Site icon Слушна

Алан Уайт: «Верныя мужы і клапатлівыя таты жывуць даўжэй»

Пакуль хвалі каранавіруснай інфекцыі змяняюць адна адну, адцягваючы на сябе ўсю заклапочанасць і ўвагу сусветнай аховы здароўя, у цені застаюцца не менш вострыя праблемы. Хаця б таму, што яны не губляюць актуальнасць гадамі, не вырашаюцца вынаходніцтвам прафілактычнай вакцыны і ўсеагульнай імунізацыяй. Гаворка, у прыватнасці, пра заўчасную смяротнасць мужчын – глабальную праблему, у якую ўцягнутая і Беларусь.

Заўчаснай прынята лічыць смяротнасць да наступлення ўзросту, разлічанага ў якасці сярэдняга паказчыка працягласці жыцця. Для краінаў еўрапейскага рэгіёну гэта ўзрост 70 гадоў (у Беларусі, дарэчы, сярэдняя працягласць жыцця мужчын амаль на год карацейшая). Прыкладна 86% смерцяў мужчын у працаздольным узросце (г.зн. заўчасна) выкліканыя неінфекцыйнымі захворваннямі і вонкавымі прычынамі (траўмамі, суіцыдамі, атручваннямі і г.д.). Па сутнасці, тым ці іншым чынам большасць з іх можна было прадухіліць.

Алан Уайт.

Пра тое, што дапаможа захаваць і падоўжыць жыццё мужчынам і якую ролю ў гэтым адыгрывае гендэрнае раўнапраўе, падзяліўся Алан Уайт.

Візітоўка: Алан Уайт (Alan White) – міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі. Спецыялізуецца на праблематыцы мужчынскага здароўя. З'яўляецца аўтарам і сааўтарам шэрагу кніг па пытаннях фізічнага і псіхічнага здароўя мужчын. Сааўтар дакладу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пра здароўе і дабрабыт мужчын у 53 дзяржавах-сябрах Еўрапейскага рэгіёну (2018 г.). У кастрычніку 2019 года ўпершыню наведаў Беларусь, дзе ўзяў удзел у навукова-практычнай канферэнцыі «Чалавек. Здароўе. Навакольнае асяроддзе», узначаліўшы Форум мужчынскага здароўя.

Мужчыны не запраграмаваныя паміраць

 
Алан Уайт
Міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі
Перавага заўчаснай мужчынскай смяротнасці над жаночай ўласцівая практычна ўсім краінам свету і ўсім краінам еўрапейскага рэгіёну без выключэння. Істотную долю гібелі мужчын працаздольнага ўзросту можна прадухіліць. Але зрабіць гэта можна толькі ў тым выпадку, калі мы пачнем звяртаць увагу на аспекты жыцця не дарослага мужчыны, які ўжо адбыўся, а хлопчыка з моманту яго нараджэння і да выхаду ў дарослае жыццё.

У размове пра мужчынскае здароўе, лічыць эксперт, важна не звужаць праблематыку да эрэктыльнай дысфункцыі альбо раку прастаты. Бо здароўе шмат у чым і перш за ўсё вызначаюць абставіны і ўмовы, у якіх мужчына пражывае сваё жыццё. Трэба разумець, што заўчасная смерць – гэта не біялагічны фактар. Мужчыны не запраграмаваныя паміраць раней за жанчын!

Пры гэтым нават ва ўлонні маці, адразу пасля нараджэння і ў першы год жыцця хлопчыкі гінуць у сярэднім на 10% часцей за дзяўчынак. Да такой высновы прыйшлі вучоныя з Вялікабрытаніі (Універсітэт Эксэтэра), правёўшы аналіз 30 мільёнаў родаў у розных краінах свету. На думку даследчыкаў, хлопчыкі больш успрымальныя да ўплыву негатыўных фактараў падчас цяжарнасці маці (інфекцыі, шкодныя звычкі, стрэсавыя станы жанчыны і г.д.).

Ёсць толькі адна белая паласа, калі мужчынская заўчасная смяротнасць не перавышае жаночую – у перыяд з аднаго да шасці гадоў. Ва ўсе астатнія перыяды жыцця хлопчыкі і мужчыны сыходзяць з жыцця часцей за прадстаўніц супрацьлеглага полу.

 
Алан Уайт
Міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі
Пры гэтым прычыны заўчаснай смерці мужчын і жанчын моцна адрозніваюцца. Возьмем, напрыклад, самы актыўны ўзрост ад 15 да 49 гадоў. Пераважнай прычынай смерці жанчын у гэтай узроставай кагорце з'яўляюцца анкалагічныя захворванні. У мужчын гэта перш за ўсё сардэчна-сасудзістыя захворванні, траўматызм у выніку ДТЗ, самагубства... Мы ведаем, што ў нас ёсць каласальныя праблемы са здароўем жанчын. Але таксама ведаем, што ёсць не меншыя праблемы і са здароўем мужчын. І тут важна зразумець, што праблемы мужчынскага здароўя і жаночага павінны разглядацца па-рознаму.

