Рыгор і Наталля Івановы — адна з самых знакамітых сямейных пар у сучасным беларускім мастацтве. Яны такія розныя ў творчасці і такія блізкія ў сям’і.
Шмат гадоў разам творцы ідуць наперад і падтрымліваюць адзін аднаго ў любых пачынаннях. Рыгор і Наталля вырасцілі двух дачок, якія таксама займаюцца мастацтвам. Цяпер сямейная дынастыя часцяком выстаўляецца разам. Мастакі Івановы расказалі карэспандэнту Слушна, як пражыць шчаліва разам шмат гадоў і захаваць творчую індывідуальнасць, займаючыся адной справай.
Цяпло ў сям’і
— Рыгор і Наталля, пры першым праглядзе вашых работ можа падацца, што ў вас падобны стыль, але больш глыбокае іх вывучэнне дазваляе заўважыць, што кожны з вас індывідуальны ў творчасці. Раскажыце, як дасягнуць такога ўзаемадзеяння ўнутры сям'і?
Рыгор Іваноў:
— У нас атрымліваецца захоўваць баланс як у творчасці, так і ў асабістых адносінах. Кожны з нас гатовы пайсці на кампраміс. За час сумеснага жыцця навучыліся дамаўляцца і прыслухоўвацца адзін да аднаго. Мы прытрымліваемся сямейнай дыпламатыі. Паколькі мы мастакі, то вучымся адзін у аднаго. Але галоўнае — гэта любоў, якая нас аб'ядноўвае, толькі пасля яе маюць значэнне іншыя складнікі.
Мы ніколі не бачылі праблемы ў тым, што мы ўсе мастакі ў сям'і. Гэта ж па-сапраўднаму цікава. У нас шмат агульных ідэй, мы стараемся дзяліцца адзін з адным адкрыццямі і заўсёды радуемся новым ідэям і творам.
— На адной з вышых агульных выставак мастацкія творы былі размешчаны ў дзвюх залах. Вашы, Рыгор, былі вялікія, прамяністыя. Здавалася, быццам бы яны абараняюць творы, якія знаходзяцца ў другой зале, дзе размясцілі далікатныя і цёплыя работы Наталлі і вашых дачок. Ці магчыма спраецыраваць экспазіцыю на ваша жыццё?
Наталля Іванова:
— Мы жывем у гармоніі. І гэта важна. Таму што ў нас няма перадумоў для растраты энергіі на непатрэбныя канфлікты. Напрыклад, мне складана, калі на мяне ціснуць як у жыцці, так і творчасці, таму вялікае шчасце, што атрымліваецца гэтага пазбегнуць. У кожнага з нас свой прафесійны шлях, таму тут куды больш важней сямейная падтрымка, чым растрата часу на дробязі.
— Вашыя дзеці самі выбралі мастацтва як род дзейнасці ці гэта ўсё ж такі было бацькоўскае жаданне?
Наталля Іванова:
— З упэўненасцю адкажу, што самі. Яны малявалі з самага дзяцінства. Нават у цацкі не гулялі. Для іх было цікава нешта ствараць самім. Вядома, творчая атмасфера ў сям'і паўплывала. Вакол усе малявалі, а ім не хацелася адставаць. З дзяцінства яны чыталі кнігі па мастацтве. Маглі казку не пачытаць, але прафесійныя кнігі разглядалі з радасцю.
У нас не было такога, каб яны вызначаліся з прафесіяй. Усё было наканавана. Мне часам нават здаецца, што яны не ведалі, што можна было выбраць, напрыклад, прафесію эканаміста ці бухгалтара. Мастацтва ў нашай сям'і — лад жыцця.
Наша малодшая дачка вучылася ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце, вывучала візуальны дызайн. Здавалася б, такая перспектыўная прафесія, вельмі прыбытковая сёння, але ёй усё роўна бліжэй — трымаць пэндзаль у руках.
— Вы канкурыруеце ўнутры сям'і як мастакі?
Наталля Іванова:
— На шчасце, не. Дачок стараемся падтрымаць ва ўсіх пачынаннях. А з Рыгорам заўсёды побач — і дома, і ў майстэрні. За столькі гадоў сумеснага жыцця настолькі прывыклі адзін да аднаго, што, напрыклад, мне адной у майстэрні было б сумна. Нават калі на дзень раз'язджаемся, здавалася б, вось адпачнем адзін ад аднаго, а я заўсёды сумаваць пачынаю. Тэлефаную, пытаю: «Калі ты там ужо прыедзеш?».
Мне здаецца, што мы адзіны арганізм, які аднолькава рэагуе на сітуацыі ўнутры сям'і. Напрыклад, у складаных момантах ніхто з нас не ўпадае ў роспач, а наадварот пачынае падбадзёрваць.
Я ўвогуле лічу, што дзеці павінны быць лепш за нас, таму імкнуся перадаць ім свае веды, дапамагчы. Але ў дзяўчат таксама ўжо сфарміраваны свой стыль, таму яны нас таксама чамусьці вучаць.
Узроўні святла
— Рыгор, вы з’яўляецеся заснавальнікам такога напрамку, як святлізм. Раскажыце, у чым яго сутнасць і як ён уплывае на гледача?
