Site icon Слушна

“Антоніеў агонь” або хвароба, якія перадаваліся праз хлеб

грыбком спарынні

Кожны, хто хоць крыху знаёмы з гісторыяй, добра ведае пра жахлівыя эпідэміі, якія забралі больш жыццяў, чым усе сярэднявечныя войны, разам узятыя. Аднак мала каму вядома, што дзясяткі тысяч жыхароў Еўропы гінулі ад хваробы, якая перадавалася не праз пацукоў і вошай, а праз самы звычайны хлеб. Гаворка ідзе пра масавыя атручванні мікатаксінамі - ядамі, што выпрацоўваюць плесневыя грыбы, якія ў сваю чаргу заражаюць збожжавыя культуры.

“Антоніеў агонь” – навуковая назва – эргатызм, у старажытнасці і Сярэднявеччы быў сапраўдным жахам для людзей. Бо ў тыя часы яны часта пакутавалі на цяжкае харчовае атручванне грыбком спарынні, які ўражваў жыта. У сярэднявечнай Еўропе менавіта бедныя слаі насельніцтва выкарыстоўвалі пераважна жыта для выпечкі хлеба. Гэта злак непатрабавальны, можа расці і даваць багаты ўраджай нават на бедных глебах і пры мінімальным доглядзе, у адрозненне ад больш патрабавальнай пшаніцы.

Раней такое захворванне называлі па-рознаму. Гэта і Антоніеў агонь або Агонь святога Антонія, Хлебная ці Вогненная чума, Ведзьміны або Злыя курчы, Чума Галена. Назвы кшталту Антоніеў агонь і да таго падобныя з’явіліся таму, што хворыя адчувалі моцнае пячэнне ўражаных частак цела. Упершыню хваробу апісаў грэцкі ўрач Гален, ад таго і назва – Галенава чума.

Хвароба мела дзве асноўныя формы. Гэта гангрэна пры хранічным эргатызме і курчы пры вострай стадыі хваробы. Гангрэнозная форма ўзнікала, калі парушаўся кровазварот з-за звужэння сасудаў, што прыводзіла да змярцвення (некрозу) і пачарненню канечнасцяў. Гэта выклікала моцны вогненны сверб. Бывалі выпадкі што пальцы рук і ног цалкам чарнелі, адміралі і адпадалі. Назіраліся галюцынацыі, трызненне, вар’яцтва. Звычайна такі цяжкі стан доўжыўся суткі, і чалавек паміраў.

Другая – канвульсіўная форма, таксама званая “ведзьмінай курчай”, суправаджалася наймацнейшымі спазмамі цягліцаў, курчамі, болямі і галюцынацыямі. Гэта былі рэзкія хаатычныя рухі, падобныя на гратэскны танец. Чалавек узмахваў рукамі, торгаў нагамі, строіў грымасы. Усё выглядала як канвульсіі. Хворы здзяйсняў такія рухі супраць сваёй волі і не мог іх кантраляваць. У медыцыне такі стан называецца харэяй.

Карціна Маттыяса Грюнвальда, з выявай пацыента, хворага цяжкім эргатызмам. Пачатак 16 ст.

Карціна Маттыяса Грюнвальда, з выявай пацыента, хворага цяжкім эргатызмам. Пачатак 16 ст.

Калі і дзе адбываліся найбольш масавыя ўспышкі эргатызму

Найбольш масавыя і разбуральныя ўспышкі эргатызму адбываліся ў Сярэднявечнай Еўропе, пераважна на тэрыторыі сучасных Францыі і Германіі. Вядома, што за перыяд з 591 па 1789 год ва ўсёй Еўропе адбыліся 132 эпідэміі эргатызму – масавага атручвання алкалоідамі грыбоў спарынні, якія трапілі ў муку. У 922 годзе эпідэмія ў Францыі забрала жыцці 40 тысяч чалавек, а ў 1128-м годзе ў адным толькі Парыжы загінула больш за 14 тысяч жыхароў.

