У Мінску стартаваў фестываль «Арт-Мінск» – адна з галоўных падзей у свеце сучаснага беларускага мастацтва. Сёлета ён адкрыўся раней звычайнага і сабраў рэкордную колькасць заявак.
Першапачаткова на фестываль паступіла больш за 1300 заявак. Гэта абсалютны рэкорд за гады яго правядзення. Мэта фестывалю — узбагачэнне культурнага жыцця горада і прадстаўленне найбольш актуальных напрамкаў мастацкай арт-сцэны. І з гэтай задачай арганізатары паспяхова спраўляюцца. Наведвальнікі, якіх сёння ў Палацы мастацтва кожны дзень вельмі шмат, актыўна вывучаюць работы, шукаюць творы вядомых майстроў, цікавяцца наватарскімі плынямі і эксперыментамі ў мастацтве.
Мяжы паміж гледачамі і творамі фактычна няма. Кожны можа знайсці па душы карціны і аўтараў, якія стануць для яго адкрыццём. У экспазіцыі жывапіс, графіка, скульптура, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну. Вочы разбягаюцца ад разнастайнасці ўбачанага.
Першы намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў» Наталля Шаранговіч адзначыла, што наведвальнікаў на выстаўцы вельмі шмат, а фестываль з кожным годам становіцца ўсё цікавейшым. Нескладана знайсці работы, якія будуць блізкія кожнаму, бо ў экспазіцыі прадстаўлены творы як знакамітых, так і маладых творцаў.
«Агульны кошт усіх работ на выстаўцы ступіў далёка за 1 мільён беларускіх рублёў», – адзначыў на адкрыцці куратар карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» мастацтвазнаўца Аляксандр Зінкевіч.
У Палацы мастацтваў наведвальнікі могуць убачыць шыкоўную серыю работ Аляксандра Некрашэвіча, які фактычна адправіў у неба самалёцікі з габеленаў. А каб даведацца, колькі каштуе гэтая раскоша, можна прасканаваць QR-код, размешчаны каля самой работы.
Далей па зале спыняемся ля палатна Эльміры Мухтаровай. Работа напісана маслам на палатне і спалучае ў сабе тонкую рэалістычную дэталізацыю і фантазійны сюжэт.
Аляксандр Зінкевіч запэўніў, што журы не прыдумляла ніякага канцэпта для праекта «Арт-Мінск», таму што галоўныя крытэры для адбору на выставу і так усім вядомы — майстэрства і мастацкая каштоўнасць.
Мастакі, работы якіх прадстаўлены на выстаўцы, працуюць у розных тэхніках. Так, напрыклад, работа Аляксандра Барташэвіча выканана ў стылі тэкстурнага жывапісу. Пры дэталёвым разглядзе можна меркаваць, што аб'ём аўтар надаў пры дапамозе губкі.
Увагу да сябе прыкоўваюць таксама работы скульптара Андрэя Асташова, які на гэты раз вырашыў выставіць у тым ліку і гіпсавыя скульптуры, але няпростыя.
Мастацтвазнаўца растлумачыў, што такія гіпсавыя формы з'яўляюцца апошняй стадыяй перад тым, як работа адправіцца на адліўку. Немагчыма прайсці міма вельмі рэалістычнага палатна Віктара Варанкевіча.
А вось Марыя Богдан у серыі работ «Адчуваць. Кахаць. Жыць», выкананых маслам на палатне, паведамляе, што кожны піша сваю гісторыю кахання. А кахаць — значыць быць шчырым, адкрытым, сапраўдным і чалавечным. Работа, дарэчы, так і называецца — «Практыкаванне ў гіперрэалізме».
Унікальныя творы са шкла Аляксандра Трускоўскага, у якіх ён надаў форму «Думкі», «Дараванню», «Пытанню без адказу» і нават стварыў «28 захадаў».
Мар'яна Карповіч прадэманстравала крохкія творы з тэкстылю, пластыка, пацер і нітак з серыі «Залюстроўе». А таксама працы з серыі «Брама», у стварэнні якіх выкарыстоўваліся тэкстыль, вышыўка і акрыл.
