Васіль Шаранговіч – выдатны майстар станковай і кніжнай графікі з адметным творчым почыркам, адзін з самых вядомых і прызнаных беларускіх мастакоў. Яго паважалі прафесіяналы, вучні прыслухоўваліся да яго словаў… Безумоўна, Васіль Пятровіч стаў для беларускага мастацтва сапраўдным сімвалам адданасці і мудрасці.
Сёлета спаўняецца 85 год з дня нараджэння мастака. З гэтай нагоды ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылося адкрыццё выстаўкі «Асоба. Мастак. Настаўнік».
Канцэпцыя выстаўкі закладзена ў самой назве.
— Мы хацелі паказаць тату не толькі як мастака, — патлумачыла на адкрыцці праекта Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, дачка мастака Наталля Шаранговіч. — Таму што яго работы дастаткова часта выстаўляюцца. Яны ёсць практычна ва ўсіх буйных беларускіх музеях, у тым ліку і ў Нацыянальным мастацкім музеі, у пастаяннай экспазіцыі. Мы ж хацелі паказаць яго яшчэ і як настаўніка.
Васіль Пятровіч заўсёды быў уважлівым чалавекам, аддаваў перавагу глыбокаму рашэнню абраных тэм. Яго старанна прапрацаваныя і кампазіцыйна бездакорныя работы з цягам часу набылі зусім новае гучанне і поліфанічнасць, дзе кожны фрагмент можна разглядаць як самастойны твор.
Выстаўку ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі. Першая – творы самога Васіля Шаранговіча. Экспазіцыя пачынаецца з класічных лінагравюр, аўталітаграфій, манатыпій і малюнкаў 1970–1980-х гадоў, дзе аўтар працягваў традыцыю, характэрную для мастацтва таго часу, і пераходзіць да твораў пазнейшага часу, у якіх творца абагульніў уяўленне пра гісторыю і сучаснасць Беларусі, стварыў цэлую галерэю сімвалічных і манументальных вобразаў, напоўненых лірыкай і драматызмам.
Таксама на выстаўцы прадстаўлены акварэльныя пейзажы. Вельмі важныя мядзельскія, яны былі створаныя ў апошнія гады жыцця.
Другая частка выстаўкі прадстаўляе творы вучняў і выхаванцаў прафесара. Васіль Шаранговіч лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай школы графікі. За 30 гадоў прафесійнай дзейнасці ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён выхаваў цэлую плеяду таленавітых вучняў.
Кафедра графікі была заснавана на мастацкім факультэце Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у 1953 годзе. Яе стварыў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Павел Любамудраў. Першы выпуск мастакоў-графікаў адбыўся ў 1959 годзе. У 1966 годзе аддзяленне графікі скончыў і Васіль Шаранговіч. У 1967 годзе яго запрасілі ў інстытут выкладаць, а ў 1972 годзе ён узначаліў кафедру графікі і заставаўся яе нязменным кіраўніком да 1989 года. З 1989 па 1997 г. быў ужо рэктарам акадэміі, але штогод кіраваў дыпломнымі работамі выпускнікоў кафедры. На выстаўцы прадстаўлены творы найбольш вядомых вучняў Васіля Шаранговіча: Канстанціна Вашчанкі, Васіля Баранава, Валерыя Славука, Ларысы Журавовіч, Леаніда Марчанкі, Мікалая Селяшчука, Віктара Мікіты, Валянціны Шобы і многіх іншых вядомых творцаў.
Асабліва кідаюцца ў вочы творы Васіля Шаранговіча, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Наталля Васільеўна падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі, што яе бацька маленькім хлопчыкам трапіў у вёску сваёй бабулі па маці — вёска была спалена фашыстамі. І ў памяць маленькага Васіля на ўсё жыццё ўрэзаліся страшныя карціны: папялішчы, над якімі тырчалі коміны, абгарэлыя трупы... І агідны пах спаленых цел. Усё жыццё ён памятаў гэты пах. Мастак не любіў вогнішчы, нават на лецішчы пазбягаў паліць сухую траву.
Наталля Шаранговіч упэўнена: менавіта пакаленне яе бацькі бачыла Беларусь унікальнай краінай: «У сваёй творчасці гэтыя людзі раскрывалі тэму Беларусі і гэтую любоў перадавалі сваім вучням. Любоў да Беларусі ў іх была ва ўсім: пейзажах, асобах, гарадах. І вельмі хацелася б, каб чалавек, які прыйшоў на гэтую выстаўку, убачыў такое цёплае стаўленне вучняў да сваёй Радзімы».
У экспазіцыі апроч твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея выстаўлены і творы з архіваў Беларускага саюза мастакоў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Гэтыя работы не так часта экспанаваліся ў выставачнай прасторы, таму ў Мастацкім атрымалася ўнікальная зборная выстаўка.
Народны мастак Беларусі, які з дзяцінства разумеў прыгажосць і паэтычнасць роднай мовы, да апошняга дня размаўляў на ёй. Яго ілюстрацыі да кніг класікаў айчыннай літаратуры па праве лічацца хрэстаматыйнымі. Пералічыць усё, што стварыў Васіль Пятровіч за доўгае творчае жыццё, амаль немагчыма. Гэта дзясяткі тысяч малюнкаў, акварэляў, графічных лістоў, ілюстрацый. Толькі ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля» іх амаль сотня. Творы нашага знакамітага земляка выстаўляліся ў ЗША, Кітаі, Алжыры, Нямеччыне, Польшчы, Італіі, Грэцыі, у Францыі, у іншых краінах, але нязменна вярталіся на Радзіму — майстар не прадаваў іх за мяжу.
Дарэчы, менавіта Васіль Шаранговіч першым з беларускіх мастакоў ілюстраваў раман Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Будучы чытачом, літаральна закаханым у роднае слова, ён ствараў ілюстрацыі да кніг Якуба Коласа і Янкі Купалы, Змітрака Бядулі і Уладзіміра Караткевіча: за дзесяцігоддзі працы — больш за 70 кніг!
Пяцігадовым хлопчыкам ён упершыню ўзяў у рукі аловак, падораны партызанам. Падарунак аказаўся лёсавызначальным. І хоць за размаляваныя дзверцы шафы, зробленай бацькам са светлага дрэва, хлапчуку добра дасталася, але збожжа творчасці патрапіла ў добрую глебу. Актыўна прарастаць яно пачало пазней, калі тата прывёз яму з Мядзеля каляровыя алоўкі і чыстую паперу, а мама прадэманстравала першыя ўрокі малявання.
— Асоба Васіля Пятровіча Шаранговіча шматгранная. У маім разуменні гэта лёс служэння, таму што ён увасобіў у сабе некалькі асоб, — падкрэсліла на адкрыцці выстаўкі дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава. — Гэта выдатны мастак-графік, віртуоз, які валодаў усімі тэхнікамі графікі. Гэта чалавек, які адказваў за шлях развіцця мастацтва ў гэтай сферы ўсёй рэспублікі. Чалавек, які шмат выкладаў. З-пад яго рук выйшла цэлая плеяда таленавітых вучняў, якія зараз складаюць вядомую палітру імёнаў беларускага мастацтва ў галіне графікі.
Сын каваля, унук аратага — так называў сябе народны мастак. Прывязка да роднай зямлі ў ім была сапраўды генетычнай. Ён маляваў Беларусь, бачыў сны пра Беларусь і ўсіх блізкіх і знаёмых людзей заклікаў — любіць і шанаваць сваю краіну.
Пантэон легендарных асоб. Выстаўку Уладзіміра Стэльмашонка адкрылі ў НММ