У 15-16 стагоддзях хвароба аб'явілася па ўсёй Нямеччыне, Італіі і Фландрыі, дзе хворыя людзі бескантрольна танчылі. Хвароба, яшчэ вядомая і як танец Святога Антонія, асацыявалася з дэманамі і д'яблам.

Пляска св. Віта. 1518 г. Вялікабрытанія.

З-за канвульсіўнай формы эргатызму, ці “ведзьміных курчаў”, якая выклікала галюцынацыі, трызненне, курчы і вар'яцтва, цэлыя вёскі часам ахоплівала масавая істэрыя. Людзі шчыра верылі, што суседзі навялі на іх псоту, з-за чаго ўспышкі хваробы часта правакавалі суды над ведзьмамі. Ганенні на ерэтыкоў і ведзьмаў у такой сітуацыі здаюцца нават лагічнымі. Многія хворыя былі перакананыя ў існаванні дэманаў і ведзьмаў – таму што бачылі іх. Больш за тое, многія, хто атруціліся, самі паклёпнічалі на сябе, упэўненыя ў тым, што асабіста маюць зносіны з д'яблам.

Сітуацыя кардынальна змянілася толькі на зыходзе Сярэднявечча, калі сельская гаспадарка палепшылася: пшаніца пачала замяняць жыта ў якасці асноўнага зерня ў рацыёне людзей, збожжа пачалі больш старанна прасейваць, а ў Еўропе распаўсюдзілася бульба, якая прыкметна знізіла долю жытняга хлеба ў рацыёне беднякоў.

Апошняе вялікае атручванне спарыннёй  здарылася на поўдні Францыі ў Пон-Сент-Эстры ў 1951 годзе. Там былі і смяротныя выпадкі.

Успышкі эргатызму сярод людзей фіксуюцца да гэтага часу, хоць яны і сталі больш рэдкімі. Эфіопія (1977 і 2001), Індыя (1975) – самыя буйныя ў 20-21 стагоддзях, са смяротнымі зыходамі. Сустракаюцца яны і ў развітых краінах -- Аўстраліі (1987) і ЗША (1996). На тэрыторыі СССР апошняя буйная эпідэмія зафіксавана ў 1926-1927 гадах з 11 тысячамі пацярпелых.

Як у Сярэднявеччы змагалася з эпідэміямі спарынні

У Сярэднявеччы людзі не ведалі сапраўднай прычыны захворвання. Сувязь паміж «Антоніевым агнём» і мікраскапічным грыбком на жыце навукоўцы давялі толькі ў канцы 18 стагоддзя. З-за гэтага барацьба з эпідэміямі насіла інтуітыўны, рэлігійны і дабрачынны характар, які, як ні дзіўна, часта выяўляўся эфектыўным.

Самым дзейсным метадам выратавання быў зварот у Ордэн антанітаў – шпітальераў святога Антонія, заснаваны ў канцы 11 стагоддзя спецыяльна для дапамогі такім хворым. Родапачынальнік хрысціянскага манаства пустэльнікаў і заступнік магільшчыкаў, святы Антоній, ён жа Антоній Вялікі, нарадзіўся ў шляхетнай сям'і, але ва ўзросце 25 гадоў раздаў усю сваю маёмасць бедным і жыў у адзіноце з 286 па 305 год н.э. Святога Антонія ўшаноўваюць як цудоўнага лекара, якому прыпісваецца здольнасць лячыць гангрэну або хваробы, выкліканыя цяжкім атручваннем спарыннёй.

Святы Антоній.

Пры кляштарах антанітаў назапашваліся запасы чыстага, здаровага збожжа. Трапляючы ў лякарню ордэна, людзі пераставалі есці атрутны хатні хлеб са спарыннёю. Манахі антанітаў сілкавалі хворых не жытнім хлебам, а пшанічным (пшаніца паражаецца спарыннёй значна радзей за жыта), а таксама сытнай мясной ежай, што ўмацоўвала знясілены арганізм. Манахі таксама паілі пацыентаў адмысловым царкоўным віном, якое настойвалі на мошчах святога Антонія і розных зёлках. Апроч псіхалагічнага эфекту веры, такое віно змяшчала лекавыя расліны, мела лёгкае антысептычнае і абязбольвальнае дзеянне.

