Site icon Слушна

Астэапароз. Удар па косці

Косць – адна з самых шчыльных структур у арганізме чалавека. Але часам і яна дае слабіну. Няёмкі рух і пералом, як кажуць, на роўным месцы – нагода падазраваць зніжэнне шчыльнасці касцяной масы і казаць пра такое захворванне, як астэапароз.

Усё часцей урачы заяўляюць пра астэапароз як пандэмію XXI стагоддзя. Бо толькі ў нашай краіне ад павышанай крохкасці костак пакутуе ці не кожны другі беларус, старэйшы за 50 гадоў. Узрост у развіцці паталогіі мае ключавое значэнне. Але не толькі ён. Якія яшчэ фактары павялічваюць рызыку ўзнікнення астэапарозу? Ці можна аднавіць шчыльнасць косці? Як зберагчы сябе ад пераломаў? Пра гэта і многае іншае – наша гутарка з загадчыцай аддзялення 1-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска, рэўматолагам Мінскага гарадскога цэнтра астэапарозу і хваробаў касцёва-мышачнай тканкі Кацярынай Васіленка.

Калі кажуць пра шчыльнасць касцей, што маюць на ўвазе?

Астэапароз. Як змяняецца шчыльнасць косці.

Мінеральная шчыльнасць касцяной тканкі, якую мы вымяраем і ў залежнасці ад ступені яе зніжэння прызначаем прафілактычныя або лячэбныя схемы лекавых прэпаратаў, – гэта тое паняцце, якое магчыма ўжыць пры абмеркаванні любой шчыльнай структуры. Г.зн. касцяныя бэлькі ўтвараюць касцяную структуру, гэтак жа, як з цэглы ўзводзяць сцены будынкаў. Цэгла моцная, шчыльная, якасная – будынак прастаіць доўга і не будзе разбурацца.

Мінеральная шчыльнасць касцяной тканкі вызначаецца метадам рэнтгенаўскай дэнсітаметрыі. Гэта абсалютна бязбольнае даследаванне, якое дазваляе атрымаць колькаснае вызначэнне шчыльнасці косці (г.зн. лічбы). Існуюць і прымяняюцца ва ўсім свеце рэферэнтныя значэнні нармальнай шчыльнасці касцяной тканкі. Яны ўлічваюць такія фактары, як ўзрост, пол, расу, рост, вагу чалавека. Таму ў розных людзей паказчык нормы можа адрознівацца. На гэтым даследаванні ацэньваюцца тры найбольш паказальныя зоны – паяснічны аддзел пазваночніка, праксімальныя аддзелы абедзвюх сцегнавых костак як найбольш небяспечныя ў плане ўскладненняў пасля пераломаў і складанасці далейшай рэабілітацыі.

У залежнасці ад ступені адхіленняў ад нармальных значэнняў кажуць пра астэапенію, г.зн. пра невялікае зніжэнне шчыльнасці косці, альбо пра астэапароз (моцнае зніжэнне).

Існуе яшчэ такое паняцце, як «якасць косці». Бывае, што па выніках дэнсітаметрыі зніжэнне шчыльнасці косці невялікае, а пераломы, тым не менш, здараюцца даволі часта. Ці наадварот: лічбы паказваюць на выражаны астэапароз, але тыя адзінкавыя бэлькі, з якіх сфарміраваная касцёвая структура, настолькі моцныя, што пераломаў можа і не быць. Гэта залежыць ад якасці косці. Але вызначаць яе пакуль не навучыліся нідзе ў свеце.

Ці можна вывесці ўсярэднены вобраз чалавека, у якога найбольш крохкія косці?

Гэта блакітнавокая бландынка астэнічнага целаскладу (худзенькая), якая знаходзіцца ў менапаўзе і/або штодня і працяглы час займаецца цяжкай фізічнай працай (напрыклад, праца звязаная з уздымам і пераносам цяжараў, што павялічвае нагрузку на косці). Паліць.

Але ў прынцыпе, калі казаць пра тых, каму трэба праявіць насцярожанасць у дачыненні да развіцця астэапарозу і прайсці хаця б мінімальнае абследаванне, можна вылучыць некалькі груп рызыкі:

  • жанчыны, асабліва ў перыядзе менапаўзы. Пакуль у жанчыны ёсць менструацыя, палавыя гармоны стымулююць касцяны абмен, забяспечваюць трываласць косці і абарону ад пераломаў. У перыяд менапаўзы ўзровень канцэнтрацыі эстрагенаў зніжаецца, сыходзіць натуральная абарона. Працэсы аднаўлення касцяной тканкі запавольваюцца, а працэсы разбурэння – паскараюцца. Так адбываецца нават у тым выпадку, калі жанчына не мае спадарожных захворванняў і ўмоўна здаровая;
  • людзі з генетычнай схільнасцю да павышанай крохкасці косці. Гэта значыць, тыя, у бліжэйшых сваякоў якіх дыягнаставаны астэапароз або здараўся пералом шыйкі сцягна;
  • пацыенты з паталогіямі страўнікава-кішэчнага тракта, цэліякіяй, з дысфункцыяй эндакрыннай сістэмы, а таксама захворваннямі, якія патрабуюць працяглага прыёму гарманальных прэпаратаў.

