Site icon Слушна

Асцярожна: цюбінг!

Асцярожна: цюбінг!

А таксама санкі, лядзянкі і ўсе тыя прылады, на якіх любяць катацца ўзімку дзеці. Ды і дарослыя таксама. Да глыбіні душы ўразіла ўчора паведамленне пра тое, што ў Мінскім раёне загінуў 9-гадовы хлопчык. Падчас катання на цюбінгу. З’язджаючы з крутой узвышанасці ў дварах, ударыўся галавой аб ліхтарны слуп і ад траўмаў памёр у бальніцы...

А нічога ж не паказвала на трагедыю. Звычайны дзень. Звычайнае месца (хаця цяпер, пры аналізе, кажуць, што гэта і не горка зусім). Звычайная забава. І – боль бацькам на ўсё жыццё... Няма больш на гэтым свеце сына...

Чым далей жывём, тым больш мне здаецца, што мы сапраўды губляем асцярожнасць. І таму так шмат паведамленняў аб няшчасных выпадках. Якіх сапраўды магло б не быць, каб дзеці і дарослыя зараней задумаліся пра элементарныя правілы бяспекі.

правілы бяспекі зімой

Ну проста элементарныя!!! Напрыклад пра тое, што не варта ўсё ж катаць малых дзяцей з горкі, спуск ад якой выходзіць на дарогу, хай сабе і дваровую. Але ж машыны там ездзяць, прычым і на добрай хуткасці. А назіраю я такое са свайго акна кватэры ў горадзе Чэрвені.

Большыя дзеці і падлеткі таксама з задавальненнем катаюцца з той штучнай (заўважце!) узвышанасці. А цюбінг жа тармазіць не ўмее... Яго не затрымаць... Разагнаўся дык разагнаўся! Усё, ляці! Толькі куды?!

І сапраўды – ляцяць! Часцяком – якраз-такі неабачліва, нават не зірнуўшы, ёсць паблізу машына ці не. Маўляў, вадзіцель жа абавязаны іх прапускаць. Але хтосьці ж можа не паспець затармазіць, асабліва калі на дарозе лёд...

Зразумела, у маім дзяцінстве не было машын у такой проста велізарнай колькасці. Да таго ж, дзяцінства было вясковым. Але і тады я не памятаю, каб мы так ужо смела гулялі на дарозе, па якой зрэдку (!) ездзілі машыны. Ці то выхоўвалі нас лепей, ці то інстынкт самазахавання быў больш развіты... Але факт застаецца фактам: з’язджалі мы на санках і лыжах з горкі далё-ё-ё-ёка ад дарог! І па дарогах таксама не каталіся. Заўсёды пракладвалі лыжню збоку...

А што мы назіраем цяпер? Калі шмат гаворыцца пра правы пешаходаў і абавязкі вадзіцеляў?! І значна менш – пра абавязкі пешаходаў і правы вадзіцеляў?! Так. Многія, нават не паглядзеўшы па баках, пачынаюць пераходзіць дарогу. І часцяком нават не па пешаходнаму пераходу. А што?! Маўляў, машына ж не трамвай, аб’едзе... І я разумею вадзіцеляў, якія прыдумалі крылатую фразу ў дачыненні да такіх пешаходаў: «Ды вы што – бессмяротныя?! У вас дзевяць жыццяў?!»

А дзеці ж усё пераймаюць ад сваіх бацькоў ды іншых дарослых... І пераходы праз дарогу вось такія... І безразважлівыя катанні з узвышэнняў, не прызначаных для гэтага...

Якраз напярэдадні згаданай трагедыі ў Мінскім раёне я, ідучы да метро ў Мінску, разважала пра гэта. І ведаеце, з якой нагоды?! Ну, Каменная Горка сапраўды апраўдвае сваю назву. Горкі-ўзвышэнні там ёсць. Частка іх ідзе справа, пачынаючыся літаральна праз некалькі крокаў ад выхаду з метро.

І вось два дні запар увечары я назірала такую карціну алеем... Тата з мамай катаюць з тых узвышэнняў малых на цюбінгу. Адзін з дарослых стаіць наверсе, другі – унізе, ловіць. Так, здаецца, тэхніка бяспекі захоўваецца. Але! Тут, на хвілінку, побач прыпынак грамадскага транспарту. Пад самай імправізаванай горкай – шырокі тратуар, дзе рухаецца ажыўлены людскі паток.

І ты, бачачы наперадзе, што цюбінг зверху – фрррр! – спыняеш крок і яго прапускаеш. Як і іншыя пешаходы, якія спяшаюцца (!) да метро і з метро. Ну і што??? Галоўнае – дзеткам весела! Бацькі – ма-лай-цы! Забаўляюць іх узімку... А мы пасля дзівімся. І перажываем, што з некім здараюцца няшчасныя выпадкі.

«Ну вось, наперадзе каталіцкія Каляды, а ты пра несвяточнае», – бурчыць знаёмы, чытаючы гэтыя развагі. Так. Я б хацела і сёння пра святочнае. Але не магу. Думкі ўсё круцяцца вакол той трагедыі. Якой, паўтаруся, магло не быць.

Таму святы святамі, але давайце, сябры, знаходзіць хаця б некалькі хвілін, каб задумацца: ці так бяспечна тое, чым вы ў бліжэйшы час збіраецеся займацца? І ці варта пакідаць дзяцей на вуліцы без нагляду? І ці няма паблізу чагосьці, што можа (не дай Бог!) стаць прычынай траўмаў?..

Давайце сапраўды не азмрочваць святы ўласнай неабачлівасцю. Здароўя ўсім! Беражыце сябе!

Exit mobile version