Госць відэапраекта «Урачы таксама людзі» – мануальны тэрапеўт, артапед-траўматолаг Аляксандр Зайкін. Доктар распавёў, як спраўляецца з «энергетычнымі вампірамі», ці можна масажам вылечыць цэлюліт, навошта слухаць сваё цела і як паменшыць стрэс у жыцці.
Аб дзяцінстве і выбары
У дзяцінстве мы шмат часу праводзілі ў двары. Я памятаю свае пастаянна пабітыя каленкі і як прыемна было здзіраць з іх скарыначкі. Зараз дзяцей з такімі каленкамі амаль не ўбачыш, таму што яны менш гуляюць. Вы як траўматолаг што скажаце: якое дзяцінства лепшае?
У наш час дзяцінства было адно, зараз іншае, яно для сучасных дзяцей таксама вельмі добрае. З пункту гледжання траўматалогіі, вядома, лепш, калі скура на каленках цэлая, але цяпер дзеці могуць катацца на роліках у накаленніках і на роварах у шлемах. Іншая справа, што шмат дзяцей праводзіць час за гаджэтамі замест актыўнасці. Гэта дрэнна, таму што яшчэ не сфарміраваўся шкілет, а яны ўвесь час у сагнутым становішчы з тэлефонам або планшэтам. Фарміруецца няправільная пастава, няма патрэбнага развіцця апорна-рухальнага апарату.
А вашы дзеці як вольны час праводзяць, як прыахвочваеце іх да актыўнага ладу жыцця?
Зараз мне складана паўплываць – яны ўжо дарослыя. У свой час прывучаў да актыўнасцяў сваім прыкладам. Усёй сям'ёй на выхадных выязджалі на прыроду, сярод тыдня вадзілі іх у секцыі. Сёння любоў, якую мы прывівалі да пэўных відаў спорту, перарасла ў іх у антыпатыю. Але затое яны вельмі любяць танцаваць, у іх рэгулярныя трэніроўкі, спаборніцтвы. Гэта значыць, папярэдні досвед не прайшоў дарма. Прывучыць да актыўнасці можна толькі ўласным прыкладам. А як інакш? Я буду ляжаць на канапе, піць піва і казаць: «Адціскайся, сыночак» або «Не глядзі са мной футбол, а ідзі гуляй на вуліцы»? Не спрацуе. Узялі мяч – пайшлі разам у двор, ідзяце ў басейн – і дзяцей з сабой.
Чаму вы абралі траўматалогію і артапедыю?
Спачатку я меў на мэце радыётэхнічны інстытут. Мой тата быў інжынерам-канструктарам, дома стаялі камп'ютары, мне падабаліся інфарматыка, матэматыка, фізіка. Паралельна я любіў спорт, цікавіўся, як можна хутка аднаўляцца пасля нагрузак і траўмаў. У 10-м класе да нас у школу прыйшлі людзі з медцэнтра і запрасілі на курсы навучання масажу. Мне гэта падалося цікавым, і я іх скончыў. А ўлетку, адпачываючы на Чорным моры, уладкаваўся ў медцэнтр, але не масажыстам, а рэкламным агентам – хадзіў па пляжы з гучнагаварыльнікам і зазываў адпачываючых на масаж і іншыя працэдуры. Там я пазнаёміўся з урачамі, убачыў, наколькі гэта цікавая прафесія. У 11-м класе я ўжо дакладна ведаў, што буду паступаць у медуніверсітэт і стану мануальным тэрапеўтам. Але такой спецыяльнасці ў ВНУ не было, таму абраў блізкае – артапедыю і траўматалогію. Далейшую вучобу і спецыялізацыю па мануальнай тэрапіі праходзіў у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Аб манастыры і энергетыцы
У 2012 годзе вы скончылі курсы тайскага масажу пры манастыры ў Тайландзе. Чаму вырашылі вывучыць гэтую экзотыку і менавіта ў манастыры?
Калі адкрылі новыя турыстычныя напрамкі, з Тайланда сталі прыязджаць мае кліенты і цікавіцца, ці раблю я тайскі масаж. Попыт з'явіўся, а прапаноў не было. Я вырашыў, што вучыцца трэба ў першакрыніцы – у самым Тайландзе. У Бангкоку ёсць сусветна вядомая школа тайскага масажу пры манастыры Ват По. Калісьці туды прывезлі ўсё ацалелыя архівы па медыцыне і навучалі масажу толькі манахаў. А сёння гэта ўжо свецкая школа, якая прымае ўсіх жадаючых. На сценах манастыра дагэтуль захаваліся фрэскі са схемамі людзей, праекцыяй на іх энергетычных мерыдыянаў.
