Прыўнесці ў мастацкі твор часцінку ўласнае душы, ды яшчэ прымусіць карціну адгукацца на перамены ў навакольным свеце — пра тое мараць многія творцы. І, пэўна, мастаку Міколу Бушчыку, заўсёды гэта ўдаецца.
27 чэрвеня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылося адкрыццё выстаўкі аўтара «Жарсць колеру», якая дэманструе наколькі «эфект каларыстыкі Бушчыка» у нашым мастацтве моцны і захапляльны. Мастак-экспрэсіяніст, прадстаўнік айчыннага авангарда працуе ў жанры пейзажа, тэматычнай карціны, нацюрморта, партрэта. Піша алеем і ў тэхніцы акварэлі.
На выстаўцы прадстаўлена больш за 40 жывапісных палотнаў, якія рознабакова адлюстроўваюць творчыя этапы станаўлення аўтарскай манеры пісьма Міколы Бушчыка і дэманструюць мастацкія пошукі аўтарам «свайго жывапісу», што вызначыла яго прыхільнасць да абстрактнага мастацтва і асацыятыўнай, метафарычнай мовы жывапісу.
Вялікі раздзел выстаўкі прысвечаны акварэлям, якія займаюць значную частку ў творчасці мастака. Экспазіцыя выстаўкі прадстаўляе больш за 60 акварэлей.
Гэта самая маштабная рэпрэзентацыя графікі Міколы Бушчыка за апошнія 26 гадоў.
Аснову выстаўкі алейнага жывапісу і акварэлей складаюць творы з прыватнай калекцыі аўтара і збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Мікола Бушчык — адзін з тых мастакоў, якія ў 1980-х гг. стаялі каля вытокаў абнаўлення пластычнай і каларыстычнай мовы беларускага жывапісу, карыстаючыся законамі авангарда.
Карціны мастака – яскравыя і адметныя, складаныя па фактуры і колеры, віртуозныя па ўменні спалучаць адносіны паміж матэрыяльным навакольным сусветам і светам духоўным – эмоцыямі, перажываннямі, мроямі і надзеямі.
З дапамогай экспрэсіўнай рытмікі мазкоў пэндзлю, свабоднай кампазіцыі, напружанай лініі жывапісец увасабляе на палатне свае адчуванні і ўласнае разуменне жыцця, праз абстрактныя вобразы і насычаную колерам палітру стварае творы разважліва-філасофскія і глыбока асацыятыўныя, пазнавальныя па аўтарскай пластыцы, адметныя па атмасферы асаблівых мастацкіх пошукаў творцы, напоўненыя святлом і невычарпальнай энергіяй жыцця.
Аўтар гаворыць са сваім гледачом на мове абстрактнага мастацтва, пераводзячы ў жывапіс усё, што бачыць, што адчувае: прыгажосць прыроды, гармонію свету, музыку.
Магчыма, таму мастацтвазнаўцы назвалі светлую, рытмічную, яркую творчасць аўтара «музыкай ў колеры».
Мікола Бушчык нарадзіўся ў вёсцы Дзераўная, што ў Слонімскім раёне Гродзеншчыны. Вучыўся ў мастацкай школе ў Краснадары, у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Як сапраўдны мастак-патрыёт шмат твораў прысвяціў Радзіме. «Беларуская вёска», «Бабулькі ў Гродне», «Слуцкая брама ў Нясвіжы», «Вечар у Віцебску», «Звонкі вечар у Слоніме» — на стварэнне гэтых ды іншых карцін яго натхніла родная прырода, памятныя падзеі з гісторыі краіны.
Многія з яго карцін захоўваюцца сёння ў дзяржаўных галерэях і прыватных калекцыях, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Мастацкім музеі Латвіі, Карціннай галерэі Патсдама…
Юдаль Пэн і Якаў Кругер. Як мастакі паўплывалі на станаўленне партрэтнага жывапісу Беларусі?