Site icon Слушна

Алхімія творчасці. Выстаўку сусветнай і беларускай графікі прадставілі ў Палацы мастацтва

Выстаўка графікі

Графіка — унікальны напрамак беларускага мастацтва, які характарызуецца творчай шматвектарнасцю, разнапланавасцю тэм і ідэй, наяўнасцю вялікай колькасці прыхільнікаў гэтага кірунку. Цяжка палічыць, колькі ў нашай краіне мастакоў-графікаў, якія стваралі і ствараюць мастацкую спадчыну, развіваючы напрамак прафесійна, выходзячы за межы Беларусі.

На гэтым тыдні ў Палацы мастацтва адкрылі маштабную выстаўку беларускай і сустветнай графікі Terragraphica, якая ставіць перад сабой задачу прыадчыніць для гледача дзверы ў гэты неверагодны свет і пазнаёміць яго з лепшымі мастакамі-графікамі, якія складаюць залаты фонд сусветнага мастацтва.

выстаўка графікі 1

Сярод прадстаўленых аўтараў вядомыя шырокай публікі імёны, такія як Пабла Пікаса, Сальвадор Далі, Уільям Хогарт, Напалеон Орда, Осіп Цадкін і Марк Шагал. Мастакі, якія заклалі падмурак сучаснай графікі — Альбін Бруноўскі, Душан Калай, Уладзімір Гажовіч, Вальтэр Валянціні, класікі беларускай школы — Анатоль Тычына, Сямён Герус, Васіль Шаранговіч, Георгій Паплаўскі, Уладзімір Басалыга, Валерый Славук, Леў Алімаў, а таксама прадстаўнікі новай хвалі еўрапейскай графікі — Нунцыё Гіліна, Уладзімір Зуеў, Катарына Ваўрова, Юліян Іарданаў, Тамура Шыгекі і многія іншыя.

— Гэты праект складаецца з розных частак. Праект звязаны з кніжнай графікай, са станковай графікай беларускіх мастакоў, ну, вядома ж, у адной з залаў прадстаўлены праект маладых беларускіх творцаў, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Для мяне гэта праект — успаміны з дзяцінства. Магчыма, таму, што тут прадстаўлены работы майго бацькі — Васіля Шаранговіча. Гледзячы на яго работы, я разумею, наколькі графіка для мяне заўсёды была алхіміяй нейкай не вельмі зразумелай, але вельмі прыцягальнай творчасці. Вядома, у графіцы ёсць вынік, але ёсць і працэс, які не менш цікавы.

Не выпадкова ў гэтым праекце глядач не ўбачыць этыкетак з назвай, на выстаўцы прадстаўлены цэлыя мастацкія серыі кожнага з аўтараў. Напісаны прозвішчы, гады жыцця мастакоў, краіны. Але графіка — гэта тое, што аб'яднала ўсіх гэтых аўтараў у адных сценах, гэта нешта магічнае і прыцягальнае. У такім мінімалізме афармлення кожны мастак выглядае як асобная зорка.

Гэтая выстаўка — своеасаблівы экскурс у гісторыю. Тут можна прасачыць, як развіваўся накірунак, як нараджаліся новыя імёны мастакоў. Гэта спроба падштурхнуць гледача знайсці тлумачэнне арт-аб'ектам, зыходзячы з уласных ведаў, а не навязанага акадэмічнага погляду. Асобны раздзел праекту — лісты Шагала, Пікаса, Далі і іншых культавых аўтараў. Аднак і беларускія творцы ўражваюць маштабам мыслення, філасофскага асэнсавання.

— Увесь тыдзень я бачыў, як плённа працуюць супрацоўнікі Палаца мастацтва, куратары выстаўкі. І мяне натхняла такое стаўленне да гэтага праекта, — адзначыў на адкрыцці праекта мэтр беларускай графікі Леў Алімаў. — Гэта атрымаўся такі складаны і цяжкі фізічны труд, які ператварыўся ў вялікую творчую пляцоўку для развіцця мыслення. Экспазіцыя ўнікальнейшая. Такі экскурс у гісторыю графікі, напэўна, у нашай краіне можна ўбачыць упершыню. Вы толькі паглядзіце, як прадстаўлена культура афорта, якое асвятленне ў залах. У гэтым праектце спрацавала абсалютна ўсё.

У наш час калекцыянаванне графікі — асаблівы від інвесціравання і збірання твораў мастацтва. Чаму менавіта графіка? Відавочны адказ у тым, што гэта найбольш дэмакратычны фармат фарміравання калекцый. Дзякуючы сваёй тыражнасці, графіка больш даступная чым жывапіс і не патрабуе вялікай прасторы для захоўвання. Але гэта не зусім дакладна.

Перш за ўсё, калекцыянаванне графікі — здольнасць глыбока яе разумець і атрымліваць задавальненне ад тонкай, але і вельмі моцнай энергетыкі, якая ўласцівая для дадзенага віду мастацтва. Графіка аб'ядноўвае ў сабе талент мастака, глыбінныя сэнсы і чараўніцтва матэрыялу. Будзь то цынк, дрэва ці літаграфскі камень – мастак кожны раз імкнецца дастаць з гэтых матэрыялаў новыя фактуры і вобразы.

На выстаўцы прадстаўлена больш за 300 твораў графікі з прыватных калекцый, а таксама зборы Беларускага саюза мастакоў, якія ахопліваюць перыяд з другой паловы XVIII стагоддзя да нашых дзён. Гэта маштабны праект, у рамках якога можна не толькі прасачыць за гісторыяй развіцця мастацтва графікі, але і пазнаёміцца з большасцю графічных тэхнік, а таксама ўбачыць творы тых мастакоў, якія сваёй творчасцю фарміравалі асноўныя напрамкі развіцця гэтага віду мастацтва ва ўсім свеце.

Візуальная «дакументацыя» горада. Выстаўку графікі і скетча адкрылі ў прасторы ZAL #2

Exit mobile version