Знайшлося ў экспазіцыі месца і бронзавым творам вядомага мінскага скульптара Уладзіміра Жбанава. Наведвальнікі выстаўкі нязменна звярталі ўвагу на «Папялушку», якая прыціскала да грудзей туфлік.
Аляксандр Зінкевіч звярнуў нашу ўвагу, што сёлета на «Арт-Мінск» нават зрабілі невялікі куток з фолкавым падтэкстам з работ Анастасіі Чадзій і Сяргея Ашухі.
Уражвае работа Анастасіі Чадзій «Палеская хатка». Гэта нейкая святочная ідэя – здаецца, чуваць песні Палесся, і ты нібыта стаіш пасярод ракі, дзе плывуць хаты. Дахі на іх нагадваюць тыя самыя накiдкі на падушкі, якія можна было ўбачыць на бабуліным ложку.
Нельга прапусціць пранізлівую па сваёй эмацыйнасці і мастацкаму ўвасабленню карціну Усевалада Швайбы — «Ікона Хатыні», якая нічым не саступае яго знакамітай «П'еце».
Вельмі цікавай аказалася інсталяцыя Уладзіслава Хацкевіча, які здолеў у мініяцюры перадаць жыццё дзевяціпавярховай панэлькі. Дарэчы, любы жадаючы наведвальнік зможа выклікаць мініятурны ліфт і прачытаць, што ўнутры напісалі «мясцовыя» жыхары.
Сапраўды манументальнымі можна смела назваць карціны Мішы Дайліда, якія аб'яднаны адной канцэпцыяй і назвай — «Модныя жывёлы».
Дарэчы, серыя карцін Андрэя Клюйко нечакана нагадвае атмасферу серыяла. Такое адчуванне нечага светлага, калі ты не бачыш пагрозы і проста атрымліваеш асалоду ад жыцця, а яно дзесьці побач, можа, па-за рамай карціны? Магчыма, таму якраз насупраць знаходзіцца серыя Ганны Плотнікавай «Хтанічная трылогія»?
Сёлета на выстаўцы шмат серыйных работ: трылогіі, трыпціхі, серыі. Здаецца, што на папярэдніх «Арт-Мінсках» гэта не было так выразна. Зараз з’явілася больш колеру.
Ёсць на выстаўцы мастакі, якія былі прадстаўлены на «Арт-Мінску» кожны год. Дасведчаныя людзі перш за ўсё ідуць глядзець, што на гэты раз выстаўляе любіміца публікі Алеся Скарабагатая. «Апошні інгрэдыент» з савой і мухаморамі і «Садавод-аматар» з мішкай — максімальна мілыя і цікавыя работы, вакол якіх хочацца затрымацца.
Усё бліжэй да Алесі Скарабагатай па стылі становіцца Алесь Багданаў. На гэты раз ён прадстаўляе «Першае спатканне» з белай галубкай і шызым голубам, які кідаецца па палатне з кветачкай у дзюбе.
Шмат гасцей цікавіцца жывапісам, прабягаючы міма скульптур. Але і тут на беларускім арт-рынку ёсць свае зоркі. Максім Пятруль працягвае распрацоўваць тэму бязважкасці — у граніце і бронзе.
Вядома, што 90% работ даступныя на анлайн-платформе Artcenter.by. Біяграфіі аўтараў і апісанні карцін можна знайсці, прайшоўшы па QR-кодзе на этыкетках.
Наведвальнікі могуць набыць работы, якія ім падабаюцца Акрамя таго, падтрымаць мастакоў шляхам галасавання да 4 мая. Лепшыя аўтары атрымаюць дыпломы і прызы партнёраў праекту. Прыходзьце, каб атрымаць натхненне і ўбачыць тэндэнцыі сучаснага беларускага мастацтва.
Як фестываль «Арт-Мінск» уплывае на прафесійны лёс знакамітых і пачынаючых мастакоў Беларусі?