Для палягчэння жудаснага палення ў счарнелых канечнасцях манахі гатавалі спецыяльныя бальзамы са свінога тлушчу і лекавых траў. Таксама ўжывалі ладан і святую ваду, якой абмывалі язвы. У шпіталях антанітаў сцены часта фарбавалі ў чырвоны колер, каб “сімвалічна” пераняць на сябе пануючы ў целах пацыентаў агонь.

У выпадках цяжкай гангрэнознай формы, калі тканіны адміралі («абвугліваліся»), адзіным спосабам выратаваць жыццё чалавека заставалася адсячэнне ўражанай рукі ці нагі. Нярэдка адбывалася натуральная сухая ампутацыя - канечнасць цалкам адтаргалася арганізмам без крывацёку з-за моцнага звужэння сасудаў.

Тым не менш, хваробу лічылі альбо карай за грахі, альбо выпрабаваннем д’ябла. Хворых адпраўлялі ў паломніцтва да царкоўных святыняў. Верылі, што дотык да мошчаў Антонія Вялікага або малітва да яго здольныя загасіць “пякельны агонь” у целе.

У старой беларускай этнаграфічнай літаратуры, дзе ёсць звесткі па народнай медыцыне, сустракаецца інфармацыя і пра лячэнне хваробы пад назвай Антоніеў агонь. Там раілі да язвеных ран прыкладаць цёртую моркву і свежыя лісты бэзу. У дадатак са свежых ракаў рабіць парашок і на анучках прыкладаць да ранак. А потым сачыць, калі павязка высахла, каб пасля прыкласці свежую.

На тэрыторыі Беларусі ёсць некалькі касцёлаў, прысвечаных святому Антонію. Гэта ў горадзе Мінск на вуліцы С. Ясеніна, гарадах Паставы і Талачын Віцебскай вобласці, у вёсках Раванічы Чэрвенскага раёна Мінскай вобласці і Княжыцы на Магілёўшчыне, і інш. У дзень Антонія Вялікага – 13 чэрвеня, адбываецца ўрачыстае святкаванне ў драўляным касцёле Святой Троіцы (1740 г.) у вёсцы Струбніца Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.

Прымяненне спарынні ў сучаснай медыцыне 

Як мы ўжо ведаем, чыстая спарыння і яе сырыя экстракты вельмі ядавітыя і выклікаюць цяжкае атручванне - эргатызм. Таму ў лячэбных мэтах выкарыстоўваюць строга вычышчаныя фармацэўтычныя субстанцыі і сінтэтычныя або паўсінтэтычныя вытворныя ад яе. Так, прэпараты на аснове алкалоідаў спарынні прымяняюцца ў акушэрстве, неўралогіі, эндакрыналогіі і кардыялогіі. Прыкладам, такія прэпараты на аснове спарынні выкарыстоўваюць для стымуляцыі скарачэнняў маткі пасля родаў пры атаніі і гіпатаніі гэтага органа, дапамагаюць спыняць ягоныя крывацёкі.

Пэўныя паўсінтэтычныя вытворныя алкалоідаў выкарыстоўваюць сёння для падаўлення лактацыі па медыцынскіх паказаннях і ў лячэнні хваробы Паркінсана. Таксама гідрыраваныя алкалоіды спарынні ўжываюць пры спазмах перыферычных сасудаў і гіпертанічнай хваробы.

Такім чынам, дзякуючы кантраляванаму выкарыстанню і навуковаму падыходу, смяротная сярэднявечная атрута ператварылася ў высокаэфектыўныя лекі, якія штодня ратуюць чалавечыя жыцці.

Exit mobile version