У тайскай філасофіі лічыцца, што прычына ўсіх захворванняў – парушэнні цыркуляцыі энергіі ўнутры чалавека. Ці ёсць у гэтым рацыянальнае зерне?
Калі лічыць, што цыркуляцыя энергіі – гэта добры, узбагачаны кіслародам крывацёк, дык так. Былі ў мяне пацыенты, якія пасля працэдуры казалі, што ў іх пайшла энергія, бо канечнасці сталі цёплымі і боль сышоў. Я ім тлумачыў, што проста аднавіўся крывацёк, зняўся спазм, боль і знік. Хтосьці называе гэта энергіяй, хтосьці фізіялагічнымі працэсамі. Я веру ў другое.
Тым не менш, вашы пацыенты пішуць на форумах, што ў вас вельмі станоўчая энергетыка. Таксама ў гэта не верыце?
Калі я люблю сваіх кліентаў, хачу ім дапамагчы, хачу, каб яны пайшлі з добрым настроем і самаадчуваннем, вядома, гэта станоўчая энергетыка. Я гатовы аддаць усе свае навыкі і веды людзям, бо іх добры настрой пасля лячэння таксама да мяне з працэнтамі вернецца. Але я не адкрываю чакры, не здымаю блакаванне з мерыдыянаў – я ў такое не веру.
Часта можна пачуць фразу пра чалавека «ён энергетычны вампір». Але чалавек проста можа быць у дрэнным настроі ці буркун. Дык давайце яму дапаможам палепшыць настрой, ліквідуем боль, нармалізуем самаадчуванне – і ён перастане быць «вампірам».
Аб прычынах хваробаў
У чым галоўная прычына хваробаў, на ваш погляд?
Калі казаць пра наш профіль, дык гэта нерацыянальнае і неаптымальнае выкарыстанне цела. Хтосьці перагружаны, хтосьці недагружаны. Хто зусім не трэніруецца – той млявы і слабы. Хтосьці шмат працуе і сядзіць у вымушаным становішчы, а ад працяглага спазмаванага стану мышцы могуць захварэць. Калі доўга не рухаць нейкі сустаў, ён, як падшыпнік, «іржавее».
Людзі развучыліся сябе адчуваць. Усе сфакусаваныя на працы, тэлефоне, камп'ютары. І звяртаюцца, калі ўжо зусім накрывае. Калі шыя спачатку крыху ные, людзі гэта ігнаруюць, у іх іншая дамінанта ў галаве – праца. Шыя і спіна кажуць ім: «Гаспадар, мы напружаны». Не чуе. «Гаспадар, нас скавала» – нуль увагі. «Ну, калі не чуеш, будзем крычаць». Тады чалавек ужо звяртаецца да мяне: галава баліць, шыю скавала, сэрца коле, ні ўздыхнуць, ні разагнуцца. І ўсё гэта раптам! Так не бывае. Калі чалавек пачынае аналізаваць, разумее, што сігналы былі даўно.
А ці не выціснулі лекі іншыя эфектыўныя метады лячэння сёння?
Рух і сон ніякая таблетка не заменіць. Сёння, да прыкладу, некаторыя прымаюць хондрапратэктары. Як яны дойдуць да суставаў і пазваночніка, калі чалавек мала рухаецца і ляжыць на канапе? Многія пытанні можна вырашыць без лекаў – проста прывесці мышцы ў тонус. Трэба расслабіцца – не міярэлаксанты піць, а парасцягвацца. Я ніколькі не хвалююся, што масаж або мануальная тэрапія калі-небудзь стануць неэфектыўнымі і незапатрабаванымі метадамі.
Калі вы хварэлі ў апошні раз і як лечыцеся?
Дзесьці раз на год я магу падхапіць прастуду. П'ю шмат вадкасці, адляжуся з тэмпературай і ўсё. Цяпер модна пры першых сімптомах піць гарачкапаніжальныя. Збіваць трэба толькі пасля 38,5: высокая тэмпература – гэта добра, наш арганізм змагаецца і лепей папраўляецца.
Вы калі-небудзь курылі, пілі?