Для даведкі: краіны СНД у еўрапейскім рэгіёне лідзіруюць у статыстыцы заўчаснай мужчынскай смяротнасці з-за прычын, звязаных з міжасобасным гвалтам, ДТЗ і самагубствамі. Часцей за ўсё ў ДТЗ гінуць мужчыны ад 30 да 49 гадоў, тое ж самае тычыцца самагубстваў. Беларусь з'яўляецца адным з лідараў у спісе па колькасці самагубстваў на 100 тысяч насельніцтва (4-е месца). У статыстыцы смяротнасці, звязанай з міжасобасным гвалтам, наша краіна замыкае сумную пяцёрку лідараў.

Без віны вінаватыя?

 
Алан Уайт
Міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі
Розныя неінфекцыйныя захворванні, якія робяцца прычынай заўчаснай смяротнасці мужчын, – гэта следства іх ладу жыцця. Але не заўсёды гэта цалкам іх віна. Лёгка паказаць пальцам і сказаць: гэта твая памылка. Але ж мужчыны жывуць у грамадстве, абапіраючыся на чаканні і стаўленне да іх навакольных. І не так ужо і лёгка адысці ад таго ладу жыцця, прынцыпаў і абавязацельстваў, якія ў пэўным сэнсе навязаныя грамадствам.

Узровень адукацыі, матэрыяльны дастатак, прафесійная запатрабаванасць, кар'ерны рост, забяспечанасць жыллём – гэта тыя фактары, якія шмат у чым вызначаюць стан здароўя і дабрабыту мужчын, упэўнены Алан Уайт. І з гэтым цяжка спрачацца. Бо да гэтага часу на постсавецкай прасторы меркай, якая вызначае сапраўднага мужчыну, з'яўляецца неабходнасць «пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выгадаваць сына». Прочырк хаця б па адным крытэры немінуча адбіваецца на самаацэнцы, псіхалагічным дабрабыце і, як следства, фізічным здароўі.

Затое гендэрная роўнасць здольная нівеліраваць гэтыя негатыўныя наступствы. Так лічаць эксперты СААЗ і многія даследчыкі ў галіне мужчынскага здароўя.

 
Алан Уайт
Міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі
Калі мужчына нароўні з жанчынай удзельнічае ў выхаванні дзяцей, бярэ актыўны ўдзел у сям'і, ажыццяўляе догляд і апеку сваякоў, дык ён і жыве даўжэй, і адчувае сябе здаравейшым ды шчаслівейшым. Чым вышэйшы ўзровень гендэрнага раўнапраўя, тым ніжэйшы ўзровень заўчаснай смяротнасці, вышэйшы псіхаэмацыянальны дабрабыт.

Ёсць дадзеныя, што, адчуваючы сябе неабходнымі і запатрабаванымі перш за ўсё ў коле сям'і і блізкіх, мужчыны ўдвая радзей пакутуюць ад дэпрэсій і, як следства, меней схільныя да суіцыдальных думак. Пры гэтым у іх на 40% зніжаецца верагоднасць смерці ў выніку гвалтоўных дзеянняў.

Таксама з-за большай схільнасці да абароненага сэксу і меншай схільнасці да рызыкоўных паводзінаў меней і рызыка інфекцый, уключаючы інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, ВІЧ/СНІД, гепатыт.

На думку Алана Уайта, усё пералічанае – важкая прычына, каб заахвочваць актыўную ролю мужчын у дасягненні гендэрнай роўнасці, прымаць меры па ліквідацыі гендэрнага дысбалансу ў сферы адпачынку па догляду дзяцей і сваякоў, заахвочваць сумесную адказнасць мужчыны і жанчыны за рэпрадуктыўнае здароўе.

 
Алан Уайт
Міжнародны эксперт, ганаровы прафесар Універсітэта Лідс Бэкет (Вялікабрытанія), візітуючы прафесар універсітэта Малайзіі
Але і сістэма аховы здароўя таксама павінна быць гендэрна адчувальнай. Часцей за ўсё мужчыны проста «незаўважныя», бо радзей звяртаюцца да ўрачоў, а станы, якія патрабуюць медыцынскай дапамогі, нярэдка не ўспрымаюць сур'ёзна. Вось, напрыклад, карціна, уласцівая любой еўрапейскай краіне (Беларусі, напэўна, у тым ліку): адкрылі сучасную клініку, дзе кваліфікаваныя спецыялісты аказваюць высакакласныя паслугі. Але мужчыны праходзяць міма. Бо ім нават думка ў галаву не прыходзіць, што туды можна зайсці. Другі варыянт – яны баяцца, стараючыся «не заўважаць» праблемаў са здароўем. Значыць, да мужчын трэба ісці нам (урачам), выяўляць праблемы, уласцівыя менавіта ім, і працаваць над іх вырашэннем. Праяўляць вынаходлівасць і крэатыўны падыход, калі хочаце. Інакш сумную тэндэнцыю высокай заўчаснай мужчынскай смяротнасці пераламаць не атрымаецца.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

 

Exit mobile version