… Ноч. Вуліца. Ліхтар. Аптэка. Наконт першых трох – жартую. Толькі аптэка – у нашым Чэрвені. Удзень. Унутры – чалавекі чатыры. Адна жанчына ўжо заказвае неабходнае ў акенцы. З пачуццём годнасці так, нетаропка, раячыся з супрацоўніцай аптэкі: «Можа, гэта ўзяць? А можа, гэта? І яшчэ вунь тое?» Адразу прыгадваю анекдот пра венік. Штосьці накшталт: «Вам завярнуць ці так паляціце?!» 🙂
Другая жанчына чакае сваёй чаргі на банкетцы. Трэці чалавек стаіць за першай жанчынай… Ну-у-у-у-у, амаль, як кажуць, упрытык. А вось малады мужчына перада мной вытрымлівае неабходную дыстанцыю. На такой жа адлегласці ў паўтара метра спыняюся ад яго і я.
Стаім. Пазіраем на гадзіннікі. Я раз-пораз – на свой фітнэс-бранзалет. Чатыры чалавекі перада мной праходзяць хвілін за 20. І дзёргаюся я зусім не з-за таго, што кудысьці трэба бегчы. Проста – закрытае памяшканне. Проста – людзі.
Мужчына за мной таксама дыхае ў патыліцу. Не абарочваюся, каб не сарвацца. Відавочна не зразумее, што за прэтэнзіі. На шчасце, часта адыходзіць да розных вітрынаў.
Эх! – залятае мажная дама. І амаль носам – у спіну апошняга. Стаіць. Пазірае на нас з маладым чалавекам і ладную пустую адлегласць з непаразуменнем. Калі б яна стаяла за мной, мабыць, падштурхоўвала б у спіну. Некаторыя так робяць. Думаюць, што будзе хутчэй.
А я і ў звычайны час не надта люблю незнаёмых у маёй асабістай прасторы. А ўжо зараз, калі пагроза каранавіруса… Ну, не будзеш жа тлумачыць усім і кожнаму, чаму так важна захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Таму – церпім…
А мужчына перада мной, між іншым, папрасіў толькі вялізную бутэльку антысептыку. Мабыць, на працу трэба. Бо не думаю, што для сябе…
І ў працяг тэмы. Сёння выбрала для наведвання нашу новую камерцыйную аптэку. Падабаецца мне там, бо звычайна людзей альбо зусім мала, альбо няма, а патрэбнае ёсць практычна заўсёды.
Кажу пра тое пасля набыцця неабходнага супрацоўніцы аптэкі, якая таксама мне падабаецца.
– О, ну гэта вам проста так пашанцавала сёння, – смяецца яна.
– Не, – пярэчу. – Проста звычайна я па вяртанні з Мінска заходжу да вас хвілін за 10 да закрыцця. А што сёння?!
– Каб вы паглядзелі, колькі людзей было да абеду!
А трэба сказаць, што тут практычна адразу, калі ўзраслі патрэбы ў масках, з’явіўся на дзвярах надпіс: «Масак няма!!!» Спачатку – на дзвярах вонкавых. Затым – на шкле акенца.
– Няўжо маскі ды антысептык раскуплялі?! – пытаюся.
– Так! – смяецца ў адказ мая суразмоўца.
Ага… Але людзей у масках я ў нашым Чэрвені практычна не бачу. У запас бяруць??? Ці для дома – даглядаць хворых з прастудай?
Далей мой шлях ляжыць у крамы. Тут усё ціха і спакойна. У тым сэнсе, што і супрацоўнікі без масак, і наведвальнікі. Пакуль не гадзіна пік, можна абысціся без сапення за спіной наступнага пакупніка на касе.
Каб яшчэ абмежаваць сацыяльныя кантакты, раскладваю прадукты ледзь не па ўсёй стужцы перад касай! 🙂 Цяпер ніхто блізка не прысунецца.
Паставіўшы набытае ў ячэйку камеры пад ключ, кірую міма касаў у краму непрадуктовую і заўважаю свайго колішняга вучня, у якога была класным кіраўніком. Той відавочна рады сустрэчы, пытаецца, як справы. Я распытваюся ў яго. Паколькі ён набывае прадукты і адысціся ад касы не можа, выбар сацыяльнай дыстанцыі – за мной.
На маё пытанне адказвае, што збіраецца ў рэйс. Зараз ён – дальнабойшчык.
– Куды? – цікаўлюся. – У Італіі небяспечна… І не толькі там.
– Ды не, блізка, у Мюнхен.
– Германія?! Ой-ёй.
– Ат, – махае ён рукою. – Усё гэта так… Не звяртаю ўвагі…
Удачы табе, Сяргей! Шчыра! У дарозе і не толькі… Няхай усё будзе добра! Ты ж прасіў мяне ў сацыяльнай сетцы пажадаць табе ўдачы, каб вярнуцца дахаты да Новага года. Усё спраўдзілася. І ты за гэта быў удзячны! 🙂
У іншай сацыяльнай сетцы бачу, што знаёмы (пакуль толькі завочна) урач Уладзімір Патапкін, пра якога на нашым інфармацыйным партале распавядала мая сяброўка Варвара Чаркоўская з Салігорска, далучыўся да акцыі пад кодавай назвай «Я буду на працы! А вы заставайцеся дома» (насамрэч назва іншая). Прычым яго заклік зроблены па-беларуску!
І я, прабачце, ведаю, што кажу! Давялося сутыкнуцца апошнім часам, пабыўшы па волі лёсу не ў адной медустанове. Прычым не столькі пра ўрачоў хацелася сказаць, колькі пра медсясцёр і санітарак… Але пра гэта як-небудзь іншым разам. А вось урачоў, якіх я глыбока паважаю і шчыра ўдзячная, якраз за пару апошніх тыдняў паболела.
– Супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы не ўсе лічаць чалавечнымі, – адказвае мне доктар з глыбінкі.
– Я пра іншае… Пра стаўленне да хворых увогуле…
Ад апошняга да гэтага часу ў шоку. Урач пацыентцы:
– Ну што, бабуля, бачыў я вашу выпіску. Справы ў вас няважныя…
– ?????????
Як вам?! Па-першае, бабуля па ўзросту яму – маці, а ніяк не бабуля. І не выглядае бабуляй. Нармалёвы зварот ад урача?! Па-другое… Гэта прафесійная этыка? Міласэрнасць? Якім словам такое назваць?!
Так што пакуль мае думкі ўслых зусім невясёлыя. Але я над гэтым працую! І мы будзем змагацца! За жыццё, за здароўе… За паважлівае стаўленне… І за сацыяльную дыстанцыю. Пакуль гэта неабходна. Таму… Лепей не дыхайце мне ў патыліцу, незнаёмцы і знаёмыя! Я не заўсёды бываю такой цярплівай. 🙂
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!