У юнацтве паспрабаваў выкурыць адну цыгарэту, але гэта было свавольства. Я заўсёды займаўся спортам, і мне было шкада страціць вынослівасць, калі пачну курыць. Тое ж самае і з алкаголем. Сёння на свята магу выпіць келіх віна. Хаця быў перыяд з 2008 па 2018 год, калі я наогул не піў, нават шампанскае на Новы год. Гэта, напэўна, была прафдэфармацыя: калі я працаваў у траўматалогіі і нейрахірургіі, лячыў шмат пацыентаў з алкагольным ап'яненнем, рабіў ім тамаграфію і бачыў наступствы такога ладу жыцця.
Аб ўмовах працы
Раскажыце пра ваш працоўны дзень, на колькі ставак працуеце?
Я працую ў дзвюх установах: паўдня ў паліклініцы, у аддзяленні рэабілітацыі, у кабінеце платных паслуг, і ў камерцыйнай установе – займаюся рэабілітацыяй і мануальнай тэрапіяй. Працоўны дзень з 9.00 да 18.00-19.00.
Ці дазваляюць сёння нябедна жыць заняткі масажам і мануальнай тэрапіяй?
Калі добры спецыяліст, дык цалкам. Так у любой прафесіі.
Колькі відаў масажу вы асвоілі?
Я раблю адну эфектыўную працэдуру, і як яна называецца, не ведаю. Гэта камбінацыя з розных тэхнік. Калісьці я скончыў школу класічнага рускага масажу. Гэта сусветна вядомая, фундаментальная і самадастатковая методыка. Але потым з'явіліся іншыя віды, у тым ліку «адкрываюць чакры». Але нават сярод гэтых методык ёсць 2-3 эфектыўныя прыёмы, якія можна дадаць у сваю практыку.
Ці можа масаж рэальна дапамагчы ад цэлюліту?
Дапамагчы пазбавіцца ад грошай і азалаціцца масажысту – так. Тут трэба падыходзіць комплексна, мяняць свой лад жыцця. Калі ўзяць мандарынку, дык масаж – гэта толькі адна долька. Стратэгія кінуць усе сродкі і сілы на масаж не можа прынесці эфект, калі чалавек пры гэтым будзе аб'ядацца, піць салодкае, мала рухацца.
А ад дэпрэсіі?
Ад дэпрэсіі як хваробы лечыць псіхатэрапеўт. Але масаж і мануальная тэрапія адназначна ўзнімаюць настрой. Калі працэдура зроблена карэктна і правільна, адбываецца выкід эндарфінаў. Добры масаж – гэта больш пра тое, як не ўпасці ў дэпрэсію.
А застарэлую сутуласць можна выправіць?
Вядома. Можна парасцягваць грудныя мышцы, зрабіць рухомымі грудныя пазванкі з дапамогай мануальнай тэрапіі і даць практыкаванні на танізацыю мышцаў спіны. Але галоўнае, каб быў сфармаваны рухальны стэрэатып. Памятаеце, як нас у школе настаўніца паміж лапатак магла лінейкай пляснуць? Цяпер гэта лічыцца негуманным. Я таксама супраць, лепш некалькі разоў дзіця паправіць словамі. Але гэта трэба рабіць для фарміравання звычкі. Гэта педагагічны момант.
Аб фрыдайвінгу
Як і чаму вы сталі займацца фрыдайвінгам
Фрыдайвінг – гэта плаванне пад вадой на затрымцы дыхання без выкарыстання абсталявання. У душы мы ўсе фрыдайверы – 9 месяцаў знаходзімся ў водным асяроддзі і не дыхаем. Многія немаўляты цяпер пачынаюць плаваць хутчэй, чым хадзіць. І гэта натуральна. Мне пашанцавала – у мяне дзядуля жыў на Чорным моры, і я 2-3 летнія месяцы праводзіў у яго. Мы з братамі заплывалі далёка ад берага з маскай і трубкай, ныралі на 5-6 метраў за рапанамі і мідыямі. Так натуральным чынам я атрымаў базавыя навыкі фрыдайвінгу. А ўжо дарослым убачыў на ютубе вельмі прыгожы ролік з чэмпіёнам свету па фрыдайвінгу Гіёмам Неры, дзе ён падае ў водную бездань, як у бязважкасць! Пасля гэтага я стаў сур'ёзна цікавіцца фрыдайвінгам, прайшоў навучанне ў інструктара ў Егіпце, затым у рэкардысткі свету Наталлі Малчанавай. А потым заняўся і спартыўным фрыдайвінгам, стаў інструктарам. Гэта зрабілася маім ладам жыцця.
