Існуе ходкі выраз: не памыляецца той, хто нічога не робіць. Ёсць мноства прыкладаў, калі гэты прынцып служыў рухавіком навуковай думкі і эфектыўным механізмам на шляху важных адкрыццяў і вынаходніцтваў. Але часам памылкі абыходзяцца занадта дорага. Асабліва тыя, для якіх няма ні падставы, ні разумнага тлумачэння.
У апошнія гады, напрыклад, ледзь не на кожным вуглу прасторы сеціва дамарослымі гуру ад медыцыны папулярызуюцца ідэі антыпрышчэпкавага руху. Маўляў, і прышчапляцца няма чаго, калі здароўе ў парадку, і пабочак ад вакцынаў ледзь не больш, чым карысці, і наогул, імунітэт сам сябе сфарміруе. Інтэрнэту што? Ён усё сцерпіць. А вось для чалавецтва ў глабальным маштабе такія ідэі могуць стацца фатальнымі. Асабліва калі ўлічыць, што вакцынацыя – гэта другое найвялікшае вынаходніцтва, якое аказала каласальны ўплыў на здароўе і працягласць жыцця людзей. Першым была чыстая вада.
Мы даведаліся, што думаюць пра прышчэпкі вядучыя айчынныя і замежныя эксперты, урачы, якія практыкуюць. Тыя, хто бачыць наступствы антыпрышчэпкавых ідэй у глабальным маштабе, а не скрозь прызму ўласнага эга.
Калі б не было вакцынаў
На пачатку ХХ стагоддзя зямлю насяляла каля паўтара мільярда чалавек. Да цяперашняга моманту колькасць людзей на планеце павялічылася ў 5 разоў! Высокая шчыльнасць насельніцтва, «цесната» з'яўляецца магутным фактарам развіцця смяротных захворванняў і пандэмій, якія забіраюць мільёны жыццяў. Але чалавецтва не толькі не вымерла. Наадварот. Мінулае стагоддзе пакуль адзінае ў гісторыі чалавецтва, якое было адзначанае гэткім імклівым прыростам. Чаму? Бо людзі вынайшлі вакцыну.
Выступаючы з дакладам на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Чалавек. Здароўе. Навакольнае асяроддзе», загадчыца кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, доктар медыцынскіх навук, прафесар Наталля Каламіец прывяла пераканаўчыя прыклады таго, як вакцынацыя ратуе жыцці.
Так, вакцынацыя супраць гепатыту В больш чым на 60% зніжае рызыку гепатацэлюлярнага раку і на 92% – рызыку смяротнага зыходу ад хранічнага захворвання печані.
Прышчэпка супраць грыпу на 19% памяншае колькасць шпіталізацый ад інсультаў, на 23% – ад інфарктаў.
Няма сумненняў і ў прафілактычных уласцівасцях вакцыны супраць вірусу папіломы чалавека, здольнай папярэдзіць развіццё раку шыйкі маткі.
Нарэшце, сапраўдным прарывам у вакцыналогіі можна назваць з'яўленне пяцівалентных вакцынаў, якія ўтрымліваюць адразу некалькі антыгенаў мікраарганізмаў.
А таксама лячэбныя вакцыны, напрыклад, супрацьпухлінныя, якія сёння паспяхова прымяняюцца ў комплекснай тэрапіі анкалагічных захворванняў.
Граблі, якія заўсёды з сабой?
Эканамісты падлічылі, што пашыраная імунізацыя і вакцынацыя дзяцей займае 4 месца ў спісе 30 найбольш эканамічна важных спосабаў прафілактыкі захворванняў. Пры 10-працэнтных эканамічных укладаннях і 100-працэнтным ахопе мэтавай аўдыторыі эфект першаснай прафілактыкі дасягае 60%. Параўнайце: лячэнне захворванняў дае аддачу ўсяго ў 30%, пры гэтым да 60% узрастае доля фінансавых выдаткаў.
Але добра, калі б справа была толькі ў грошах. Ёсць аргументы і больш сур'ёзныя.
Сярод глабальных пагрозаў чалавецтву, вызначаных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, на першым месцы была і застаецца адмова ад прышчэпак.
Парадокс у тым, што наступныя месцы ў дзесятцы адведзеныя інфекцыям, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі.
Характэрна, што за апошнія 100 з невялікім гадоў чалавецтва ўжо не раз мела вынікі сваіх зменлівых адносінаў да вакцынацыі.
Двух меркаванняў быць не можа!
