Site icon Слушна

Аднаўленне пасля інфекцыі COVID-19. Слабыя месцы посткавіднага стану

Амаль год новая каранавірусная інфекцыя займае лідзіруючыя месцы ў топе самых важных і гарачых тэмаў, якія датычацца здароўя. Зараз алгарытм лячэння больш-менш адладжаны, на падыходзе прафілактычная вакцына.

Парадак дня ўсё больш складаюць пытанні, звязаныя з магчымымі наступствамі, у тым ліку аддаленымі, пасля перанесенай інфекцыі COVID-19, рэабілітацыяй і аднаўленнем у посткавідным перыядзе. Асноўны ўпор на лёгкія – орган-мішэнь для SARS-CoV-2. Але ёсць і іншыя праблемныя моманты. Ад іх своечасовага рашэння часцяком залежыць эфектыўнасць поўнага аднаўлення пасля хваробы.

Пра тое, якія станы найбольш часта турбуюць пацыентаў пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі, распавяла сістэмны біёлаг, прафесар Універсітэта Джорджа Мэйсана (ЗША) Анча Баранава. Адной са сфераў яе навуковай дзейнасці з'яўляецца ў тым ліку структураванне інфармацыі розных даследаванняў па кавіду.

Анча Баранава.

Гіперкаагуляцыя

Шырока распаўсюджанай праблемай каранавіруснай інфекцыі з'яўляюцца парушэнні каагуляцыі (згусальнасці крыві). Вірус SARS-CoV-2 выклікае гіперкаагуляцыю, што вядзе да развіцця трамбозаў. Такі стан назіраецца ў кожнага 3-га стацыянарнага пацыента з каранавіруснай інфекцыяй. Менавіта таму з першых дзён лячэння ў комплексную тэрапію ўключаюць розныя прэпараты гепарыну для прадухілення ўтварэння тромбаў.

Пры выпісцы са стацыянара гепарын адмяняюць, замяняючы пры неабходнасці на прыдатныя для хатняга ўжывання антыкаагулянтныя прэпараты ў таблетках (пераральныя антыкаагулянты).

Мала хто ведае, што эфектыўным сродкам для прафілактыкі трамбозаў з'яўляюцца таксама... медыцынскія п'яўкі. Іх выкарыстанне дазваляе забяспечыць паступленне антыкаагулянтаў, пры гэтым гірудатэрапія валодае на парадак больш зберагальным дзеяннем у параўнанні з тым жа гепарынам. Аднак практыкаваць гірудатэрапію ў рэабілітацыйным перыядзе неабходна строга па паказаннях і пад кантролем гірудатэрапеўта.

– Трэба разумець, што падобныя па сімптаматыцы станы ў посткавідным перыядзе ў розных людзей могуць быць выкліканыя рознымі ж прычынамі, – падкрэслівае Анча Баранава. – Таму, калі пасля актыўнага лячэння застаюцца пэўныя праблемы, мэтазгодна прайсці медыцынскае абследаванне, каб высветліць менавіта сваю прычыну.

Мікраінсульт

Напрыклад, пачуццё здранцвення, цяжару ў нагах можа быць выкліканае як парушэннем каагуляцыі крыві, так і мікраінсультам, г.зн. неўралагічным станам. Апошняе больш верагоднае, калі сімптомы суправаджаюцца галаўным болем, які можа быць выкліканы не самім вірусам, а мікраінсультам. На жаль, мікраінсульты даволі распаўсюджаныя пры каранавіруснай інфекцыі. І тады прычыну праблемаў з нагамі трэба літаральна шукаць у галаве. У гэтым выпадку неабходная кансультацыя неўрапатолага з наступнымі профільнымі абследаваннямі. Калі ўстаноўлены факт мікраінсульту, урач прызначыць падтрымліваючую тэрапію, такую ж, як пры інсульце.

