Яшчэ і 100 гадоў не прайшло з моманту з'яўлення першага антыбіётыку. У гісторыі чалавецтва гэты тэрмін – адно імгненне. Але ўжо сёння ўвесь свет усур'ёз занепакоены тым, што абароніць людзей ад інфекцый у будучыні.
Рэзістэнтнасць (устойлівасць) мікробаў да антыбіётыкаў пастаянна павялічваецца, прычым з хуткасцю, якая нашмат апярэджвае магчымасці вучоных распрацаваць і ўкараніць у клінічную практыку новы лекавы прэпарат. Прычынай сітуацыі, якая склалася, называюць неабгрунтаванае, неналежнае і бескантрольнае выкарыстанне супрацьмікробных прэпаратаў. Як бы там ні было, праблема антыбіётыкарэзістэнтнасці выйшла на адзін узровень з ультравострымі пытаннямі кліматычных зменаў на планеце і патрабуе прыняцця глабальных рашэнняў.
У нашай краіне важная тэма была ў чарговы раз узнятая на педыятрычнай канферэнцыі, якая адбылася на базе БелМАПА напрыканцы верасня. Сваё бачанне праблемы прадставіў прафесар, кіраўнік Вільнюскага неанаталагічнага цэнтра Дзіцячай бальніцы пры Вільнюскім універсітэце Арунас Любшыс. І так атрымалася, што пытанні, якія абмяркоўваліся, выйшлі далёка за рамкі прымянення антыбіётыкаў у практыцы лячэння дзяцей.
Гонкі на выжыванне
Калі ўзгадаць гісторыю, дык масавае выкарыстанне першага антыбіётыку – пеніцыліну – пачалося ў гады Другой сусветнай вайны. Тады, вобразна кажучы, увесь свет уздыхнуў з палёгкай, назіраючы, як пасыпаная цудадзейным парашком рана гаілася ледзь не на вачах: нарэшце з'явіўся прэпарат, які выратуе чалавецтва ад інфекцый. Але ўжо літаральна праз некалькі гадоў прыйшло першае расчараванне: вучоныя зафіксавалі бактэрыі, перад якімі пеніцылін рабіўся бяссільным.
Усе наступныя дзесяцігоддзі напружанай працы па стварэнні новых, сучасных супрацьмікробных прэпаратаў непазбежна прыводзілі да адной высновы: бактэрыі, супраць якіх накіраваныя лекі, значна «хітрэйшыя» за людзей, а іх здольнасць прыстасоўвацца да новай «зброі» дзівіць сваёй хуткасцю.
Толькі ўдумайцеся: людзі працуюць каля 10-15 гадоў над кожным новым антыбіётыкам (ад лабараторыі да ўкаранення ў клінічную практыку). У той жа час, каб выпрацаваць да яго ўстойлівасць, пры пэўных умовах бактэрыям дастаткова ўсяго 6 месяцаў – максімум 2 гады! У пэўным сэнсе гэта можна назваць гонкамі на выжыванне паміж людзьмі і бактэрыямі. Пакуль пальма першынства ў людзей. Ці надоўга?
Зараз вядомыя 12 механізмаў, з дапамогай якіх бактэрыі выпрацоўваюць устойлівасць да лекавых прэпаратаў антыбактэрыяльнага дзеяння. Асаблівую занепакоенасць выклікае здольнасць патагенных мікраарганізмаў развіваць так званую перакрыжаваную ўстойлівасць да цэлых груп антыбіётыкаў: мультырэзістэнтнасць.
Складзены спіс асноўных бактэрый, якія нясуць неадкладную, сур'ёзную і адносную пагрозу. Да самых небяспечных аднесеныя штамы бактэрый, якія валодаюць мультырэзістэнтнасцю. СААЗ і цэнтры па кантролі за інфекцыйнымі захворваннямі праводзяць актыўную працу па папярэджанні антыбіётыкарэзістэнтнасці. Палітыка граматнага выкарыстання супрацьмікробных прэпаратаў транслюецца на ўзроўні вядучых сусветных дзяржаў. Мэта ва ўсіх адна: папярэдзіць развіццё і распаўсюджванне інфекцый, устойлівых да антыбактэрыяльнага лячэння.
Таблетка – сябар чалавека
Рэальнасць такая, што мы не можам адмовіцца ад выкарыстання супрацьмікробных прэпаратаў наогул. У нас проста няма іншых лекаў, здольных прыгнятаць актыўнасць бактэрый, якія выклікаюць розныя інфекцыйныя захворванні.
Таблетка – вораг чалавека
Па дадзеных СААЗ, штогод у свеце ад антыбіётыкарэзістэнтных інфекцый памірае каля 200 тысяч нованароджаных дзяцей. Праблема тычыцца не толькі краінаў трэцяга свету (напрыклад, у Індыі гіне 57 тысяч немаўлятаў, Пакістане – 26 тысяч), але і высокаразвітых дзяржаў (у ЗША 23 тысячы дзяцей штогод гінуць ад інфекцый, устойлівых да антыбіётыкаў).
Ёсць яшчэ адзін вялікі зман адносна лячэння антыбіётыкамі. Лічыцца, што выкарыстанне прэпарата шырокага спектру дзеяння больш эфектыўнае і з меншай рызыкай развіцця рэзістэнтнасці. Але гэта не так, сцвярджае літоўскі эксперт. І прыводзіць вынікі галандскага даследавання, якое паказала, што верагоднасць з'яўлення мультырэзістэнтных штамаў бактэрый у 18 разоў вышэйшая пры выкарыстанні антыбіётыкаў шырокага спектру дзеяння.
Аслабляе сілу антыбактэрыяльнага лячэння і адсутнасць адзінай тактыкі выкарыстання лекавых прэпаратаў. Напрыклад, з 2000 па 2010 гады ў 71 краіне свету прымяненне антыбіётыкаў павялічылася ў 36 разоў. Пры гэтым 2/3 аб'ёмаў росту спажывання прыпала ўсяго на 5 краін: Расію, Бразілію, Індыю, Кітай і Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Менавіта на тэрыторыі гэтых дзяржаў стабільна фіксуецца найбольшая колькасць штамаў бактэрый, устойлівых да антыбіётыкаў. А паколькі сучасны свет не мае межаў, на зямлі проста не існуе месца, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы.
Тым не менш, кожны з нас можа зрабіць пэўныя захады для захавання свайго здароўя.
Бактэрыям уваход забаронены
Каб спыніць развіццё ўстойлівасці бактэрый да антыбіётыкаў і іх распаўсюджанне:
- не займайцеся самалячэннем! Антыбактэрыяльныя прэпараты неабходна прымаць выключна па прызначэнні ўрача;
- строга захоўвайце дазіроўку, схему і працягласць лячэння, прызначаную ўрачом;
- не прымайце антыбіётыкі «на ўсялякі выпадак» і для «падстрахоўкі». Выкарыстанне лекавых сродкаў павінна быць абгрунтаваным і накіраваным на канкрэтнага ўзбуджальніка інфекцыі;
- не грэбуйце тымі намаганнямі, якія вы можаце прыкласці, каб пазбегнуць інфекцыйных захворванняў: старанна сачыце за асабістай гігіенай, гігіенай стасункаў, а таксама своечасова вакцынуйцеся.