— Святлізм — гэта калі сама карціна і ўсё ў карціне выпраменьвае святло, гэта адчуванне, працэс, пры якім чалавек у сабе адкрывае пачуццё святла, адчувае, што ён і сам святло. Калі глядзець на гэтыя творы працяглы час, яны адчуваюцца нават скурай. Мая творчасць не для секунднага прагляду, яна павінна быць успрынята душой. Напрыклад, глядзіш на карціну, і яна пачынае пульсаваць. Гэта вынік правільнага выбудавання святла.
Святло для мяне — сімвал Бога. Я звязваю святлізм з верай. Часам, глядзіш на твор, і ён як лекі — прыняў і дапамагае ад смутку, журбы, цемры. Святло ўсіх аб'ядноўвае. У кожным маім творы закладзена стыхія. У мяне калісьці была выстаўка «Водары колеру», гледзячы на карціны якой здавалася, што адчуваеш водар кожнай работы. Гэта ўсё асацыяцыі, так і ў дадзеным выпадку — чалавек, гледзячы на святло, знаходзіць у ім сваё чараўніцтва, якое, напрыклад, я не ўбачу. У маіх работах ёсць свабода. Няма прывязкі да канкрэтнага сюжэту, ёсць фантазія і ўяўленне.
Святло, форма, колер і рух. Як выглядае сучасны авангард?
Мае светлавыя экраны канцэнтруюць чалавека, ён у гэтым святле стварае кіно. Глядзець і аналізаваць гэтыя карціны — прынцыповая задача для мяне як для мастака. Як толькі чапляеш тэму святла, адразу з’яўляюцца ідэі, думкі. Можна падумаць, што мае работы падобныя. Але ў іх па-рознаму расстаўленыя акцэнты. Нейкія больш эмацыйныя, у іншых экспрэсія падкрэслена колерам. Ёсць жа і вельмі спакойныя творы. Чалавек, які тонка адчувае, вельмі хутка на іх адгукаецца.
Мяне заўсёды цікавіла пытанне, хто ж жыве на белым свеце? Я думаю, што на белым свеце жывуць менавіта святляне. Калі звычайны чалавек уяўляе, што ўнутры яго мышцы, сасуды, косці, то святлісты якраз думаюць, што ўнутры іх святло, якое замест крыві разліваецца па арганізме. Святло дапамагае чалавеку, ратуе яго ад зла і дапамагае ў рацэ жыцця не патануць.
— Вы самі для сябе падзялілі святлізм на тры ўзроўні, у чым асаблівасць кожнага?
— Я развіваўся ў творчасці — ад рэальнасці да абстракцыі. Гэта вялікі шлях. Абстракцыя, на мой погляд, найбольш поўна адлюстроўвае маю фантазію, уяўленне. Напрыклад, «Чорны квадрат» Малевіча можа кожны трактаваць па-свойму. Гэтым я хачу сказаць, што абстракцыя шматгранная, яна развівае мысленне.
Першы ўзровень святлізму — паверхня рэальнасці. У творах прысутнічаюць людзі. У работах можна ўбачыць размежаванне колераў, выразныя межы, якія паступова знікаюць, а карціны выпраменьваюць святло. Другі ўзровень — у іх бачны знак маланкі. Прачытваецца сілуэт. Вобраз маланкі мы пераносім на сябе ў цэнтр святла — сонечнае спляценне. Адразу адбываецца адчуванне энергіі, сілы. Трэці ўзровень для мяне — узыход на вяршыню, адчуванне, што ты дасягнуў абсалюту. Тут прысутнічае пульсацыя і вібрацыя за кошт святла, пры якой чалавек нібы трапляе ў метафізічную прастору.
Кожны з гэтых узроўняў выцякаў з іншага. Увесь працэс заключаецца ў тым, што я як мастак стаў адыходзіць ад матэрыяльнага, абстрагавацца ад навакольных фактараў. У маіх работах паступова стала заставацца толькі святло.
Ад механіка да ілюстратара. Гісторыя прафесійнага шляху Валерыя Слаука
Фарміраваць кірунак святлізма я пачаў у 2015 годзе. Да гэтага часу была больш фігуратыўная рэальнасць, але пошук у абстракцыі мяне не пакідаў. Свой шлях творчасці я часам параўноўваю з лабараторыяй. Таму што гэта па-сапраўднаму навукова-даследчая праца.
Спачатку ў творачасці я ўжываў яркія колеры, потым прыйшоў да таго, што яны павінны пераходзіць у свет. Мой трэці ўзровень — гэта не значыць, што я ўсё адкрыў і больш мне нічога не цікава. Я існую ва ўсіх узроўнях адначасова. І мне здаецца, што я не ўсё з іх вычарпаў дагэтуль.
— Рыгор, вы нарадзіліся ў Хабараўску, жылі ў Кітаі і шмат ведаеце пра культуры розных краін. Ці аказала гэта на вас уплыў як на мастака? І як на вас паўплывала менавіта беларуская культура?