– Пасля мікраінсульта адбываецца самааднаўленне, тым не менш, функцыянальны рэзерв галаўнога мозгу зніжаецца, г.зн. штодзённае агульнае самаадчуванне будзе горшым, чым, скажам, да хваробы, – кажа Анча. – Але ў стане пасля перанесенай інфекцыі адчуваць сябе некаторы час горш, чым звычайна, – нармальна. Таму лёгкае недамаганне можна спісаць на так званы «кавідны хвост», г.зн. на пэўныя рэшткавыя праявы хваробы. І тым самым страціць час. Бо калі быў мікраінсульт, эфектыўнае і поўнае аднаўленне залежыць ад таго, як хутка прызначаная падтрымліваючая тэрапія. Яна ўключае і фізічны, і медыкаментозны складнік, і прыём прэпаратаў-антыгіпаксантаў, і г.д. Але прызначэнні робіць абавязкова неўрапатолаг, аднаўленне павінна праходзіць пад яго наглядам.

Інфекцыйны міякардыт

Яшчэ адно ўскладненне, якое часта сустракаецца пасля COVID-19, – праблемы з сэрцам, у прыватнасці, інфекцыйны міякардыт. Запаленне сардэчнай мышцы бывае і пасля іншых інфекцый, але можна меркаваць, што пасля COVID-19 сустракаецца часцей, чым пасля грыпу і іншых вострых рэспіраторных захворванняў.

Небяспека інфекцыйнага міякардыту заключаецца ў тым, што ён можа працякаць бессімптомна. Але нават пры наяўнасці сімптомаў іх можна прыняць за стан, уласцівы перыяду пасля цяжкага інфекцыйнага захворвання: задышка, слабасць, хуткая стамляльнасць. Могуць таксама назірацца парушэнні сардэчнага рытму, дыскамфорт і розны боль у грудной клетцы. Таму пажадана наведаць кардыёлага, зрабіць эхакардыяграфію (ЭКГ). Па выніках інструментальных і лабараторных даследаванняў урач пры неабходнасці прызначыць падтрымліваючую тэрапію.

Дысфункцыя нырак

Яшчэ адна праблема, якая актуальная не для ўсіх, але ёй варта надаць увагу, – гэта праблема з ныркамі. Для людзей, у якіх ёсць у анамнэзе захворванні нырак, пытанне стаіць асабліва востра.

– Чалавек з той ці іншай паталогіяй нырак можа, у прынцыпе, нармальна сябе адчуваць, хаця функцыі органа парушаныя ўжо, рэзерв паніжаны. А на фоне перанесенага COVID-19 так званая хуткасць клубочкавай фільтрацыі можа «прасесці» яшчэ больш, – тлумачыць Анча Баранава. – Гэта вельмі простае даследаванне, якое робіць любая лабараторыя. Дастаткова правільна аформіць запыт: патрэбны аналіз функцыі нырак. Даследаванне робіцца не па мачы, а па крыві. Па выніку, уласна кажучы, будзе зразумела, усё ў парадку альбо тэрмінова патрэбны агляд нефролага і, магчыма, пэўныя далейшыя дзеянні, каб аднавіць працу нырак. На ранняй стадыі паражэння органа можна вярнуцца назад. Значна складаней аднавіцца да ўзроўню «як было», калі час страчаны, а паталагічны працэс зайшоў далёка.

Лёгкія

Аб аднаўленні лёгкіх пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі сказана і напісана столькі, што дадаць штосьці новае складана, прызнае эксперт. Асноўны ўпор робіцца на розныя дыхальныя гімнастыкі.

– Аднак не ўсе парады па дыханні аднолькава карысныя, – перакананая Анча. – Важна ўлічваць, дзе знаходзіцца пашкоджанне, які яго аб'ём, і зыходзячы з гэтага падбіраць тэхніку дыхання. Самастойна выбіраць сістэму без рэкамендацый спецыяліста – гэта раўназначна дзеянню наўздагад. Добра, калі трапіце ў дзясятку. А калі не? У лепшым выпадку ніякай карысці ад такой гімнастыкі не будзе.

Таксама Анча настойліва рэкамендуе ўстрымацца ад надзімання шарыкаў! А гэта, між іншым, даволі папулярная парада па аднаўленні лёгкіх пасля пнеўманіі. Насамрэч, вялікая рызыка, што актыўнае «надзіманне шарыкаў» прывядзе да надрыву ў той вобласці органа, дзе ёсць пашкоджанні ад перанесенай інфекцыі. Потым гэтая прастора будзе запоўненая злучальнай тканкай, а гэта якраз тое, чаго неабходна пазбегнуць.

Шмат карыснай інфармацыі па аднаўленні пасля каранавіруснай інфекцыі вы таксама можаце прачытаць тут.

Exit mobile version