзеду Марозу і пачала нецярпліва чакаць падарункаў... А ў нас у Чэрвені адлік можна пачынаць з таго дня, як на плошчы з’яўляецца галоўная ёлка горада.
Калісьці гэта былі дні снежня, бліжэй да 25-га, да каталіцкіх Калядаў. Ёлку тады адразу ж і ўпрыгожвалі, і запальвалі ў цёмны час сутак на ёй зорку ды агеньчыкі. А прадчуванне свята проста ўрывалася ў нашы сэрцы і душы, як свежы павеў ветрыку...
Цяпер ёлка да нас урачыста прыбывае на вялізным прычэпе ў суправаджэнні іншай грувасткай тэхнікі ўжо бліжэй да пачатку першага зімовага месяца. Былі гады, калі нават 1-га снежня яе ўжо ўсталёўвалі. І жыхары горада ледзь не ў заклад ішлі: паабсыпаюцца зялёныя іголачкі да Новага года ці ўсё ж застануцца?! Але ёлкі штораз здзіўлялі сваёй трываласцю.
Хаця надвор’е традыцыйна не песціла навагоднія дрэвы. І вятры імкнуліся паскідаць убранства, а то і паваліць лясную госцю. І дажджы старанна намочвалі зялёныя махнатыя лапы – так, каб яны апускаліся ўніз і цацкі з іх саслізгвалі самі...
Сёлета фота ёлкі, якую ўстанаўлівалі на плошчы ў Чэрвені, брат даслаў мне 3-га снежня. Адразу штосьці яна мне не дужа спадабалася... Але калі яе трохі «папушысцілі» штучна, прывязаўшы дадатковыя галіны... Наколькі я ўчора змагла разгледзець у не дужа яркім святле зблізку, нармалёвая атрымалася.
Ставілі яе на снег. Пастаяла яна пад снегам. Здаецца, пашанцавала з надвор’ем нашай сёлетняй навагодняй прыгажуні. Але не! Вось ужо абяцаюць вятры і дажджы. Мабыць, Снежань прыгадаў, што Лістапад яшчэ не адпрацаваў усю сваю праграму. Пускае пагаспадарыць... Будзем спадзявацца, што і гэтая ёлка з годнасцю вытрымае выпрабаванні і шчыра парадуе дзяцей ды дарослых на калядныя і навагоднія святы.
Што датычыцца самай прыгожай чэрвеньскай ёлкі, дык асабіста мне прыгадваецца пачатак дзевяностых гадоў мінулага ўжо стагоддзя. У той год было шмат шышак на ялінках. Ніколі больш ні да, ні пасля столькі не бачыла! Дык вось гарадская ёлка паўстала адразу натуральна ўпрыгожанай – уласнымі шышкамі! І шырокая яна была, і пушыстая... Штосьці неверагоднае!
Шкада толькі, што не засталося з таго часу яе фотаздымкаў. На гэтым, падабраным, толькі падобны маленькі фрагмент... Затое дома захоўваюцца здымкі сямейнікаў на той жа Новы год з букетамі яловых лапак якраз-такі з шышкамі ў вазах. Чорна-белыя фота, вядома ж. Каляровыя з’явіліся трохі пазней. Родныя здымаліся па аднаму, па двое і ўсе разам. Яшчэ была жывая наша бабуля Ксенія, якой ужо амаль 25 гадоў няма з намі...
...Едуць па гарадах вялікіх і малых ёлкі. Натуральныя і штучныя, высокія і шырокія. І разам з імі едзе радасць ад прадчування свята. А дзесьці ўнутры нас уключаецца кропка адліку. Да Новага года засталося 23 дні...