Абрады Купалля – змешванне язычніцкіх і хрысціянскіх традыцый. З ім звязана шмат прыгожых і таямнічых паданняў.
Адчуць атмасферу чароўнасці, пашукаць папараць-кветку можна ў ноч з 6 на 7 ліпеня ў аграгарадку Александрыя (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці). Тут ужо ў 10-ы раз пройдзе рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»). Арганізатары падрыхтавалі для гасцей фестывалю насычаную праграму і нямала сюрпрызаў. Кожны знойдзе сабе занятак па густу і інтарэсах.
Па словах намесніка старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэя Кунцэвіча, фестывальныя пляцоўкі традыцыйна разгорнуцца на маляўнічым лузе на беразе Дняпра. Як і ў папярэднія гады, арганізатары свята распрацавалі займальную і разнастайную культурную праграму.
Асноўнай тэмай свята стане працяг Года малой радзімы. Чакаецца, што ўдзел у фестывалі прымуць каля 2 тысяч прафесійных і самадзейных артыстаў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнай творчасці з 7 замежных краін.
Адметнасцю гала-канцэрта, як распавяла паэт-песеннік, спявачка, салістка групы «Aura» Юлія Быкава, будзе тое, што ўсе артысты выступяць «ужывую» ў суправаджэнні музыкантаў.
У аснову канцэпцыі гала-канцэрта ўзятыя песні з альбома «Куточак Беларусі» лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка.
У музычным свяце возьмуць удзел Анатоль Ярмоленка, Аляксандр Саладуха, Іна Афанасьева, Алёна Ланская, Вікторыя Алешка, Іскуі Абалян, група «Дразды», Вольга Сацюк ды іншыя. У праграме – выступленне народнага артыста Расіі Льва Лешчанкі і народнай артысткі Украіны Ціны Караль. Шоу будуць суправаджаць музыканты групы «Aura».
Пасля завяршэння гала-канцэрта ўсіх чакае яркае піратэхнічнае шоу і начная моладзевая дыскатэка з удзелам гуртоў «Лепрыконсы» і «Nuteki», лепшых ды-джэяў Магілёва. Працягнецца танцавальнае свята да 3 гадзін раніцы.
Упершыню тут будзе арганізавана цыркавое прадстаўленне артыстаў цырка-шапіто «Sirius». Зноў адбудзецца конкурс купальскіх касцюмаў «Міс Купалінка». Як адзначыў Андрэй Кунцэвіч, любы жадаючы можа падаць сваю заяўку на ўдзел у гэтым спаборніцтве і пазмагацца за галоўны прыз.
Акрамя культурных пляцовак на тэрыторыі фестывалю будзе разгорнуты актыўны гандаль. Многія з арганізацый таксама рыхтуюць свае сюрпрызы. Напрыклад, падзяліўся адной з інтрыг Андрэй Кунцэвіч, Магілёўская булачна-кандытарская кампанія «Домачай» распрацавала новы напой – квас «Александрыйскі святочны», які плануе прэзентаваць на фэсце.
Як запэўніў Андрэй Кунцэвіч, на свяце будуць усе купальскія атрыбуты: вогнішча, карагоды, вялікая колькасць вянкоў, не абыдзецца і без пошуку папараць-кветкі. Дарэчы, адзін з квэстаў фестывалю так і называецца – «У пошуках папараць-кветкі».
У сваю чаргу дырэктар Магілёўскай абласной філармоніі Дзяніс Шаблінскі адзначыў, што акрамя асноўнай пляцоўкі будуць працаваць яшчэ дзве вялікія спецыялізаваныя, на якіх пройдуць выступленні народных калектываў.
Для зручнасці гасцей свята Магілёўскае і Віцебскае аддзяленні Беларускай чыгункі, акрамя рэгулярных рэйсаў, арганізавалі 21 дадатковы цягнік эканом-класа.
Прадугледжаныя і дадатковыя аўтобусныя рэйсы. Для тых, хто прыедзе на фестываль на асабістым аўтатранспарце, арганізавалі ўмяшчальныя аўтамабільныя стаянкі. Прадугледжана дастаўка гледачоў непасрэдна ў аграгарадок Александрыя.
Арганізатары зладзілі часовую інфраструктуру для кемпераў. Таксама прадугледжана магчымасць паставіць сваю палатку каля асабістага аўтамабіля.