Акрамя таго, павышаную насцярожанасць трэба праявіць людзям, якія паступова губляюць у росце. Гэта значыць, калі вы раптам заўважылі, што спадніцы-штаны, якія былі ў самы акурат, зараз даводзіцца падшываць сантыметраў на 5 – гэта падстава прайсці абследаванне на наяўнасць астэапарозу.

У меншай ступені, чым жанчыны, пакутуюць ад астэапарозу мужчыны. Тым не менш, зніжэнне выпрацоўкі тэстастэрону, абумоўленае натуральным старэннем арганізма, таксама ідзе не на карысць шчыльнасці касцяной тканкі. Памяншаюць яе трываласць і шкодныя звычкі: курэнне, злоўжыванне алкаголем, гіпадынамія.

Гэта значыць, рэгуляваць шчыльнасць касцяной тканкі можна толькі вітамінам Д і кальцыем?

Так, але толькі на стадыі астэапеніі, калі пачынаецца страта касцяной тканкі, але костка яшчэ як мае быць актыўная і гатовая ўдзячна засвоіць тое, у чым яна адчувае дэфіцыт. Тады прэпараты кальцыю, вітамін Д, багатыя на кальцый прадукты – гэта і ёсць стандартная схема для прафілактыкі далейшага зніжэння шчыльнасці косці.

Але калі захворванне перайшло ў стадыю астэапарозу, косць робіцца не толькі крохкай, але яшчэ і гультаяватай, і сама кальцый ўжо не засвойвае. Г.зн. кальцый у крыві сам па сабе, косць – павольна разбураецца сама па сабе. У гэтым выпадку мы вымушаныя дадаваць у схему лячэння прэпараты, якія стымулююць косць звонку: актывізуюць клеткі, якія адказваюць за ўтварэнне косці (астэабласты) і зніжаюць актыўнасць клетак, што адказваюць за разбурэнне косці (астэакласты).

Якую ролю адыгрывае вітамін Д для прафілактыкі астэапарозу?

Ён з'яўляецца каталізатарам усіх станоўчых касцяных працэсаў. Але ў нашых шыротах мы ўсе ў той ці іншай ступені пакутуем ад яго дэфіцыту. Часам ён мае большае значэнне ў развіцці астэапарозу, чым іншыя спадарожныя фактары.

Чаму? Толькі ў прысутнасці вітаміну Д засвойваецца кальцый. Дэфіцыт вітаміну прыводзіць да недастатковага засваення кальцыю. Гэта, у сваю чаргу, цягне за сабой памяншэнне шчыльнасці касцяной тканкі і павышаную рызыку пераломаў.

Ці можна аднавіць шчыльнасць косці і «вылечыць» астэапароз?

Астэапароз адносіцца да разраду хранічных захворванняў, і лячэнне накіраванае на тое, каб косць умацаваць і знізіць рызыку пераломаў. Гэтага мы і дамагаемся. Але, як правіла, у людзей з астэапарозам існуюць фактары рызыкі: тая ж менапаўза, тыя ж хранічныя захворванні, якія нікуды не сыходзяць... Г.зн. на фоне спецыфічнага лячэння астэапарозу месячныя, умоўна кажучы, не пойдуць і натуральная эстрагенавая абарона не адновіцца. Але выйсці з астэапарозу на астэапенію – можна. Гэта значыць, умацаваць косць, павялічыць мінеральную шчыльнасць.

Трэба разумець, што працэс гэта не хуткі і можа заняць гады, паколькі косць – дастаткова непаваротлівая структура. У любым выпадку мінімальная працягласць тэрапіі – 12 месяцаў, раней чакаць пэўных станоўчых зрухаў не варта.

Пасля заканчэння асноўнага лячэння неабходна захоўваць падтрымліваючую або прафілактычную тэрапію, каб не згубіць напрацаваны за час лячэння вынік.

Да якога ўрача варта звяртацца па дапамогу?

У першую чаргу – да тэрапеўта. Здаць біяхімічны аналіз крыві. У прынцыпе, толькі па ўзроўні кальцыю ў крыві нельга ацаніць стан касцяной тканкі. Гэта хутчэй пытанне рэгулярнасці наведванняў урача з прафілактычнай мэтай, праходжанне лабараторных даследаванняў раз у год, каб можна было адсачыць змены.

У далейшым пры неабходнасці ўрач прызначыць дадатковыя абследаванні – тую ж рэнтгенаўскую дэнсітаметрыю. Гэта даследаванне ва ўсім свеце лічыцца залатым стандартам дыягностыкі астэапарозу.