У басейнавым фрыдайвінгу тры дысцыпліны: статыка – затрымка дыхання пад вадой. Мой паказчык 5 хвілін 40 секунд. Яшчэ ёсць ныранне ў даўжыню без ластаў і з ластамі або моналастай – хто далей праплыве на затрымцы дыхання пад вадой. Зараз 2 рэкорды Беларусі належаць мне: 175 метраў брасам і 210 метраў у моналасце. Яшчэ ёсць глыбінны фрыдайвінг, дзе таксама тры дысцыпліны: ныранне ў глыбіню без ластаў, свабоднае апусканне на руках па тросе і нырок у глыбіню ў моналасце. Таксама тры нацыянальныя рэкорды сёння належаць мне.
Якое самае здзіўляльнае месца, дзе вы апускаліся?
Мека ўсіх фрыдайвераў – Блакітная дзірка каля Дахаба ў Егіпце. Гэта карставая пячора глыбінёй 96 метраў. Там няма перападаў тэмпературы, небяспечных рыб і падводнай плыні. Я там ужо разоў 10 пабываў.
І на якую глыбіню вы можаце акунуцца на адным дыханні?
Мой вынік – 70 метраў уніз і назад. Гэта супастаўна з вышынёй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Як гэта паўплывала на ваша здароўе?
У мяне павялічыўся жыццёвы аб'ём лёгкіх – каля 7 літраў, у звычайнага чалавека ад 3 да 5 л. Сталі радзей пульс і частата дыхання, палепшылася гнуткасць, хутчэй і лягчэй дасягаю расслабленага стану.
Каму вы адназначна рэкамендавалі б фрыдайвінг як урач?
Усім, у каго ёсць праблемы з апорна-рухальным апаратам, хто хоча панізіць стрэсагеннасць свайго жыцця. У гэтым відзе спорту добра трэніруюцца сасуды, паляпшаецца крывацёк. Ёсць вядомы фрыдайвер, якому 80 гадоў, ён затрымлівае дыханне на 8 хвілін і нырае на 80 метраў! У нашым клубе чалавеку 71 год, ён апускаецца на 26 метраў, у даўжыню праплыве 92 метры. У іншых відах спорту няма такога прафесійнага даўгалецця. Наталля Малчанава ў 54 гады паставіла чарговы сусветны рэкорд, а пачала займацца ў 40 гадоў. Гэта спорт без узроставых абмежаванняў.
Аб спартыўнай медыцыне
Вы пэўны час працавалі ў СК «Дынама-Мінск». Ці залежыць перамога спартсменаў ад майстэрства спартыўнага ўрача?
Падыду з іншага боку: чым сёння займаецца спартыўная медыцына? Зараз настолькі павысіліся хуткасці ў футболе, вырасла інтэнсіўнасць трэніровак ва ўсіх відах спорту, што людзі часам выходзяць за межы ўласных магчымасцяў. І спартыўная медыцына якраз кантралюе гэты працэс і не дае спартсмену выйсці за межы свайго рэсурсу. Яна дазваляе захаваць прафесійнае даўгалецце. Адна справа, калі чалавек кідае спорт у 25 гадоў з-за назапашаных траўмаў, іншая, калі і ў 35 гадоў гуляе лепш за маладых за кошт правільнага аднаўлення. Прыклад – выдатны спартсмен Бьёрндален. Ён вельмі добра супрацоўнічаў са спартыўнымі ўрачамі. А вось накарміць спартсмена забароненымі прэпаратамі, каб ён лепш гуляў і ў яго з'явіліся нейкія дадатковыя здольнасці – не пра спартыўную медыцыну. Сёння гэта вельмі высокатэхналагічная галіна, якая развіваецца, нават у чымсьці ўжо касмічныя тэхналогіі.
Аб веры
Якія ў вас адносіны з Богам, ці павінен урач верыць?
Напэўна, у кожнага свой Бог. Я больш веру ў доказную медыцыну і добрыя чалавечыя адносіны. «Абыходзься з іншымі так, як ты хочаш, каб абыходзіліся з табой, палюбі блізкага свайго, як самога сябе» – вось універсальная формула ў многіх рэлігіях. Гэта нават не рэлігія, а законы ўзаемаадносінаў, каб соцыум быў, каб людзі выжывалі.
Фота і відэа – Генадзь Сукач.