Катэгарычныя ў сваім стаўленні да вакцынацыі замежныя эксперты: дацэнт кафедры неадкладнай медыцыны Піцбурскага медыцынскага ўніверсітэта (ЗША) Сяргей Слінько і кіраўнік Вільнюскага неанаталагічнага цэнтра Дзіцячай бальніцы пры Вільнюскім універсітэце (Літва) Арунас Любшыс. Ім слова.
– Ну, давайце прыгадаем, як чума ў свой час «выкасіла» траціну Еўропы, – прапаноўвае Сяргей Слінько. – Так што ў пытанні вакцынацыі нават двух меркаванняў быць не можа: адназначна – за. Тыя, хто выступае супраць і нясе гэта ў масы, – проста шарлатаны. Так, рызыкі, якія выклікае вакцынацыя, маюцца. Але тут справа ўрачоў растлумачыць, што тыя долі працэнта, якія існуюць у асацыяцыі вакцынаў з пэўнымі ўскладненнямі, у адносінах да іх карысці – нікчэмныя.
У мяне быў выпадак, калі я праходзіў ардынатуру ў клініцы Цынцынаці. Прывезлі дзіця, 5 гадоў, ратавалі ад бактэрыяльнага менінгіту. Пры аналізах выявілі ў яго бактэрыю інфлюэнца, якая была «прыбітая» яшчэ ў 80-х гадах. Гэтая бактэрыя, між іншым, адказная за 90% бактэрыяльных менінгітаў. Аказалася, што ў дзіцяці ёсць старэйшы брат з аўтызмам. Мама, наслухаўшыся тэлевізара і начытаўшыся інтэрнэту пра тое, што аўтызм магчыма звязаны з вакцынацыяй, адмовілася прышчапляць малодшага. Дзіця згарэла за лічаныя гадзіны, нягледзячы на дапамогу, што аказвалася. Інфекцыі не было 30 гадоў! Непрышчэплены малыш проста апынуўся мішэнню, па якім яна стрэліла, як з буйнакалібернага кулямёта.
Цяпер шмат «разумных самародкаў», якія вядуць блогі, запошчваюць розную адсябеціну, а па сутнасці адказнасці за гэта не нясуць. І рэлігійныя кампаненты маюць месца. Амерыка вельмі рэлігійная краіна, так што ўсё залежыць ад таго, наколькі «ўсё ў руках бога». Калі сапраўды ўсё, дык справа пускаецца на самацёк. Так што «антыпрышчэпшчыкі» – гэта велізарная праблема і для Амерыкі. Тым больш, цяпер чакаюцца ўспышкі адзёру ва ўсім свеце.
Даводзіцца змагацца. У некаторых штатах такія кансерватыўныя законы, што без прышчэпак не пусцяць у школу. Непрышчэпленыя дзеці вучацца дома.
Што тычыцца прышчэпкі ад грыпу. Ёсць катэгорыя дзяцей, якім дакладна дапамагае вакцынацыя супраць грыпу: гэта дзеці з хранічнымі рэспіраторнымі захворваннямі, астматыкі... Ім адназначна паказана. Я таксама вакцынуюся ўжо шмат гадоў, паколькі працую ў бальніцы, дзе вялікі паток людзей. І не памятаю, калі хварэў апошні раз.
– Вядома, свядомая адмова ад вакцынацыі – гэта проста каменнае стагоддзе, – зазначае Арунас Любшыс. – Мушу канстатаваць, на жаль, што ў Літве за мінулы год была зафіксаваная рэкордная за апошнія 50 гадоў колькасць дзяцей, хворых на адзёр. Гэта сталася следствам колькасці адмоваў ад прышчэпак, якая расце.
Урад спрабуе прымаць розныя меры, у тым ліку разглядаючы пытанне пра забарону наведвання невакцынаванымі дзецьмі дзіцячых садоў і школ.
Калі казаць пра вакцынацыю ад грыпу, дык і тут я на баку прышчэпкі. Грып дае вялікую колькасць ускладненняў, якія прыводзяць ажно да інваліднасці і смяротнага зыходу.
Пабочныя эфекты (пры наяўнасці), звязаныя з вакцынацыяй, не ідуць ні ў якое параўнанне з тымі ўскладненнямі, якія ўзнікаюць у непрышчэпленых людзей, няхай гэта будуць дарослыя або дзеці. Так што дыскусій з гэтай нагоды нават быць не павінна. Вядома, нам, урачам, трэба адукоўваць грамадства, пераконваць у тым, што рабіць прышчэпкі неабходна. Але ў першую чаргу свядомасць павінен праявіць сам чалавек, рэальна ацэньваючы наступствы неабдуманых рашэнняў не толькі для сябе, але і для навакольных.