Site icon Слушна

Баланс паміж мастацтвам і спортам. Чым выстаўка «Viva Kola Art» уражвае гледачоў?

Вытаўка ў Мінску

Унікальная для Беларусі выстаўка «Viva Kola Art» адкрылася ў мінскім Палацы мастацтва. Як можна здагадацца з назвы, прысвечана яна роварам.

Арт-праект прымеркаваны да 10-годдзя веласіпеднага клуба «Мінск». Пры стварэнні выстаўкі ўздельнікі клуба звярнуліся да Беларускага саюза мастакоў і знайшлі баланс паміж спортам і мастацтвам. Аснову экспазіцыі складаюць. лепшыя работы ўдзельнікаў мастацкага конкурсу. Праз месяц мы даведаемся пераможцаў у 7 яго намінацыях: «Скульптура», «Графіка», «Жывапіс», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», «Арт-аб'ект», «Фатаграфія».

Кола Арт

Экспанатамі напоўнілі ажно тры паверхі, а гэта параўнальна па маштабах з «Восеньскім салонам». На першым размясцілі рарытэтныя дзіцячыя і дарослыя веласіпеды. А сцены ўпрыгожылі сучасныя фатаграфіі спартсменаў, форма пераможцаў разнастайных спаборніцтваў, савецкія плакаты.

Самае ж цікавае — на другім паверсе. Там размясцілі разнастайныя арт-аб'екты і прадметы мастацтва, так ці інакш звязаныя з коламі, роварамі і адпаведным відам спорту.

Выстаўленыя тут работы бяруць удзел у конкурсе, пераможцаў якога ўзнагародзяць 11 лістапада.

— Гэтая выстаўка — унікальная гістарычная падзея не толькі для Беларусі, але і для свету, таму што ў нас атрымалася злучыць веласіпедны спорт і мастацтва, — адзначыў на акдрыцці праекта старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — І гэты, здавалася б, вельмі незразумелы праект мы ператварылі ў цэлую падзею. Я вельмі рады, што ў нас атрымалася сяброўства: спорт інтэграваўся ў мастацтва, а мастацтва — у спорт, што прывяло да з'яўлення новага арт-прадукта. Я думаю, што гэта толькі наш пачатак такога маштабнага супрацоўніцтва.

Жанравая разнастайнасць, прызнацца, прыемна здзіўляе. Тут можна ўбачыць амаль усе класічныя віды мастацтва: пачынаючы ад жывапісу і заканчваючы мудрагелістымі скульптурамі. Таму зразумела, чаму ў першы ж дзень сюды прыйшло даволі шмат людзей.

Веласіпедны клуб «Мінск» пачаў рыхтавацца да выстаўкі яшчэ год таму, бо для часткі экспазіцыі, звязанай з гісторыяй клуба, трэба было падрыхтаваць шмат фатаграфій, ровараў ды іншых аб'ектаў рознага роду, а дамоўленасці аб правядзенні мастацкага конкурсу дасягнулі яшчэ ў студзені.

Удзел у конкурсе узялі ўжо знакамітыя і вядомыя аматарам арт-праектаў мастакі і творчая моладзь з усіх абласных гарадоў Беларусі, а таксама з Баранавіч, Бабруйска, Жлобіна, Маладзечна, Салігорска. Сярод іх — прафесіяналы і пачаткоўцы, якія актыўна ўдзельнічаюць у выставачнай дзейнасці, а таксама студэнты БДАМ, навучэнцы мастацкага каледжа імя А. Глебава, мастацкага каледжа імя І. Ахрэмчыка. Усяго больш за 200 чалавек.

Рэспубліканскі мастацкі конкурс «Viva Kola Art» — гэта крок на шляху да сінтэзу веласпорту і мастацтва, а дакладней ровара як інструмента, які аб'ядноўвае людзей рознага ўзросту, нацыянальнасцей і прафесій.

Медытацыя па-мастацку. Выстаўку Валерыя Талкачова адкрылі ў Мінску

Exit mobile version