— Культуры розных краін добра ўспрымаюцца ў дзяцінстве, дзіця можа хутка засвойваць мовы, запамінаць матывы музыкі, чытаць літаратуру. На мяне культура розных краін заўсёды аказвала вялікае ўражанне. Асабліва ўплывала прырода. Напрыклад, я да гэтага часу памятаю водар палёў Кітая, памятаю вясну там. Вядома, цікава ўбачыць свет, вывучаць яго, і потым вызначыцца, якія месцы табе бліжэй.
Далёкія дарогі таксама карысныя. Памятаю, як маленькі ездзіў у цягніках. Глядзіш у акно, факусіруеш абстаноўку, а вакол столькі цудаў Я сам не заўважаў, як гэтыя ўспаміны праз многія гады адбіліся ў маёй творчасці.
Памятаю, калі пераехалі ў Полацк. Гэта такі прыгожы і тады, і цяпер горад. Я заўсёды любаваўся Дзвіной. Так уражвала Сафія, якая стаіць на вялікім узгорку. Мне падабалася створаная прыродай шырыня і прастор. Я часта ўспамінаю адчуванні, калі свеціць сонца, а ты глядзіш на Дзвіну. Здаецца, што гарызонт падзелены на часткі.
Музей пад адкрытым небам. Якія месцы ў Полацку вы дакладна не забудзеце?
Калі казаць канкрэтна пра беларускую культуру, то на мяне моцна паўплывала творчасць Казіміра Малевіча і Марка Шагала. Гэтыя мастакі мне блізкія.
— Вы прадстаўнік таго кола мастакоў, які асацыіруюцца з трэндамі мастацтва. На адкрыцці вашых выставак збіраецца вялікая колькасць людзей. А як вы самі адчуваеце, які партрэт вашага гледача?
— Мае работы падабаюцца моладзі. У мяне аднойчы быў выпадак, калі малады хлопец на маю выстаўку прыходзіў тры разы. Хадзіў, глядзеў, думаў. Унутры яго штосьці ў гэты момант адбывалася. Для мяне як мастака — гэта вельмі важна, бо глядач адгукаецца.
А што тычыцца прафесіяналаў, многія прадстаўнікі прафесійнага мастацтва прыходзяць на выстаўкі не таму што цікава, а таму што вучацца. Мастак, гледзячы на работы калег, развіваецца, разумее, што яму важна, а што не, чэрпае для сябе новыя стылі, разважае, наколькі яны падыходзяць менавіта пад яго манеру творчасці.
— Як думаеце, што чапляе гледача ў вашых творах?
— Зараз я раскажу пра трэці ўзровень святлізму. Мне здаецца чапляе само святло. Глядач адчувае энергетыку, у яго арганізме пачынае нешта пульсаваць, у ім прачынаецца цяпло. У творах я хачу адкрыць сувязь чалавека са сваім вышэйшым я, з падсвядомасцю. Мне падабаецца развіваць фантазію гледача.
Дзякуючы святлізму я сябе аздараўляю. Светлавыя карціны свайго роду медытацыя. Гледзячы на іх, сыходзіць негатыў, дрэнная энергія. Далёка хадзіць не трэба, мы кожны дзень у транспарце ці ў краме можам сутыкацца з непрыемнымі сітуацыямі. Заўважце, любое непрыемнае слова можа сапсаваць нам настрой. А мастацтва аднаўляе арганізм. Схадзіў, напрыклад, у тэатр, і адчуваеш, што ў табе прачнулася нешта прыгожае. Мы ў сям'і заўсёды падсілкоўваемся энергіяй мастацтва.
Вяртанне ў дзяцінства
— Наталля, у вашых работах таксама прысутнічаюць светлавыя тоны, гэта таксама свайго роду зварот да святлізму?
У маёй творчасці прасочваецца крыху іншая канцэпцыя. Я хачу ў чалавеку дарослым абудзіць дзіцяці. Бо дзіця — гэта чысціня, непасрэднасць. Ва ўсіх філасофскіх вучэннях прапісана — імкніцеся да дзіцяці. Шматлікія ўрачы-псіхолагі, псіхатэрапеўты для выздараўлення чалавека спрабуюць увесці яго ў стан дзяцінства.
Я сваёй творчасцю хачу дапамагчы чалавеку адчуць сябе радасным, непасрэдным, лёгкім. У мяне атрымліваецца. Колькі я не рабіла выставак, заўсёды чую ад наведвальнікаў фразу: «Мы як быццам вярнуліся ў дзяцінства». Мне прыемна, што людзі разумеюць маю творчасць, ловяць пасыл, энергетыку.
Я жывапісам пачала займацца ў сорак гадоў. Хоць да гэтага шмат гадоў займалася габеленам, захаплялася абразамі і традыцыйнай народнай творчасцю. Жывапіс стаў чымсьці асаблівым для мяне — вялікім крокам наперад.
Я люблю тое, што я раблю. Гэта надае мне сілы. Вялікую ролю адыграла сям'я, якая з'яўляецца маім натхненнем, стымулам. Сёння мы з Рыгорам выстаўляемся ў розных краінах, і я вельмі рада, што там ведаюць і любяць беларускае мастацтва.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by