Яны ёсць паўсюль… Ва ўстановах і арганізацыях, на вуліцах і ў памяшканнях, на вакзалах і ў транспарце… Людзі рознага ўзросту, якія часцяком нікога і нічога не бачаць вакол, апрача… смартфонаў. Яны ўтаропліваюцца туды, толькі зайшоўшы ў вагон метро ці салон маршруткі. Альбо і пры хадзе практычна не адрываюць вачэй ад экрана. І ў выніку, пераходзячы праз чыгуначныя шляхі, ды яшчэ і ў навушніках, могуць не пачуць набліжэнне цягніка…
50 хвілін у маршрутцы з выключаным святлом… Толькі завабліва свецяцца тэлефонныя экранчыкі. І калі ты прыплюшчваеш вочы, каб адпачыць пасля працоўнага дня (а калі атрымаецца, дык і крыху прыснуць), назойлівае святло лезе і пад твае заплюшчаныя павекі. Ад тэлефона суседа побач альбо нават праз праход. Яно раздражняе, напружвае і не дае адпачынку ні вачам, ні галаве.
І штораз мне думаецца: «Няўжо людзі не здагадваюцца пра шкоду… Нават не выпраменьвання, гэта і так відавочна! Святла ад экрана ў поўнай цемры?! Здаецца, паўсюль пра гэта даводзіцца… І найчасцей – афтальмолагамі». Праўда, калі яшчэ не было «засілля» тэлефонаў, планшэтаў, не было і праблемы ў такім маштабе. Толькі хіба тэлевізар у цемры не глядзець – раілі спецыялісты. А зараз яны нават выкарыстоўваюць такі тэрмін, як «экранная блізарукасць», маючы на ўвазе шкоду якраз ад выкарыстання для чытання смартфонаў у цемры.
А на вочы ж уздзейнічае не толькі выпраменьванне, але і тое, як мы абыходзімся са смартфонам. Вось ці ведаеце вы, сябры, пра тое, што калі пазіраеце на яго экран, дык міргаеце… у тры разы радзей, чым звычайна?! Адсюль і сухасць вачэй, а як вынік – праблемы са зрокам. А ці ўсе ведаюць, што пры чытанні-наборы тэлефоны трэба трымаць на адлегласці 40 см, а не пад самым, прабачце, носам?! А найчасцей людзі сядзяць над тым тэлефонам «кручком», а пасля здзіўляюцца: чаму гэта без дай прычыны баліць спіна ды галава?!
Сапраўды, уменне зірнуць на сябе збоку – вельмі карыснае, ці не так?! І нават не ў пераносным, а ў прамым сэнсе. На сваю паставу, позу ды іншае. Бывае ж такое, што неўпрыкмет нахіляеш уперад галаву, горбішся… А пасля схамянешся… Раз! – і сядзіш праменька. І, здаецца, чуеш, як спіна кажа табе «дзякуй».
Ужо ведаю не адну арганізацыю, дзе працуюць сябры ці знаёмыя, у якіх абмежавана карыстанне мабільнымі тэлефонамі на працягу працоўнага дня. І гэта, вядома ж, не столькі клопат пра здароўе супрацоўнікаў, колькі пра эфектыўнасць ды выніковасць іх працы. Каб не адцягвалі ўвагу ў працоўны час на размовы па тэлефоне, стасункі ў месэнджэрах ці сацыяльных сетках. А ў выніку – яшчэ карысць для вачэй і не толькі. І людзі прывыклі ўжо да такіх патрабаванняў.
Здаецца, каб у наш час ды хтосьці не меў мабільнага тэлефона, нават самага просценькага?! «Ды такога не можа быць!» – з упэўненасцю скажаце вы. Бо найчасцей набываюць тэлефоны для дзяцей нават не школьнага – дашкольнага ўзросту! Альбо малое гуляецца з тэлефонам таты ці мамы. У сэнсе – «у тэлефон».
Але ехала я ў мінулыя выхадныя ў маршрутцы з маладой жанчынай, на выгляд – цыганкай. Спачатку яна распыталася, дзе і як садзіцца ў маршрутку, як называецца гэты прыпынак. Патлумачыла, што ляжыць у нашай бальніцы, сама з раёна, у горадзе першы раз. А пасля нясмела (!!) запыталася: можа, ёсць магчымасць патэлефанаваць на Лайф? Лайфа ў мяне няма. Але я прапанавала патэлефанаваць з іншага мабільнага аператара, калі нядоўга. Што яна і зрабіла. А потым падзякавала.
Так, мне карцела спытацца: няўжо ў яе няма мабільнага?! Але ж некарэктна задаваць незнаёмаму чалавеку такія пытанні… А яшчэ перад гэтым ёй вадзіцель маршруткі прапанаваў сфатаграфаваць расклад руху. Аказваецца, не было чым! Таму яна патрэбны час запамінала…
Ніхто, вядома ж, не супраць мабільных тэлефонаў, планшэтаў ды іншага. Нават урачы. Але! Калі захоўваць пэўныя правілы карыстання імі. Каб не нашкодзіць уласнаму здароўю і не замінаць тым, хто проста апынуўся побач…