Site icon Слушна

Ахвяра глебе (філасофская казка) + аўдыё

Ахвяра глебе

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/07/Ahvyara_glebe.mp3?_=1

 

Сядай, сябар, вось сюды, побач са мной.  Каб зручна табе было сядзець і маю старую казку слухаць. Яна кароткая, але табе спадабаецца. Ну што? Усеўся? Тады слухай, што я табе распавяду.

Некалі даўно. Так даўно, што рэкі па-новаму цякуць з той пары. Сонца мільен разоў прайшлося па зямлі.  У тыя часы жылі ўжо людзі. Былі яны, як мы. Две рукі, дзве нагі, два вока. Толькі яны не паміралі. Хадзілі сабе па зямельцы, ды хадзілі.

Ды нікога гэта не клапаціла і не турбавала. Жыў сабе народ і бяды не знаў. Множылася племя чалавечае. Усё больш і больш рабілася людзей па свету. Цесна рабілася ў гарадах і вёсках. Мала засталося на кожнага зямлі.

Казка пра ўладкаванне свету

Тут ужо і сама глеба ўзмалілася. Звярнулася яна да валхвоў, якія ў тыя старадаўнія часы былі правадырамі людскімі. Папрасіла зямелька ў іх дапамогі. Жалілася, што не можа больш карміць столькі людзей, што не бязмежная яна.

Доўга думалі валхвы і валхавіцы. Разумелі яны, што трэба з гэтым нешта. Два дні і тры ночы шукалі яны адказ у старых кнігах, у і ншых разумных людзей. Ажно пакуль адна састарэлая валхавіца, якая жыла ад пачатку часоў, не выказалася.

Ці бывае свята ў Зямлі? (экалагічная казка)

Прапанавала жанчына прыносіць ахвяры зямлі. Абіраць чалавека і пакідаць яго зямлі. Добрай падалася гэта ідэя астатнім. Добрай падалася яна і глебе, якой не хапала сакавітай ежы. Ды толькі вечныя людзі не разумелі, як то можна развітацца з такім жыццём.

Ніхто не пагаджаўся быць ахвярай. А зямля ўсё больш стагнала і руйнавалася пад безліччу ног. Тады ўжо іншы волхв выказаўся.  Аб роўнасці. Сказаў мужчына, што калі ўсе рана ці позна будуць ахвяраваны глебе¸ то ніхто не зможа быць супраць.

Спужаліся валхвы і валхавіцы. Пражыўшы такія доўгія гады, яны баяліся прыносіць сябе ў ахвяру. Ды калі яны не пададуць прыклад, то зусім знікне зямля. Абралі яны паміж сабой адну валхавіцу і аднаго валхва. Усё племя назірала за тым, як зніклі яны ў чэраве зямлі.

З тых часоў звыклі людзі да гэтых ахвяр. Калі ўжо знікла зусім тое першае пакаленне людзей, што жылі ад першых часоў, пачалі гэтую ахвяру смерцю зваць. А глеба, якая напоўнілася чалавечымі  костакамі і мясам,  перастала радзіць здароўе. Старыя людзі шмат хварэлі і ўжо самі хацелі памерці, каб не пакутваць.

Нарадзіліся дзеці, якія ўжо не ведалі, што можна жыць вечна. З’явіліся могілкі і крыжы над імі. На тых месцах, дзе раней гойсалі дзіцячыя ногі ў лепшыя чалавечыя часы, цяпер узвышаліся незлічоныя магілы. Пачало людзям падабацца паміраць.

Яны стварылі вялікія святкаванні свайго адыходу. Ды і паступова забыліся, што некалі вечна жылі. Самі адмовіліся ад гэтага. Так усім хацелася, каб і па ім справілі такое вялікае свята. Усё жыццё чакалі, калі ўжо можна будзе легчы ў труну.

А зямля ўсё роўна прымала. І малых, і вялікіх. І ў труне,  і ў саване. І святых, і д’яблаў. Пухла яна ад таго, як нажыралася кожны раз, але ніхто ўжо не мог тое спыніць. Першыя людзі, якія ўсю праўду ведалі даўно ахвяравалі сябе. Памерлі.

Цяпер, мой шаноўны сябар, ты ведаеш гэтую таямніцу. Нікому яе не распавядай. А то ж калі ўсе даведаюцца, што можна жыць вечна, то ізноў згаладнее глеба.

Ведай сам, калі адчуеш, што паміраеш, помні: гэта падман.  На самой справе, людзі могуць жыць вечна. Яны толькі навучыліся паміраць.

Exit mobile version