Site icon Слушна

Асаблівы почырк. Чым уражвае выстаўка лямцавага мастацтва Карыны Волкавай і Ганны Сталяровай?

Ольга Шатыко

Эмацыянальнае і тактыльнае мастацтва аўтараў Карыны Волкавай і Ганны Сталяровай — гэта магчымасць паглыбіцца ў незвычайную форму творчасці, якая зможа зацікавіць прадстаўніка практычна любой узроставай катэгорыі.

У Мастацкай галерэі «Высокае месца» зараз працуе выстаўка лямцавага мастацтва «Крылы натхнення», у межах якой прадстаўлена больш за 60 карцін з лямца і графічных работ дзвюх мастачак, але, што датычыцца колькасці, істотная перавага на баку Карыны Волкавай, мастачкі-дызайнера па тэкстылі. Многія яе работы створаны з выкарыстаннем лямца. Гэта від нятканага тэкстылю з натуральнай воўны, а валянне лямца — адна з найстаражытных тэхнік стварэння ваўняных вырабаў. Такая праца патрабуе сканцэнтраванасці, павольнасці, паглыбленасці ў матэрыял.

Выстаўка Карыны Волкавай і Ганны Сталяровай

Прадчуванне чараўніцтва і палёт на крылах натхнення. Так дзень за днём мастачкі ствараюць аснову свайго шляху, уплятаючы ў яго новыя выявы, досвед і прыняцце, натхненне і мудрасць, давер і каханне. Шлях кожнай з аўтараў унікальны, гэтак жа, як непаўторныя нашы індывідуальнасці. Праяўленне кожнага чалавека ў творчасці нясе асаблівы почырк, тонкае пасланне аб яго ўнутраным свеце і гісторыі.

— Мая душа заўсёды імкнулася да прыгажосці, творчасць для мяне – гэта медытацыя і эксперымент. Магчымасць пабыць з сабой глыбока і шчыра, — тлумачыць Карына Волкава. — Трансфармаваць мой унутраны свет у фізічны. Часам гэта складаная праца, часам — спосаб адпачыць і пераключыцца. У кожнай маёй рабоце — адлюстраванне ўласнай рэальнасці: пошукі і сумневы, цяжкасці, выклік, пераадоленні страхаў і няўпэўненасці, поспех, радасць і каханне. Таксама дазвол сабе рабіць не так, як належыць, а менавіта так, як хочацца. Гэта мой шлях даследавання сябе, сваіх здольнасцей, магчымасцей. Мая цікаўнасць рухае мной і матывуе. Самы вялікі ўплыў на мяне аказваюць людзі, мне цікава спазнаваць сябе праз людзей, дзякуючы якім я мяняюся, вучуся быць шчаслівай у кожным моманце жыцця.

Работ Ганны Сталяровай у экспазіцыі значна менш толькі па адной прычыне — яна стварае карціны адносна нядаўна. Раней працавала з лямцам, але рабіла адзенне, аксэсуары.

— Для мяне стварэнне маіх работ —  магчымасць распавесці з дапамогай выяўленчых сродкаў аб тым, што хвалюе, перадаць эмоцыі, прыгажосць, якую бачу вакол. Часам гэта спантанны выкід пачуццяў з дапамогай колеру, іншы раз — доўгі працэс аналізу з мэтай разабрацца, чаму гэта ідэя важная для мяне, ці да канца я сумленная сама з сабой ці іду на повадзе разумовых шаблонаў. Працэс работы над творам — гэта паглыбленне ўнутр сябе, сумленныя адказы на пытанні: што я адчуваю, перадаючы тую ці іншую ідэю, дзе я сапраўдная?

Вырабы з воўны атачаюць чалавека з самых спрадвечных часоў і гэта зусім не дзіўна. Воўна — матэрыял унікальны, старажытны і ў той жа час сучасны, універсальны і экалагічны, цёплы, мяккі і паветраны.

Валенне з воўны — гэта асаблівая тэхніка рукадзелля, у працэсе якой ствараюцца ўтульныя прадметы адзення, аксэсуары, модныя ўпрыгожванні, сумкі, чароўныя цацкі і карціны. Асноўная сыравіна для валення — авечая воўна з невялікім даданнем ягнячай, вярблюджай і казінай воўны, конскага воласа.

21 чэрвеня Карына Волкава і Ганна Сталярова ў межах выставачнага праекта правялі аўтарскую экскурсію па экспазіцыі, і адказалі на актуальныя пытанні гледачоў аб стварэнні работ.

Падчас асноўнай часткі мерапрыемства мастачки таксама падзяліліся сакрэтамі аўтарскага майстэрства і правялі дэма-клас па валенні і выкарыстанні рукатворнай ніткі для стварэння партрэта з натуры. Працэс быў вельмі захапляльны, тут можна было убачыць, як аўтары шануюць народныя традыцыі, праяўляюць індывідуальнасць і арыгінальнасць у сваім жыцці.

Увогуле Карына Волкава і Ганна Сталярова — мастачкі, якія не проста любяць сваю справу, а адносяцца дя яе далікатна і беражліва. Аўтары старана падыходзяць да тэм, спрабуючы не толькі адшукаць адказы на свае пытанні, але ж і імкнуцца паразважаць над імі з гледачамі, адчуць зваротную сувязь і зберагчы ўнутры сябе агонь, які разгараеца, дзякуючы гэтай камунікацыі.

https://bel.24health.by/palitru-yoj-zamyanyayuc-kavalachki-lyamca-mastactva-ceplyni-ad-iryny-kalesnikavaj/

Exit mobile version