Па сучасных крытэрыях СААЗ, у дэнсітаметрыі няма неабходнасці, калі ў чалавека, старэйшага за 70 гадоў, як той казаў, на роўным месцы здарыўся пералом пазванка, які пацверджаны рэнтгенаўскім здымкам. У гэтым выпадку дыягназ астэапарозу выстаўляецца аўтаматычна. Паколькі існуе паняцце «каскад пераломаў». Лягчэй уявіць, што гэта такое, калі разглядаць пазваночнік як вертыкальны слуп. Калі на пэўным этапе адбываецца кампрэсія, парушаецца ўся вертыкаль. Таму, каб не губляць час, пералом пазванка ва ўзросце 70 гадоў і старэйшым без аб'ектыўных прычын – дастатковая нагода для пачатку спецыфічнай тэрапіі.

На жаль, летне-асенні дачны перыяд у дачыненні да астэапарозу з'яўляецца крытычным. Маючы значнае зніжэнне шчыльнасці касцяной тканкі, але не ведаючы пра гэта, пералом пазванка можна атрымаць, праполваючы і капаючы градкі, збіраючы ўраджай. А абязбольвальныя таблеткі робяць цуды і перашкаджаюць часам дыягнаставаць сітуацыю своечасова.

Але ж пералом – гэта балюча!

Так, але ў кожнага свой болевы парог адчувальнасці. 60-70% выпадкаў болю ў спіне ва ўсім свеце вядуцца, як зашчымленне нервовага заканчэння, люмбалгія, ішыяс... А кампрэсійны пералом на здымку выяўляецца, як выпадковая знаходка. Я падкрэсліваю – гэта ва ўсім свеце так. Калі пералом рукі-нагі дыягнастуецца практычна адразу, дык тут усё можа залежаць ад рознага парогу болевай адчувальнасці і рознага тонусу мышцаў вакол пазваночніка (мышачнага гарсэта).

Што залежыць ад мышачнага гарсэта і ці можна яго ўмацаваць?

Чым мацнейшы мышачны гарсэт, тым лепей ён падтрымлівае пазванкі на адлегласці, не дае ім накладвацца адзін на другі, пераціскаючы нервовыя заканчэнні, пры пераносе цяжараў, працяглай хадзе, нахілах. Умацоўваць мышачны гарсэт пазваночніка трэба пастаянна. Гэта фізічныя практыкаванні, плаванне, актыўнасць.

Часам пацыенты прыходзяць са скаргамі, што яны згорбіліся, і просяць з гэтым штосьці зрабіць. Медыкаментозна выпрастаць чалавека немагчыма. Гэта следства слабасці мышцаў спіны. І толькі штодзённая праца па ўмацаванні гэтых мышцаў можа даць вынік.

Ці выпростваюцца людзі? Так, выпростваюцца! І на 2, і на 3 сантыметры робяцца вышэйшымі (не ў параўнанні з першапачатковым ростам – яны не пачынаюць расці). Але калі было зніжэнне сумарна на 10 сантыметраў за жыццё, а потым скарацілася да 7 – гэта цалкам рэальны і адчувальны вынік. Але гэта штодзённая праца над сабой. Хаця прасцей, безумоўна, верыць у чароўную таблетку…

З чаго будзе складацца жыццё пацыента з астэапарозам у перыяд актыўнага лячэння і пасля яго? Ці ёсць пэўныя абмежаванні, умовы, акрамя таго, што трэба выконваць падтрымліваючую тэрапію?

  • Безумоўна, на першым месцы стаіць адмова ад шкодных звычак.
  • Трэба сачыць за рацыёнам і ўключаць у яго пабольш прадуктаў, багатых на кальцый.
  • Весці рухомы лад жыцця, каб мышцы працавалі і тонус іх заставаўся на добрым узроўні ці нават павялічваўся. У гэтым плане добрая скандынаўская хада, бо задзейнічае 70-80% мышцаў.
  • Умацаваць мышачны гарсэт дапамагае плаванне на спіне або стылем кроль.
  • Ідэальна займацца лячэбнай фізкультурай. Існуе дастаткова шмат практыкаванняў для ўмацавання мышцаў спіны. Але тут важна захоўваць тэхніку выканання. Як правіла, у пацыентаў з астэапарозам ужо ёсць спадарожныя захворванні, звязаныя з праблемамі суставаў, сэрца і сасудаў, дыхальнай сістэмай. Таму ў ідэале падабраць сістэму практыкаванняў, паставіць тэхніку павінен інструктар ЛФК, з улікам індывідуальных асаблівасцяў пацыента. І толькі потым іх можна рабіць на рэгулярнай аснове дома. Адназначна нельга выконваць практыкаванні праз боль і пагаршэнне самаадчування. Іншых абмежаванняў няма. Чым часцей і даўжэй, тым лепей.
  • Памятаць пра тое, што косці досыць крохкія, і не трэба іх нагружаць, альбо цягаючы цяжар (дазваляецца не больш за 4-5 кг), альбо уласнай вагой – калі ёсць лішняя, трэба пазбаўляцца.
  • Калі дыягнаставаны астэапароз пазваночніка і тым больш, калі выяўленыя кампрэсійныя пераломы, у побыце неабходна пазбягаць нахілаў у паяснічным аддзеле, максімальна кантраляваць сябе на працягу дня, трымаючы паставу.
Exit mobile version